Jędrychowski, Zbigniew (2012). Teatra grodzieńskie 1784-1864. Warszawa: Wydawnictwa Uniwersytetu Warszawskiego, 504 s., ill.
Агляд падрыхтаваў Андрэй Ціхаміраў
Трымаць у руках вялікія кнігі пра родны горад вельмі прыемна. Тым больш, калі гэта кнігі пра малавядомыя перыяды ягонай мінуўшчыны. Манаграфія ўроцлаўскага гісторыка і тэатразнаўцы Збігнева Ендрыхоўскага «Гродзенскія тэатры 1784-1864» належыць да такой катэгорыі. Праца над гэтай манаграфіяй працягвалася некалькі гадоў і з’яўляецца выдатным прыкладам таго, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца даследчык на працягу збору матэрыялаў і напісання самога тэкста.
Часам гэта вельмі няўдзячная і нават непрыемная праца ў архівах, калі гісторык мусіць амаль выпрошваць неабходныя дакументы для свайго даследвання, часам–марудны і не заўсёды ўдалы пошук драбніц мінулага, з якіх складаецца незвычайная і яскравая мазаіка.
Гісторыя гродзенскага тэатра канца XVIII—першай паловы XIX ст. вывучаная недастаткова і мае шматлікія прагалы. У параўнанні з пазнейшымі перыядамі, тэатральнае жыццё Гродна і рэгіёна мае значную прыцягальнасць для сучасных чытачоў і адначасна абрастае рознымі гістарыяграфічнымі недакладнасцямі. Менавіта вакол пытання выгляду і размяшчэння тэатра на Гарадніцы да сённяшняга часу адбываюцца дыскусіі урбаністаў. Калі пра тэатр у Гродне нашыя ўяўленні больш-менш пэўныя і большасць публікі ведае пра ягонае існаванне, то пра тэатральнае жыццё Наваградка, Свіслачы, Высокага ці Друскенікаў веды нашмат больш абмежаваныя, калі не сказаць, што яны проста не існуюць у свядомасці шырокага кола асобаў, зацікаўленых гэтай праблематыкай.
Варта яшчэ дадаць, што польскамоўны тэатр у канцы існавання Рэчы Паспалітай і да паўстання 1863-1864 гг. не быў на працягу доўгага часу важным аб’ектам для тэатразнаўцаў па самых розных прычынах. Калі для польскіх даследчыкаў у савецкі перыяд існавалі цяжкасці доступу да архіваў, то для значнай часткі беларускіх даследчыкаў праблемай былі ідэалагічныя пасткі і часам няведанне польскай і іншых моваў.
Кніга Збігнева Ендрыхоўскага запаўняе вельмі значныя прагалы ў нашых ведах пра тэатральнае жыццё Гродна і рэгіёна і з’яўляецца першай цэласнай манаграфіяй на гэтую тэму. Аўтар на працягу некалькіх год працаваў у архівах і бібліятэчных сховішчах Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны і Польшчы, сабраў унікальныя матэрыялы і абагульніў дзейнасць больш чым дзесятка прафесійных тэатральных трупаў Гродна і Гродзенскай губерні да 1864 года. Знаёмства аўтара з літаратурай прадмета вельмі дакладнае і рознабаковае. Ва ўступе ён піша не толькі пра працы польскіх даследчыкаў, але з вялікай павагай характарызуе беларускія даследванні тэатра і слушна адзначае, што яны безпадстаўна часта застаюцца па-за ўвагай тэатразнаўцаў з іншых краінаў.
Даследванне адданых прыхільнікаў Мельпамены варта праводзіць не толькі з дапамогай розных дакументаў эпохі, але таксама тут вельмі важны візуальны бок–тэатральны рэквізіт, афішы, замалёўкі, фатаздымкі. Напоўніцу адчуць і ацаніць тэатральнае мастацтва разглядаемай эпохі мы не можам–тады проста не існавалі адпаведныя тэхнічныя сродкі, якія б дазволілі пачуць спеў ці пабачыць акцёрскую гульню. Захаваныя візуальныя артэфакты ў такім выпадку з’яўляюцца адзіным «вакном» для сучасных, праз якое мы можам прынамсі ўявіць сабе перадачу эмоцыяў ці дыялог сцэны і публікі. Збігнеў Ендрыхоўскі сабраў значную калекцыю ілюстрацый і актыўна выкарыстаў іх у сваёй кнізе. Гэта яшчэ адзін з выдатных момантаў разглядаемага даследвання.
