Семінар “Гістарычная памяць беларускіх палякаў: паміж афіцыйнымі наратывамі і сямейнай памяццю”

Паважанае спадарства!

poland24 ліcтапада, а 18-й гадзіне, на падворку ЦСІ абудзецца чарговае паседжанне даследчага семінару Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”. Тэма дакладу: “Гістарычная памяць беларускіх палякаў: паміж афіцыйнымі наратывамі і сямейнай памяццю”.

Дакладчык: кандыдат сацыялагічных навук, старэйшы супрацоўнік Інстытута сацыялогіі НАН Рэспублікі Беларусь Аляксей Ластоўскі.

Да ўдзелу ў семінары запрашаюцца ўсе жадаючыя. Рэгістрацыя адбываецца праз электронны адрас: [email protected]

План выступу:
1.      Кантэкст даследвання (тэорыя, метадалогія, рэалізацыя).
2.      Узаемасувязі гістарычнай памяці і калектыўнай ідэнтычнасці,
праблемы захавання гістарычнай памяці этнічнай групы ў нацыянальнай
дзяржаве.
3.      Базавыя характарыстыкі гістарычнай памяці беларускіх палякаў:
а) крыніцы атрымання гістарычных ведаў;
б) зацікаўленасць гісторыяй Польшчы як сімвалічны рэсурс;
в) суб’ектыўная ацэнка ведання гісторыі Польшчы.
4. Перакрыжаванне вялікіх наратываў: польскі нацыянальны, савецкі,
беларускі нацыянальны і беларускі дзяржаўны вялікія наратывы і месца ў
іх беларускіх палякаў. Уцёкі ад вялікіх наратываў і тэхніка брыкалажа.
5. Канон гістарычнай памяці беларускіх палякаў: культурныя і
гістарычная дзеячы.
6. Ацэнка падзей 17 верасня 1939 г. як кропкі канфліктнага
ўзаемадзеяння вялікіх наратываў, роля сямейнай памяці ў інтэрпрэтацыі
мінулага.
7. Падсумаванне.

Тэзісы:
1. У гістарычнай памяці беларускіх палякаў напластоўваюцца ўяўленні з
розных дзяржаўных традыцый і гістарычных перыядаў. Польскі гістарычны
наратыў з’яўляецца толькі адной з крыніц фарміравання гістарычнай
памяці беларускіх палякаў, і суседнічае з уяўленнямі пра мінулае,
запазычанымі з іншых вялікіх наратываў.
2. Гісторыя Польшчы для беларускіх палякаў выступае ў ролі значнага
сімвала, да якога выяўляецца знешняя лаяльнасць, але рэальныя веды
польскай гісторыі не такія ўжо вялікія. Нягледзячы на тое, што польскі
гістарычны канон (падзеі і персоны) досыць цэласны, што спрыяе яго
паспяховай перадачы, вялікая частка беларускіх палякаў альбо блага яго
ведае, альбо не ведае зусім.
3. Польскі нацыянальны наратыў не выкарыстоўваецца ў якасці фундамента
этнічнай групы. Прытым, што ў гэтым наратывы даволі жорстка прапісана,
хто такія палякі (і ў тым ліку, хто такія палякі ў Беларусі), і яго
было б дастаткова лёгка ўзяць у якасці «контр-памяці» для выбудоўвання
ўласнай палітыкі ідэнтычнасці. Гістарычная памяць беларускіх палякаў
ўтрымоўвае ў сабе фрагменты розных «вялікіх» наратываў, дазваляючы
пазбягаць канфліктаў памяці з іншымі этнічнымі групамі, у першую чаргу
беларусамі.
4. Асаблівую ролю для беларускіх палякаў пры гэтым гуляе сямейная
памяць, дзе ўтрымоўваюцца і транслююцца тыя веды аб мінулым, якія
маюць асаблівае значэнне на сваяцкім і лакальным узроўнях (найбольшае
значэнне мае гісторыя напярэдадні, у перыяд і адразу пасля Другой
сусветнай вайны). Многія сюжэты з гэтага набору падзей і іх
інтэрпрэтацыі маюць істотныя адрозненні, а часам і непераадольныя
супярэчнасці з афіцыйнымі наратывамі. Але сямейныя паданні і
дзяржаўная гісторыя не ўступаюць паміж сабой у дыялагічныя
ўзаемаадносіны, працягваючы існаваць на розных узроўнях усведамлення і
артыкуляцыі.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...