Часопіс “Палітычная сфера”

Навука апраўдання аўтарытарызму. Котляров, Игорь и Веруш, Алла (2010). Государственное управление и политическое лидерство: социально-политический анализ

Вадзім Смок · 2013

№ 21 (2) 2013 Вадзім Смок Навука апраўдання аўтарытарызму Котляров, И. и Веруш, А. (2010). Государственное управление и политическое лидерство: социально-политический анализ. Минск: Беларуская навука, 279 с.

114 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (палітычныя навукі) Дадзеная манаграфія напісаная доктарам сацыялагічных навук, дырэктарам Інстытута сацыялогіі НАН Ігарам Катляровым і кандыдатам палітычных навук, дацэнтам Акадэміі кіравання Алай Веруш.

Праца складаецца з двух раздзелаў, “Государственное управление: его сущность и специфика” і “Теоретикометодологические основания исследования политического лидерства”, якія маюць па чатыры часткі кожны.

З назвы манаграфіі і назваў раздзелаў можна меркаваць, што аўтары прапануюць сацыяльна-палітычны аналіз дзяржаўнага кіравання і палітычнага лідарства. Аднак ні назва, ні структура зместу не даюць зразумець, якім чынам звязаныя гэтыя два аб’екты аналізу. Яны падаюцца як дзве асобныя праблемы, паміж якімі не прасочваецца паслядоўная сувязь.

Калі меркаваць па назве раздзелаў і частак, манаграфія задумвалася як тэарэтычны і апісальны тэкст. Яна прапануе выклад тэорыі дзяржаўнага кіравання і палітычнага лідарства, а таксама найноўшую гісторыю і сучасны стан гэтых з’яваў у Беларусі. Прачытанне ўводзінаў, на жаль, не пацвярджае і не абвяргае такіх здагадкаў. Таму застаецца няясным, якую задачу ставяць сабе аўтары ў гэтай працы. Уводзіны пачынаюцца з пераліку глабальных праблемаў чалавецтва: эканамічных, сацыяльных і экалагічных. У адзін шэраг з імі аўтары ставяць і распад СССР: “В конце прошлого столетия произошло событие, которого по своим страшным и печальным последствиям человечество ещё не знало: это распад Советского Союза” (с. 5).

Гэтаксама аўтары дадаюць да шэрагу глабальных праблемаў сучасны фінансава-эканамічны крызіс. І менавіта дзяржавы з эфектыўнай сістэмай кіравання і моцнымі папулярнымі агульнанацыянальнымі лідарамі, на іх думку, могуць выратаваць чалавецтва і Беларусь у тым ліку. Такім чынам, хаця аўтары і не гавораць пра мэту манаграфіі, можна меркаваць, што асноўнай мэтай працы з’яўляецца аналіз стану дзяржаўнага кіравання ў Беларусі ва ўмовах крызісу і роля ў ім палітычных лідараў.

Праблема дзяржаўнага кіравання падчас крызісу сапраўды актуальная і цікавая, таму такое даследаванне магло б мець і навуковую, і практычную вартасць. У гэтым кантэксце лагічна было б чакаць ад аўтараў даследавання стану і магчымых шляхоў рэфармавання дзяржаўнага кіравання і палітычных інстытутаў за мяжой і ў Беларусі, і выпрацоўкі адпаведных рэкамендацыяў. Аднак пасля прачытання працы гэтыя чаканні не спраўджваюцца. У працэсе больш падрабязнага разгляду мы пакажам, чаму кніга не дасягае пастаўленай мэты.

Першы раздзел манаграфіі мае назву “Государственное управление:

его сущность и специфика” і складаецца з чатырох частак. Першыя дзве з’яўляюцца тэарэтычнымі і маюць назвы “Управление: структура, основные сферы, направления и принципы целенаправленной деятельности”і “Теоретическая модель современного государственного управления”.

Гэтыя дзве часткі займаюць 145 са 177 старонак усяго раздзелу, тады як трэцяя і чацвёртая часткі, якія аналізуюць дзяржаўнае кіраванне ў суча- 115 № 21 (2) 2013 снай Беларусі, размешчаныя толькі на 32 старонках. Такім чынам выглядае, што аўтары імкнуцца грунтоўна прадставіць наяўныя тэорыі і паказаць тэарэтычныя дэбаты ў дадзенай галіне. Але прапанаваны змест не адпавядае такім чаканням.