Эмацыйная заангажаванасць часам не асабліва спрыяе даследчыку падчас працы. Аднак, часам існуюць тэмы, калі даследчыцкая апантанасць можа быць толькі выдатным стымулам, які ў выніку дае добрыя вынікі. Аўтар разглядаемай кнігі «апантаны» тэатральным жыццём Гродзеншчыны і былога Вялікага княства Літоўскага ў вельмі пазітыўным накірунку. Чытач манаграфіі не можа не заўважыць прыгажосці мовы даследвання (і адначасна ейнай дакладнасці), якая не толькі дае эстэтычныя ўражанні, але таксама дазваляе напоўніцу адчуць эпоху.
Варта таксама сказаць, што кніга атрымала намінацыю да узнагароды Польскага таварыства тэатразнаўчых даследванняў (2012 г.) і напэўна павінна звярнуць увагу беларускіх чытачоў.
Трэба таксама адзначыць, што кніга павінна зацікавіць не толькі гродзенцаў і даследчыкаў горада, але таксама больш шырокае кола. Аўтар даследваў жыццё тэатральных калектываў, якія выступалі ў Брэсце, Беластоку, Дзярэчыне, Друскеніках, Камянцы, Кобрыне, Лідзе, Наваградку, Слоніме, Свіслачы, Ваўкавыску, Высокім і Зэльве. Жыццё шмат каго з іх працягвалася толькі адзін сезон, але напэўна прычынілася да развіцця кожнай з пералічаных мясцовасцей і вартае далейшых даследванняў.
Кніга складаецца з уступу, сямі вялікіх раздзелаў, некалькіх важных дадаткаў, між іншым з перакладаў важных дакументаў, перакліку ўсіх існуючых на той час антрэпрызаў і сталых тэатральных калектываў, дакладнага пераліку рэпертуара, бібліяграфіі, спісаў асобаў, мясцовасцей і тэатральных твораў, якія выстаўляліся на гродзенскіх сцэнах.
Першы раздзел «Часы Рэчы Паспалітай і яе заняпаду (1784-1800)» распавядае пра пачаткі гродзенскага тэатра на Гарадніцы. Сувязь паміж тагачасным палітычным жыццём і тэатральным мастацтвам чытач адсочвае ўжо на першых старонках. Тэатр Антонія Тызенгаўза быў не толькі прыемным баўленнем часу, але таксама мусіў спрыяць грамадзянскай пазіцыі гледача і быў сведчаннем эпохі Асветніцтва. Аўтар дакладна спыняецца на праблеме існавання асобнага будынку для тэатральных прадстаўленняў і адзначае, што першы такі будынак паўстаў у 1783 годзе ў перыяд, калі Гродзенскай эканоміяй кіраваў крэўны караля Станіслава Аўгуста Станіслаў Панятоўскі.
Таксама вельмі дакладна прасочваюцца італьянскія тэатральныя ўплывы ў оперным і балетным мастацтве (тут варта ўзгадаць пра балетмейстэра Гаэтана Пецінаці (Gaetano Petinatti)–у яго гонар адзін з тагачасных гродзенскіх кандытараў нават назваў свой дэсерт), пастаноўкі Войцеха Багуслаўскага і слава гродзенскага балета ў самым канцы існавання Рэчы Паспалітай. Апошнія трагічныя акорды «ў оперы» вялікай дзяржавы таксама прагучалі ў Гродне і тэатральныя прадстаўленні былі неад’емнай часткай палітычных працэсаў. Пасля адрачэння ад трону Станіслаў Аўгуст працягваў хадзіць у тэатр і напрыклад, у Старым замку быў на выступе тагачаснага італьянскага магнетыста і фокусніка Пецінэці.
