Гардзееў, Юры (2013). Тапанімія старажытнай Гародні (XII – XVIII стст.). Гародня: Гарадзенская бібліятэка, 190 с.
Агляд падрыхтаваў Андрэй Вашкевіч.
“Горадня або Гародня?”–знакамітае дыскусійнае пытанне, у спрэчках за вырашэнне якога прымала ўдзел не адно пакаленне беларускіх філолагаў і літаратараў. Сітуацыя тут па-свойму ўнікальная, бо і адна і другая назва прэтэндуюць на манапольнае месца ў адраджэнскім тапаніміконе 1990-х гг. у адрозненне, скажам, ад Менску, які прэтэндуе на замену русіфікавана-паланізаванаму Мінску. Гісторыкі ў гэтай дыскусіі збольшага прынцыпова не ўдзельнічаюць, бо па праву лічаць яе беспрадметнай, аднак у гісторыі гарадскіх назваў ім ёсць што сказаць.
Кніга “Тапанімія старажытнай Гародні (XII–XVIII стст.)” з’яўляецца ў пэўнай меры “пабочным прадуктам” працы Юрыя Гардзеева як даследчыка гродзенскай сацыятапаграфіі, аднак у тым акурат і асаблівы смак гэтай кнігі, бо напісаная яна не прафесійным філолагам, а ў першую чаргу гісторыкам, які сутыкаецца з гарадскімі назвамі на старонках дакументаў і можа выбудаваць храналогію выкарыстання і эвалюцыя таго або іншага тапоніма. У гэтым сэнсе дадзеная праца з’яўляецца працягам выразна абазначанай у апошнія гады тэндэнцыі да даследавання назваў прафесійнымі гісторыкамі (Белы, 2000; Рогалеў, 2011).
Кніга складаецца з пяці раздзелаў. У першым гаворка ідзе пра паходжанне ўласнага імя горада над Нёманам. Аўтар дае шырокі агляд магчымах версій аб паходжанні назвы, аднак самая каштоўная частка раздзела – даследаванне эвалюцыі імя Городен–Городно. Ю. Гардзееў прыходзіць да высновы, што першапачатковая летапісная назва горада гучала як Городен, да якой аднак вельмі хутка далучылася назва Городно. Тапонім Городен пры гэтым яшчэ з’яўляецца нават у дакументах першай паловы XVII ст. Сучасны варыянт Гродно – Гродна ўпершыню сустракаецца не ў польскіх або расійскіх крыніцах, а ў лацінамоўных дакументах XIV ст.
Другі раздзел прысвечанны паходжанню і гісторыі гідроніма Нёман. Гэты гідронім нельга аднесці цалкам да ліку гарадскіх тапонімаў, аднак уявіць сабе Гродна без Нёмана проста не магчыма, тым больш, што назва гэтай ракі самым шчыльным чынам павязвае нас з еўрапейскай лацінскай традыцыяй. Узяць хоць бы знакамітую гравюру Адэльгаўзера-Цюндта (Adelhauser, Zündt), дзе разам з цалкам сучаснай назвай горада Grodno прыведзена антычная назва ракі Cronon.
Трэці раздзел з’яўляецца вельмі грунтоўным разглядам гісторыі гродзенскіх гадонімаў (назваў вуліц) і агаронімаў (плошчаў, рынкаў). У чацвертым раздзеле аўтар пашырае мазаіку даследавання гарадзенскай тапаніміі да назваў храмаў і кляштараў, гарадскіх межаў, пляцаў або надзелаў зямлі і іншых тапонімах. У сітуацыі амаль татальнай перавагі савецкай тапаніміі ў гістарычным цэнтры і збольшага змененай гарадской прасторы (пасля апошняй вайны знікалі не толькі старыя назвы вуліц, але і фізічна самыя вуліцы) чытанне гэтых раздзелаў кнігі дае добра зразумець–наколькі неабходным з’яўляецца вяртанне гістарычных назваў для адраджэння забытых сэнсаў прасторы гістарычнага цэнтра. І тут размова можа ісці не толькі пра старыя назвы вуліц, але і пра назвы гарадскіх мясцін – роў Перасоўка, урочышча Канапелька, Курган, адраджэнне якіх можа адбывацца не толькі шляхам пастановаў гарадской адміністрацыі, але і сіламі саміх гродзенцаў, праз адкрыццё на гэтых месцах крамаў, кавярняў, галерэй з такімі назвамі.
У пятым раздзеле, як выказаўся сам аўтар “зроблена спроба асвятлення некаторых лінгвістычных і каштоўнасных аспектаў эвалюцыі ўрбананімікону” (с. 9). Тут Ю. Гардзееў адзначае некаторыя як агульныя для ўсіх беларускіх гарадоў, так і спецыфічныя для Гродна асаблівасці эвалюцыі гарадской тапаніміі. Напрыклад, што назвы уліц мелі тэндэнцыю да пэўнай стыхійнай сістэматызацыі, так харонімы (Падол) або ўрбанонімы (Курган) паступова станавіліся назвамі вуліц (Падольная або Курганная). Першыя мэтанакіраваныя ідэалагічныя ўварванні ў гарадскую прастору адбыліся пасля паўстання 1863 г., калі гарадскія ўлады перш ліквідавалі вуліцы з навамі каталіцкіх кляштараў, а ў пачатку ХХ ст. і пачалі даваць ідэалагізаваныя назвы (Сувораўская, Мураўёўская і інш.). У гэтай прасякнутай савецкай і імперскай ідэалагіяй прасторы мы працягваем існаваць і сёння.
