НАВІНЫ · 1 кастрычніка 2025
XII Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Берліне: вынікі
XII Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі адбыўся ў Берліне 25–27 верасня 2025 года пры падтрымцы Берлінскага ўніверсітэта імя Гумбальта.
Асноўная інфармацыя і матэрыялы праграмы даступныя на афіцыйным сайце Кангрэса.
Кангрэс традыцыйна аб’ядноўвае навукоўцаў і экспертаў у галіне сацыяльных і гуманітарных навук для абмеркавання гісторыі, палітыкі, грамадства і культуры Беларусі ў еўрапейскім і міжнародным кантэксце. З 2011 года Кангрэс застаецца адзінай у свеце пляцоўкай, дзе такая значная колькасць беларускіх навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў можа свабодна і незалежна ад уплыву беларускіх і замежных уладаў абмяркоўваць тэмы, звязаныя з Беларуссю.
Сёлета больш за 500 дакладчыкаў падалі заяўкі, з якіх каля 450 былі ўхваленыя. Каля 300 навукоўцаў удзельнічалі ў Кангрэсе асабіста, яшчэ 115 далучыліся анлайн. Мерапрыемства наведалі больш за 120 гасцей — прадстаўнікоў медыя і грамадзянскай супольнасці, а таксама навукоўцы з Польшчы, Германіі і Літвы.
За тры дні Кангрэса адбылося 78 мерапрыемстваў, прысвечаных беларускай навуцы, якія сабралі каля 535 беларускіх і замежных удзельнікаў.
Галоўная мэта Кангрэса — аб’яднаць беларускіх навукоўцаў і спрыяць іх інтэграцыі з еўрапейскімі калегамі. Так, каля 34 удзельнікаў прыехалі ва ўніверсітэт імя Гумбальта непасрэдна з Беларусі, а яшчэ 8 — з Украіны. Іх прысутнасць выразна сведчыць, што Кангрэсу, які прымаў універсітэт імя Гумбальта, удалося стварыць бяспечную прастору для супрацы, адкрытага дыялогу і акадэмічнага абмену па пытаннях, звязаных з Беларуссю.
Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі 2025 года адкрыўся выступленнямі і пленарнымі пасяджэннямі з удзелам вядомых прадстаўнікоў нямецкай, беларускай, літоўскай і польскай экспертных супольнасцей, палітычных і дыпламатычных колаў, а таксама няўрадавых арганізацый.
Удзельнікаў Кангрэса віталі:
- Русціс Камунтавічус (Rūstis Kamuntavičius), Інстытут Вялікага Княства Літоўскага, Універсітэт Вітаўта Вялікага, Літва, старшыня арганізацыйнага камітэта.
- Прафесар, доктар Сузана Франк (Susanne Frank), кіраўніца кафедры ўсходнеславянскай літаратуры і культуры Берлінскага ўніверсітэта імя Гумбальта, сябра арганізацыйнага камітэта, каардынатарка з нямецкага боку.
- Габрыэле Баўман (Gabriele Baumann), Фонд Конрада Адэнаўэра, кіраўніца прадстаўніцтва па Беларусі.
- Гедрус Міцкунас (Giedrius Mickūnas), паўнамоцны міністр Пасольства Літвы ў Германіі.
- Прафесар, доктар габілітаваны Юры Грыбоўскі (Jerzy Grzybowski), старшыня навуковай рады, Інстытут міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта.
Падчас пленарных дыскусій абмяркоўваліся актуальныя палітычныя і навуковыя тэмы, звязаныя з Беларуссю:
Беларусь на карце Еўропы. Як ЕС бачыць яе цяпер і чаго чакаць у найбліжэйшай будучыні?
- Мадэратарка: Вікторыя Леўкавец, Цэнтр балтыйскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў, Універсітэт Сёдэрторна.
- Міхаэль Новак (Michael Nowak), кіраўнік аддзела Расіі, Беларусі і рэгіянальных арганізацый СНД, АДКБ і ЕАЭС Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі.
