Часопіс “Палітычная сфера”

Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля беларускіх савецкіх філосафаў у паўставанні канону савецкага марксізму

Іван Новік · 2013

№ 21 (2) 2013 Іван Новік Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля беларускіх савецкіх філосафаў у паўставанні канону савецкага марксізму I. Поле савецкай філасофіі ў 20-х: зрухі ў сацыяльнай структуры і ў рытарычных паводзінах актараў З прыходам новай бальшавіцкай улады адбываецца паступовае, але радыкальнае пераструктураванне навуковага і адукацыйнага поля. Адкрываюцца магчымасці для хуткай акадэмічнай кар’еры. Першая задача, з якой сутыкнулася ўлада – індактрынацыя і легітымацыя. З’явілася неабходнасць наладзіць сістэму падрыхтоўкі новых лаяльных навуковых кадраў. Для бальшавікоў гэтая задача была насамрэч шырэй, бо адбылася не проста змена ўладнай эліты, адначасова адбывалася сутнасная перабудова структуры лаяльнасці – фронт палітычнага супрацьстаяння стаў праходзіць праз ментальнасць чалавека, новай уладзе быў патрэбны не проста законапаслухмяны грамадзянін, а актыўны прамоўтар абвешчаных ёю анталагічных прынцыпаў і ідэалагічных перакананняў.

Калі іншыя гуманітарныя дысцыпліны яшчэ пэўны час існавалі ў варунках плюралізму і адноснага лібералізму, то філасофія – ядро новай бальшавіцкай ідэалогіі – адразу трапіла пад пільную ўвагу. Ужо ў 1922 годзе адбываюцца падзеі, якія сёння вядомыя пад назвай “філасофскі параход” – з краіны высылаюць прафесараў-іншадумцаў. Паралельна з гэтым адбываюцца працэсы своеасаблівага адзяржаўлення філасофіі.

У 1918 годзе ствараецца Камуністычная Акадэмія, у склад якой уваходзіць і Інстытут філасофіі, у 1921 годзе быў заснаваны Інстытут Чырвонай прафесуры. Крыху пазней, у 1924 годзе, з’яўляецца іншая філасофская ўстанова – “Таварыства ваяўнічых матэрыялістаў”, якому было наканавана адыграць адну з ключавых роляў у далейшым развіцці падзеяў на “філасофскім фронце”.

Але найбольш важным з асяродкаў тэарэтычнага развіцця новай дзяржаўнай ідэалогіі стаўся Камуністычны ўніверсітэт імя Свярдлова (1919 год). Ягонымі найбольш уплы- 30 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя вовымі лектарамі былі Аксельрод і Дэборын, працы якіх і будуць вызначаць аблічча савецкай філасофіі ў бліжэйшае дзесяцігоддзе. Абодва ў дарэвалюцыйныя гады прытрымліваліся “меншавіцкіх” пазіцый і часта выступалі ў прэсе з досыць актыўнай крытыкай Леніна, таму прызначэнне іх на лектарскія пасады адбывалася з пэўнымі праблемамі: Аргбюро ЦК спачатку адказала адмоваю на запыт універсітэта Свярдлова, ці магчыма іх зацвердзіць на новых пасадах, і спатрэбілася асабістае ўмяшанне Леніна, каб гэтыя прызначэнні былі ўсё ж ухваленыя (гл. Яхот, 1991).

У сістэме сацыяльных сувязяў для новых прафесійных філосафаў вертыкальныя дачыненні пачынаюць адназначна дамінаваць над гарызантальнымі: значэнне для акадэмічнай кар’еры павагі і аўтарытэту сярод калег аказваецца абсалютна нязначным у параўнанні з уменнем своечасова выказаць лаяльнасць да кіроўнай эліты і знайсці агульную мову з “шырокімі масамі працоўных”. Хоць падобныя працэсы – зварот у навуковым дыскурсе да вонкавай апеляцыі – і ўласцівыя для часоў любых значных сацыяльных зрухаў, спецыфікай савецкай сітуацыі сталася тое, што дынаміка падобных працэсаў не толькі не затухае з умацаваннем і стабілізацыяй новай сацыяльнай структуры і не вяртаецца да старых унутрынавуковых дачыненняў, але, наадварот, усё болей узмацняецца, маючы падтрымку з боку ўладаў.

Піку гэтыя працэсы дасягнулі ў 1930-х гадах, калі з пачаткам кампаніі супраць “дэборынцаў” высветлілася, што ўчорашнія студэнты, якія не маюць за плячыма аніякіх акадэмічных поспехаў, здатныя зрынуць самых, здавалася б, значных аўтарытэтаў дзякуючы непасрэднай падтрымцы ўлады, і што быць надрукаваным у партыйнай газеце “Праўда” значыць нашмат болей, чым у любым з уласна філасофскіх навуковых выданняў.

Азначаныя працэсы спрычыніліся да змены філасофскага дыскурсу. Папершае, трансфармуецца тып рытарычных паводзінаў – кпіны над навуковымі апанентамі, абвінавачванні ў адыходзе ад “артадоксіі”, перакручванні “спадчыны айцоў-заснавальнікаў”, а пачынаючы з 1930-х і непасрэдна закіды ў здрадзе, “шкодніцтве” становяцца не толькі легітымнымі, але і ледзьве не адзіна дзейснымі сродкамі барацьбы за дамінаванне ў навуковым поле.

У новай сацыяльнай сітуацыі аўтарытэт уласна філасофскіх выданняў, у параўанні з перыядычнымі масавымі выданнямі, падае; выкладанне ў сценах універсітэтаў аказваецца менш значным чым “на фабрыках і заводах ..., на зборах раённага актыву, у частках Чырвонай арміі” (Вольфсон 1936: 178). Усё гэта спрычыняецца да істотнага размывання навуковага стылю: у яго пранікаюць фельетонная танальнасць, ідэалагічныя штампы і лозунгі (кшталту прымітыўных атаясненняў-замоваў “наша навука – ленінская навука!” і г. д.).

Апрача таго, на спецыфіку дыскурсу прафесійных філосафаў 1920– 1930 гадоў робіць уплыў дамінаванне ў гэты час трох асноўных метафіласофскіх ідэалагічных метафар ці метафарычных патэрнаў (Stefanowitsch, 2006):

1) Філасофія спрабуе ўбудавацца ў новую ідэалагічную сістэму, асэн- 31 № 21(2) 2013 соўваючы сябе як “таксама вытворчасць”: узнікаюць метафарычныя ланцужкі “вытворчых профіляў” філасофскіх інстытуцыяў, “прадукцыі” філасофіі і г.д.

2) Адначасова адбываецца таталізацыя ідэі “рэвалюцыі” – “фронт”, баявыя падзеі і “рэвалюцыйныя зрухі” павінны былі, паводле рэфлексіі сучаснікаў, адбывацца наўсцяж. У навуковае поле пранікае ў якасці легітымнай “франтавая” лексіка: навуковыя апаненты становяцца “класавымі ворагамі і агентурай”, “рэакцыянерамі”, якіх неабходна “выкрыць”, “біць” і “раззброіць”, паняційны інструментарый філасофіі ператвараецца ў “зброю”, якая “коле і рэжа”. Гэта легітымізуе і падахвочвае тую дэфармацыю навуковага этасу, якая характарызавала сітуацыю філасофствавання ў 1920-я:

агрэсія і палеміка любымі сродкамі знаходзяць сваё апраўданне ва ўяўнай сітуацыі “філасофскага фронту”.

3) Савецкая ўлада асэнсоўвала сябе як “будаўніка” новага грамадства, сваю ролю ў гэтым будаўніцтве мусіла адыграць і філасофія. Адпаведна гэты метафарычны патэрн задаваў адразу пэўную візію філасофскіх тэмаў і працэсаў. Само будаўніцтва – свядомасць новага грамадзяніна і “пралетарскай” культуры як такой разглядаецца як працэс прынцыпова механістычны, што спрычыняецца да далейшага пашырэння механістычных, рэдукцыянісцкіх трактовак ментальных і сацыяльных працэсаў.

Акрамя гэтага “адбудова” новага патрабавала, з логікай тых часоў, разбурэння ўсяго “састарэлага”.

Такім чынам паступова складаецца новы тып філасофскай мовы. Адначасова з гэтым з’яўляецца і новы тып асобы філосафа – агрэсіўнага палеміста і авантурыста.

II. Новая сітуацыя:

дыскурсіўная структура “філасофскага фронту” 1920-х гадоў Прыход да ўлады бальшавікоў азначаў усталяванне поўнага дамінавання (ці “гегемоніі” ва ўласна марксісцкай тэрміналогіі) марксісцкай ідэалогіі ў культурным полі “краіны саветаў”. Дамінавання, якое абвяшчалася і ўвесь час падкрэслівалася на артыкуляцыйным узроўні, замацоўвалася на інстытуцыянальным і падтрымлівалася праз выкарыстанне ўладнага і адміністрацыйнага рэсурсаў. Марксісцкая ідэалогія (як і любая іншая), няхай і распрацаваная непасрэдна ў філасофскіх творах, не жадала бачыць сябе як проста філасофскае вучэнне, а намагалася зліцца з самім светам, ператварыцца ў адзіна правільнае і адзіна магчымае бачанне апошняга.

У тэзаўрусе эпохі, як і на тле праекту паскоранай мадэрнізацыі і індустрыялізацыі, які сам быў упісаны ў марксісцкую ідэалогію ў якасці яе падставовага моманту, гэта жаданне адбівалася ў пастаянным падкрэсліванні выключна “навуковага” статусу марксізму. Таму марксізм развіваўся ў якасці ідэалагічнай сістэмы праз адмаўленне свайго ўласна філасофскага характару (класічныя філасофскія праблемы пастуляваліся як канчаткова развязаныя і ўзнятыя, aufheben) і анексію прыродазнаўчага дыскурсу.

Здавалася б, гэтая аб’ектывісцкі-сцыІван Новік. Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля...

32 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя ентысцкая пазіцыянаванасць марксізму пакідала не шмат прасторы для класічнага філасофскага дыскурсу.

Такім чынам, само існаванне філасофіі аказалася пад пытаннем.

Пазначанае вышэй і сталася новымі варункамі для сітуацыі філасофствавання ў 1920-х гадах: тыя, хто не пагаджаўся на публічным узроўні з марксісцкай ідэалогіяй, былі выдаленыя за межы краіны ці пазбаўленыя магчымасці выкладаць і публікаваць свае думкі. Новы філасофскі дыскурс быў магчымы толькі праз прыманне дамінавання новай ідэалогіі ў якасці status quo.

Савецкая філасофія спрабавала стаць неад’емным элементам новай ідэалагічнай структуры праз сістэму функцыянальных адносінаў:

1) інтэрпрэтатыўна-экзегетычных: знаходжанне адэкватнай артыкуляцыі марксізму і дапасаванне да бягучых варункаў корпусу цытатаў з “кананічных” тэкстаў;

2) легітымізуючых: апраўданне праз марксізм існага стану і ўладных практыкаў;

3) крытычна-абарончых: завочная палеміка з заходнімі крытыкамі марксізму і спробы абараніць ягонае сэнсавае ядро ад унутраных, часцяком уяўных, спробаў рэвізіі;

4) таксанамічных: развіццё самой структуры марксісцкай ідэалогіі, вылучэнне ў ёй тых альбо іншых элементаў, як і пабудова іх іерархіі;

5) інкарпаратыўных: інтэрпрэтацыйная анексія новых культурных фрагментаў і індактрынацыя новых кадраў.

Такім чынам паступова філасофія змагла знайсці сабе новы локус – як аднаго з асноўных механізмаў развіцця новай ідэалагічнай структуры.

Але на пачатковым этапе гэтае развіццё сутыкнулася з шэрагам інтэрпрэтацыйных праблем:

1) культурная палітыка накіраваная на гамагенізацыю культуры згодна з ідэалагемамі марксізму; 2) сама марксісцкая ідэалогія, якая надае сабе значэнне праз атаясненне з бясспрэчнай ісцінасцю і аб'ектыўнасцю;

3) прыродазнаўчыя навукі, заспетыя ў культурным полі, чыі значэнні гэтак жа сама выбудоўваюцца праз адсылкі да ісціны і аб'ектыўнасці; 4) філасофія, якая прэтэндуе на ролю механізма рэалізацыі вышэйазначанай культурнай палітыкі – закладнікамі гульні такім чынам сталіся самі азначэнні “ісціны”, “навукі”, “навуковасці” і звязаная з імі ўлада.

Набор зыходных элементаў быў акрэслены, за іх захаванне адказваў у тым ліку і рэпрэсіўны апарат бальшавіцкае дзяржавы, але дакладная суаднесенасць гэтых элементаў была пакуль яшчэ не вызначана, дый нават не зразумелая для сучаснікаў культурных падзей 1920-х гадоў. У полі савецкай філасофіі такім чынам узнікае комплекс праблем-пытанняў, вакол якіх адбываецца ягоная дыферэнцыяцыя і семантычнае насычэнне. У той жа час адказы на іх хоць і не былі цалкам адвольныя, але ж у дваццатыя гады ўспрымаліся як варыятыўныя. Гэтыя праблемы выступалі ў якасці своеасаблівых кропак біфуркацыі ці кропак “рассейвання выказванняў”, 1 вакол якіх фарміраваўся набор магчымых меркаванняў, 1 тэрмін Мішэля Фуко (Фуко, 2004).

33 № 21(2) 2013 які і вызначаў абсягі марксісцкай філасофіі 1920-х. Паступова – з другой паловы дзесяцігоддзя – гэтыя рассеяныя выказванні пачынаюць інтэгравацца вакол двух полюсаў:

адзін атрымаў назву “механіцызму”, другі першапачаткова вызначаў сябе наўпрост як “дыялектычны”, пасля атрымаў цэтлік “меншывіствуючага ідэалізму”, а ў крытычнай літаратуры часцей за ўсё называецца зборным тэрмінам “дэборынцы”.

Самой спрэчцы дэборынцаў і механі цыстаў прысвечана досыць шмат літаратуры, 2 мы ж адзначым тут толь кі некалькі структурных і матывуючых момантаў, якія ляжалі ў падставе гэтых спрэчак. Паступова ўсе разыходжанні сталі ўсведамляцца як маркёры прыналежнасці аўтара да таго ці іншага лагеру. У рэшце лагер дэборынцаў, карыстаючыся здабытым аўтарытэтам, а ў шматлікіх выпадках і наўпрост адміністратыўным рэсурсам, пачаў разглядацца ў вачах сучаснікаў як пераможны. Прытрымліванне “недэборынскіх” адказаў стала магчымым толькі на падставе аўтарытэту, здабытага ў дарэвалюцыйныя часы, ці асабістай заангажаванасці (як у выпадку з некаторымі прадстаўнікамі прыродазнаўства, якія не пакінулі лагер механіцыстаў з-за таго, што ўбачылі ў дэборынскіх інтэрпрэтацыях непасрэдную пагрозу сваім навуковым накірункам).

Пры гэтым удзельнікаў спрэчкі матывавала не толькі перспектыва хуткай акадэмічнай і сацыяльнай кар'еры, але і небяспека патрапіць у стан палітычна недабранадзейных.

Калі марксізм як сацыяльна-палітычная стратэгія і ідэалогія прэтэндуе на абсалютную ісціну, то неразуменне гэтай ісціны ператварае чалавека ў палітычнага ворага рэжыму. Увогуле, з пункту гледжання марксізму як ідэалогіі наяўнасць некалькіх альтэрнатыўных меркаванняў выглядала як нонсенс і скандал.

Як бачна, архітэктоніка спрэчак 1920-х гадоў задавалася локусам ды логікай савецкага філасофствавання, а таксама – новымі сацыяльнымі варункамі, у якіх апынулася філасофія.

Набор праблем для інтэрпрэтацыі вынікаў з інтэнцый, пакладзеных у бальшавіцкую культурную палітыку, а іх інтэрыярызацыя з боку актараў філасофскага поля ажыццяўлялася за кошт вялікіх сацыяльных ставак, што стаялі за гэтымі праблемамі.

Далей мы паспрабуем рэканструяваць праблемны комплекс і стратэгіі аргументацыі ўласцівыя савецкай філасофіі таго часу, абапіраючыся на праграмныя артыкулы, напісаныя беларускімі марксістамі ў самы разгар спрэчкі, а таксама адразу пасля апублікавання “Дыялектыкі прыроды” Энгельса, якое мела вырашальнае значэнне для “дыскусіі на філасофскім фронце”.

Суадносіны паміж марксізмам і філасофіяй. Самаатаясненне савецкай філасофіі з марксізмам азначала бескампрамісную прэтэнзію на гегемонію ў інтэрпрэтаванні апошняга:

толькі ў “краіне саветаў” магчыма адзіна правільнае ўспрыняцце спадчыны Маркса. Менавіта таму з асаблівай злосцю савецкая крытыка абры2 гл. напрыклад: Bakhurst, 1991: 25–58; Яхот 1991.

Іван Новік. Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля...

34 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя налася не столькі на “традыцыйнага” ворага – ідэалізм, колькі на розныя спробы далейшага развіцця марксізму, няўзгодненага з савецкай філасофіяй. Гэта адразу стыгматызавалася як спробы “рэвізіянізму” і “здрады”.

Па сутнасці, савецкі марксізм намагаўся спалучыць дзяржаўную граніцу з размежаваннем у філасофіі: тэзіс “уся савецкая філасофія можа быць толькі марксісцкай” мусіў пераўтварыцца ва “ўся марксісцкая філасофія можа быць толькі савецкай”. Для гэтага “адзіна правільнага” марксізму савецкай філасофіі ў 1920-я гады яшчэ не было вынайдзена формулы “марксізм-ленінізм”, а тэрмін “дыялектычны матэрыялізм” яшчэ толькі набіраў сваю папулярнасць, найбольш пашыранымі прыметнікамі для марксізму, пакліканымі пазначыць ягоную адрознасць ад “рэвізіянізму”, у гэтыя часы былі “рэвалюцыйны” і “артадаксальны”.

Але ж паміж самім марксізмам і філасофіяй заставаўся пэўны семантычны зазор – марксізм разумеўся як нешта безумоўна шырэйшае за любую філасофію, і нават вышэй за яе. Таму заставалася пад пытаннем, хто ў рэшце рэшт будзе прамаўляць ад імя марксізму, а прэтэнзіі філосафаў на гэтую ролю сутыкаліся з канкурэнцыяй іншых гуманітарных і сацыяльных дысцыплін, а таксама прыродазнаўства.

Праблема азначэння марксізму.

Пры азначэнні марксізму можна назіраць прынцыповую аднастайнасць меркаванняў савецкіх філосафаў. Як ужо адзначалася, марксізм артыкуляваў сябе як пераўзыходжанне філасофіі ды любой асобнай грамадскай навукі, як развязанне і ўзняцце (aufheben) ўсіх праблемаў, што рупілі папярэдняе філасофскае мысленне. Такім жа чынам у савецкай думцы марксісцкая ідэалогія разумелася як нешта бясспрэчна шырэйшае за палітычны рух і сацыяльнае вучэнне. Марксізм пазначаўся як непасрэдны адбітак свету:

быццё ў яго непасрэдных момантах і законах развіцця адлюстроўваецца ў марксізме без якіх-кольвек скажэнняў.

Само ж быццё разумелася як прынцыпова маністычная татальнасць матэрыяльнага.

Для гэтай ідэалагемы татальнасці марксізму савецкая філасофія знаходзіць азначэнне “светапогляд” (мировоззрение): “Дыялектычны матэрыялізм ёсць грандыёзным і складаным філасофскім светапоглядам, які спрабуе знайсці ў шматстайнасці сусвету адзіны прынцып, што ўсё сінтэзуе” (Кацэнбоген, 1925:

2). Светапогляд – адно з асноўных словаў тэзаўруса савецкай філасофіі 1920-х. Само паняцце мела значэнне блізкае да сённяшняга выкарыстання ў рускамоўнай літаратуры: “Соцыяльна абумоўленая сыстэма поглядаў на зьявішчы сьвету – тлумачэньняў, ацэнак і памкненняў” (Быхаўскі, 1926а: 91). 3 “Сумесь тэорый, ідэй, паняцьцяў, ацэнак, пераконаньняў і імкненьняў данае асобы, партыі ці школы” (Быхаўскі 1926б: 117).

У той жа час можна назіраць і пэўныя тэрміналагічныя хістанні – 3 Тут і далей па тэксце мы будзем падаваць беларускамоўныя цытаты ў іх арыгінальным правапісе, з захаваннем усіх адметнасцяў аўтарскага напісання, за выключэннем выпраўлення відавочных памылак.

