3 лютага 2010 г., а 18- й гадзіне, на падворку ЦСІ адбудзецца чарговае паседжанне рэгулярнага даследчага семінара Інстытута “Палітычная сфера”. Тэма дакладу: “Сацыяльная і палітычная структура беларускай эліты”. Дакладчык: Андрэй Казакевіч, апанент: Дзяніс Мельянцоў.
Запрашаюцца ўсе жадаючыя. Па дадатковую інфармацыю пра месца правядзення звяртайцеся на [email protected].
Тэзісы дакладу:
1. Даследаванне беларускай палітычнай эліты мае пэўныя складанасці. Пры вызначэнні кола людзей (пасадаў), якіх варта адносіць да эліты, праблемаў з’яўляецца неадпаведнасць рэальных і фармальных паўнамоцтваў (функцыяў). У той ці іншай ступені гэта характэрна для ўсіх палітычных сістэм, але ў Беларусі прадстаўляе істотную даследчую праблему. Найбольш паказальны прыклад – палітычны статус Парламенту.
2. Уласцівасцю беларускай эліты з’яўляецца адсутнасць ці слабая інстытуцыялізацыя цэнтраў улады па-за межамі дзяржаўных органаў.
3. Непразрыстасць эліты па многім параметрам. У прыватнасці, складанасць пошуку інфармацыі пры выкарыстанні адкрытых крыніцаў. Гэта звязана, па ўсёй бачнасці, не з замоўчваннем, але адсутнасцю попыту на такую інфармацыю, вузкасцю інфармацыйнага рынку і інфраструктуры альтэрнатыўных СМІ, адносна нізкай цікавасцю да дэталяў беларускай палітыкі.
4. Пры аналізе дзяржаўных структураў можна вылучыць 500-550 пасадаў, якія можна аднесці да беларускай палітычнай эліты. Унутры гэтае кола існуе значнай дыферэнцыяцыяй па перыметры палітычнай уплывовасці, а таксама функцыям.
5. Метады аналізу. Асноўныя даступныя метады: аналіз біяграфій і аналіз перамяшчэнняў. Практычнае значэнне (магчымасць сабраць інфармацыю, карысць для інфармацыі для палітычнага аналізу) мае аналіз такіх параметраў: пол, узрост, месца нараджэння, адукацыя, кар’ера. Найбольш значны параметр – аналіз кар’еры.
6. Разгляд папярэдніх вынікаў аналізу сацыяльнай і палітычнай структуры беларускай палітычай эліты.