У першай частцы аўтары даюць азначэнне тэрмінам “кіраванне”, “лідар” і пералічваюць якасці, якія павінен мець лідар у галіне кіравання. Даюцца азначэнні суб’ектаў і аб’ектаў кіравання, азначэнне кіравання як сістэмы, працэса і функцыі; таксама вызначаюцца 10 аспектаў кіравання (тэарэтычны, метадалагічны, ідэалагічны, эканамічны, сацыялагічны, псіхалагічны, гістарычны, філасофскі, прававы, палітычны). Усе прыведзеныя азначэнні, відаць, разумеюцца аўтарамі як тэорыя кіравання, але насамрэч выглядаюць як набор дэфініцый, цытаваных з твораў іншых аўтараў.

У другой частцы аўтары сцвярджаюць, што “белорусскому обществу нужна принципиально новая теоретико-управленческая парадигма выхода из кризиса” (с. 78). Яны ўсведамляюць, што ў Беларусі існуюць праблемы ў сістэме кіравання, а структуры дзяржаўнай улады адстаюць ад хуткіх пераменаў. Таму менавіта стварэнне тэарэтычнай мадэлі дзяржаўнага кіравання, на думку аўтараў, і ёсць задачай для выхаду з крызісу. Нарэшце становіцца зразумелай прынамсі адна з мэтаў працы, што дазваляе больш адэкватна аналізаваць тэкст.

Гэтую тэарэтычную мадэль аўтары будуюць з адзінаццаці блокаў:

дзяржаўнае кіраванне як функцыя дзяржавы, як функцыя грамадскай дзейнасці, як нормы, як сістэма, як арганізацыя, як працэс, як маральнае паняцце, як інфармацыя, як фактары павышэння эфектыўнасці кіравання, як кадравае забеспячэнне кіравання, як знешняе асяроддзе. На працягу наступных 70 старонак аўтары спрабуюць раскрыць сэнс гэтых блокаў і прыводзяць велізарную колькасць азначэнняў. Аднак сувязь паміж імі зразумець цяжка, тэкст зноў выглядае як набор дэфініцыяў. Пры такім падыходзе назваць гэта тэарэтычнай мадэллю дзяржаўнага кіравання складана. Наўрад ці чыноўнікі з урада або адміністрацыі прэзідэнта змогуць скарыстацца ёй для вырашэння сучасных праблемаў развіцця Беларусі. Таму сумнеўна, што дадзеная “мадэль” можа быць карыснай у справе пераадолення наступстваў крызісу.

Такім чынам, у тэарэтычнай частцы першага раздзела аўтары не падаюць ані тэорыяў, ані ключавых дэбатаў у галіне дзяржаўнага кіравання. Не згадваюцца ключавыя, на наш погляд, для праблемы дзяржаўнага кіравання тэорыі: дэмакратыі, бюракратыі, рацыянальнага выбару, інстытуцыяналізму, тэорыі транзіту, тэорыі дзяржаўнага кіравання (public administration), новага публічнага менеджмента (new public management) і “новага кіравання” (new public governance). У межах дадзенай працы карысна было б паразважаць пра ўзаемасувязь дэмакратыі, эфектыўнага кіравання і эканамічнага развіцця, асвятліць падыходы да рэфармавання дзяржаўнага сектара і дзяржаўнай службы, у прыватнасці паразважаць пра глабальнае кіраванВадзім Смок. Навука апраўдання аўтарытарызму 116 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (палітычныя навукі) не і ролю ў ім Беларусі. Таксама было б цікава разгледзець у параўнальнай перспектыве краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, як больш рэфармаваныя і еўрапеізаваныя дэмакратыі, гэтак і постсавецкія аўтарытарныя рэжымы. На жаль, нічога гэтага ў раздзеле знайсці немагчыма. Тэорыя прадстаўленая наборам азначэнняў, прыведзеных з працаў іншых аўтараў, якія не складаюцца паміж сабой у лагічную сувязь і маюць няясныя мэты.

У такім разе складана казаць пра наяўнасць навуковай і прыкладной вартасці дадзенай тэарэтычнай часткі.

Цяпер звернемся да апісальнага блока першага раздзела. Трэцяя яго частка завецца “Модернизация государственного управления в современной Беларуси: основные этапы”.

Заўважым, што сама назва часткі паказвае на бачанне эвалюцыі сістэмы дзяржаўнага кіравання Беларусі як яго мадэрнізацыі, прагрэсіўнага рэфармавання. Аўтары разглядаюць час ад распаду СССР да прэзідэнцкіх выбараў 2006 года і выдзяляюць чатыры этапы мадэрнізацыі.

Першы этап цягнецца ад дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР 27 ліпеня 1990 года да канца 1991 года, калі на парэштках СССР сфармаваліся асновы сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Другі этап пачынаецца ў снежні 1991 года і завяршаецца ўвядзеннем інстытута прэзідэнцтва ў 1994 годзе.

