Часопіс “Палітычная сфера”

Заходні погляд на беларусізацыю. Marková, Alena (2012). Sovětská bělorusizace jako cesta k národu: iluze nebo realita?

Анатоль Вялікі · 2013

№ 21 (2) 2013 Анатоль Вялікі Заходні погляд на беларусізацыю Marková, Alena (2012). Sovětská bělorusizace jako cesta k národu: iluze nebo realita? Praha: Nakladatelství Lidové noviny, 261 s.

Маркава, Алена. Савецкая беларусізацыя як шлях да нацыі: ілюзія ці рэальнасць? Praha: Nakladatelství Lidové noviny, 261 s.

174 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (гісторыя) Напрыканцы 1980-х – у сярэдзіне 1990-х гадоў у беларускай гістарыяграфіі з’явіліся шматлікія публікацыі па розных аспектах палітыкі беларусізацыі, праведзенай у савецкай Беларусі з сярэдзіны 1920-х гадоў.

Потым гэтая хваля пайшла на спад, страціла, на жаль, сваю актуальнасць і зараз толькі асобныя гісторыкі звяртаюцца да названай праблематыкі. У апошні час адзінай спробай вяртання да тэмы з’явілася манаграфія Алены Маркавай, беларускі паводле паходжання, якая стала пражывае ў Чэхіі і працуе ў Пражскім універсітэце. Гэта тым больш выклікае цікавасць і інтарэс да яе кнігі.

Манаграфія складаецца з васьмі раздзелаў, неадназначных па аб’ёме і па сутнасці. Першае, на што адразу ж неабходна звярнуць увагу, і гэта цалкам зразумела, А. Маркава пры напісанні даследавання прытрымліваецца метадалагічных падыходаў, якія характэрны для заходнееўрапейскай гістарыяграфіі, і ў большай ступені кніга арыентавана на чытача па-за межамі Беларусі. У гэтым ёсць свае перавагі і недахопы, на што звернем увагу крыху ніжэй.

Аналізуючы работы замежных даследчыкаў, у першую чаргу варта звярнуць увагу на крыніцы і літаратуру, таму менавіта агляду гістарыяграфіі прысвечаны першы раздзел кнігі. Аналіз гістарыяграфіі паказвае, што А. Маркава ведае асноўныя напрацоўкі беларускіх даследчыкаў па гэтай праблеме, аднак шмат пытанняў выклікае крыніцазнаўчы блок.

Аўтар пазначае, што выкарыстала ў манаграфіі дакументальныя матэрыялы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ), Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ), а таксама дзяржаўных архіваў у Віцебску і Мінску. Разам з тым, па-за ўвагай даследчыцы засталіся матэрыялы дзяржаўных архіваў у Гомелі і Магілёве, а таксама Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (ДАГАГВ) і Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Магілёўскай (ДАГАМВ) вобласці. Але гэта былыя архівы абласных камітэтаў КПБ, у якіх сканцэнтраваны дакументальныя матэрыялы і адлюстроўваецца правядзенне беларусізацыі савецкімі партыйнымі структурамі на лакальным узроўні: акруга–раён–горад, што вельмі важна для разумення працэсаў на нізавым узроўні. Варта адзначыць, што гэтыя архівы былі своечасова эвакуіраваныя падчас Другой сусветнай вайны і цалкам захаваліся, што нельга сказаць пра іншыя.

Выклікае пытанне і выкарыстанне архіўных матэрыялаў. Так, аналіз спіса крыніц у кнізе вынікае, што з пералічаных архіваў маецца спасылка толькі на Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці (с. 199), а вось на БДАМЛіМ, а таксама дзяржаўны архіў Мінскай вобласці няма ніводнай. З фондаў НАРБ у значнай ступені выкарыстаны толькі матэрыялы Наркамата асветы (ф. 42), Камісіі па справах нацыянальнасцей пры ЦВК БССР (ф. 701), ЦВК БССР (ф. 6). Але гэтыя ўстановы з’яўляліся толькі выканаўцамі рашэнняў, што прымаліся партыйным кіраўніцтвам рэспублікі, якое ў сваю чаргу зыходзіла з агульных стратэгічных установак РКП(б) у нацыянальным пытанні.

