Канцэпцыя Інстытуту
Інстытут палітычных даследаванняў
“Палітычная сфера “(ІПС)
Канцэпцыя
І. Кантэкст
У Беларусі склалася асаблівая акадэмічная сітуацыя, якая ў галіне палітычных навук (даследавання палітыкі) праяўляецца ў двух асноўных сістэмных праблемах: адсутнасць (эмпірычных) даследаванняў і ізаляцыя ад рэгіянальнай і міжнароднай навуковай супольнасці.
Першая ёсць вынікам усталяваных правілаў, які не патрабуюць весці даследаванні для атрымання высокага акадэмічнага ці экспертнага статусу. Для акадэмічнай і універсітэцкай сферы дастаткова аднастайных практык выкладання “паліталогіі”, для аналітычна-экспертнага поля – адвольных спекулятыўных разважанняў.
Ізаляцыя ад рэгіянальнай і міжнароднай супольнасці не ў адсутнасці асабістых кантактаў і акадэмічнага турызму (ва што пераўтвараецца большасць семінараў, канферэнцый і школ), але ў нізкай фактычнай рэпрэзентацыі на рэгіянальным і міжнародным узроўні вынікаў акадэмічнае дзейнасці). Іншымі словамі таго, што стварае акадэмічную дзейнасць у дакладным значэнні: даследаванні і публікацыі.
Імкненне пераадолець пазначаныя сістэмныя праблемы з’яўляецца асноўнай прычынаю стварэння Інстытуту.
ІІ. Перадгісторыя 2001-2009
У аснову інстытута кладзецца супольнасць, якая склалася вакол часопіса палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” (www.palityka.org). Часопіс быў заснаваны ў 2001 годзе студэнтамі і аспірантамі кафедры паліталогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, з 2006 года акадэмічнай асновай супольнасці з’яўляецца Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (Вільня, Літва).
З 2001 па 2009 год часопіс зазнаў істотную эвалюцыю: значнае колькаснае пашырэнне супольнасці, яе прафесіяналізацыя ў галіне палітычнай навукі, павышэнне кваліфікацыі. Часопіс застаецца адзіным спецыялізаваным выданнем ў галіне палітычнай навукі ў Беларусі (пры гэтым выданне з’яўляецца рэцэнзаваным і зарэгістравана ў міжнародных прафесійных базах).
Выданне часопіса спалучалася з даследчай і аналітычнай дзейнасцю сябраў Рэдакцыйнай Рады і пастаянных аўтараў. З 2006 года “Палітычная сфера” (Рада і супольнасць) выступаюць арганізатарамі даследчых і выдавецкіх праектаў. Да пачатку 2009 года даследчая, выдавецкая і іншая акадэмічная і культурная дзейнасць дасягнула ўзроўню дастатковага для стварэння дынамічнага і прафесійнага даследчага Інстытуту.
ІІІ. Мэты
Правядзенне сістэмнага вывучэння палітыкі (нацыянальнага, рэгіянальнага і міжнароднага ўзроўню). Павышэнне прафесійнага ўзроўню даследавання палітыкі і выкладання палітычных дысцыплін у Беларусі (Літве – у кантэксце ЕГУ)
Фарміраванне прафесійнай супольнасці даследчыкаў палітыкі ў Беларусі. У тым ліку стварэнне неабходнае інфраструктуры для іх прафесійнае дзейнасці.
Інтэграцыя беларускіх даследчыкаў у рэгіянальны, еўрапейскі і міжнародны акадэмічны кантэкст, асабліва стварэнне умоваў для сумеснае даследчае дзейнасці, а таксама рэпрэзентацыя вынікаў даследчае працы ў выглядзе публікацый
ІV. Прынцыпы (агульныя)
Асновай акадэмічнай і аналітычнай дзейнасці Інстытута з’яўляецца даследаванне – стварэнне новае веды. Ad hoc спекуляцыя і трансляцыя гатовае (запазычанае) веды могуць мець толькі дадатковае значэнне.
Даследчая дзейнасць непарыўна звязана з прадстаўленнем яе вынікаў на акадэмічным, палітычным і грамадскім узроўні. Асноўны сродак рэпрэзентацыі: публікацыі, стварэнне якіх ёсць прыярытэтам.
Дзейнасць інстытуту напраўлена на даследаванне палітыкі, што можа рабіцца з пазіцыі розных сацыяльных і гуманітарных дысцыплін, хаця палітычная навука (political science) будзе з’яўляецца асноваю.
Інстытут з’яўляецца беларускай даследчай установаю, таму мы лічым нашым абавязкам спрыяць развіццю беларускай навукі і культуры, у тым ліку праз спрыянне пашырэнне беларускае мовы ў акадэмічнай сферы і адукацыі.
Інстытут адкрыты да супрацоўніцтва з усімі індывідуальнымі даследчыкамі і інстытуцыямі незалежна ад палітычных прыхільнасцяў і ідэалагічнае арыентацыі. Інстытут таксама арыентаваны на міжнароднае супрацоўніцтва і разглядае сябе як частку міжнароднае супольнасці даследчыкаў палітыкі.
V. Прынцып вызначэння структуры Інстытута
Структура Інстытуту і даследчыя накірункі вызначаюцца фактычнай акадэмічнай дзейнасцю (наяўныя даследчыя, выдавецкія і іншыя праекты) супольнасці Інстытута. Далейшая эвалюцыя будзе вызначацца сукупнасцю фактараў: попыт на вынікі даследчай і выдавецкай дзейнасці, змены прафесійных прыярытэтаў і г.д.
На дадзены момант кожны вызначаны накірунак мае дастатковы кадравы і праектны патэнцыял для пачатку эфектыўнае дзейнасці.
VІ. Структура
Дырэктар: Андрэй Казакевіч
Асістэнт дырэктара: Андрэй Асадчы
Рада Інстытуту:
- Андрэй Асадчы
- Сяргей Богдан, магістр палітычных навук
- Андрэй Валодзькін
- Андрэй Казакевіч, PhD (доктар палітычных навук)
- Аляксей Крывалап, магістр
- Аляксей Ластоўскі, кандыдат сацыялагічных навук
- Дзяніс Мельянцоў, магістр палітычных навук
- Андрэй Храпавіцкі, магістр журналістыкі і масавых камунікацыяў
- Андрэй Ягораў, магістр палітычных навук
Сектары (накірункі):
Беларускай і усходнееўрапейскай палітыкі: Андрэй Казакевіч, Андрэй Ягораў, Андрэй Асадчы
Еўрапейскіх даследаванняў: Дзяніс Мельянцоў, Андрэй Валодзькін
Інфармацыйнай палітыкі і даследавання інтэрнэту: Андрэй Храпавіцкі, Крыпалап Аляксей
Гісторыі палітычных ідэй: Уладзіслаў Іваноў, Андрэй Казакевіч
Арабскіх і іранскіх даследаванняў: Сяргей Богдан
Палітыкі памяці: Аляксей Ластоўскі, Сяргей Ямельянаў