Даследаванні · 26 кастрычніка 2026

Памяць пра паўстанне: як змяняліся наратывы 1863 года ў беларускіх грамадскіх дыскусіях

Даследаванне прысвечана таму, як змянялася памяць пра паўстанне 1863–1864 гадоў у беларускай інфармацыйнай прасторы ў перыяд з 2010 па 2024 год. У цэнтры ўвагі — асаблівасці асвятлення паўстання ў дзяржаўных і незалежных медыя, канкурэнцыя гістарычных наратываў, роля Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання ў калектыўнай памяці.

Аналіз 1967 публікацый паказвае, што цікавасць да паўстання ў беларускіх медыя прыкметна ўзрасла, асабліва пасля 2020 года. Пры гэтым дзяржаўныя і незалежныя выданні дэманструюць істотныя адрозненні ў інтэрпрэтацыі падзей. Незалежныя медыя пераважна разглядаюць паўстанне ў кантэксце беларускай нацыянальнай гісторыі і надаюць значную ўвагу практыкам ушанавання памяці.

У дзяржаўнай інфармацыйнай прасторы пасля 2020 года назіраецца супрацьлеглая тэндэнцыя — паступовае выцясненне нацыянальных інтэрпрэтацый і ўзмацненне наратыву пра «польскі» характар паўстання. Асабліва выразнымі гэтыя змены сталі ў 2022–2023 гадах.

Асобная частка даследавання разглядае фармаванне гераічнага пантэону паўстання і змены ў тэрміналогіі, якой апісваюцца падзеі 1863 года. Вынікі паказваюць, што Кастусь Каліноўскі застаецца цэнтральнай постаццю гістарычнай памяці, нягледзячы на істотныя разыходжанні ў яго ацэнках. Даследаванне дазваляе прасачыць, як гістарычная памяць становіцца часткай сучаснага палітычнага супрацьстаяння ў Беларусі.

СПАМПАВАЦЬ ФАЙЛ