5 красавіка, а 18-й гадзіне, на падворку ЦСІ абудзецца чарговае паседжанне даследчага семінару Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”. Тэма дакладу: “Імперская настальгія як лейтматыў Сярэдняй Еўропы“.
У ролі дакладчыка выступіць Аляксей Ластоўскі:сацыёлаг, кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўнік Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі (Мінск) і Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” (Вільня-Мінск, Літва-Беларусь).
Да ўдзелу ў семінары запрашаюцца ўсе жадаючыя. Рэгістрацыя адбываецца праз электронны адрас: [email protected]
_______________________________________________________________________________________
Тэзісы дакладу:
У дадзеным дакладзе мяркуецца абмеркаваць зварот да сучасных артыкуляцый таго ідэйнага комплексу, які атрымаў сваё ўвасабленне ў працах інтэлектуалаў-дысідэнтаў з краін Усходняга блока (Кундэра, Мілаш, Гавел, Конрад і інш.). У іх бачанні Сярэдняя Еўропа паўставала адзіным рэгіёнам, аб’яднаным агульнасцю гістарычных лёсаў (у тым ліку, і трапленнем пад камуністычнае панаванне, якое разглядалася як “здрада” Заходняй Еўропай “сэрцу” еўрапейскай цывілізацыі) і агульнымі культурнымі рысамі (спіс і змест якіх вар’іраваліся ад аўтара да аўтара, што рабіла дакладныя канцэптуалізацыі Сярэдняй Еўропы практычна немагчымымі). Так ці інакш, гэты інтэлектуальны праект згуляў істотную ролю ў павяртанні увагі да гэтага еўрапейскага рэгіёну, які патрапіў у “цень” камунізму, што паспрыяла як поспеху “аксамітавых рэвалюцый”, так і далейшаму паступальнаму працэсу еўраінтэграцыі.Але пасля 90-х гадоў ідэя Сярэдняй Еўропы перажывае відавочны крызіс. Закладзены ў яе патэнцыял еўрапейскай эмансіпацыі спрацаваў часткова, і практыкі ўключэння/выключэнні не зніклі, а толькі здабылі новую канфігурацыю. Вышаградская група даволі паспяхова інтэгравалася ў Еўрапейскі звяз (што паставіла пад сумнеў саму каштоўнасць ідэі Сярэдняй Еўропы), тады як для некаторых былых краін Савецкага Звяза сітуацыя апынулася ў чымсьці падобнай – ім ізноў “здрадзілі”. На гэта перакройванне рэгіёна наклалася фрустрацыя інтэлектуалаў, якія, нягледзячы на высокія дамаганні і вялікую значнасць у перыяд адыходу ад савецкай сістэмы, апынуліся на перыферыйных пазіцыях у новых дзяржавах і пасля кароткага поспеху былі зноў адціснутыя ад прыняцця ўладных рашэнняў.
У такіх умовах тыя матывы, якія выступалі другасным фонам для першапачатковай артыкуляцыі Сярэдняй Еўропы, знаходзяць новую форму і гучанне. Калі ў 80-х гг. імперыя Габсбургаў была для Кундэры няўдалым і рэпрэсіўным праектам, то на святло стала выходзіць другая лінія, закладзеная Конрадам, які бачыў у гэтай імперыі правобраз Сярэдняй Еўропы.
Нездаволенасць інтэлектуалаў нацыянальнай дзяржавай (дзе ім адводзіцца роля культпрацаўнікоў, якія працуюць на легітымацыю ўлады) і бюракратызацыяй і прагматызацыяй еўрапейскага аб’яднання змушае іх шукаць іншыя мадэлі дзяржаўнага ўладкавання, больш адпаведныя іх ідэалам.
Пачынаецца пераасэнсаванне імперыі як тыпу дзяржаўнай прылады – і апыняецца, што імперыя была куды менш рэпрэсіўным інстытутам, чым нацыянальная дзяржава. У сучаснай інтэрпрэтацыі імперыя дазваляла культурную і сацыяльную разнастайнасць, у той час як нацыянальная дзяржава абвінавачваецца ў тым, што патрабуе ўніфікацыі культуры па адзіным каноне. Перапісванне імперскай гісторыі ідзе паралельна з наданнем імперскага глянцу тым дзяржавам, якім раней такі статут не прыпісваўся – Рэч Паспалітая (ужо: Рэч Паспалітая Шматлікіх Народаў) і Вялікага Княства Літоўскага. Пераасэнсаванне гісторыі ідзе не па адпрацаванай канве нацыяналізацыі характару гэтых дзяржаў, а праз пошук і ўваскрашэнне тых рыс, якія надаюць каштоўнасць гістарычнай спадчыне гэтых дзяржаў і праектуюцца на сучаснасць: талерантнасць, дэмакратыя, воля. Сыход ад абсалютызацыі нацыянальных характарыстык спалучаецца з акцэнтаваннем мірнага сужыцця і кааперацыі розных этнічных і рэлігійных груп.
