Канферэнцыя ў Нотынгеме “Нацыянальныя дзяржавы паміж памяццю пра Другую сусветную вайну і сучаснай еўрапейскай палітыкай”

27-29 чэрвеня 2012 года ва Універсітэце Ноцінгэма (Англія) адбылася навуковая канферэнцыя пад назвай “Нацыянальныя дзяржавы паміж памяццю пра Другую сусветную вайну і сучаснай еўрапейскай палітыкай”. У асноўным на канферэнцыі абмяркоўваліся выкарыстанні Другой сусветнай вайны (і звязаных з ёю тэмаў генацыду, акупацыі, калабарацыі і супраціву) для артыкуляцыі палітычных пазіцый у сучасным кантэксце. У канферэнцыі прынялі ўдзел 30 навукоўцаў з Еўропы і Амерыкі, які аналізавалі “палітыку памяці” ў яе разнастайных вымярэннях – палітычных маніфестах, урачыстых рытуалах, медыйным дыскурсе, школьных падручніках, штодзённых практыках.

У канферэнцыі браў удзел і супрацоўнік Інстытута “Палітычная сфера” Аляксей Ластоўскі, які прэзэнтаваў даклад на тэму “Нацыяналізацыя савецкага міфа: памяць пра Другую сусветную вайну ў сучаснай Беларусі”. Агульнавядома, што міф Перамогі стаў магутным інструментам гістарычнай палітыкі для беларускай улады, і розныя аспекты ажыццяўлення гэтай палітыкі і яе аспрэчвання ўжо аналізаваліся шматлікімі навукоўцамі (Д. Марплз, П. А. Рудлінг, У. Падгол, Б. Торнквіст-Плева, А. Партноў, А. Гужон). У дадзеным жа дакладзе больш увагі надавалася пытанню пераемнасці савецкага вобразу вайны ў сучаснай Беларусі, яго функцыянальнаму значэнню для кантэкстуальных і сітуацыйных мэтаў. Таксама быў прыцягнуты разнастайны сацыялагічны матэрыял, які ў значнай ступені карэктуе распаўсюджаную “элітарысцкую” мадэль для аналізу палітыкі памяці, калі ў разлік бяруцца толькі інтарэсы ўлады, без уліку распаўсюджаных калектыўных уяўленняў, якія насамрэч накладваюць сур’ёзныя абмежаванні для актараў гістарычнай палітыкі.

Check Also

Аднаўленне часопіса “Палітычная cфера”

Часопіс палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” аднаўляе выпуск і аб’яўляе збор матэрыялаў для №25 (2023).  Тэма ...