Таму для вывучэння дадзенай пра- 175 № 21 (2) 2013 блемы першачарговае значэнне неабходна надаваць вывучэнню менавіта гэтых інстытуцый. Але А. Маркава выкарыстала матэрыялы бюро, сакратарыята, з’ездаў, пленумаў ЦК КП(б)Б (ф.4п) вельмі выбарачна – усяго толькі 4 справы. Аднак, менавіта ў ЦК кампартыі Беларусі выпрацоўваліся ўсе важнейшыя пытанні, што датычыліся правядзення палітыкі беларусізацыі, як на тэарэтычным, так і на практычным узроўні. Без шырокага выкарыстання гэтых крыніц казаць пра глыбокае вывучэнне тэмы даволі праблематычна.

Дастаткова эклектычным, паводле нашага меркавання, выглядае другі раздзел, дзе аўтар спрабуе даць кароткі агляд поглядаў колішняга партыйнага кіраўніцтва Беларусі (А. Крыніцкага, А. Чарвякова), айчынных і замежных аўтараў адносна тэрміна “беларусізацыя”. Па-першае, у кароткім аглядзе (с. 20–24) гэта зрабіць даволі складана. Па-другое, такое параўнанне выглядае штучным. Сама Маркава вымушана адзначыць, што адносна тэрміна “нацыянальная палітыка” нават сярод англамоўных даследчыкаў няма адзінства і яны ўжываюць розныя вызначэнні: “national policy” (J. Smith), “nationality policy” (Y. Slezkine, R. G.

Suny, R. J. Kaiser), “nationalities policy” (T. Martin). Пры тым, што гаворка ідзе пра такую спецыфічную з’яву нацыянальнай палітыкі, як “беларусізацыя”.

Больш таго, гэтыя даследчыкі спецыяльна не займаліся Беларуссю. Напрыканцы агляду Сп. Маркава прыходзіць да высновы, што беларусізацыю неабходна разглядаць, у прыватнасці, як “працэс культурнай і моўнай кансалідацыі беларускага народу” (с. 24).

Трэці раздзел, таксама кароткі, прысвечаны разгляду перадумоў беларусізацыі і аднаму з яе важнейшых кампанентаў – гісторыі станаўлення беларускай школы. Тут выразна праглядаецца, як аўтар спакваля падыходзіць да асноўнай часткі даследавання – станаўлення і развіцця беларускага школьніцтва як аднаго з важнейшых элементаў беларусізацыі.

Тэарэтычнаму абгрунтаванню нацыянальнай палітыкі ў СССР і асаблівасцям яе правядзення ў БССР (беларусізацыя), а таксама ролі і месцу інтэлігенцыі ў гэтым працэсе, прысвечаны 4-ы раздзел манаграфіі. Аўтар прыводзіць шмат вытрымак з пастаноў з’ездаў, пленумаў ЦК РКП(б), ЦК КП(б)Б (не на падставе арыгіналаў, а з публікацый, што выходзілі яшчэ за савецкім часам), якія датычаць нацыянальнай палітыкі СССР і БССР. Аднак высновы, зробленыя ў канцы раздзела, прыводзяць да думкі, што Маркава не дакладна зразумела сутнасць сталінскай нацыянальнай палітыкі. А тое, што яна была менавіта сталінскай, не адмаўляюць нават расійскія гісторыкі. Аўтар піша: “Палітыка беларусізацыі ці карэнізацыі [заўважым, што атаясамліваць гэтыя паняцці нельга, бо карэнізацыя – адзін з галоўных элементаў беларусізацыі – А.В.] стала магчымай на аснове стратэгічных ліній ЦК РКП(б), галоўнай мэтай якой мусіла быць забеспячэнне стабільнасці на нярускіх ускраінах”.