Навуковасць кнігі адначасова з’яўляецца і моцным і слабым яе бокам. Пра моцны бок мы ўжо гаварылі, а вось слабы бок – вялізарная колькасць навуковых тэрмінаў, пры чым не толькі ў тэксце, але і ў назвах падраздзелаў, відавочна распужае частку чытачоў. Прывядзем толькі некаторыя прыклады з раздзела №5 “Урбанонім як лінгвістычная адзінка і гісторыка-культурны помнік”–“Трансанімізацыя”, “Аксіялагічнае вымярэнне ўрбананімікону”, “Бінарная апазіцыя ўрбанонімаў”… Адным словам часам складваецца ўражанне, што чытаеш не кнігу пра гарадскія назвы, а падручнік. Чытачам, праўда, прапануецца слоўнік спецыяльных тэрмінаў, але ён далёка не поўны.
Відавочна можна было падабраць гэтым назвам нейкія альтэрнатыўныя больш папулярныя фармулёўкі, і згадваная ўжо кніга Алеся Белага–гэтаму вельмі добры прыклад. Дадаць складаным гістарычным тлумачэнням крыху папулярнасці – заўсёды ўдзячная справа. У 2007 г. абмяркоўвалася назва самай першай кнігі “Гарадзенскай бібліятэкі” і вялікай колькасці людзей давялося пераконваць Юрыя Гардзеева ў тым, што назву яго выдатнай кнігі на вокладцы трэба скараціць да “Магдэбургская Гародня”. Што ж тычыцца рэцэнзуемай кнігі, то застаецца толькі спадзявацца, што гродзенскія творчыя асобы як, напрыклад досыць вядомы ўжо сваімі беларускімі аўдыёказкамі Ігар Кузмініч, выкарыстаюць кнігу Гардзеева ў якасці матэрыяла для сваіх мастацкіх прац.
Дарэчы, кніга Юрыя Гардзеева хутка пасля выхаду з друку, атрымала выдатны працяг – ім жа самім у якасці рэдактара падрыхтаваны другі нумар “Гарадзенскага гадавіка”, амаль цалкам прысвечаны гісторыі тапаніміі Гродна (Гарадзенскі гадавік, 2013). Найбольш цікавыя артыкулы гадавіка прысвечаны ўжо спробам адрадзіць тую гарадскую тапанімію, якая была амаль цалкам вынішчана ў часы Расійскай імперыі і асабліва СССР, калі ад дзясяткаў гістарычных назваў вуліц старога Гродна засталіся толькі Замкавая, Маставая ды Падольная.
У пачатку 1990-х гг. гродзенскім актывістам, сярод якіх быў і Юры Гардзееў, удалося шляхам неімавернай барацьбы з наменклатурай вярнуць гораду некалькі гістарычных назваў вуліц. Так, напрыклад, зніклі з карты Гродна вуліцы Энгельса, Кашавога, Крупскай, Пасіянарыі (!) саступіўшы месца Гараднічанскай, Вялікай Траецкай, Стэфана Баторыя, Калючынскай. Але тое літаральна кропля ў моры, бо ўжо пад заслону “адраджэнскай” эпохі адчуўшыя сілу прадстаўнікі старой наменклатуры так і не дазволілі перайменаваць Сацыялістычную ў Вітаўта Вялікага, а вуліцы Урыцкага вярнуць гістарычную назву Залатарская.
З той пары ў горадзе змяніўся дзясятак граданачальнікаў, але прынцып неперайменавання вуліц, уведзены ў сярэдзіне 1990-х гг. быццам бы з-за фінансавых і адміністрацыйных клопатаў, захоўваецца свята. І вулкі і вулачкі часоў Сярэднявечча, усе гэтыя Залатарскія, Рэзніцкія, Курганныя, Брыгіцкія, Баніфратэрскія, Падвальныя і Рабяёўскія яшчэ чакаюць свайго часу. А вось на сутнаснае, галоўнае пытанне чытачоў–“Горадня або Гародня”, Юры Гардзееў так і не змог адказаць адназначна, застаўшыся і тут сапраўдным навукоўцам. “Раней не ставіўся націск, таму цяпер надзвычай цяжка, і нават немагчыма зразумець, як вымаўлялася напачатку – Горадзен, Горадна, Гарадно ці Гародня”,— патлумачыў аўтар “Тапаніміі…” на прэзентацыі сваёй кнігі.
Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі
- Белы, Алесь (2000). Хроніка Белай Русі. Менск.
- Рогалеў А.Ф (2011). Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі). 2-е выд. Гомель: Барк.
- Гарадзенскі гадавік (2013). ІІ. Гродна, 144 с.