НАВІНЫ · 13 чэрвеня 2022
Дыскусія “Даследаванне міжнародных адносін і знешняй палітыкі ў сучаснай Беларусі”
15 чэрвеня 2022, 15.00, ZOOM.
Удзельнікі: Сяргей Богдан, Віктар Шадурскі, Кацярына Шмаціна.
Мадэратары: Андрэй Казакевіч, Аляксей Ластоўскі.
Дыскусія ладзіцца ў рамках падрыхтоўкі юбілейнага 10-ага Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі і ўваходзіць у цыкл абмеркаванняў стану сацыяльных і гуманітарных навук ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі 2020 года і вайны ва Украіне.
Гэта трэццяя дыскусія з цыкла.
Першая прайшла 10 траўня і была прысвечана стану гістарычнай навукі, другая (1 чэрвеня) – сацыялогіі.
За апошнія гады Беларусь і Цэнтральна-Усходняя Еўропа перажылі рэвалюцыйныя змены, якія істотна павысілі цікавасць да вывучэння Беларусі і разам з тым сфармавалі новыя выклікі.
Масштабныя палітычныя пратэсты, рэпрэсіі, разбурэнне грамадскіх і палітычных інстытутаў, санкцыі супраць Беларусі, вайна Расіі ва Украіне – тэмп зменаў ашаламляе і патрабуе асэнсавання і новай ступені адказнасці.
Гэта таксама прывяло да глыбокіх змен у даследаванні знешней палітыкі і міжнародных адносін у Беларусі.
Змены адбыліся не толькі ў тэмаў даследаванняў, але і ў арганізацыі даследчай супольнасці.
На дыскусіі прапануецца абмеркаваць наступныя праблемы: – Якім чынам падзеі апошніх год паўплывалі на праблематыку і тэмы даследаванняў міжнародных стасункаў (IR, international relations) і знешняй палітыкі (FP, foreign policy) ў Беларусі.
Якія змены адбыліся ў экспертнай і акадэмічнай супольнасці. – Яшчэ да восені 2020 года была магчымая супраца розных сегментаў экспертнай супольнасці ў галіне IR і FP, камунікацыя паміж даследчыкамі вельмі розных палітычных поглядаў.
А што адбываецца зараз, ці магчыма зараз бесстароннасць, ці эксперты і даследчыкі незваротна разышліся па ваюючых баках?
І агулам, ці магчыма камунікацыя і абмен ідэямі, калі так, то ў якім фармаце? – У сувязі з ростам цікавасці да Беларусі, ці з’явіліся новыя асобы і даследаванні, якія б пановаму асэнсоўвалі Беларусь на міжнародных пляцоўках?
Ці па-ранейшаму беларускія навукоўцы застаюцца замкнёнымі ў нацыянальных рамках?
Ці адбыліся нейкія канцэптуальныя змены метадаў і падыходаў? – Ці можа быць так, што расійская агрэсія ва Украіне прывядзе да поўнага “зацірання” беларускай праблематыкі?
Наколькі зараз запатрабаваныя даследаванні знешняй палітыкі і міжнародных стасункаў Беларусі?
Для рэгістрацыі на дыскусію, запоўніце наступную форму (https://docs.google.com/forms/d/1RC-zzRSZRHBk9O3gwtM70550VmQWGDRKr8OZESYGn9U/edit)