НАВІНЫ · 29 снежня 2012
Канферэнцыя “Аднаўленне гісторыі: палітыка памяці ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе”
http://palityka.org/wp-content/uploads/2012/12/logo_palitykat.jpg Час правядзення: 3-4 мая 2013 г. (2 дні) Асноўныя арганізатары: Інстытут “Палітычная сфера” (Беларусь) Інстытут ВКЛ (Літва) Instytut Polski (Мінск, Беларусь) Універсітэт Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва) Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі (Літва) Працоўныя мовы канферэнцыі – беларуская, руская, англійская, польская.
Прыблізны лік удзельнікаў – 40 чалавек.
Савецкі Саюз здаваўся з боку гіганцкай рэпрэсіўнай Імперыяй – але яго крах прадэманстраваў, што за гіганцкім ценем хавалася разнастайнасць нацый, моў, культур і гісторый.
Для новых дзяржаў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы адразу ж усталі складаныя пытанні геапалітычнага выбару і сацыяльна-эканамічных трансфармацый.
Пры пераадоленні першапачатковай стадыі транзіту, аднак, сталі ўсплываць іншыя пытанні, якія апынуліся не менш хваравітымі і невырашальнымі: Як павінна выглядаць нацыянальная дзяржава?
Як фармаваць крытэры прыналежнасці да нацыі?
Што сабою павінна ўяўляць культурная памяць?
Як выбудоўваць адносіны з меншасцямі?
І што ляжыць у аснове адносін з суседзямі – гістарычныя крыўды, традыцыі сумеснага палітычнага жыцця або эканамічная выгада?
Гэтыя пытанні не знаходзяць адназначнага адказу, спараджаючы мноства інтэлектуальных праектаў, генеруючы багацце дыскусій і сутыкненняў.
Больш таго, становіцца відавочным, што хваравітыя пытанні памяці і ідэнтычнасці ўсё больш актыўна выкарыстоўваюцца палітыкамі ў сваіх інтарэсах, што ніколькі не спрыяе паразуменню ні ўнутры краін, ні паміж суседзямі.
Беларусь апынулася геаграфічна ў цэнтры разгортвання “войн памяці”, але па сутнасці – на іх інтэлектуальнай перыферыі.
Кансервацыя палітычнага рэжыму, які праводзіць практычны курс на самаізаляцыю краіны, вядзе да таго, што публічна амаль не абмяркоўваюцца пытанні складанага і траўматычнага мінулага.
Разам з тым у актуальных дыскусіях пра палітыку памяці важнае месца адводзіцца перавызначэнню і пераасэнсаванню сумеснага мінулага ў розных дзяржаўных утварэннях (Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, Савецкі Саюз).
Мова ідзе не толькі пра адстойванне сваёй часткі агульнай спадчыны (а Беларусь тут відавочна прайграе), але і пра выпрацоўку такога разумення мінулага, якое будзе спрыяць гарманічным узаемаадносінам паміж нацыянальнымі дзяржавамі.
Таму мы лічым вельмі важным вярнуць Беларусь у фокус абмеркаванняў пра палітыку памяці, увесці беларускіх навукоўцаў у міжнародны працэс асэнсавання пераплеценага мінулага, выбудаваць нацыянальна-цэнтраваную версію культурнай памяці, якая пры гэтым не будзе спараджаць новыя канфлікты і варожасць.
І для гэтага неабходна стымуляваць дыялог і абмеркаванне складаных пытанняў гісторыі паміж беларускімі навукоўцамі і даследнікамі і інтэлектуаламі з краін рэгіёна.
Задача канферэнцыі: стварыць пляцоўку для ўзаемадзеяння акадэмічных і экспертных супольнасцей рэгіёна для глыбейшага разумення і даследавання праблем палітыкі памяці ва Ўсходняй Еўропе.
Мэты канферэнцыі: прааналізаваць асноўныя стратэгіі рэалізацыі гістарычнай палітыкі ў краінах Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы, выявіць спецыфічныя і агульныя рысы працы з мінулым, разгледзець узаемасувязь палітыкі памяці з шырэйшым кантэкстам палітычных і культурных трансфармацый посткамуністычных краін.
Для аналізу і разгляду на дадзенай канферэнцыі будуць вылучаныя наступныя тры ключавыя тэмы, якія уяўляюцца нам найбольш значнымі для асэнсавання агульнай культурна-гістарычнай спадчыны рэгіёна: 1.
Агульнае мінулае ці аўтаномныя нацыянальныя гісторыі?
Памяць пра ВКЛ і Рэч Паспалітую ў дзяржавах Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы. 2.
Кастусь Каліноўскі і паўстанне 1863 г.: канфлікт інтэрпрэтацый праз 150 гадоў. 3.
Камуністычнае мінулае: паміж пераадоленнем і рэстаўрацыяй у посткамуністычных краінах.