І далей: “…слабасць пазіцыі савецкай улады прывяла да саступак і супрацоўніцтва [камуністычнай улады. – А.В.] з нацыянальнай інтэлігенцыяй, якая павінна была растлумачваць Анатоль Вялікі. Заходні погляд на беларусізацыю 176 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (гісторыя) савецкую нацыянальную палітыку [у тэксце этнічную. – А.В.], нярускаму насельніцтву” (с. 43). Аднак сам творца такой нацыянальнай палітыкі І. Сталін ужо ў 1925 годзе даў зразумець “нацыяналам” (перш за ўсё партыйнаму кіраўніцтву саюзных рэспублік), што саступкі ў нацыянальным пытанні апошнія ўспрынялі сур’ёзна, але гэта была толькі гульня.

А што да інтэлігенцыі, якая павінна была “растлумачыць палітыку”, то літаральна з першых дзён савецкай улады яна трапіла пад жорсткі палітычны, ідэалагічны кантроль і была вымушана працаваць выключна на тлумачэнне пазіцый бальшавікоў.

Асноўная частка манаграфіі прысвечана разгляду будаўніцтва, станаўлення і развіцця беларускага школьніцтва, падрыхтоўцы і ролі настаўніцтва ў працэсе беларусізацыі, вышэйшай школы БССР, ліквідацыі непісьменнасці, аналізу зместу падручнікаў для школ. Фактычна, гэта паўтарэнне ўжо назапашанага беларускай гістарыяграфіяй факталагічнага матэрыялу з дабаўленнем і ўвядзеннем у навуковы зварот асобных архіўных матэрыялаў (перш за ўсё – з НАРБ). Аднак, разважаючы пра школу ўсіх узроўняў, Маркава не закранае такога важнага пытання, як “ціхае” і, дадаў бы, “зацятае” супраціўленне палітыцы беларусізацыі з боку часткі школьнага настаўніцтва, выкладчыкаў ВНУ (асабліва ў Гомельскай, Віцебскай, Магілёўскай акругах). Менавіта ў гэтых акругах назіраўся найбольш моцны супраціў беларусізацыі не толькі з боку настаўніцтва, часткі насельніцтва, але і савецкага акруговага кіраўніцтва.

Заключны 8-мы раздзел прысвечаны вынікам беларусізацыі і тэарэтычнаму абгрунтаванню гэтага працэсу.

Адсюль пэўная “падгонка” працэсу беларусізацыі пад тэарэтычныя схемы заходнееўрапейскіх даследчыкаў. Напрыклад, разважанняў наконт “Н”-мовы (“H-language” – пануючай мовы), функцыю якой у Савецкім Саюзе выконвала руская мова. Вядома, руская мова, як мова міжнацыянальных зносін у Савецкім Саюзе, дэ-факта была “Н”мовай, і ўся хада далейшага развіцця міжнацыянальных адносін СССР і Беларусі якраз гэта і паказала.

Трагічны фінал беларусізацыі быў запраграмаваны той нацыянальнай палітыкай, якая праводзілася ў таталітарным Савецкім Саюзе. Да 1929 года І. Сталін “отбросил” ілюзіі нацыяналаў з “окраин” і іх спадзяванні на паўнавартае нацыянальнае развіццё. Расправа была брутальнай.

У Беларусі яны атрымалі ярлык варожага “нацыянал-дэмакратызму”, а найбольш актыўных дзеячаў беларусізацыі чакалі арышты, турмы, высылкі, расстрэлы.

Напрыканцы хацелася б адзначыць, што кніга знойдзе свайго чытача. Гэта яшчэ адзін унёсак у даследаванні беларусізацыі і складанай гісторыі Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя.