Лятучы універсітэт: праграма на 2013-2014 г.г. Прэзентацыя – 13 верасня ў 18.00

2 512


ЛЯТУЧЫ УНІВЕРСІТЭТ

ПРАГРАММА НА 2013-2014 г.г.

13 верасня, 18.00 – 22.30, галерэя Ў, кнігарня “логвінаЎ”

 

Даволі проста распавесці чалавеку пра тыя рэчы, для якіх можна знайсці нейкае больш-менш канкрэтнае вызначэнне, вымярэнне, уяўленне. Калі гэта прастора – у яе павінны быць свае м2, калі час – свае хвіліны, гадзіны, дні, гады, калі шлях – у яго павінна быць свая адлегласць і г.д. Значна цяжэй перадаць тое, да чаго наўпрост не дакранешся, не зважыш і не змерыш – што даецца праз індывідуальнае перажыванне пэўнага досведу. Не так складана распавесці пра ўніверсітэт як адукацыйную і даследчыцкую дзейнасць. А калі ўніверсітэт – гэта, перш за ўсё, асяроддзе , адмысловы лад жыцця, этыка і нават этыкет? Калі гэта сістэма каштоўнасцяў і ідэалаў, увасобленых у традыцыях, нормах і стылі жыцця? І тым больш, калі гэтыя традыцыі і нормы не перададзены нам старэйшымі пакаленнямі, а наноў зараджаюцца, усталёўваюцца і культувуюцца тымі, хто становіцца часткай універсітэцкай супольнасці.

13 верасня 2013 году Лятучы ўніверсітэт абвяшчае пра пачатак новага, ужо чацвёртага па ліку сезону. Гэтае мерапрыемства мы вырашылі арганізаваць такім чынам, каб тыя,  хто зацікаўлены нашай дзейнасцю, маглі ў той ці іншай ступені адчуць атмасферу ўніверсітэцкіх сустрэчаў – цікавых абмеркаванняў і дыскусій па важных і актуальных для ўніверсітэта і краіны тэмах; жывых гутарак за кавай-гарбатай з нашымі студэнтамі, лектарамі і вядучымі школ і семінараў. Таму ўвечары 13 верасня Вас чакаюць:

18.00 – 19.00, галерэя Ўагульная прэзентацыя Лятучага ўніверсітэту і праграмы на 2013-2014 г.г., на якой можна будзе даведацца, у якіх фарматах і накірунках плануе развівацца Лятучы ўніверсітэт у 2013-2014 г.г. Але спачатку Вы пачуеце некалькі слоў пра тое, што прадстаўляе сабой універсітэт у актуальнай сітуацыі, што істотнага ў развіццё гэтай ідэі прыўнёс мінулы сезон, на якія выклікі павінна будзе адказаць універсітэцкая супольнасць у бліжэйшы час? Агульную частку прадставяць Уладзімір Мацкевіч і Таццяна Вадалажская.

19.30, галерэя Ў – дыскусія “Топас і праксіс інтэлектуала ў Беларусі: пошукі свайго месца ў культуры і соцыуме”. Прапануем паразважаць над пытаннем: наколькі ідэі, тэорыі, канцэпты, якія выказваюцца сучаснымі інтэллектуаламі, суадносяцца з іх сацыяльнай, дзейнаснай пазіцыяй? Якія шляхі абіраюць сучасныя беларускія інтэлектуалы? Свае меркаванні прадставяць Павал Баркоўскі, Андрэй Казакевіч, Уладзімір Мацкевіч, Аляксандр Сарна і інш. Вядучы дыскусіі – Андрэй Ягораў.

21.00, кнігарня “логвінаЎ”– гутарка пра “Беларускае мысленне пачатку XXI ст.” Ва ўтульнай атмасферы кнігарні “логвінаЎ” за кубачкам кавы Таццяна Шчытцова, Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў і Таццяна Вадалажская размаўляюць пра тое, якія аўтары і якія тэксты рэпрэзентуюць беларускае мысленне сёння, што варта ўключаць у беларускую традыцыю, па якіх крытэрыях можна вызначаць гэтых аўтараў і гэтыя тэксты.

Суарганізатар гэтай імпрэзы кнігарня “логвінаЎ” рыхтуе адмысловую выставу-продаж кніг, якія, па версіі кнігарні, годныя таго, каб скласці спіс чарговай анталогіі беларускага мыслення пачатку ХХІ ст. Выстава пачнецца а 18 гадзіне і будзе працаваць напрацягу ўсяго вечара, а кожны, хто набудзе кнігу, атрымае ў падарунак кубачак пахучай кавы ці гарбаты.

Нефармальныя гутаркі і сюрпрызы на вуліцы. На пляцоўцы каля галерэі Ў будзе зладжана “Фота-сушка”. Немажліва за адзін вечар распавесці пра тыя падзеі, якія мы перажывалі ў Лятучым універсітэце напрацягу мінулых 3-х сезонаў. Але так хочацца падзяліцца добрымі ўспамінамі – таму мы падрыхтавалі калекцыю фатаграфій з нашых лекцый, курсаў, семінараў, летніх школ і гульняў і вырашылі зрабіць “Фота-сушку”.  Мажліва, і Вам ёсць што цікавага паказаць з тых культурніцкіх імпрэзаў, якія Вам запомніліся? Вазьміце на памяць наша фота і пакіньце нам сваё – давайце дзяліцца ўспамінамі і лепш пазнаваць адзін аднаго (прыступкі галерэі Ў з 19.00).

Немажліва стаць гурманам, калі Вам невядомы смак напою. Цяжка зразумець, што такое Лятучы ўніверсітэт і навошта ён можа быць Вам патрэбны, не згуляўшы ў гэта хаця б раз. А пачаць можна з аднаго вечара – 13 верасня, а 18.00, кнігарня “логвінаЎ”, галерэя Ў . Уваход вольны!

Каардынатар імпрэзы:

Галіноўская Юлія: +375297422040; [email protected]

Інфармацыйныя партнёры:

Снимок

 

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...