Беларускі акадэмічны і экспертны Кансорцыум у рамках праграмы Flying University (“Лятучы ўніверсітэт”) аб’яўляе другі набор на Міжнародную PhD-праграму для Беларусі па сацыяльных і гуманітарных дысцыплінах.
Заснавальнікі Кансорцыума:
- Міжнародны кансорцыум “ЕЎРАБЕЛАРУСЬ”
- Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”
- Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS)
- Беларускі эканамічны даследча–адукацыйны цэнтр (BEROC)
- Даследчы цэнтр Інстытута прыватызацыі і менеджмента (ИПМ)
Каардынатарам Міжнароднай PhD-праграмы для Беларусі з’яўляецца Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”.
Праграма арганізаваная па завочным прынцыпе. Доктарская дысертацыя пішацца ў Беларусі, завершаны (ці завершаны ў значнай ступені) тэкст прадстаўляецца для абароны завочна ці экстэрнам ва ўніверсітэтах Літвы, Польшчы і іншых еўрапейскіх краінаў. Выбар універсітэта для абароны дысертацыі ажыццяўляецца на індывідуальнай аснове ў залежнасці ад лінгвістычнай падрыхтоўкі, тэмы дысертацыі і іншых параметраў.
Праграма забяспечвае: навуковае кансультаванне, тэхнічную дапамогу, акадэмічную камунікацыю і метадалагічную дапамогу ў форме семінараў, сувязь з замежным універсітэтам і адстойванне інтарэсаў аўтара дысертацыі, кампенсацыю ўсіх выдаткаў, звязаных з абаронай (у тым ліку ганарараў беларускім і замежным кансультантам, збораў універсітэтаў за абарону, таксама можа разглядацца пытанне пакрыцця выдаткаў на транспарт, пражыванне, навуковую літаратуру і інш.).
Тэкст дысертацыі можа быць на ангельскай, расейскай ці беларускай мовах. Выбар мовы залежыць ад навуковай дысцыпліны, тэмы дысертацыі і ўніверсітэта, дзе будзе ажыццяўляцца абарона. Стандартны тэрмін навучання па праграме — тры гады. Час навучання можа быць скарочаны ці працягнуты на індывідуальнай аснове.
Патрабаванні да кандыдатаў:
- Завершаная вышэйшая адукацыя (дыплом ВНУ ці ступень магістра).
- Валоданне беларускай і расейскай мовамі ў ступені, дастатковай для разумення лекцыяў і напісання тэкстаў. Валоданне ангельскай мовай з’яўляецца пажаданым.
- Наяўнасць навуковых, экспертных ці аналітычных публікацыяў.
Заяўкі прымаюцца да 15 кастрычніка 2012 года ў электронным выглядзе на адрас: phd @ palityka.org.
Вынікі адбора будуць вядомыя на працягу месяца пасля завяршэння падачы заявак. Па выніках конкурса будзе адабрана 5 чалавек.
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць:
- Рэзюме (CV) з фотаздымкам, пазначэннем адукацыі, прафесійнага досведу, публікацыяў і іншай рэлевантнай інфармацыі.
- Матывацыйны ліст у адвольнай форме. Aб’ём: да 2 старонак.
- Кароткае апісанне дысертацыйнага даследавання, якое мусіць утрымліваць: тэму, апісанне праблемы даследавання, план, спіс літаратуры (не больш за 10 пазіцыяў). Агульны памер: да 5 старонак.
За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся на электронны адрас: phd @ palityka.org.
СПАМПАВАЦЬ PDF-версію абвесткі