35 № 21(2) 2013 напрыклад, Сямён Вальфсон паслядоўна карыстацца ў сваіх працах паняццем светасузірання (миросозерцания). Зразумела, што абодва словы ўзыходзяць да гегелеўскага “Weltanschauung”, але даследаванне таго, як пранікаюць у рускую мову абодва тэрміны, як змяняецца іх семантыка з цягам часу, і асабліва ў паслярэвалюцыйныя часы, – усё гэта можа даць новыя матэрыялы для аналізу станаўлення савецкай філасофскай думкі.

Суадносіны паміж марксісцкай філасофіяй і навукай. З суаднесення марксісцкай філасофіі і навукі пачынаюцца прынцыповыя раздарожжы ў савецкай філасофскай думцы 1920-х. Яшчэ на досвітку савецкай філасофіі – у 1922 годзе – у цэнтральным для гэтага часу часопісе “Пад сцягам марксізму”, які павінен быў задаваць “лінію партыі” ў філасофіі, з’явіўся скандальны артыкул Сяргея Мініна “Філасофію за борт” (Минин, 1922). У характэрным для таго часу агрэсіўна-палемічным, лозунгавым стылі Мінін – паважаны бальшавік, актыўны ўдзельнік грамадзянскай вайны – абрынаецца на саму магчымасць марксісцкай філасофіі. Яго здзіўляе “валтузня з нейкай “філасофіяй марксізму”, апошняя ёсць “газавым нападам” на “мазгавыя формы працоўнага” (Минин, 1922: 122).

Хада “развагаў” Мініна наступная: філасофія як такая атаясняецца з “надбудовай” буржуазнай эпохі, калі ўзнікае апрычонае супярэчлівае стаўленне да навукі. Плён навукі вітаецца як неабходнае апірышча для індустрыяльнай вытворчасці, але адначасова сіла, якой навука надзяляе пралетарыят, пужае. На перакрыжаванні гэтых рознаскіраваных інтэнцыяў і паўстае філасофія, як частка ідэалагічнай структуры буржуазнага грамадства. Яе пакліканне – зацямняць, рабіць непразрыстымі, блытанымі высновы навукі. “Філасофія – гэта духоўны адбітак буржуазіі, квінтэсенцыя яе класавага “духу”.

Філасофія – гэта скруха і спадзяванні душы класа буржуазіі” (Минин, 1922: 122). Такім чынам, робіць выснову Мінін, для філасофіі няма месца ў новай эпосе: “Абсталёўваючы і дабудоўваючы наш навуковы карабель, падбаем у першую чаргу з капітанскага мастка ўслед за рэлігіяй без астатку вышпурнуць за борт і філасофію” (Минин, 1922: 127).

Артыкул Мініна не выражаў цэнтральнага погляду на месца філасофіі ў новай “марксісцкай” эпістэме, але пры гэтым агучваў досыць распаўсюджаны і ўплывовы пункт гледжання. Тым больш, што падставы для такіх меркаванняў давалі і некаторыя цытаты з Маркса і Энгельса. 4 Таму першыя савецкія філосафы сутыкнуліся з задачай апраўдання самога факту свайго існавання.

“Абарончыя” стратэгіі маглі быць досыць рознымі: ад спробаў давесці лагічную неабходнасць філасофскага блоку ў марксізме да непасрэдных абвінавачванняў сваіх апанентаў у палітычнай недабранадзейнасці. Быхаўскі, да прыкладу, у артыкуле “Мар4 Узгадаем, напрыклад, Марксава: “Philosophie und Studium der wirklichen Welt verhalten sich zueinander wie Onanie und Sex” (Marx, 1960: 3, 26f.).

Іван Новік. Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля...

36 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя ксызм і філёзофія” абірае менавіта апошнюю магчымасць: спробы абвергнуць неабходнасць марксісцкай філасофіі – досыць даўнія, і менавіта аспрэчванню гэтага прысвяцілі большую частку сваіх прац “класікі”. Адпаведна Быхаўскі заручаецца атаясненнем: адмаўленне марксісцкай філасофіі = апартунізм (Быхаўскі, 1926а: 73). У выніку любыя спробы разглядаць марксізм як чыста сацыялагічнае і эканамічнае вучэнне абвяшчаюцца рэвізіянізмам, адмаўленнем аўтарытэту “Плеханава, Леніна і іх бліжэйшых вучняў” (Быхаўскі, 1926а: 73), а значыць аўтаматычна прыраўноўваецца да “рэвалюцыйнага” і “артадаксальнага” марксізмаму.

Такім чынам, аўтар выкарыстоўвае супраць апанентаў філасофіі характэрную для тых часоў рытарычную зброю, прымушаючы іх не столькі абгрунтоўваць свае тэарэтычныя погляды, колькі даказваць уласную палітычную лаяльнасць.

Крытычным для далейшай гісторыі савецкай культуры з'яўляецца наступны крок, які робіць Быхаўскі – ён абвяшчае палітычна нядобранадзейнымі самі (прыродазнаўчыя) навукі.

“Навука зусім ня ёсьць нешта адзінае ва ўсіх сваіх частках. Навука – гэта барацьба навукі з не-навукаю ў яе ўласнай сферы”, любая існая навука ўяўляе, паводле аўтара, “стракатую сумесь ведаў і веры, практычных дасягненьняў у зваяваньні прыроды і тэорэтычнага слугаваньня пануючым клясам” (Быхаўскі, 1926а: 74).

Пасля беларускія і іншыя савецкія філосафы яшчэ не раз паўтораць гэты аргумент: навука, чый генезіс належыць буржуазнай эпосе, не валодае іманентным крытэрам ісціннасці, яна нясе на сабе родавыя пляміны буржуазнай культуры, якая затуляе яе ад ісціннага быцця, у сваім эпіцэнтры навука з’яўляецца ненавуковай.

Менавіта тут адкрываецца месца для філасофіі: “Навука робіцца навуковай толькі таму, што яна прыймаецца дыалектычным матэрыялізмам, гэта значыць марксыцкай філёзофіяй” (Быхаўскі, 1926а: 74).

Барацьба за іерархію аўтарытэтаў. Як ужо адзначалася, улада бальшавікоў у пошуку новых філасофскіх кадраў напачатку была змушаная ў змаганні за дамінаванне ў марксісцкай ідэалогіі звярнуцца да сваіх былых апанентаў – меншавікоў (Аксельрод і Дэборын). Для пачатку 1920-х характэрна таксама і велізарная папулярнасць творчасці яшчэ аднаго марксіста, блізкага да меншавіцкіх колаў, – Г. Пляханава. Такі кантэкст быў “на руку” Вальфсону – былому меншавіку, асабіста знаёмаму з многімі меншавікамі. Вальфсон выдае ў Мінску дзве кнігі прысвечаныя Пляханаву. У 1922 годзе выходзіць “Вялікі сацыяліст. Сціслы нарыс жыцця Г. В. Пляханава” (Вольфсон, 1922), у якой змяшчаўся біяграфічны нарыс жыцця Пляханава і акрэслівалася ягонае значэнне як філосафа і публіцыста. Кніга карысталася значным попытам: была перакладзена на беларускую мову (Вальфсон, 1928), у 1927 годзе выйшла па-нямецку ў Берліне пад назвай “Georgius Plechanow:

Sein Leben und Werk” і па-іспанску ў Мексіцы – “El grando socialist” (Марксісцкі зборнік, 1929). Таксама Вальфсон выдае “Вакол Пляханава” (Вольфсон, 1922), у якой змясціў па- 37 № 21(2) 2013 казнік літаратуры пра Пляханава за 1922 год.