Другі раздзел «У губернскім горадзе (1802-1830)» прысвечаны тэатральнаму жыццю адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Адносная свабода тэатральнай дзейнасці (хаця таксама не без уплыву цэнзуры) спрычынілася да развіцця цэлага шэрагу тэатральных калектываў, якія працавалі ва ўсёй Гродзенскай губерні. Аднак самай вядомай «зоркай» была першая дырэктрыса гродзенскага тэатра Саламея Дэшнэр. Сярод малавядомых фактаў аўтар адзначае адну з першых у Расійскай імперыі пастановак спектакля «Ябеда» Васіля Капніста – пратаганіста пазнейшага гогалеўскага «Рэвізора». З 1828 года будынак тэатра стаў гарадской уласнасцю і з таго часу пачынаюцца амаль бясконцыя інтрыгі і розныя скандалы вакол арэнды тэатра рознымі антрэпрэнёрамі.
Наступны трэці радзел «У Гродне і ў правінцыі (1832-1840)» паказвае тэатральнае жыццё на фоне выразнай змены стаўлення імперскай улады да «заходніх губерняў». Пастаноўка драмы «Марыя каралеўна шведская і Кацярына каралеўна польская» 18 траўня 1833 г. збеглася ў часе з прыездам у Гродна тайных эмісараў эмігранцкага ўраду Міхала Валовіча (Michał Wołłowicz) і Марцэлі Шыманьскага (Marceli Szymański). Пастаноўка не толькі атрымала палітычнае гучанне, але нават была фонам палітычнага пераследу некаторых акцёраў, а своеасаблівым рэхам адбілася ў публічным пакаранні смерцю Валовіча.
Даследчык не толькі звяртае ўвагу на Гродна, але апісвае цікавае тэатральнае жыццё Наваградка (між іншым, пастаноўку «Гамлета», згадвае пра удзел маладога Адама Міцкевіча ў школьным тэатры), Брэста, Зэльвы і іншых мясцінаў, распавядае пра розных тэатральных авантурыстаў, такіх як напрыклад, Томаш Енджаеўскі (Tomasz Jędrzejewski). Значнае месца прасвечанае таксама асобе Ізабэлы Гурскай (Izabela Górska)—другой дырэктрысы гродзенскага тэатра.
З 1840 года адбываліся сталыя летнія прадстаўленні ў «мінеральным мястэчку» Друскеніках, якое вельмі хутка зрабілася значным курортам. З. Ендрыхоўскі таксама адзначае важныя змены ў тэатральным рэпертуары: паступовы адыход ад лёгкіх камедыядрамаў Аўгуста Кацэбу на карысць пастановак камедый Аляксандра Фрэдра і яшчэ больш сур’ёзных п’есаў.
Раздзел «Віленскія акцёры ў падарожжы (1841-1844)» прыцягвае ўвагу чытача аповядам пра тэатральныя сувязі Гродна і Вільні ў тыя часы. Паступовы русіфікацыйны ціск – таксама і ў тэатральным мастацтве – ужо пачаў адчувацца адразу пасля здушэння паўстання 1830-1831 гадоў. Аднак больш выразныя тэндэнцыі прасочваюцца з 40-х гадоў XIX ст. Аўтар распавядае пра 7 дзеючых антрэпрэнёраў і 9 дзеючых тэатраў у Гродзенскай губерні, асабліва звяртаючы ўвагу на дзейнасць сям’і Сакульскіх, Вільгельма Шмідкофа (Wilhelm Szmidkof) і Станіслава Новакоўскага (Stanisław Nowakowski). У 1841 г. у Гродне адбыліся знакавыя прадстаўленні «Помсты» Аляксандра Фрэдра і «Апошняй варшаўскай латэрэі» Станіслава Манюшкі.