- Прафесар, доктар Гвендалін Засэ (Gwendolyn Sasse), навуковая дырэктарка ZOiS, сябра праўлення DGO, прафесарка параўнальных даследаванняў дэмакратыі і аўтарытарызму ў Берлінскім універсітэце імя Гумбальта.
- Мантас Якімавічус (Mantas Jakimavičius), дырэктар дэпартамента палітыкі ўсходняга суседства Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі.
- Прафесар Марыюш Машкевіч (Mariusz Maszkiewicz), Універсітэт кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве, галоўны рэдактар навуковага штогодніка Free Belarus Journal, польскі дыпламат, пасол у Беларусі ў 1998–2002 гадах і ў Грузіі ў 2016–2024 гадах.
Беларуская акадэмічная супольнасць — 2025: стан, выклікі і магчымасці
- Мадэратарка: Ганна Радзяёўская (Hanna Radziejowska), Інстытут Пілецкага.
- Андрэй Казакевіч, акадэмічны дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера».
- Філіп Шмэдэке (Philipp Schmädeke), дырэктар SCIENCE AT RISK Emergency Office, старшыня праўлення Акадэмічнай сеткі Усходняй Еўропы (akno e.V.).
- Ліна Гумбрэвічэне (Lina Gumbrevičienė), старшая кіраўніца праектаў аддзела міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця Цэнтральнага агенцтва кіравання праектамі (CPVA).
Праграма ўключала 13 навуковых секцый, якія ахоплівалі асноўныя напрамкі сацыяльных і гуманітарных дысцыплін:
- Міжнародныя адносіны. Рэгіянальная бяспека. Знешняя палітыка — 19 удзельнікаў (6 анлайн)
- Палітыка. Палітычныя інстытуты — 5 удзельнікаў (2 анлайн)
- Грамадства і сацыяльныя інстытуты — 25 удзельнікаў (5 анлайн)
- Медыя і камунікацыя — 9 удзельнікаў (10 анлайн)
- Палітычная філасофія — 12 удзельнікаў (6 анлайн)
- Адукацыя і навука — 26 удзельнікаў (8 анлайн)
- Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага — 29 удзельнікаў (12 анлайн)
- Гісторыя Беларусі XIX–XX стагоддзяў — 40 удзельнікаў (7 анлайн)
- Філалогія — 52 удзельнікі (9 анлайн)
- Гістарычная і культурная спадчына — 36 удзельнікаў (15 анлайн)
- Культура і культуралогія — 27 удзельнікаў (9 анлайн)
- Права — 6 удзельнікаў (1 анлайн)
- Эканоміка — 8 удзельнікаў (1 анлайн)
Акрамя навуковых секцый, у межах Кангрэса адбылося больш за 20 публічных прэзентацый і круглых сталоў, прысвечаных сучаснаму стану беларускага акадэмічнага сектара і інтэграцыі беларускай навукі ў еўрапейскую і міжнародную супольнасць.
Вечар другога дня завяршыўся традыцыйнай цырымоніяй уручэння Прэміі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі. Узнагароды атрымалі аўтары найлепшых публікацый 2024 года ў галіне гісторыі, сацыялогіі і гуманітарных навук (падрабязная інфармацыя і пераможцы).
У трэці, апошні дзень Кангрэса вынікі былі падведзеныя і абмеркаваныя на заключным пасяджэнні з удзелам кіраўнікоў секцый і найбольш актыўных удзельнікаў. Былі прадстаўленыя планы на будучыню і абвешчана, што наступны Кангрэс адбудзецца ў Варшаве, у Варшаўскім універсітэце, у 2027 годзе.
Кангрэс — шматмоўная пляцоўка. Яго працоўныя мовы традыцыйна — беларуская, украінская, англійская, літоўская, польская, нямецкая і руская. Мовы працы кожнай секцыі вызначалі яе мадэратары.