Апрача таго Вальфсон рэдагуе, піша прадмову і выдае ў Белтрэстдруку артыкул Пляханава “Да пытання аб развіцці маністычнага погляду на гісторыю” (Плеханов, 1923), у 1922– 1923 гадах кіруе семінарам пад назваю “вывучэнне творчасці Г. В. Пляханава” на Факультэце грамадскіх навук і Педагагічным факультэце БДУ (Белорусский.., 1922: 238, 242), выступае з публічнымі лекцыямі ў Мінску, Гомелі, Бабруйску, Барысаве, сярод якіх пазначана і лекцыя “Партрэт Пляханава” (Белорусский.., 1922: 242).

З пункту гледжання той барацьбы, якая разгортвалася вакол усталявання іерархіі аўтарытэтаў, вельмі цікавым прадстаўляецца артыкул Вальфсона “Ленін і Пляханаў” (Вальфсон, 1926а).

У ім аўтар называе абодвух “дзьвумя найбольш магутнымі індывідуальнасьцямі з ліку ідэолёгаў расійскага пролетарыяту” (Вальфсон, 1926а: 143) і зазначае, што размовы пра адносіны паміж імі “прымушаюць часамі […] успамінаць аб сіамскіх блізьняцох міжнароднага соцыялізму – аб Марксе і Энгельсе” (Вальфсон, 1926а: 166).

Вось як падагульняе свой артыкул Вальфсон: “Пляханаў – пачынальнік расійскага соцыялізму, заснавальнік марксыцкай партыі, айцец ідэй гегемоніі пролетарыяту ў нашай рэволюцыі. Ленін – завяршальнік расійскага соцыялізму, зьдзяйсьняльнік у жыцьці ідэй марксызму, зьдзяйсьняльнік гегемоніі пролетарыяту, заснавальнік дзяржаўнага ладу, пераходнага да соцыялізму”.

“Плеханаў – самы выдатны марксыцкі дасьледца філёзофіі, эстэтыкі, разьвіцьця грамадзкай думкі.

Ленін – самы вялікі тэорэтык клясавай барацьбы, геніяльны майстра яе, які адкрыў новую старонку ў гісторыі міжнароднага соцыялізму”.

“І Плеханаў і Ленін – самыя вялікія дыялектыкі рэволюцыйнай думкі, высунутыя міжнародным соцыялізмам пасьля Маркса і Энгельса. ” “Плеханаў правёў жыцьцё ва ўмовах прымушанага адрыву ад пролетарскіх мас Расіі. Гэта часта перакручвала лінію яго тактычнага павядзеньня, як практычнага дзеяча расійскай соцыял-дэмократыі.

Ленін – асабліва чула лавіў настроі мас і трымаў дзейсны контакт з імі”.

“Рыса, якая родніць Плеханава і Леніна, якая рабіла іх “блізкімі ў варожасьці” — іх рэволюцыйнае якобінства, прызнаньне дабра рэволюцыі вышэйшым законам, вышэйшым крытэрыем сваёй дзеяльнасьці і творчасьці” (Вальфсон, 1926а: 166– 167).

Не абышоў увагай Вальфсон і творчасць Аксельрод: у 1923 годзе ў Мінску выходзіць зборнік яе твораў.

Вальфсон у выданні выступае рэдактарам і аўтарам прадмовы, дзе сцісла апісвае яе біяграфію і літаратуразнаўчую дзейнасць (Аксельрод, 1923).

Адукацыйная чыннасць беларускіх савецкіх філосафаў: марксізм у пошуках сама-артыкуляцыі. Філасофскія падручнікі і лекцыі прадстаўляюць сабой досыць спецыфічны прадукт філасофскага поля, які зрэдчас трапляе пад увагу гісторыкаў філасофіі. Але ж пры змене фокуса ўвагі з “асабістых” дасягненняў аўтара на характарыстыку пэўнай “ментальнасці” эпохі як такой менавіта Іван Новік. Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля...

38 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя падручнікі могуць стацца карыснай крыніцай інфармацыі.

У адрозненне ад аўтарскіх канцэпцыяў, прадстаўленых у навуковых тэкстах, падручнік ці лекцыйны курс мае шэраг сваіх асаблівасцяў, звязаных як з іх аўдыторыямі-рэферэнтамі, так і з прагматыкай свайго ўзнікнення.

Відавочным рэцыпіентам падручніка ці лекцыі з’яўляецца аўдыторыя той навуковай установы, для якой яны прызначаныя. Тут ідзецца пераважна пра трансляцыю пэўнай веды. Але апрача і побач з гэтым ёсць яшчэ адна мэтавая аўдыторыя падобнага тэксту – адміністратары адукацыйных працэсаў. Адпаведнасць (а лепей – наўпростую тоеснасць) свайго тэксту запатрабаванням апошніх таксама намагаецца давесці аўтар падручніка.

Асабліва важнай гэта стоеная аўдыторыя становіцца ў выпадку буйных сацыяльных зрухаў. І гэта акурат наш выпадак: сацыяльнае праектаванне прадугледжанае адукацыйнай практыкай было ў цэнтры новай бальшавіцкай улады. І асабліва пільна яна сачыла за ўласна марксісцкімі курсамі, перад якімі была пастаўлена мэта інжынерыі “светапогляду” новага чалавека “камуністычнай эпохі”.

Праблема заключалася ў тым, што канкрэтныя абрысы падобнай інжынерыі былі невідавочнымі нават сярод кіруючай эліты, тым больш што яе заказ трапляў да канкрэтнага выканаўцы праз шэраг інстанцыяў і пэўны “інфармацыйны шум”. “Выканаўца”, аўтар канкрэтнага марксісцкага падручніка, лектар канкрэтнага марксісцкага курса, у першыя гады існавання савецкай сістэмы мусіў хутчэй “вынайсці” жаданні ўлады.

Такім чынам, падручнік (лекцыі) філасофіі можа быць прааналізаваны праз наступную сетку каардынатаў:

1) тыя практыкі трансляцыі філасофскай (марксісцкай у нашым выпадку) веды, якія ён увасабляе сабой; 2) той тып сацыяльнага праектавання, які ён прапануе для адміністратараў адукацыйнага працэсу.

III. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт З заснаваннем БДУ пачынаецца актыўная чыннасць па ўкараненні ў навучальны працэс элементаў савецкай філасофіі. У першую чаргу такая дзейнасць была звязаная з Факультэтам грамадскіх навук. 5 Першапачаткова (1921–1923 гады) факультэт функцыянаваў у складзе першага і другога курсаў эканамічнага і прававога аддзяленняў (Белорусский, 1922: 237). Сам факультэт праіснаваў досыць нядоўга – паспела адбыцца толькі два выпускі, пасля, згодна з пастановаю Народнага Камісарыяту Асветы, ён у 1924 годзе быў ліквідаваны. На ягонай аснове быў створаны Факультэт права і гаспадаркі, куды і былі пераведзены асноўныя марксісцкія кадры БССР (Вальфсон 1926б: 237). Ад самага пачатку беларускія савецкія філосафы – Кацэнбоген і Вальфсон – актыўна ўключаюцца ў новыя адукацыйныя захады бальшавіцкай улады. 6 5 Кацэнбоген займаў пазіцыю дэкана, Вальфсон – намесніка (Белорусский, 1922: 236).

6 Вальфсон чытае курсы гістарычнага матэрыялізму на 1-х курсах Факультэта грамадскіх навук, Педагагічным і Медычным факультэтах; апроч таго – курс “сусвет- 39 № 21(2) 2013 нага гаспадарства” на другім курсе Факультэта грамадскіх навук, кіруе семінарам па гістарычным матэрыялізме на першых курсах Факультэта грамадскіх навук і Педагагічнага факультэта, семінарам па вывучэнні творчасці Пляханава. Выкладаў гістарычны матэрыялізм на Рабочым факультэце БДУ ў выпускной групе (Белорусский, 1922: 242). Кацэнбоген чытае курс “генетычнай сацыялогіі” на першым і другім курсах Факультэта грамадскіх навук і Педагагічнага факультэта. На тых жа курсах кіруе адпаведным семінарам (Белорусский, 1922: 241).

На падставе курса гістарычнага матэрыялізму Вальфсон распрацаваў падручнік “Дыялектычнага матэрыялізму”, выдадзены ў 1922 годзе ў Белтрэстдруку. Гэта быў першы савецкі падручнік па дыялектычным матэрыялізме, ён быў перавыдадзены сем разоў і выкарыстоўваўся не толькі ў БССР, але і ва ўсім СССР.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваюцца асобнікі чацвёртага (Вольфсон, 1924), шостага (Вольфсон, 1926в) і сёмага выданняў (Вольфсон, 1929). “Дыялектычнага марксізму”.

З аднаго боку, толькі сёмае выданне цалкам падае матэрыялы курсу “гістарычнага матэрыялізму”, што чытаўся Вальфсонам (Вольфсон, 1921– 1922). З другога боку, усе познія выданні мелі тыя альбо іншыя ідэалагічныя карэктывы, і рэканструяваць першапачатковую ідэалагічную пазіцыю філосафа варта на падставе ранніх тэкстаў, таму мы выкарыстоўвалі ў асноўным выданне 1924 года.

З пазіцыяў сённяшняга дня падручнік па “дыямаце” здаецца рэччу ледзь не банальнай, але ж у 1922 годзе перад ягоным стваральнікам стаяла досыць складаная інтэлектуальная задача – як са стракатай спадчыны “айцоў” марксізму, якая насіла пераважна эклектычны і палемічны характар, скласці адзіны тэкст педагагічнай скіраванасці, як зняць той сацыяльна-крытычны пафас, што быў уласцівы першапачатковаму марксізму, і перавесці яго на легітымізуючыя, ахавальныя рэйкі.

Праблема адметнасцяў таго, як вырашае гэтую задачу Вальфсон, патрабуе далейшага аналізу – у першую чаргу праз параўнанне яго з іншымі першымі падручнікамі савецкай філасофіі: Бухарына (Бухарин, 1921), Сямкоўскага (Семковский, 1924; 1925), Разумоўскага (Разумовский, 1924), Сараб’янава (Сарабьянов, 1922; Сарабьянов, 1924), Горава (Горев, 1925) і інш. Такі кампаратыўны аналіз даў бы нам магчымасць прасачыць генеалогію савецкай філасофскай “гнуткай догмы”, таксама як і акрэсліць ролю Вальфсона ў яе паўстанні.

З'яўленне першага падручніка па дыялектычным матэрыялізме было заўважана ва ўсесаюзным маштабе – кніга атрымала рэцэнзіі ад такіх знакавых для тых дзён часопісаў як “Вестник Социалистической академии наук”, “Под знаменем марксизма”, “Известия ВЦИК” (Вольфсон 1924:

VI). У той жа час не ўсе з іх былі станоўчымі, некаторыя насілі досыць крытычны характар. Хутчэй негатыўным быў і водгук, надрукаваны ў часопісе “Под знаменем марксизма” – найбольш уплывовым з тагачасных савецкіх марксісцкіх выданняў (Луппол, 1923). Яго напісаў І. Лупол – адзін з вучняў Дэборына, заўважная постаць у тагачасным марксізме. Асноўныя Іван Новік. Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля...

40 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя закіды скіраваныя супраць гісторыка-філасофскага блоку: Лупол слушна вінаваціць Вальфсона ў адсутнасці арыгінальнасці, занадта актыўных запазычваннях: “Над аўтарам нібыта навісаў страх выйсці за межы таго, што ўжо было сказана Плеханавым, Дэборынам, Артадокс, Лабрыёлай … ” (Луппол, 1923: 211). У выніку Лупол называе Вальфсона “кампілянтам” (Луппол, 1923: 211).

У адказах сваім апанентам агаляецца характар Вальфсона, уласцівы яму дыскурсіўны стыль. Адказваючы на закіды Лупола, якія ён называе “развязными наскоками иных ретивых рецензентов” (Вольфсон, 1924:

XI), Вальфсон актыўна карыстаецца самай рознай рытарычнай зброяй – кпінамі, знявагай і, вядома ж, спасылкамі на аўтарытэтаў. Так, злавіўшы Лупола на тым, што той пераблытаў фразу Вальфсона і цытату Пляханава, Вальфсон закідае: “Такім чынам, Г. В. Плеханаў залічаны рэцэнзентам ... да ведамства “чыстага сенсуалізму”. Акалічнасць цікавая і характарызуючая, у некаторай ступені, аўтарытэтнасць майго крытыка” (Вольфсон, 1924: IX).

Мы ўжо пісалі вышэй, што любы падручнік філасофіі нясе на сябе імпліцытнае пасланне і для адміністратараў адукацыйных працэсаў, прапануючы пэўную легітымацыю таго ці іншага сацыяльнага і палітычнага праекта. Але адметнасцю як працы Вальфсона, так і філасофскай прадукцыі тых часоў было тое, што падобнае пасланне адкрыта прагаворвалася. Так, паволе меркавання аўтара “Дыялектычнага матэрыялізму”, “мэта філасофіі складаецца з таго, каб апраўдаць дадзены (ці жаданы) сацыяльны строй, даць ягонаму праву і маралі метафізічную падставу і апірышча, даць яму санкцыю” (Вольфсон, 1924: 6).