Аўтары мяркуюць, што гэта быў самы складаны час станаўлення беларускай дзяржаўнасці, час барацьбы за выбар накірунку развіцця. Сцвярджаецца, што новыя палітычныя сілы паспрабавалі ўсталяваць падзел уладаў, але гэтая спроба не атрымалася. Адна галіна ўлады пастаянна ўмешвалася ў сферу кампетэнцый іншай. Гэтай шкоднай галіной улады быў Вярхоўны Савет. “Он мог контролировать соблюдение законов, бюджет страны, назначение высших должностных лиц и т.д. Кроме того, Верховный Совет постоянно навязывал правительству свою политическую волю” (с. 157). Дзіўна было б чакаць іншага ад парламенцкай рэспублікі, таму аўтары свядома не ўхваляюць або не разумеюць такога дзяржаўнага ладу. Натуральна, што кожная галіна хоча мець больш уплыву, але на тое і ствараецца падзел уладаў, каб ураўнаважваць гэтыя памкненні. Як натуральна і тое, што орган, абраны дэмакратычным шляхам з прадстаўнікоў дадзенай супольнасці, займаецца нарматворчасцю і бюджэтам. Як мы зразумеем далей, ідэалам дзяржаўнага ладу аўтараў з’яўляецца моцная іерархічная выканаўчая ўлада на чале з харызматычным лідарам, таму не дзіўна, што яны такім чынам інтэрпрэтуюць перыяд ранняй незалежнасці.

Далей аўтары прыводзяць сацыялагічныя дадзеныя нізкай падтрымкі насельніцтвам галоўных інстытутаў улады і гавораць, што гэта разам з эканамічным крызісам спрычынілася да ўвядзення інстытута прэзідэнцтва. Атрымліваецца, быццам інстытут прэзідэнта быў уведзены як антыкрізісная мера, аднак аўтары чамусьці не гавораць пра іншыя акалічнасці гэтага праекта. Кадэнцыя Вярхоўнага Савета ХІІ склікання падыходзіла да завяршэння, і наменклатура, якая складала бальшыню ў Савеце, бая- 117 № 21 (2) 2013 лася праз новыя выбары страціць уладу. Увядзенне пасады прэзідэнта і размяшчэнне на ёй кандыдата ад наменклатуры магло б вырашыць гэтую праблему праз перафарматаванне стасункаў улады (Екадумаў, 2006: 73).

Такім чынам, увядзенне прэзідэнцтва варта разглядаць перадусім як наменклатурную схему, а не рэакцыю на народную незадаволенасць і пошук шляхоў выхаду з крызісу.

Увядзенне інстытута прэзідэнцтва стала пачаткам трэцяга этапа мадэрнізацыі дзяржаўнага кіравання ў Беларусі, які завяршаецца рэферэндумам 1996 года. Гаворачы пра абранне першага прэзідэнта Беларусі і яго дзейнасць на гэтай пасадзе, аўтары відавочна паказваюць сваю палітычную прыхільнасць дзейнай уладзе.

Яны гавораць, што пасля абрання Аляксандр Лукашэнка праводзіў велізарную працу па ўдасканаленні сістэмы дзяржаўнага кіравання. Фактычна гэтае “ўдасканаленне” выяўлялася ў канцэнтрацыі ўлады шляхам ліквідацыі мясцовага самакіравання, выбудовы выканаўчай вертыкалі, манапалізацыя медыяў, ігнаравання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда і ціску на Вярхоўны Савет. Канстытуцыйнае афармленне аўтарытарнага рэжыму адбылося праз рэферэндум 1996 года, на якім, як мяркуюць аўтары, “белорусский народ выступил за радикальное изменение белорусской политической системы, не испугался усиления президентской власти, а дал возможность Главе государства навести в стране порядок… ” (с. 164).

Чацвёрты этап фармавання сістэмы дзяржаўнага кіравання пачаўся пасля рэферэндуму і сканчаецца прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года, бо пазнейшы перыяд у працы не разглядаецца. Аўтары характарызуюць стан беларускай сістэмы дзяржаўнага кіравання такім чынам: “В стране была создана политическая система, представляющая синтез западных и российских политических норм и белорусских политико-культурных реалий, целостное единение политической, социальной (в узком смысле слова), экономической и интеллектуальной жизни страны” (с. 164). Што аўтары маюць на ўвазе пад заходнімі нормамі быццам бы зразумела, бо гэтыя нормы прапісаныя, напрыклад, у канстытуцыйных актах Еўрапейскага Звяза і выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні ім унутранай і вонкавай палітыкі. Але незразумела, што маецца на ўвазе пад расійскімі нормамі. Гэта карупцыя, зліццё дзяржаўных і крымінальных структураў, алігархія, ці яшчэ нешта?

