НАВІНЫ · 25 ліпеня 2018
Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год
Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў 2018 годзе не адбудзецца.
З лістапада 2017 года па ініцыятыве Арганізацыйнага камітэта, прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, дзяржаўных органаў і іншых зацікаўленых бакоў, вялася падрыхтоўчая праца па правядзенні Кангрэса ў Беларусі.
Цягам апошніх сямі месяцаў праходзілі плённыя і насычаныя кансультацыі з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці, грамадскіх арганізацый і іншымі зацікаўленымі бакамі.
Разам з тым, абмеркаванне тэхнічных дэталяў выявіла значную колькасць арганізацыйных складанасцяў.
Відавочна, правядзенне Кангрэсу на высокім арганізацыйным узроўні з узгадненнем інтарэсаў усіх бакоў патрабуе значна большага часу ды арганізацыйных захадаў, і не можа быць рэалізаваным у гэтым годзе.
Мы выказваем удзячнасць усім акадэмічным установам, дзяржаўным органам і грамадскім структурам, якія фармальна і нефармальна падтрымлівалі Арганізацыйны камітэт у яго імкненні ўпершыню правесці Кангрэс у Беларусі.
Мы таксама разумеем, што многія тэхнічныя і арганізацыйныя перашкоды маюць аб’ектыўны характар і мы не бачым у іх палітычнага падтэксту.
У адпаведнасці з вызначанай раней канцэпцыяй, Арганізацыйны камітэт мае планы правесці наступны Міжнародных кангрэс даследчыкаў ў 2019 годзе за межамі Беларусі і будзе працаваць над падрыхтоўкай Кангрэса ў Беларусі ў 2020 годзе.
У 2018 годзе плануецца толькі наданне Прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі за лепшыя навуковыя публікацыі па вынікам 2017 года.
Дэталі стануць вядомымі неўзабаве.
З павагай, Андрэй Казакевіч, старшыня Арганізацыйнага камітэту.