№ 21 (2) 2013 Аляксандр Пагарэлы Ментальная мапа “іншага”:
“усход” праз нямецкую оптыку Liulevicius, Vejas Gabriel (2009). The German Myth of the East. 1800 to the Present. Oxford-New York: Oxford University Press, 292 p.
Люлевічус, Веяс Гэбрыель (2009). Нямецкі міф пра усход. Ад 1800 года да сённяшніх дзён. Oxford-New York: Oxford University Press, 292 p.
168 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (гісторыя) Новая манаграфія амерыканскага гісторыка Веяса Габрыэля Люлевічуса з універсітэта Тэнэсі (Мэмфіс, ЗША) прысвечана нямецкаму ўспрыманню таго, што ён называе еўрапейскім “усходам”, які аўтар расплывіста вызначае як землі, што цягнуцца “ад Волгі да Балтыкі і Балканаў”. Задача гісторыка вельмі амбітная: прасачыць як змяняліся нямецкія міты пра “ўсход” пачынаючы прыкладна з 1800 года і да нашых дзён. Тэма, заяўленая амерыканскім гісторыкам, далёка не новая, гэта не першая спроба падобнага даследавання. Тым не менш перавагай і цікавым бокам манаграфіі з’яўляецца імкненне паказаць, як самыя розныя дыскурсы і вопыт непасрэднага кантакту нараджалі разнапланавую ментальную мапу ўяўленняў немцаў пра “ўсход”.
Падыходы культурнай гісторыі, якую не след блытаць з гісторыяй культуры, і сацыякультурная антрапалогія для Люлевічуса не чужыя.
Чырвонай ніткай праз кнігу праходзіць тэма ўспрымання немцамі “ўсходу” праз апазіцыю “культур насць – адсутнасць культуры” (kultur– unkultur). Гісторык са штату Тэнэсі выкарыстоўвае таксама канцэпцыю брытанскага антраполага Мэры Дуглас (Mary Douglas) пра чысціню і бруд (Дуглас, 2000). Аўтар падкрэслівае важную для сваёй кнігі ролю канцэпцыі “арыенталізму” Эдварда Саіда (Edward Said) (Саид, 2006), а таксама дапрацоўку Лары Вульфа (Larry Wolff ) (Вульф, 2003). Гісторык выкарыстоўвае вызначэнне міту Алена Турэна (Alain Touraine) як “гісторыі, якую ведаюць усе”.
У даследаванні Люлевічус высоўвае тры асноўныя тэзы: 1) адносіны немцаў да “ўсходу” ніколі не зводзіліся да аднаго стэрэатыпу, але былі разнапланавымі і спалучалі як негатыўныя, так і пазітыўныя аспекты; 2) “усход” адыгрываў крытычна важную ролю ў фарміраванні ўласна германскіх ідэнтычнасцей; 3) трэцяя тэза падкрэслівае ўстойлівасць нямецкага вобразу “ўсходу” цягам вельмі доўгага перыяду. Паводле аўтара, менавіта другая тэза з’яўляецца ключавой у кнізе.
Агулам жа, германскае стаўленне да “ўсходу” выяўляецца амбівалентным:
гэта тэрыторыі вялікіх магчымасцей і прастора будучыні, але таксама пагрозы, звязанай з мінулым.
Кніга складаецца з 9 раздзелаў разам з уводзінамі. Самы цікавы, насычаны аналізам і вялікі паводле аб’ёму раздзел аўтар прысвяціў Першай сусветнай вайне і яе наступствам.
Ён ахоплівае перыяд з 1914 па 1933 год. Можна нават сказаць, што ўвесь змест кнігі падпарадкаваны менавіта гэтай частцы, рэшта з’яўляецца толькі прадмовай ці пасляслоўем. Досвед папярэдніх кантактаў немцаў з “усходам”, гэта значыць да 1800 года, выяўляецца другарадным у параўнанні са зменамі ва ўспрыманні больш позняга часу.