Калі гэта так, то аптымізм аўтараў наконт такой сістэмы кіравання мы б не падзялілі. Агулам жа азначэнне беларускай сістэмы дзяржаўнага кіравання не мае тэрміналагічнай яснасці і выглядае папросту дзіўна.

Далей аўтары сцвярджаюць, што разам з узмацненнем уладнай вертыкалі паступова рос аўтарытэт палітычнай улады. У доказ прыводзяцца вынікі выбараў 2001 і 2006 гадоў і рэспубліканскага рэферэндуму 2004 года, дзе прэзідэнт атрымаў высокую падтрымку насельніцтва. Трэба заўважыць, што гэта сцвярджэнне магло б прэтэндаваць на праўду, але застаюцца пад пытаннем сумленнасць абазначаных выбарчых кампаніяў, праўдзівасць падліку галасоў, Вадзім Смок. Навука апраўдання аўтарытарызму 118 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (палітычныя навукі) наяўнасць адміністратыўнага ціску на палітычных суб’ектаў і грамадзянаў, манапалізацыя медыяў і іншыя чыннікі аўтарытарнага кіравання. У такім выпадку рост лічбаў падтрымкі прэзідэнта можа сведчыць хутчэй пра ўмацаванне аўтарытарнай сістэмы, чым рэальную падтрымку грамадзянаў. Магчыма, аўтары сапраўды разумеюць працэс усталявання аўтарытарнага рэжыма як мадэрнізацыю дзяржаўнага кіравання. Гэты тэзіс можна было б прыняць у межах дэбатаў цэнтралізацыі-дэцэнтралізацыі кіравання, але аўтары не спасылаюцца ні на якія даследаванні ў гэтай галіне і проста выказваюць сваё меркаванне. Ніжэй мы ўбачым, што дадзеныя Сусветнага Банка сведчаць акурат пра адваротную тэндэнцыю:

пагаршэнне якасці кіравання цягам кансалідацыі аўтарытарнага рэжыма.

Апошняя частка першага раздзела завецца “Государственное управление в Республике Беларусь: структура, институты, динамика развития”.

Тут пералічваюцца статус і кампетэнцыі галоўных інстытутаў улады ў Беларусі – прэзідэнта, парламента, урада, мясцовага самакіравання і дзяржаўнай службы. Пры апісанні дзейнасці палітычных інстытутаў аўтары абапіраюцца на фармальныя нормы, запісаныя ў заканадаўстве. Яны пераказваюць змест нарматыўных актаў, што вызначаюць дзей насць інстытутаў кіравання, не робячы аналізу рэальнага функцыянавання гэтых інстытутаў. Але ў Беларусі нефармальная палітыка грае большую ролю, пры тым што многія нормы фармальнага заканадаўства можна лічыць дэмакратычнымі.

Таму прапанаваны аўтарамі аналіз не дазваляе зразумець статус і функцыі дадзеных палітычных інстытутаў у Беларусі. Можна паказаць гэта на некаторых характэрных прыкладах.

Беларускі парламент, паводле аўтараў, ёсць вышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым ворганам, дзе прадстаўленыя інтарэсы разнастайных сацыяльных і нацыянальных групаў і тэрытарыяльных супольнасцяў. З гэтым можна пагадзіцца ў некаторай ступені толькі датычна перыяду Вярхоўнага Савета 1990–1996 гадоў.

Аналіз эвалюцыі сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык дэпутатаў, арганізаванай дзейнасці ў форме партыяў і фракцыяў, а таксама кар’ерных перспектываў пасля атрымання дэпутацкага мандата ў 1990–2010 гадах паказвае, што палітычная роля парламента змянілася ад цэнтру ўлады да яе перыферыйнай вобласці. Сёння парламент фармуецца выканаўчай уладай, пазбаўлены ўнутранай палітычнай актыўнасці і не з’яўляецца ворганам вертыкальнай палітычнай мабільнасці (Казакевіч, 2010: 69). Такім чынам, беларускі парламент не з’яўляецца ані заканадаўчым, ані прадстаўнічым, як гэта прадугледжвае Канстытуцыя, і як мяркуюць аўтары дадзенай манаграфіі.

Іншы яскравы прыклад несупадзення фармальных і нефармальных інстытутаў – мясцовае самакіраванне.

