Лекцыя Курта Вулхайзера ў Лятучым Універсітэце 27 жніўня 2013 г.

Вулхайзер

ПУБЛІЧНЫЯ ЛЕКЦЫІ “URBI ET ORBI

КУРТ ВУЛХАЙЗЕР

АМБІВАЛЕНТНЫЯ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ МОВЫ: ЧЫМ БЕЛАРУСКАЯ ПАДОБНАЯ ДА ШАТЛАНДСКАЙ?

27 жніўня, 18.30

Галерэя Ў (пр-т Незалежнасці, 37а)

 

27 жніўня Лятучы ўніверсітэт запрашае на публічную лекцыю вядомага славіста, прафесара Брандайскага ўніверсітэта (ЗША) Курта Вулхайзера. На матэрыяле шматгадовых даследаванняў, вынікаў сацыялагічных апытанняў лектар прапануе разгледзець шэраг сацыялінгвістычных паралеляў паміж беларускай і шатландскай мовамі, пачынаючы ад іх гістарычнага развіцця да агульных тэндэнцый у сучаснасці. Лекцыя уключае ў сябе тры асноўныя часткі:

–           агляд гістарычнага развіцця пісьмовых адміністрацыйных і літаратурных моваў у дасучасных шматмоўных дзяржавах – Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Шатландыі, з іх наступнай функцыянальнай дыялектызацыяй у стасунку да дамінуючых блізка-роднасных моваў, польскай ды расейскай у выпадку беларусаў і ангельскай у выпадку шатландцаў (як і спадарожнымі ідэалагічна зараджанымі дэбатамі наконт іх статусу як незалежных моваў). Вызначэнне пэўных агульных рысаў у дачыненні да функцыяў і сацыяльных ацэнак стылістычнага мноства размоўных варыянтаў, якія паўсталі ў выніку лінгвістычнага збліжэння.

–           аналіз пэўных агульных тэндэнцыяў у развіцці сучаснай пісьмовай беларускай і шатладскай мовы. У прыватнасці, іх выбітнай ролі ў літаратурным ды культурным жыцці разам з пераважна сымвалічным альбо фармальным выкарыстаннем у грамадскай сферы. Вызначэнне праблемаў у развіцці адзіных пісьмовых стандартаў, а таксама пэўных падабенстваў адносна неадназначнай, амбівалентнай ролі беларускай і шатландскай моваў як маркераў нацыянальнай тоеснасці

–           пазначэнне пэўных паралеляў ў выніках нядаўніх нацыянальных даследаванняў па выкарыстанні моваў, адносінах да мовы і перавагах моўнай палітыкі, уключна з даследаваннем, праведзеным у 2010 годзе ўрадам Шатландыі “Грамадскае стаўленне да шатландскай мовы”, і вынікамі перапісу насельніцтва Шатландыі з 2011 года, гэтаксама як даследаваннямі, праведзенымі на Беларусі ў 2009, 2010 і 2012 гадах даследчымі агенцтвамі НОВАК ды НІСЭПД.

На думку амерыканскага славіста, такі аналіз падабенстваў і розніцаў ў сучасным становішчы беларускай і шатландскай моваў прыводзіць да цікавых высноваў, якія маглі б быць карыснымі для прыхільнікаў беларускай мовы і іх шатландскіх партнёраў пры распрацоўцы на будучыню эфектыўных стратэгіяў моўнага менеджменту.

Лекцыя “Амбівалентныя нацыянальныя мовы: чым беларуская падобная да шатландскай” адбудзецца 27 жніўня ў Галерэі Ў. Пачатак а 18.30. Уваход свабодны!

Online-трансляцыя лекцыі

Інтэрв’ю з Куртам Вулхайзерам напярэдадні лекцыі

Check Also

Аналітычная папера пра грамадскія ацэнкі сістэмы адукацыі ў Беларусі

Прадстаўляем вашай увазе аналітычную паперу па выніках сацыялагічнага даследвання, ажыццёўленга ў жніўні 2023 года. У ...