18 лістапада 2009 г., а 18-й гадзіне, на падворку ЦСІ адбудзецца чарговае паседжанне рэгулярнага даследчага семінара Інстытута “Палітычная сфера”. Тэма дакладу: “Іранская палітычная эліта ў1997-2009 гадах. Спроба маркіроўкі палітычнага поля Другой ісламскай рэспублікі”. Дакладчык: Сяргей Богдан, aпанент: Андрэй Ягораў.
Запрашаюцца ўсе жадаючыя. Па дадатковую інфармацыю пра месца правядзення звяртайцеся на [email protected].
Тэзісы дакладу:
Задачы дакладу: разгледзець асаблівасці фармавання цяперашняй іранскай палітычнай эліты, параўнаць сітуацыю з папярэдняй гісторыяй краіны, акрэсліць асноўныя плыні і групоўкі палітычнай эліты Ірану, разгледзець асаблівасці арганізацыі іранскай палітычнай эліты ў рамках фармальных і нефармальных палітычных арганізацыяў, пазначыць перспектыўныя даследчыцкія кірункі.
1. Фармаванне
Поўнае ўстараненне папярэдняй палітычнай эліты ў выніку рэвалюцыі 1979 году. Наступнае ўстараненне правай і крайне левай плыні антышагскай апазіцыі. Кансалідацыя прыхільнікаў ісламскай рэспублікі ў рамках Партыі ісламскай рэспублікі і Арганізацыі маджахедаў ісламскай рэвалюцыі падчас грамадзянскай вайны і вайны з Іракам у 1980-я гады. Раскол унутры табару прыхільнікаў ісламскай рэспублікі і яго пачаткі ў першай палове 90-х.
2. Асноўныя рысы сучаснай палітычнай эліты
Асаблівасці структуры, складу і функцыянавання сучаснай палітычнай эліты Ірану ў параўнанні з часамі манархіі. Спецыфічныя групы – клерыкі, этнічны і сацыяльны склад іранскай палітычнай эліты. Роля ідэалогіі і роля асобаў у кшталтаванні плыняў і груповак. Пачатак расколу на «рэфармістаў», «кансерватараў» і «фундаменталістаў», іх месца ў структуры дзяржорганаў і грамадстве.
Перамога Хатамі на прэзідэнцкіх выбарах 1997 году як момант афармленне новай канстэляцыі сілаў у іранскай палітыцы і пачатак Другой ісламскай рэспублікі.
«Левыя» і «правыя» іранскай палітыкі, змена зместу гэтых паняткаў з цягам часу. Асноўныя палітычныя арганізацыі Ірану. Партыя як тып палітычнай арганізацыі ў Іране, асноўная спецыфіка (дыскрэдытацыі праз існаванне прасавецкай кампартыі «Тудэ» і створаных шагам замоўныя партыяў).
3. Падзенне сучаснай палітычнай эліты і Другой ісламскай рэспублікі
Зява левага кансерватызму, неафундаменталізм і Ахмадзінежад. Антыэлітарнасць Ахмадзінежада і разрыў ураду з элітамі пасля абрання Ахмадзінежада прэзідэнтам у 2005 годзе. «Адсутнасць элітаў». Пагром іранскіх палітычных элітаў – прэзідэнцкія выбары-2009. Мадэль змены элітаў паводле Ібн Халдуна.
4. Перспектывы і праблемы даследаванняў тэмы
За мяжой шкодзяць кан’юнктурнасць і «этнічная акадэмічная мафія». Унутры краю – закрытасць інфармацыі (адсутнічаюць любыя даведнікі «Ху із ху») і абмежаванні надуманымі меркаваннямі «нацыянальнай бяспекі». У выніку вялікі аб’ём публікацыяў часам хавае пад сабой нікчэмнасць вынікаў.
Даследаванне ролі спецыфічных частак іранскай палітычнай эліты – клерыкаў. Выяўленне інстытуцыяў і структураў, у рамках якіх функцыянуе іранская палітычная эліта. Даследаванне рытуалаў і дыскурсаў іранскай палітычнай эліты.