Паводле аўтараў, “местное самоуправление в Республике Беларусь – одна из форм осуществления власти народа, важный элемент активного участия граждан в государственном управлении… ” (с. 176). Як сведчаць даследаванні, мясцовае самакіраванне ў сучаснай Беларусі не мае нічога супольнага з 119 № 21 (2) 2013 уладай народа. Падобна да парламента, мясцовыя Саветы фармуюцца выканаўчай уладай, але ў гэтым выпадку іх роля больш значная. Яны з’яўляюцца месцам канцэнтрацыі дзяржаўнай бюракратыі, якія разам з выканаўчай галіной уяўляюць сабой рэгіянальную палітычную эліту. Пра дэмакратычнае прадстаўніцтва, натуральна, у такой сітуацыі гаворкі быць не можа. Саветы з’яўляюцца хутчэй кансультатыўнымі органамі пры выканкамах, чым органамі мясцовага прадстаўніцтва, пра што сведчаць не толькі экспертныя ацэнкі, але і вынікі эмпірычных даследаванняў (Казакевіч, 2007: 54–55;

Смок, 2012: 173, 175).

Апісваючы дзяржаўную службу ў Беларусі, аўтары сцвярджаюць: глабальны эканамічны крызіс паказаў, што ў сістэме падрыхтоўкі і кіравання кадрамі ў Рэспубліцы Беларусь існуюць істотныя праблемы і недахопы. Аднак аўтары чамусьці згадваюць толькі карупцыю.

Яны не тлумачаць, чаму карупцыя ў Беларусі стала відавочнай толькі падчас крызісу. Як сведчыць індэкс якасці кіравання Сусветнага Банка, карупцыя якраз з’яўляецца не самым слабым месцам беларускай сістэмы кіравання. Затое якасць дзяржаўнай службы (government effectiveness) з’яўляецца найніжэйшай у рэгіёне (World Bank, 2013).

Падсумоўваючы першы раздзел манаграфіі, можна зрабіць наступныя высновы. Тэарэтычная частка замест тэорыі і праблематыкі дзяржаўнага кіравання прапануе нам набор тэрмінаў, узятых з працаў іншых аўтараў і няясна звязаных паміж сабой. Аналітычная частка уяўляе з сябе выкладанне палітычнай гісторыі незалежнай Беларусі і асноўных палітычных інстытутаў, заснаванае на асабістых развагах аўтараў, што не абапіраюцца на навуковы апарат.

Элементы тэарэтычнага і эмпірычнага даследавання адсутнічаюць, што не дазваляе гаварыць пра навуковы характар дадзенага раздзела.

Другі раздзел кнігі мае назву “Теоретико-методологические основания исследования политического лидерства”. Памерам ён у два разы меншы за першы. Мяркуючы па назве раздзела, аўтары прапануюць нам разгледзець тэорыю палітычнага лідарства і метады даследавання гэтага феномена. Раздзел змяшчае дзве невялікія па памеры тэарэтычныя часткі і дзве большыя апісальныя.

Першая частка разглядае сутнасць і прыроду палітычнага лідарства.

Аўтары даюць азначэнне лідара, паказваюць, чым лідар адрозніваецца, напрыклад, ад правадыра ці кіраўніка.

У другой частцы аўтары разглядаюць паняцце нацыянальнага палітычнага лідарства і пералічваюць яго функцыі.

На жаль, гэты тэарэтычны блок вельмі падобны да першага паводле сваёй будовы. Ён з’яўляецца нагрувашчваннем дэфініцыяў з розных крыніцаў, якое не выбудоўваецца ў паслядоўны наратыў і цяжка ўспрымаецца. Назваць гэта выкладам тэорыяў палітычнага лідарства складана.

Трэцяя частка, “Национальное политическое лидерство в условиях социально-политической трансформации”, аналізуе пераходны перыяд пасля распаду СССР, сацыльна-эканамічны заняпад і звязаныя з гэтым палітычныя чаканні і прыхільнасці насельніцтва. Паводле аўтараў, разВадзім Смок. Навука апраўдання аўтарытарызму 120 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (палітычныя навукі) бурэнне старых палітычных і эканамічных інстытутаў, рост няпэўнасці стваралі ў людзей запыт на моцнага харызматычнага лідара, які быў бы здольны стабілізаваць сітуацыю.

Гаворачы пра харызматычных лідараў на постсавецкай прасторы, аўтары прыводзяць прыклады кіраўнікоў Украіны і Грузіі, якія прыйшлі на хвалі народнай падтрымкі і мелі харызму, але праз свой папулізм страцілі давер насельніцтва, а на іх месца прыйшлі апазіцыйныя групы са сваімі праграмамі. Відавочна, гэта робіцца дзеля кантрасту з беларускім лідарам, хаця аўтары і не гавораць пра гэта адкрыта. Гэтаксама яны не кажуць пра тое, што ў азначаных краінах кіраўніцтва змянілася дэмакратычным шляхам.

Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца такім самым папулісцкім палітыкам і пры гэтым ажыццяўляе рэпрэсіўнае аўтарытарнае кіраванне. У такіх умовах прыход іншых палітычных групаў да ўлады быў і ёсць немагчымым, як бы не заняпала сацыяльна-эканамічнае становішча і якім бы не быў давер насельніцтва да прэзідэнта. Гэта паказаў, у прыватнасці, эканамічны крызіс 2011 года ў Беларусі, калі дэвальвацыя беларускага рубля цягам года дасягнула 189% і прывяла да найбольшага з часоў эканамічнага крызісу сярэдзіны 1990-х падзення дабрабыту насельніцтва. Давер насельніцтва да ўлады моцна ўпаў, але гэта не выклікала зменаў у палітычным рэжыме краіны, і нават не паспрыяла структурнаму рэфармаванню беларускай эканомікі.

Апошняя частка другога раздзела мае назву “Типология национального политического лидерства в переходный период и его специфика в Республике Беларусь”. Напачатку аўтары выдзяляюць тры этапы трансфармацыі і адпаведна тры тыпы лідараў, характэрныя для кожнага з этапаў.

На першым этапе канца 1980-х – сярэдзіны 1990-х грамадзяне мелі вялікія чаканні, выказвалі гатоўнасць да радыкальных пераменаў і выяўлялі вялікі давер да лідараў. Тып лідараў, якія адпавядалі такім чаканням, аўтары называюць наватарамі трансфармацыйных працэсаў. На новым этапе ад 1995 года да пачатку 2000-х, калі імпэт пераменаў сцішыўся, а эканамічны заняпад працягваўся, насельніцтва пачало рабіць запыт не на дэмакратыю, а на дабрабыт і парадак, і адпаведна спатрэбіліся лідары новага тыпу. Яны былі харызматычныя і схільныя да “сілавога кіравання”, таму атрымалі аўтарскую назву “лідар-арганізатар-стратэг”. На трэцім этапе, з пачатку 2000-х, калі адбылася стабілізацыя і быў вызначаны курс развіцця, спатрэбіўся новы тып лідара – палітычны менеджар. Як бачым, у Беларусі такія змены лідара са зменай апошняга этапа не адбыліся, але тут аўтары намякаюць на наяўнасць выключэнняў з правіла:

“...выдающихся политических лидеров, соответствующих объёмному списку требований, несущих в себе универсальные личностные и профессиональные качества” (с. 233).

Найбольш значнай тэмай апошняй часткі з’яўляецца ўзнікненне лідараў у Беларусі падчас перабудовы і ў часы незалежнасці. Аўтары сцвярждаюць, што ў Беларусі палітычныя партыі як канал рэкрутацыі лідараў не працавалі. Яны былі нешматлікімі, неактыўнымі і непапулярнымі, не ўплы- 121 № 21 (2) 2013 валі на працэсы ў краіне і не здольныя былі высунуць лідараў нацыянальнага маштабу. Прычым такое становішча захоўваецца ў Беларусі дагэтуль. Аднак, напрыклад, дадзеныя па долі партыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце ХІІІ склікання паказваюць ажно 53,8% партыйных дэпутатаў, якія да таго ж абіраліся па мажарытарнай сістэме, гэта значыць насельніцтва галасавала галоўным чынам за канкрэтных людзей (Казакевіч, 2010: 61). Гэты факт гаворыць пра тое, што нават на раннім этапе фармавання партыйнай сістэмы партыі гралі істотную ролю ў палітыцы.У працэсе ўсталявання аўтарытарнага рэжыму партыйнае прадстаўніцтва ў парламенце і мясцовых Саветах паступова занепадае, але гэта не звязана са слабасцю і непапулярнасцю партыяў, а ёсць вынікам “зачысткі” палітычнага поля аўтарытарным рэжымам (Silitski, 2006: 13–30).

Далей аўтары апісваюць лідарскія якасці кандыдатаў у прэзідэнты 1994 года. Прадказальна ў негатыўным святле апісваюцца палітычныя погляды і перспектывы Зянона Пазняка, Станіслаў Шушкевіч паказваецца слабым палітыкам, які апынуўся ў палітыцы не ў той час, і гэтак жа прадказальна паказаны А. Лукашэнка, які “обладает личностными качествами настоящего лидера, огромной энергией и волей к победе” (с. 245). Папулярнасць Лукашэнкі аўтары пацвярджаюць дадзенымі шматлікіх апытанняў грамадскай думкі ўнутры Беларусі і за яе межамі (1993, 1994, 1995, 1997, 1998, 1999, 2001 гады). Высокі рэйтынг прэзідэнта і адсутнасць канкурэнцыі з боку іншых лідараў яны тлумачаць перамогай Лукашэнкі ў роўнай канкурэнцыі і адпаведнасць яго народным чаканням, але чамусьці маўчаць пра метады, якімі Лукашэнка ўсталяваў манаполію на ўладу. У такім выпадку дадзеныя прыведзеных апытанняў не маюць ніякага сэнсу, бо паказваюць усяго толькі ступень выкарыстання ўсіх магчымых сродкаў уціску сваіх апанентаў, а не перамогу той ці іншай палітычнай праграмы.

