НАВІНЫ · 8 верасня 2022
Дыскусія “Беларуская паліталогія: выклікі палітычнага крызісу і вайны” (14.09)
14 верасня 2022, 16.00, ZOOM.
Мадэратар: Аляксей Ластоўскі.
Удзельнікі: Андрэй Казакевіч, Павел Усаў, Юрый Чавусаў, Таццяна Чуліцкая.
Дыскусія ладзіцца ў рамках падрыхтоўкі юбілейнага 10-ага Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі і ўваходзіць у цыкл абмеркаванняў стану сацыяльных і гуманітарных навук ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі 2020 года і вайны ва Украіне.
За апошнія гады Беларусь і Цэнтральна-Усходняя Еўропа перажылі рэвалюцыйныя змены, якія істотна павысілі цікавасць да вывучэння Беларусі і разам з тым сфармавалі новыя выклікі.
Масштабныя палітычныя пратэсты, рэпрэсіі, разбурэнне грамадскіх і палітычных інстытутаў, санкцыі супраць Беларусі, вайна Расіі ва Украіне – тэмп зменаў ашаламляе і патрабуе асэнсавання і новай ступені адказнасці.
Гэта таксама прывяло да глыбокіх змен у даследаванні палітычнай сферы ў Беларусі.
Змены адбыліся не толькі ў тэмаў даследаванняў, але і ў арганізацыі даследчай супольнасці.
На дыскусіі прапануецца абмеркаваць наступныя праблемы: – Якім чынам падзеі апошніх год паўплывалі на праблематыку і тэмы даследаванняў беларускай палітычнай сістэмы Беларусі.
Якія змены адбыліся ў экспертнай і акадэмічнай супольнасці? – Яшчэ да восені 2020 года была магчымая супраца розных сегментаў экспертнай супольнасці, камунікацыя паміж даследчыкамі вельмі розных палітычных поглядаў.
А што адбываецца зараз, ці магчыма зараз бесстароннасць, ці эксперты і даследчыкі незваротна разышліся па ваюючых баках?
І агулам, ці магчыма камунікацыя і абмен ідэямі, калі так, то ў якім фармаце? – У сувязі з ростам цікавасці да Беларусі, ці з’явіліся новыя асобы і даследаванні, якія б пановаму асэнсоўвалі Беларусь на міжнародных пляцоўках?
Ці па-ранейшаму беларускія навукоўцы застаюцца замкнёнымі ў нацыянальных рамках?
Ці адбыліся нейкія канцэптуальныя змены метадаў і падыходаў? – Ці можа быць так, што расійская агрэсія ва Украіне прывядзе да поўнага “зацірання” беларускай праблематыкі?
Наколькі зараз запатрабаваныя даследаванні беларускай палітыкі?
Для падключэння да дыскусіі просьба зарэгістравацца ў наступнай форме (https://forms.gle/uUs2gWHoy2JbBGnr5).