Узнагарода імя Ежы Гедройца для Інстытута Вялікага Княства Літоўскага

Узнагарода імя Ежы Гедройца для Інстытута Вялікага Княства Літоўскага

Інстытут Вялікага Княства Літоўскага (Коўна, Літва), а таксама пісьменнік і паэт Томас Венцлава сталі лаўрэатамі пятнаццатай прэміі імя Ежы Гедройца. Рэдакцыя вядомай польскай газеты “”Rzeczpospolita” штогод уручае прэмію асобам і інстытуцыям, якія працуюць на ўмацаванне добрых стасункаў Польшчы з дзяржавамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Гэтым разам журы адыйшло ад традыцыі надаваць узнагароду палякам і адзначыла асобу і інстытут з Літвы.

Урачыстасці надання ўзнагароды прайшлі ў Варшаве 1 снежня.

Як падкрэсліла сакратар журы Ганна Ваўроўска, Інстытут ВКЛ адзначаны “за выкананне місіі, якая спрыяе распаўсюджванню на землях сучаснай Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, асабліва традыцыі суіснавання культур моваў, рэлігій і народаў”.

“Інстытут прыналежыць да традыцыі, якая нагадвае песню забытага свету і гучыць як успамін пра Аркадыю, бо адносіцца да свету добрага сужыцця розных моў, культур, рэлігій і народаў,” – казаў прафесар Ян Маліцкі, дырэктар Інстытуту Усходняй Еўропы Варшаўскага Універсітэту.

Узнагароду імя Ежы Гедройца рэдакцыя “Rzeczpospolitej” заснавала ў 2001 годзе, у першую гадавіну смерці рэдактара і стваральніка “Культуры” і Літаратурнага інстытуту ў Парыжы. Узнагароду могуць атрымаць асобы ці інстытуцыі, што ў сваёй дзейнасці кіруюцца прынцыпамі, якіх прытрымліваўся Ежы Гедройц. Іх характэрная асаблівасць – бескарысны клопат пра грамадскія інтарэсы і культываванне добрых стасункаў Польшчы з народамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Інстытут ВКЛ – недзяржаўная ўстанова, якая аб’ядноўвае інтэлектуалаў і дзеячаў культуры з Літвы, Беларусі, Украіны, Польшчы і некаторых іншых дзяржаў рэгіёну. Больш падрабязна – http://www.ldki.lt

Check Also

Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў ...

Яндекс.Метрика