Нарэшце, як вынік праведзенай працы, аўтары робяць выснову, што Беларусь мае ўнікальны шлях развіцця, дэтэрмінаваны мадэллю нацыянальнага палітычнага лідарства. Гэтая мадэль заснаваная на трох базавых элементах: моцная і эфектыўная дзяржаўная ўлада, сацыяльна-арыентаваная палітыка і апора на народ.

Згаданыя фармулёўкі патрабуюць тэрміналагічнага ўдакладнення і аналізу, таму разгледзім іх больш падрабязна. Можна пагадзіцца з тым, што ўлада ў Беларусі з’яўляецца моцнай. Пытанне ў тым, якога тыпу гэта моц. У выпадку Беларусі моц улады заснаваная на манапалізацыі ўлады, ціску (у тым ліку супрацьпраўным) на апанентаў, апоры на сілавыя структуры, цэнтралізаваным кіраванні і адзяржаўленні многіх сфераў грамадства. Сацыяльна-арыентаваная палітыка, якая сапраўды мела месца ў перыяд росквіту беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, у апошнія гады відавочна скарачаецца з прычыны заняпаду гэтай мадэлі ў сучасных эканамічных умовах.

Апора на народ увогуле з’яўляецца няпэўным паняццем. Калі разумець яго наўпрост, то апора на народ – Вадзім Смок. Навука апраўдання аўтарытарызму 122 № 21 (2) 2013 Рэцэнзіі (палітычныя навукі) гэта ажыццяўленне ўлады праз нейкую зваротную сувязь, калі грамадзяне могуць уплываць на палітыку і прымаць у ёй удзел. У беларускім выпадку апора на народ ёсць папулізм і апеляцыя да народу як крыніца легітымнасці кіраўніка, хаця ніякага ўплыву на абранне кіраўніцтва і прыняцце рашэнняў грамадзяне не маюць. Прыведзены аўтарамі прыклад Усебеларускага народнага сходу як інструменту ўлады народа лепей пакінуць без каментароў.

Што тычыцца эфектыўнасці ўлады, то тут узнікаюць яшчэ большыя пытанні. Незразумела, у чым заключаецца эфектыўнасць кіравання ў Беларусі. Аўтары аперуюць абстрактнымі выразамі кшталту “вывеў з крызісу”, “спыніў злачыннасць”, “узяў курс на стварэнне сацыяльна-арыентаванай эканомікі”. Пад такімі фразамі цяжка зразумець ступень эфектыўнасці кіравання і параўнаць яе з іншымі краінамі. Між тым, такую магчымасць дае, напрыклад, індэкс якасці кіравання, які штогод ад 1996 года публікуецца Сусветным Банкам. Паводле гэтага індэкса, пачынаючы з часу назірання індэксу ў 1996 годзе, Беларусь мае тэндэнцыю да пагаршэння якасці кіравання. Паводле дадзеных 2012 года, Беларусь мае найніжэйшы індэкс кіравання ў рэгіёне ў параўнанні нават з калегамі па СССР – Расіяй, Украінай, Казахстанам, Азербайджанам, не кажучы ўжо пра Балтыйскія краіны і Польшчу (WorldBank, 2013). Таму заняпад якасці кіравання можна лічыць заканамерным вынікам аўтарытарнага лідарства. Аўтары ж спрабуюць давесці адваротнае і сцвярджаюць, што апошнія два дзесяцігоддзі адбывалася мадэрнізацыя дзяржаўнага кіравання, не пацвярджаючы гэты тэзіс ніякімі дадзенымі.

Якраз на нізкую эфектыўнасць кіравання аўтарам варта было б звярнуць увагу ў першую чаргу. Варта было б прааналізаваць, наколькі апраўданым з’яўляецца цэнтралізаванае прыняцце рашэнняў, непразрыстая і заснаваная на асабістых сувязях сістэма рэкрутацыі на дзяржаўную службу, нежаданне супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасцю ў публічных справах. Без такога аналізу мы маем усяго толькі чарговы прапагандысцкі тэкст, не падмацаваны навуковымі інструментамі.