У манаграфіі выкарыстаны самыя разнастайныя крыніцы: дзённікі падарожнікаў, філасофскія трактаты эпохі Асветніцтва ды Рамантызму, матэрыялы нямецкіх вайсковых і цывільных архіваў, лісты нямецкіх салдат з франтоў сусветных войнаў і літаратурныя творы.
Удзел Прусіі і Аўстрыі ў падзеле Рэчы Паспалітай стаў зваротным 169 № 21 (2) 2013 пунктам у фарміраванні нямецкіх мітаў пра “ўсход”. Дзевятнаццатае стагоддзе, у якім Асветніцтва змяняецца Рамантызмам, выяўляе ўспрыманне “ўсходу” далёка не толькі як тэрыторыі, дзе дамінуе “Polnische wirtschaft” (польская безгаспадарлівасць). Калі Георг Форстэр (Georg Forster), немец які працаваў у Адукацыйнай камісіі ў Вільні ў 1780-я гады, спачуваў мясцовым жыхарам і аплакваў жахлівыя і невыносныя ўмовы, у якіх, паводле яго, яны жылі (у той час моцна адчуваўся ўплыў творчасці Гердэра і яго сімпатыі да славянскіх народаў), то на пачатку рамантычнай эпохі жыхары гістарычнай Польшчы сталі ўспрымацца адукаванымі немцамі як браты і прыклад у барацьбе за нацыянальную еднасць.
Перафармуляванне міту “ўсходу” імкліва праходзіць ва ўмовах Германскай імперыі. Але, як адзначае Веяс Люлевічус, новыя вобразы і матывы з’яўляюцца значна раней.
Дыскурсіўная трансфармацыя спарадычных сярэднявечных каланізацый і заваёў у нейкі адзіны і асэнсаваны працэс пачынаецца з другой чвэрці ХІХ ст. Пераасэнсоўваецца спадчына Тэўтонскага ордэна і месца Грунвальдскай бітвы, пачынаецца аднаўленне крыжацкіх замкаў. Менавіта адсюль бярэ адлік самы жыццяздольны міт пра “ўсход”: Drang Nach Osten.
Новыя міты натхнялі прадстаўнікоў вельмі розных ідэалагічных плыняў. У перыяд рэвалюцый сярэдзіны ХІХ стагоддзя Маркс, а ўслед за ім і нямецкая сацыял-дэмакратыя, сталі ўспрымаць Расію як пагрозу для заходняй культуры, увасабленне адсталай і кансерватыўнай “усходняй” ці “азіяцкай” імперыі. Набываюць вагу і погляды Маркса пра “негістарычнасць” народаў сучаснай Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
У эпоху імперый пагрозлівыя навацыі толькі пачынаюцца: першыя дэпартацыі яўрэяў “без належных дакументаў”, барацьба з палякамі за зямлю і каланізацыю ў рамках kulturkampf, адчуваюцца першыя імпульсы у бок астзейскіх зямель. Даследчык прапанаваў цікавы аналіз папулярызацыі каланіяльных ініцыятыў і магчымасцей новых патэнцыяльных калоній праз прызму літаратуры разлічанай на масавага чытача. Люлевічус прыводзіць прыклад Карла Мая (Karl May) і ролю яго папулярных прыгодніцкіх кніжак пра амерыканскі “дзікі Захад” і азіяцкі “Блізкі Усход”.
Першая сусветная вайна прывяла ў рух усе папярэднія тэмы. Менавіта гэтая вайна аказала велізарны ўплыў на пазнейшыя погляды і ўяўленні немцаў пра “ўсходняе іншае”. Вайсковыя дзеянні і акупацыя сутыкнулі вялікую колькасць немцаў з сапраўдным “усходам”. У акупацыйным друку для салдат суіснавалі станоўчыя і негатыўныя вобразы жыхароў заваяваных тэрыторый. Беларусы былі загадкай для адных немцаў, а для іншых – пазбаўленай культуры шэрай масай. Адначасова немцы шмат казалі і рабілі ў рамках сваёй “культурнай місіі” і будавалі аб’екты вайсковай інфраструктуры, што прыводзіла мясцовае насельніцтва ў захапленне.