Спробы стварэння «польска-расійскага» ці ўласна расійскага тэатра на Гродзеншчыне апісаныя ў раздзеле «Сведчанні аб добранадзейнасці (1844-1847)». Аўтара не толькі цікавіць балет ў Друкеніках у 1844 годзе, прадстаўленне «Макбэта» ў Гродне, але таксама дзейнасць тэатральнай цэнзуры (на працягу значнага часу тэатральныя п’есы для «заходніх губерняў» ацэньвалі цэнзары ў Варшаве). У адказ на заклікі расійскай адміністрацыі аб прадстаўленнях на расійскай мове, калектыў Станіслава Новакоўскага пачаў адпаведныя захады і ў 1846 годзе адбылося першае расійскамоўнае прадстаўленне ў Гродне. Дзейнасць гэтага акцёра і антрэпрэнёра пачала ўспрымацца значнай часткай публікі як здрадніцкая.
Шосты перадапошні раздзел «Прэм’ера «Мазэпы» (1848-1860)» разглядае самыя розныя з’явы тэатральнага жыцця Гродзеншчыны. Узмацненне расійскай цэнзуры і спробы «гульні» з ёй, працяглыя праблемы з рамонтам тэатра на Гарадніцы (сталы холад, дрэнны дах, слабыя сцены і вільгаць), сталыя інтрыгі сярод акцёраў і дырэктараў і летнія сезоны ў Друскеніках ствараюць агульны вобраз гэтага перыяду. Чытач даведаецца не толькі пра гастролі Станіслава Манюшкі ў Друскеніках, але і пра выступленне ў 1849 годзе ў Гродне Камілы і Міраслава Марцінкевічаў (магчыма, што тады таксама у горадзе быў іх бацька Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч), пастаноўкі опер па украінску Івана Катлярэўскага калектывам Даната Грунвальда ці пра капітальны рамонт гродзенскага тэатра па ініцыятыве і важным удзеле расійскіх купцоў Скварцова і Весніна.
Аўтар таксама апісвае тымчасовы тэатральны будынак ў садзе палаца Радзівілаў ў Гродне, які належаў калектыву Юзэфа Сурэвіча (1859 г.) і дзейнасць трэцяй дырэктрысы гродзенскага тэатра Барбары Лінкоўскай. Аднак найбольш важнай падзеяй была прэм’ера оперы «Мазэпа» Юльюша Славацкага, пастаўленая калектывам Анджэя Хэлхольскага (Andrzej Chełchoński) ў снежні 1858 і студзені 1859 гг.
Апошні раздзел кнігі—«Ліквідацыя польскай сцэны (1861-1864)» паказвае падзеі і наступствы Студзеньскага паўстання для тэатральнага жыцця. Чытач даведаецца не толькі пра неадназначную постаць акцёра Тытуса Бурбекля, вайсковыя казармы ў тэатры на Гарадніцы, але і пра першую сталую расійскую трупу, якая прыехала ў Гродна з Цвяры пад кіраўніцтвам Паўла Паўлава ў лютым 1865 года з п’есамі Аляксандра Астроўскага. Разам з антыпаўстанцкімі і антыпольскімі рэпрэсіямі пачалася зусім новая эпоха ў гісторыі гродзенскіх тэатраў.
Канешне шмат пытанняў і трактовак выкліча праблема этнічнай прыналежнасці тэатральных калектываў Гродна і Гродзеншчыны. Аўтар піша пра тэатр на польскай мове ў «заходніх губернях» і пакідае адкрытым пытанне наконт магчымай «этнічнай інтэрпрэтацыі» гэтага феномена. Аднак варта падкрэсліць, што не гледзячы на нямецкае, італьянскае, французскае паходжанне значнай часткі акцёраў, спевакоў і артыстаў балету большасць калектываў складалася з мясцовых ураджэнцаў. Аўтар неаднаразова зазначае, што тэатральныя трупы з Царства Польскага часта ўспрымаліся як «не свае» і даволі рэдка гасцявалі на Гродзеншчыне. Пры гэтым антрэпрэнёры з Варшавы ці Кракава таксама працавалі на нашых землях.
Панарама тэатральнага жыцця Гродна і Гродзеншчыны, прадстаўленая у кнізе Збігнева Ендрыхоўскага павінна выклікаць цікавасць беларускага чытача. Багацце сабранага матэрыялу, цікавыя высновы і малавядомыя факты робяць кнігу карыснай крыніцай і значным штуршком для далейшых даследванняў. Манаграфія безумоўна вартая перакладу і выдання на беларускай мове.