У завяршэнне разгляду другога раздзела хацелася б звярнуцца да метадалогіі, дакладней да яе адсутнасці. Як мы памятаем, раздзел завецца “Теоретико-методологические основания исследования политического лидерства”. Але ў раздзеле няма аніводнага намёку на апісанне метадалогіі вывучэння палітычнага лідарства.

Самі аўтары апісваюць тое, што яны робяць, як “анализ социально-политической реальности и социологических опросов” (с. 258). Вядома, можна аналізаваць палітычную рэальнасць і сацыялагічныя апытанні, але гэты аналіз не з’яўляецца метадалогіяй у дакладным значэнні слова. Таму зноў даводзіцца канстатаваць, што тэарэтычны і эмпірычны элементы раздзела не адпавядаюць ні яго назве, ні крытэрам навуковага даследавання.

На заканчэнне каротка падсумуем нашыя крытычныя заўвагі. Пасля прачытання працы застаецца нявысветленай даследчая сувязь паміж двума праблемамі – дзяржаўным кіраван- 123 № 21 (2) 2013 нем і палітычным лідарствам. Таму даводзіцца разглядаць два раздзелы манаграфіі як два асобныя тэксты. У абодвух раздзелах прысутнічае тэарэтычная частка, якая ёсць кампіляцыяй дэфініцыяў і ўрыўкаў з тэкстаў іншых аўтараў (а сярод гэтых тэкстаў каля дваццаці – падручнікі ці курсы лекцый). Кампіляцыя з’яўляецца няўдалай, бо кавалкі выкладаюцца непаслядоўна, цяжка чытаюцца, а сувязь паміж імі не прасочваецца. Аўтары не прыводзяць асноўных тэорыяў і дэбатаў палітычнай навукі і, у прыватнасці, дзяржаўнага кіравання, таму назву “тэарэтычная частка” можна даць толькі ўмоўна.

Аналітычныя блокі раздзелаў уяўляюць сабой паверхневую і аднабаковую інтэрпрэтацыю беларускай палітыкі і яе нядаўняй гісторыі. Уся інтэрпрэтацыя скіраваная на паказ рэжыму Аляксандра Лукашэнкі выключна ў станоўчым святле. Радкі, у якіх апісваецца дадзеная асоба, часта выглядаюць як плынь асабістых пачуццяў і эмоцыяў, не звязаных з даследчай практыкай. На працягу тэксту прыводзяцца ажно трынаццаць цытатаў Лукашэнкі, якія нагадваюць цытаванне класікаў марксізму-ленінізму ў савецкай навуцы.

Пры аналізе аўтары не абапіраюцца на метадалогію і часта робяць нічым не падмацаваныя высновы, якія нельга назваць інакш як выказваннем уласнага меркавання. На падставе гэтага, а таксама адсутнасці навуковага апарату, можна зрабіць выснову, што манаграфія напісаная хутчэй у жанры “ідэалогіі” і скіраваная на акадэмічнае абгрунтаванне легітымнасці беларускага рэжыму. Адначасова яна з’яўляецца выдатным прыкладам дэградацыі афіцыйнай сацыяльнай навукі ў сучаснай Беларусі.

Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі 1. Екадумаў, Андрэй (2006). “Прэзідэнцкія выбары 1994 году. Пераразьмеркаваньне рэсурсаў улады. Трансфармацыя палітычнай прасторы Беларусі”, у В. Булгакаў (рэд.), Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі. Вільня.

2. Казакевіч, Андрэй (2007). “Тэндэнцыі ў рэгіянальных элітах Беларусі па выніках выбараў 1999, 2003 і 2007 гадоў”, Палітычная сфера, №9: 40–55.

3. Казакевіч, Андрэй (2010). “Беларускі парламент эпохі незалежнасці: эвалюцыя дэпутацкага корпусу, 1990–2010 гады”, Палітычная сфера, №15: 44–70.

4. Смок, Вадзім (2011). “Рэгіянальная палітычная эліта Беларусі і Польшчы: параўнальны аналіз Гарадзенскай вобласці і Падляскага ваяводства”, Палітычная сфера, №16–17(1–2): 157–178.

5. Silitski, Vitali (2006). Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus). CDDRL Working Papers, June 2006,URL (consulted 12.07.2013):http://iis-db.stanford.edu/pubs/21152/Silitski_No_66.pdf 6. World Bank (2013). Worldwide Governance Indicators, Interactive Data Access, URL (consulted 17.12.2013): http://info.worldbank.org/governance/wgi/index.aspx#reports Вадзім Смок. Навука апраўдання аўтарытарызму