Салдацкія лісты, як і іншыя крыніцы, выяўляюць схільнасць немцаў успрымаць сябе як носьбітаў парадку, культуры і чысціні, а акупаваны “ўсход” – як месца звязанае з адсутнасАляксандр Пагарэлы. Ментальная мапа “іншага”: “усход” праз нямецкую оптыку 170 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (гісторыя) цю культуры і брудам. У іх таксама можна заўважыць устойлівыя асацыяцыі “ўсходу” з хаосам, бязладдзем, анархіяй ці, наадварот, неабмежаванай дэспатыяй, панылымі пейзажам, бязмежным і адкрытым гарызонтам, меланхоліяй.
Люлевічус нагадвае, што германская акупацыйная палітыка “культуры” (адкрыццё школ на роднай мове, арганізацыя музеяў і г. д.) праводзілася паралельна і часцяком супярэчыла іншым крокам: “палітыцы руху”, якая прадугледжвала татальны кантроль над любымі перамяшчэннямі насельніцтва і ўвядзенне асабістых дакументаў, і “палітыцы новых тэрыторый”, якая прадугледжвала нямецкую каланізацыю занятых зямель з магчымай дэпартацыяй тубыльцаў.
Калі ж звярнуцца да самога нямецкага канцэпту kultur, то варта сказаць, што Люлевічус ідзе ўслед за аналізам нямецкага сацыёлага Норберта Эліаса (Norbert Elias). Сам Эліас, дарэчы, падчас Першай сусветнай вайны служыў на Усходнім фронце, назіраў за жыццём акупаванай Літвы і рабіў уласныя высновы пра жыхароў краю.
Паняцце паўстала ў адказ на французскія ўяўленні аб паводзінах і абыходжанні, якія складваліся з раннемадэрнай эпохі (Elias, 1969). У ХІХ стагоддзі пасля напалеонаўскіх войнаў kultur стаў успрымацца як комплекс уласцівасцей, што сыходзіць знутры і з’яўляецца сапраўднай якасцю індывідаў як прадстаўнікоў супольнасці. Такі характар гэтага канцэпту праявіўся і падчас Першай сусветнай вайны, якая стала ўспрымацца як сутыкненне германскага kultur з англа-французскім ліберальным канцэптам “цывілізацыі” (civilization).
Пры гэтым немцамі падкрэсліваўся штучны, павярхоўны, эгаістычны і ненатуральны характар апошняга ў параўнанні з іх kultur (Eksteins, 1989).
Прыкладам нестандартнага падыходу амерыканскага навукоўца да крыніц з’яўляецца аналіз ваеннай графаманіі і фантазій удзельнікаў Першай сусветнай вайны пра “ўсход”. Такія творы адпавядалі рэваншысцка-катастрафічнаму настрою германскай аўдыторыі пасля паразы 1918 года. Раманы жанру палітычнай фантастыкі для масавага чытання пачатку 1920-х гадоў прадказвалі падзел Польшчы паміж Расіяй і Германіяй, вяртанне Літвы ў склад Расіі.
Пасля вайны 1914–1918 гадоў сімпатыя да апошняй у Германіі была далёка не захапленнем адзінкавых асоб. Усё гэта падкрэслівала і адлюстроўвала выразны кантраст паміж успрыманнем немцамі паразы на Заходнім фронце і вобразам “напаўАзіяй”, дзе германская армія перамагла, нараджаючы дзіўную сімпатыю і настальгію па пераможаным “усходзе”.