Звыклыя ўзоры прагрэсісцкага падыходу да гісторыі, як тэлеалагічнага руху ад царства няволі і прыгнёту да рэспублікі, дэмакратыі і волі размываюцца і губляюць рэлевантнасць. Ідэалізацыя гістарычнага мінулага да-мадэрных дзяржаў накладваецца на іншыя працэсы, характэрныя для гісторыка-культурнага развіцця рэгіёну: вяртанне меншасцяў у палітыку ідэнтычнасці (і адпаведна, уваскрэслая праблема меншасцяў патрабуе свайго інтэлектуальнага і палітычнага рашэння) і трыўмфальнага шэсця гістарычнай памяці (якое мае і свае непрывабныя бакі – як актуалізацыя крывавых канфліктаў, накшталт польска-ўкраінскіх сутыкненняў, так і нарастальная камадыфікацыя гісторыі).
Вылучэнне і акцэнтуацыя матыву імперскай настальгіі нам уяўляецца тым сродкам, якое дазваляе асэнсаваць “разброд і хістанні” ў гуманітарнай думцы Сярэдняй Еўропы ў апошнія два дзесяцігоддзі.
Але гэта патрабуе яшчэ ўважлівага і асцярожнага пераасэнсавання таго, што можа даць гэты дзіўны альянс двух ідэяў – Імперыі і Сярэдняй Еўропы – для нашай краіны. Адной з найбольш цяжкіх задач з’яўляецца паразуменне з практыкамі рэгіянальнага лідэрства, якія з’яўляюцца базісам для гэтых канцэпцый.
Відавочна, што адной з найбольш важных задач для Беларусі зараз з’яўляецца паўнавартаснае ўключэнне ў прастору Вялікай Еўропы. Але еўрапеізацыю мне не хочацца зводзіць толькі да падключэння к інтэграцыйным працэсам Еўразвяза, якія накіроўваюцца і вызначаюцца еўрабюракратыяй. Відавочна, што еўрапеізацыя павінна ісці ня толькі зверху, але і знізу, ад грамадстваў – ці прынамсці ад тых людзей, якія ўспрымаюць еўрапейскасць як кон і гатовыя за яе змагацца.
У ідэале еўрапеізацыя павінна выглядаць як сінхранізацыя ідэалаў, каштоўнасцей, маўлення і практык, якая павінна ісці з двух бакоў. Мы павінны зразумець Еўропу, але і Еўропа павінна да нас прыслухацца. Таму прысвойванне лексікону Сярэдняй Еўропы для мэтаў еўрапейскай эмансіпацыі выглядае надзвычай прывабным, паколькі яго ўжыванне дазваляе выкарыстоўваць гарызонт значэнняў і тэм, якія ўжо засвоеныя і вядомыя, і разам з тым, якія прыдатныя для беларускай сітуацыі. Акрамя таго, ідэя Сярэдняй Еўропы валодае вялізным патэнцыялам для наладжвання міжнароднай кааперацыі, ажыццяўлення найперш культурнага ўзаемадзеяння праз апеляцыі да адзінага сімвалічнага комплексу і агульнага гістарычнага лёсу. Развіццё гарызантальных сувязей паміж зацікаўленымі акторамі ў рэгіёне дазваляе адкінуць у нябыт тактыку “чакання перамен”, якая выяўляецца ў бессэнсоўным спадзяванні на ўлады, і дазволіць праводзіць еўрапеізацыю ўжо зараз і тут.
І што таксама важна, звяртанне да ідэялу Імперыі Сярэдняй Еўропы як прасторы суіснавання і паразумення можа выкарыстоўвацца ў якасці тарана для тых сценаў пагарды і кантролю, якія паўстаюць паўз беларускіх межаў.