← Усе навіны

НАВІНЫ · 8 мая 2022

Дыскусія: Гісторыкі і гістарычная навука ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі і вайны ва Украіне

Абнаўленне 17.05.2022: “Нямецкая хваля” апублікавала падсумаванне дыскусіі пра стан гістарычнай навукі ў Беларусі, прапануем вам азнаёміцца! (https://www.dw.com/ru/repressii-vojna-izoljacija-chto-ugrozhaet-belorusskim-istorikam/a-61777793) 10 мая 2022, 16.00, ZOOM.

Мадэратары: Аляксей Ластоўскі, Андрэй Казакевіч.

Удзельнікі: Алег Дзярновіч, Алесь Краўцэвіч, Ірына Раманава.

Дыскусія ладзіцца ў рамках падрыхтоўкі юбілейнага 10-ага Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі і стане першай з цыклу абмеркавання стану сацыяльных і гуманітарных навук ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі і вайны ва Украіне.

Гісторыкі і гістарычная навука не існуюць у палітычным вакууме, іх развіццё і творчую дзейнасць вызначаюць актуальныя грамадскія падзеі.

За апошнія гады Беларусь і Цэнтральна-Усходняя Еўропа перажылі рэвалюцыйныя змены, якія істотна павысілі цікавасць да беларускіх даследаванняў, і разам з тым сфармавалі новыя выклікі.

Палітычныя рэпрэсіі супраць навукоўцаў, новыя міжнародныя магчымасці, санкцыі супраць Беларусі, вайна Расіі ва Украіне – тэмп грамадска-палітычных зменаў ашаламляе і патрабуе асэнсавання, патрабуе і новай ступені адказнасці для гісторыкаў як навукоўцаў, інтэлектуалаў і грамадзян.

На дыскусіі прапануецца абмеркаваць наступныя праблемы: – Што адбылося з беларускімі гісторыкамі і гістарычнай навукай ва ўмовах палітычнага крызісу і вайны ва Украіне? – Наколькі разбуральнымі былі дзеянні дзяржавы ў дачыненні навукоўцаў ва ўмовах палітычнага крызісу, як гэта паўплывала на працу гістарычнай супольнасці ў дзяржаўных і недзяржаўных інстытутах? – Як уплывае на беларускую гістарычную навуку змены ў гістарычнай палітыцы і ўзмацненне расійскага ўплыву на дзяржаўную ідэалогію? – Ці існаванне навукі ў выгнанні можа быць эфектыўным?

Наколькі дзейсныя праграмы дапамогі, наколькі эфектыўныя альтэрнатыўныя інстытуцыі? – Якім мусіць быць адказ беларускай гістарычнай навукі на вайну ў Украіне?

Як захоўваць беларуска-украінскае паразуменне сярод гісторыкаў?

падзея мероприятие анонс