17 лютага 2010 г., а 18-й гадзіне, на падворку ЦСІ адбудзецца чарговае пасяджэнне рэгулярнага даследчага семінара Інстытута “Палітычная сфера”. Тэма дакладу: “Развіццё адносін ЕС і АПАД з краінамі Балтыйскага рэгіёну ў 1991 – 2004 гг.”. Дакладчык: Андрэй Валодзькін.
Запрашаюцца ўсе жадаючыя. Па дадатковую інфармацыю пра месца правядзення звяртайцеся на [email protected]
Тэзісы дакладу:
У 1991 – 2004 гг. адбываецца інтэграцыя краін Балтыйскага рэгіёну ў заходнюю супольнасць, вядучымі міжнароднымі інстытутамі якой з’яўляюцца Еўрасаюз (ЕС) і Арганізацыя паўночна-атлантычнай дамовы (АПАД).
Мэта:
Прааналізаваць працэс развіцця адносін гэтых дзвюх арганізацый з краінамі рэгіёну і раскрыць яго асаблівасці, вызначыўшы фактары, якія садзейнічалі ўзмацненню ролі ЕС і АПАД у Балтыйскім рэгіёне, перадумовы і асноўныя этапы іх пашырэння у гэтай частцы Еўропы, значнасць балтыйскага вектару ў сістэме знешнепалітычных прыярытэтаў кожнай з гэтых арганізацый, месца і ролю рэгіянальных праектаў і праграм у агульным кантэксце іх балтыйскай палітыкі, а таксама асаблівасці, агульныя рысы і ўзаемасувязі палітыкі ЕС і АПАД у Балтыйскім рэгіёне.
1. Фармаванне балтыйскай палітыкі ЕС:
– узаемасувязь працэсаў еўрапейскай інтэграцыі і балтыйскага рэгіяналізму;
– супрацоўніцтва ЕС з Саветам дзяржаў Балтыйскага мора;
– Балтыйскі рэгіён ў знешнепалітычных дакументах ЕС, праблема распрацоўкі комплекснай стратэгіі у адносінах да Балтыйскага рэгіёна.
2. Працэс пашырэння ЕС у Балтыйскім рэгіёне:
– развіццё адносін з паўночнымі краінамі і краінамі Балтыі;
– чацвёртае (“паўночнае”) пашырэнне 1995 г. і яго уплыў на развіццё балтыйскай палітыкі ЕС;
– падрыхтоўка і прыняццё краін Балтыі.
3. Праграма “Паўночнага вымярэння” як спроба ажыццяўлення ЕС комплекснай стратэгіі развіцця рэгіёну Паўночнай Еўропы і Балтыйскага мора:
– супярэчнасці на этапе распрацоўкі і прыняцця праграмы;
– яе асноўныя прынцыпы і задачы;
– праблема вызначэння з прыярытэтамі дзейнасці;
– ацэнкі вынікаў і перспектыў “ПВ”.
4. Трансфармацыя сістэмы бяспекі ў Балтыйскім рэгіёне ў 1990-я гадах.:
– змяненне расстаноўкі сіл у рэгіёне і разбурэнне старога рэжыму бяспекі “паўночнага балансу”;
– праекты фармавання новай сістэмы бяспекі Балтыйскага рэгіёну па-за межамі АПАД і прычыны іх няўдач.
5. Фактары, якія садзейнічалі ўзмацненню ролі АПАД у рэгіёне:
– арыентацыя на трансатлантычную сістэму бяспекі як аснова знешняй палітыкі краін Балтыі;
– расійска-балтыйскія супярэчнасці;
– пазіцыя паўночных краін па пытаннях пашырэння АПАД і амерыканскай ваенна-палітычнай прысутнасці ў Еўропе.
6. Працэс пашырэння АПАД у Балтыйскім рэгіёне:
– эвалюцыя палітыкі Паўночна-атлантычнага Альянсу адносна пашырэння на паўночным усходзе Еўропы і прыняцця краін Балтыі, фактары, якія уплывалі на гэты працэс;
– праграма “Партнёрства дзеля міру” і рэгіянальныя праекты супрацоўніцтва з АПАД;
– прыняцце ў Альянс краін Балтыі і дыскусіі аб магчымасці уступлення паўночных краін.
7. Асноўныя вывады даследавання.