Трэцяя Міжнародная навуковая канферэнцыя Інстытута “Палітычная сфера”

Інстытут “Палітычная сфера” аб’яўляе пра правядзенне Трэцяй Міжнароднай навуковай канферэнцыі  пад назвай “Войны ў палітычнай і культурнай традыцыі Беларусі і краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы”.

Канферэнцыя адбудзецца ў Мінску, 30-31 траўня 2014 г.

Battle_of_Orsha_1514-09-08

Асноўныя арганізатары:

Інстытут “Палітычная сфера” (Беларусь)

Інстытут ВКЛ (Літва)

Instytut Polski (Мінск, Беларусь)

Універсітэт Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва)

Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі (Літва)

Беларускі калегіум (Мінск, Беларусь)

Лятучы ўніверсітэт (Мінск, Беларусь)

Інстытут гісторыі Літвы

Працоўныя мовы канферэнцыі – беларуская, руская, англійская, польская.

Прыблізны лік удзельнікаў – 40 чалавек.

2014 год – гэта год, калі ў Беларусі будуць шырока адзначацца тры важныя юбілеі: 500-я ўгодкі Аршанскай бітвы, 100-годдзе пачатку Першай Сусветнай вайны, 70-годдзе вызвалення Мінска (Беларусі) ад войск нацысцкай Германіі. Усе гэтыя падзеі звязаныя з вайсковай гісторыяй нашай краіны, але маюць розныя палітычныя і ідэалагічныя значэнні, адсылаюць да розных версій тлумачэння мінулага краіны і святкуюцца рознымі палітычнымі сіламі.

Гісторыя Беларусі часта разглядаецца як пазбаўленая суб’ектнасці, дзе краіна — гэта тэрыторыя заваяванняў і нашэсцяў. Яшчэ ў 1857 годзе беларускі гісторык Восіп Турчыновіч у “Обозрении истории Белоруссии с древнейших времен” такім чынам пісаў пра мінулае нашага краю: Это поприще вековых состязаний, это перепутье могучих соперников, беспрерывно ратовавших и ходивших друг на друга, это великая могила их ратей несметных. Рэшткі такога наратыву вельмі заўважныя ў розных гістарычных і мастацкіх працах. У выніку, Беларусь і яе дзяржаўнасць – гэта ахвяра суседзяў, яе трагічны лёс быць скрыжаваннем вайсковых шляхоў. Але мы бачым і цалкам адрозны падыход да айчыннай гісторыі: як гісторыі ваяўнічага народа, авеянага вайсковай славай, актыўнага стваральніка сваёй будучыні. Вось толькі вызначэнне гістарычных ворагаў і галоўных момантаў вайсковай славы ў беларускім грамадстве далёкае ад кансенсусу і шмат у чым залежыць ад ідэалагічных і палітычных пазіцый сучаснасці.

Але вырашальны ўплыў войнаў на палітычнае самавызначэнне краіны і важнасць камемарацый вайсковых падзеяў і перамогаў у сучаснасці – гэта далёка не ўнікальны выпадак Беларусі. Мы можам знайсці вельмі шмат паралеляў з суседнімі краінамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы, сучасная палітычная суб’ектнасць якіх таксама фармавалася падчас Першай сусветнай вайны.

Юбілейны 2014 год дае выдатныя падставы паразважаць, наколькі шматлікія войны паўплывалі на развіццё палітычных інстытутаў і культурныя традыцыі Беларусі і іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, якім чынам ў дадзеным рэгіёне фармаваліся асноўныя шляхі рэпрэзентацыі вайсковай гісторыі, як фармавалася культурная памяць пра войны і культура святкаванняў перамог і асэнсавання паразаў.

Плануецца, што ў канферэнцыі прымуць удзел каля 40 навукоўцаў з Беларусі і краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Асноўныя тэмы для разгляду:

1) Аршанская бітва і войны XVI стагоддзя ў гісторыі, гістарыяграфіі ды ідэалогіі Беларусі і іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

2) Першая сусветная вайна і паўстанне Беларусі як палітычнага суб’екту.

3) Роля Першай сусветнай вайны ў палітычным і культурным пераўладкаванні Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

4) Вызваленне, акупацыя, збройны супраціў: 1944 год у гісторыі і гістарыяграфіі народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

5) Культура памяці і вайна ў Беларусі: Дзень Вайсковай славы, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці.

6) Культура памяці, нацыянальныя святы і войны ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе.

Таксама ў межах канферэнцыі адбудзецца некалькі публічных мерапрыемстваў (дыскусіі, лекцыі).

Восенню будзе абвешчаны збор заявак на ўдзел у канферэнцыі. Плануецца, што па вынікам канферэнцыі выйдзе тэматычны нумар часопіса “Палітычная сфера”.

Таксама вітаюцца прапановы і далучэнне партнёрскіх інстытуцый у якасці суарганізатараў мерапрыемства.

Check Also

Аналітычная папера пра грамадскія ацэнкі сістэмы адукацыі ў Беларусі

Прадстаўляем вашай увазе аналітычную паперу па выніках сацыялагічнага даследвання, ажыццёўленга ў жніўні 2023 года. У ...