Яшчэ адным істотным момантам з'яўляецца тое, што назва “дыялектычны матэрыялізм” была абраная самім Вальфсонам і сталася пэўнай канцэптуальнай інавацыяй, бо, як мы ўжо казалі раней, курс, што чытаўся філосафам у БДУ, насіў назву “гістарычны матэрыялізм”, падобна да кнігі Бухарына (Бухарин, 1921), якая і замяняла базавы вучэбны дапаможнік па асновах марксісцкай тэорыі ў самыя першыя паслярэвалюцыйныя часы. Для абгрунтавання свайго новаўвядзення Вальфсон сцвярджае наяўнасць у марксізме двух “памкненняў” – “сацыялагічнага і філасофскага” (Вольфсон, 1924: 1). Першае выяўляецца ў “матэрыялістычным разуменні гісторыі”, другое – у “матэрыялістычным разуменні прыроды (матэрыялістычнай натур-філасофіі)” (Вольфсон, 1924: 1).

Менавіта апошняе і мусіць атрымаць назву “дыялектычнага матэрыялізму”, пад якім неабходна разумець агульную анталагічную і метадалагічную рамку для розных адгалінаванняў марксісцкай тэорыі – у тым ліку і для гістарычнага матэрыялізму, які мусіць разглядаецца як падпарадкаваная тэорыя.

Падавалася б, перад намі абрысы добра знаёмага падзелу “дыямату” і “гістмату”, які праходзіць скразной лініяй праз усю савецкую філасофію.

Але ж, пры больш уважлівым аналізе становяцца відавочнымі і семантычныя адрозненні – гістарычны матэ- 41 № 21(2) 2013 рыялізм Вальфсон цалкам пакідае сацыялогіі і аддае філасофіі толькі “натур-філасофскі” блок. Апрача таго, сімптаматычным для вагання канону савецкай філасофіі тых часоў выступае факт, што Вальфсон лічыць неабходным бараніць свой падзел і абгрунтоўваць повязь паміж гэтымі двума блокамі.

Атоесніўшы марксісцкую філасофію з дыялектычным матэрыялізмам, Вальфсон адначасова і разводзіць іх:

для азначэння апошняга ён выкарыстоўвае ідэалагему “светасузірання”.

Як такі дыялектычны матэрыялізм “скасоўвае” філасофію. Апошняя пераадолена праз непасрэдны судотык з рэчаіснасцю, якім і мысліцца новае “матэрыялістычнае светасузіранне”, яна “пачынае ўзгадняцца з прыродай тых рэчаў, над якімі … філасофствуе” (Вольфсон, 1924: 3).

З гэтага ж антынамічнага разумення стасункаў паміж філасофіяй і дыялектычным матэрыялізмам (sive “матэрыялістычнае светасузіранне”) як рэчаў, паміж якімі існуюць адначасова тоеснасць і адносіны гістарычнай пераемнасці, вынікае і дваістасць адносінаў савецкай філасофіі да навукі. Філасофія, паводле Вальфсона, мусіць “знаходзіцца на вышэйшай прыступкі навукі” (Вольфсон, 1924:

3). У той жа час, “калі пад філасофіяй разумець [...] гіпер-філасофію, якая імкнецца спазнаць унутраную істу рэчаў, якая стварае свой “звышнавуковы” абшар і хітравата мудрагеліць”, то такой філасофіі няма месца ў новай сістэме ведаў як простай “духоўнай мігрэні” (Вольфсон, 1924: 3).

Свой курс, а адпаведна і кнігу, Вальфсон падзяляе на тры часткі:

1) Гісторыка-філасофскую.

2) Выклад асноваў марксісцкай артадоксіі, як яна склалася ў тыя часы. “Другая частка мае мэтай даць слухачам уяўленне аб існасці дыялектычнага матэрыялізму ў тым выглядзе, як ён быў фармуляваны Маркс-Энгельсам і распрацаваны рэвалюцыйнымі пераемнікамі заснавальнікаў навуковага сацыялізму, – так званымі артадаксальнымі марксістамі” (Вольфсон, 1924: 5).

3) Нарысы генезісу і развіцця асноўных сацыяльных інстытутаў у канцэптуальных асновах марксізму: “Разглядзець у святле матэрыялістычнага разумення гісторыі асноўныя з'явы грамадскага жыцця” (Вольфсон, 1924: 5).

Што датычыць гісторыка-філасофскай часткі, то яе Вальфсон выбудоўвае не вакол звыклага для пазнейшага савецкага марксізму наратыву супрацьстаяння ідэалізму і матэрыялізму, але ж цалкам прысвячае выключна матэрыялістычным філосафам: “Я буду таго ці іншага прадстаўніка філасофскай думкі разбіраць … у той меры, у якой яго творчасць унесла нешта новае ў развіццё матэрыялізму” (Вольфсон, 1924: 5).

Гісторыка-філасофскі працэс у выкладзе Вальфсона паўстае як лінейнае, паступальнае і пераможнае станаўленне матэрыялізму, акрамя Сярэднявечча, якое характарызуецца як час выключнага панавання антыматэрыялістычных памкненняў і адкату чалавечай думкі назад. Заўважна таксама, што ў выкладзе Вальфсона ў генезісе дыялектычнага матэрыялізму не адводзіцца месца для ўласна “дыялектычнага” боку, больш Іван Новік. Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля...

42 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя позняе размежаванне на механістычны/метафізічны і дыялектычны матэрыялізмы, якое ўвайшло ў канон савецкай філасофскай артадоксіі разам з публікацыяй “Філасофскіх сшыткаў” Леніна, пакуль яшчэ не знаёма Вальфсону.

Гісторыю філасофіі ў выкладзе Вальфсона адрознівае ад наступных яе савецкіх наратываў тое, што аўтар “Дыялектычнага матэрыялізму” зусім не лякаецца спасылацца ў якасці аўтарытэтаў на неакантыянцаў, расійскую дарэвалюцыйную прафесуру, нават на Шапенгаўэра (Вольфсон, 1924: 37) – усіх тых, хто праз хуткі час змогуць з’явіцца на старонках савецкіх гісторыка-філасофскіх прац хіба што ў ролі аб’ектаў крытыкі.

У выразнай супрацьлегласці да знаёмых нам пабудоваў савецкай гісторыка-філасофскай навукі сам матэрыялізм у вачах Вальфсона з'ява досыць позняя, і дастасаванне яго да філасофіі, напрыклад, Антычнасці, з'яўляецца ўмоўным, бо “паколькі ў гэту эпоху філасофія ўвогуле не ставіла прад сабой пытання аб адносінах свядомасці да быцця, яна і не магла быць матэрыялістычнай у сучасным сэнсе слова” (Вольфсон, 1924: 9).

У той час як “матэрыялізм” у інтэрпрэтацыі Вальфсона набывае сваю гістарычную акрэсленасць як досыць позняя з’ява, некаторыя іншыя паняцці і выразы, якія больш позняя савецкая думка адносіць выключна да “буржуазнай эпохі”, дастасоўваецца аўтарам “дыялектычнага матэрыялізму” да шырокага гістарычнага адцінку. Да прыкладу, разважаючы пра ўзлёт іанійскай думкі ў старажытнай Грэцыі, Вальфсон зазначае: “У гэтых гарадах зямельная арыстакратыя раней чым у іншых частках Грэцыі страціла свае панаванне, якое перайшло да гандляроў і прамыслоўцаў” (Вольфсон, 1924: 11);

самі дасягненні Антычнасці звязаныя з “прагрэсам вытворчасці”, які спрыяў развіццю “навуковага мыслення” (Вольфсон, 1924: 9); далей “з раскладаннем грэцкага валадарства [владычества] сусветная гегемонія перайшла да Рыму” (Вольфсон, 1924:

17) і г.д.

