← Усе навіны

НАВІНЫ · 25 лістапада 2026

У Львове прайшоў V Форум імя князёў Астрожскіх

19–20 лістапада 2026 года ў Львове адбыўся V Форум імя князёў Астрожскіх — рэгулярная беларуска-ўкраінская экспертная канферэнцыя, накіраваная на ўмацаванне партнёрскіх адносін паміж экспертнымі супольнасцямі дзвюх краін.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», Рада знешняй палітыкі «Украінская прызма», Фонд Конрада Адэнаўэра і Украінскі каталіцкі ўніверсітэт пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Украіны.

Партнёрамі форуму выступілі FreeBelarusCenter, Цэнтар «Еўрапейскі дыялог» і Цэнтар Еўрапейскай Трансфармацыі.

У межах форуму адбыліся дыскусіі пра сучасны стан і перспектывы беларуска-ўкраінскіх адносін, ролю Украіны як аднаго з магчымых цэнтраў Новай Беларусі, супрацоўніцтва ў сферах адукацыі і культуры, развіццё гістарычнага дыялогу і падтрымку беларускай мовы ва Украіне.

У працы канферэнцыі ўзялі ўдзел даследчыкі, дыпламаты, палітыкі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці дзвюх краін.

Інстытут «Палітычная сфера» прадставіў вынікі новай хвалі даследавання грамадскай думкі Украіны, прысвечанага ўспрыманню Беларусі і беларусаў украінскім грамадствам у 2022–2026 гадах. Даследаванне праведзена пры падтрымцы Нямецкага фонду Маршала і Еўрапейскай камісіі.

Таксама былі прадстаўленыя Індэкс беларуска-ўкраінскіх адносін – 2026 і аналітычная праца пра магчымыя падыходы Кіева да беларускага пытання ў кантэксце перамоў паміж Мінскам і Вашынгтонам.

Бакі адзначылі зацікаўленасць Украіны ў развіцці ўзаемадзеяння з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і практычнай рэалізацыі экспертных рэкамендацый.

Вынікі канферэнцыі атрымалі шырокае асвятленне як у беларускіх, так і ва ўкраінскіх медыя. Матэрыялы апублікавалі, у прыватнасці, «Белсат», Радыё Свабода і ўкраінскае выданне «Західний фронт».