Напрыклад, Эдвін Эрых Двінгер (Edwin Erich Dwinger), які сам меў расійска-нямецкае (астзейскае) паходжанне, заклікаў у адным са сваіх твораў да сінтэзу ідэалагічна палярных поглядаў правага кансерватыўнага нацыяналізму і камунізму. Нацысты, што прыйшлі да ўлады, да заключэння пакта Молатава-Рыбентропа 1939 года не ўводзілі забароны на яго творы, дзе “святая Русь”, як адна з дзяржаўных ці “гістарычных” нацый, уяўлялася роўным партнёрам Германіі ў адрозненні ад іншых наро- 171 № 21 (2) 2013 даў Усходне-Цэнтральнай Еўропы.
Двінгер адмаўляў Захад як заняпалую цывілізацыю, а ў нацысцкай Германіі яго раманы адкрыта ўслаўлялі Расію, нягледзячы на афіцыйны нізкі расавы статус славянаў у ідэалогіі нацыяналсацыялізму.
Расчараваны камуніст Эрнст Нікіш (Ernst Niekisch) бачыў нават патрэбу стварэння саюза ў выглядзе “паўночнаазіяцкай і паўночнаеўрапейскай сусветнай імперыі”, адмаўляў Захад як “атручаную” цывілізацыю. У светапоглядзе Нікіша, Двінгера, і блізкіх да іх пісьменнікаў ды публіцыстаў, дзяржавы Усходне-Цэнтральнай Еўропы пагардліва характарызуюцца як “сезонныя” ці “міні-нацыі”.
Люлевічус даводзіць, што глебу для нацысцкіх уяўленняў пра “ўсход” трэба шукаць у нямецкім досведзе часоў Першай сусветнай вайны. Падмуркі плану “Ост”, які ніколі не быў ажыццёўлены, можна знайсці ў нерэалізаванай “палітыцы новых тэрыторый”. Калі ў гады Першай сусветнай мэтай немцаў было адарваць ад Расіі залежныя народы, то падчас Другой сусветнай вайны палітыку прадугледжвалася скіраваць на культурнае раздрабненне ўжо існуючых этнічных груп і нацый. Вайна супраць СССР была для нацыстаў менавіта вайной на “дзікім усходзе”, выражэннем чаго сталі Халакост, генацыд і вынішчэнне ваеннапалонных.
Вайсковая катастрофа нацыстаў і экспансія “ўсходу” паказана ў манаграфіі досыць схематычна, як і балансаванне ў рамках палітыкі нейтралітэту ў выпадку Аўстрыі паміж дзвюма блокамі часоў “халоднай вайны”. Пошуку шляхоў прымірэння ды ўз’яднання ГДР і ФРГ амерыканскі гісторык прысвяціў вельмі мала месца.
Аўтар адзначае, што з канцом “халоднай вайны” эканамічная перавага немцаў і супрацоўніцтва з “усходам” выявіліся больш эфектыўнымі інструментамі, чым ваенныя спробы двух сусветных войнаў. У гэтым жа можна ўгледзець і прагматызм нямецкіх эканамічных эліт. На ўстойлівасці культурных тропаў “усходу” Люлевічус засяроджваецца, аналізуючы прамовы германскіх лідараў канца 1980-х пачатку 1990-х гадоў, калі ўласна і ажыццяўлялася ўз’яднанне ФРГ і ГДР.
Апрача спарадычных згадак у аўстрыйскім і германскім друку прадстаўнікоў маналітнага Усходу ў сувязі з крымінальна-мафійнай актыўнасцю і гандлем скрадзенымі аўтамабілямі, а таксама ўнутранага нямецкага “ўсходу” ў выглядзе былой ГДР, негатыўныя бакі старога міту, паводле амерыканскага даследчыка, не маюць ужо такога вялікага значэння.
Трэба звярнуць увагу на некаторыя хібы кнігі Люлевічуса, якія аўтар часткова сам прызнае, спасылаючыся на пазіцыю выдаўцоў. Скажам, храналагічны прынцып пабудовы манаграфіі хутчэй можна аднесці да яе недахопаў. Што тычыцца міту Drang Nach Osten, то ён стаў жыць уласным жыццём па-за межамі Германіі як мінімум з канца ХІХ стагоддзя і з’яўляўся важным інструментам у фарміраванні ідэнтычнасці нацый Усходне-Цэнтральнай Еўропы. У гэтым, між іншым, і хаваецца адна з прычын яго ўстойлівасці.
Некаторыя праблемы, якія маюць выразную сувязь з сучаснасцю, а таксама шырокі і разнастайны гіАляксандр Пагарэлы. Ментальная мапа “іншага”: “усход” праз нямецкую оптыку 172 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (гісторыя) старычны і антрапалагічны кантэкст, засталіся па-за рамкамі манаграфіі.
Рэпатрыяваныя немцы з Расіі і Казахстана часта не праяўляюць належны ўзровень “культуры” і “нямецкасці”, паводле некаторых жыхароў Германіі. Усё гэта патрабуе аналізу іншага кшталту і прыцягнення такіх эфемерных, паводле некаторых гісторыкаў, крыніц, як блогі, электронныя рассылкі, сацыяльныя сеці, якія ўтрымліваюць шмат інфармацыі аб сувязі сучаснасці са стэрэатыпамі мінулага. Там можна было б знайсці нямала сведчанняў устойлівасці германскіх мітаў пра “ўсход”.
Сучасную германскую дылему неабходнасці няпростага балансу паміж інтэнсіўнымі эканамічнымі кантактамі і крытыкай на адрас аўтарытарных клептакратыяў постсавецкай прасторы гісторык не раскрыў зусім. А, між іншым, у гэтай дылеме таксама ёсць патэнцыял цэлага рэпертуару мітаў!
Аўтар праігнараваў уяўленні пра “ўсход”, якія фарміраваліся на перыферыі нямецкамоўнага свету, напрыклад, у тых жа астзейскіх землях. У інтэрпрэтацыі Люлевічуса яны былі падпарадкаваны пэўным стандартам, якія існавалі ў “карэнных” землях Германіі.
Такім чынам, адносіны паміж германскім “цэнтрам” і “перыферыямі” даследчык абышоў маўчаннем. Зрэшты, матыў “усходу” як прастора смерці, дзе знаходзяцца мільёны нямецкіх салдат, пахаваных на вайсковых могілках, таксама застаўся па-за ўвагай.
Веяс Люлевічус паспрабаваў справіцца з вельмі маштабнай тэмай. Ён выкарыстаў цікавыя даследчыя прыёмы і метады, абапіраючыся на разнастайныя і неардынарныя крыніцы. Тым не менш, вынік даследавання Люлевічуса можна назваць хутчэй здавальняючым. Але пры гэтым даследчык вельмі выразна прадэманстраваў шляхі, якімі павінны ісці навукоўцы пры даследаванні стасункаў нямецкамоўнай Еўропы і краін культурна шматстайнага і моўна гетэрагеннага “ўсходу”.
Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі 1. Дуглас, Мэри (2000). Чистота и опасность. Анализ представлений об осквернении и табу . Москва: КАНОН-Пресс-Ц, Кучково поле.
2. Саид, Эдвард (2006). Ориентализм. Москва: “Русский миръ”.
3. Вульф, Ларри (2003). Изобретая Восточную Европу: карта цивилизации в сознании эпохи Просвещения. Москва: Новое Литературное Обозрение.
4. Elias, Norbert (1969). Th e Civilizing Process Vol.I. The History of Manners. Oxford:
Blackwell.
5. Eksteins, Modris (1989). R ites of Spring: the Great War and the Birth of the Modern Age.
New York: Mariner Books.