У выкладанні ўласна марксісцкай філасофіі Вальфсон намагаецца паказаць сукупнасць ідэяў Маркса і Энгельса як “адкрыццё” па аналогіі з прыродазнаўчымі адкрыццямі, то бок як канстатацыю аб’ектыўна існых заканамернасцяў. Аўтар “Дыялектычнага матэрыялізму” паслядоўна намагаецца адасобіць марксізм ад постацяў ягоных творцаў: “Сістэма дыялектычнага матэрыялізму не была вынайдзена геніям яе творцаў”, яна ўяўляе з сябе “толькі сінтэз … абумоўлены грамадскімі ўмовамі эпохі” (Вольфсон, 1924: 81). Калі б гэта не зрабілі Маркс з Энгельсам, адкрыццё “дыялектычнага матэрыялізму” ўсё адно б адбылося, бо “ бацыла матэрыялістычнага разумення гісторыі насілася ў 30–40-ых у сацыяльнай атмасферы Еўропы” (Вольфсон, 1924: 81).

“Матэрыялістычная дыялектыка” па Вальфсону паўстае як своеасаблівы рэляцыйны сенсуалізм. “Асноўнае пытанне філасофіі” беларускі марксіст трактуе наступным чынам:

“Цэнтральнае пытанне … гэта пытанне аб адносінах нашага ўну- 43 № 21(2) 2013 транага свету да свету вонкавага” (Вольфсон, 1924: 92). Адказам на гэтае пытанне мусіць быць сцвярджэнне прыроды ў якасці адзінага і адзінкавага рэгіёну існага: “Дыялектычны матэрыялізм лічыць рэальнай адну толькі прыроду” (Вольфсон, 1924:

93). Прырода ж вызначаецца праз змест перцэптыўнага досведу: “Пад прыродай мы маем наўвеце сукупнасць усяго таго, што з’яўляецца аб’ектам нашага пачуццёвага ўспрыняцця” (Вольфсон, 1924: 93).

Апрача гэтага сенсуалістычнага азначэння Вальфсон не дае іншых, за выключэннем розных “паэтычных” развагаў: “Прырода абдымае і складае сусвет. У ёй змяшчаецца розум і неразважлівасць, быццё і небыццё і ўсе супярэчнасці. Па-за ёй няма ніякіх палажэнняў, як няма і ніякіх супярэчнасцяў” (Вольфсон, 1924: 93).

Менавіта праз суаднесенасць з чалавечай перцэпцыяй Вальфсон вызначае матэрыяльнасць як такую: “Пад матэрыяльнасцю свету мы разумеем ягоную здатнасць дзейнічаць на нашы пачуцці і выклікаць тым самым у нас тыя альбо іншыя адчуванні” (Вольфсон, 1924: 94). Прычым аўтар “Дыялектычнага матэрыялізму” лічыць далейшыя азначэнні матэрыі лагічна немагчымымі. Матэрыя ў асадах марксізму, паводле Вальфсона, не можа мець свайго азначэння, бо 1) яна выступае як максімальна шырокае паняцця, якое такім чынам, паводле логікі, не можа быць вызначаным; 2) марксізм, з’яўляючыся “навуковым светасузіраннем”, не дае адказы на пытанні, якія знаходзяцца па-за межамі навуковых ведаў, акурат такім пытаннем ёсць пытанне пра тое, чым ёсць і адкуль паходзіць матэрыя (Вольфсон, 1924: 94).

“Матэрыялістычнасць” дыялектычнага матэрыялізму ў выкладзе Вальфсона выяўляецца таксама праз актыўную анексію элементаў прыродазнаўчага дыскурсу: у першую чаргу гэта вялікая колькасць адсылак на Паўлава. 7 Так, са спасылкай на расійскага фізіёлага Вальфсон інтэрпрэтуе жыццё як “ураўнаважанне вонкавага асяроддзя” (Вольфсон, 1924: 95). Гэтае ўраўнаважанне апісваецца адпаведным раўнаннем, якое можа ўключаць і самога чалавека.

Матэрыялізм гэта яшчэ і паслядоўны дэтэрмінізм. “Адкрыццё” Маркса і Энгельса складаецца з таго, што яны ўлучылі ў жорстка дэтэрміністычныя схемы тлумачэння і сацыяльна-гістарычны абшар: “Марксізм дае той жа самы адказ аб свабодзе волі, які ў свой час быў абвешчаны Спінозай” (Вольфсон, 1924: 115).

У цэлым падручнік Вальфсона носіць відавочна аўтарскі характар, шмат што з яго структуры адрозніваецца ад знаёмых нам абрысаў пазнейшых выданняў па дыялектычным матэрыялізме. У падручніку досыць шмат (асабліва ў гісторыка-філасофскай частцы) спасылак на немарксісцкіх аўтараў, падчас – аўтараў адкрыта варожых марксізму. Але акурат гэтае багацце спасылак і цытат робіць 7 Зрэшты, на старонках “Дыялектычнага матэрыялізму” можна знайсці спасылкі нават на квантавую тэорыю, якая яшчэ інтэрпрэтуецца ў якасці тэарэтычнага саюзніка матэрыялістычнай дыялектыкі (Вольфсон, 1924: 108).

Іван Новік. Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля...

44 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя “Дыялектычны матэрыялізм” цяжкім для ўспрыняцця. У той жа час стыль Вальфсона адрозніваецца пэўнай жывасцю – ён эмацыйны, насычаны метафарамі, пэўнага кшталту паэтыкай, але ўсе гэтыя характарыстыкі ўводзяцца ў тэкст за кошт зніжэння аргументацыі.

“Марксісцкая сацыялогія” Кацэнбогена. Уяўленне пра чытаныя Кацэнбогенам на Факультэце грамадскіх навук курсы па “генетычнай сацыялогіі” і “марксісцкай сацыялогіі” (1924– 1925 гадах курсы таксама чыталіся на педагагічным факультэце) можна скласці на падставе набраных на друкарскай машынцы запісаў лекцый, два тамы якіх захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (Каценбоген, 1925а; Каценбоген, 1925б).

Адметнасць курса Кацэнбогена на тле знаёмых нам абрысаў савецкай філасофіі як такой пачынаецца ўжо з самой яго назвы і прадмета. Агульнараспаўсюджаным з'яўляецца меркаванне, што сацыялогія ў разуменні савецкага марксізму прадстаўлялася выключна як сукупнасць “буржуазных” тэорый і аб'ектам для крытыкі.

Але ж “Марксісцкая сацыялогія” Кацэнбогена з'яўляецца нагодаю ўзгадаць, што першапачаткова саюз двух даследніцкіх праектаў – марксізму і маладой сацыялагічнай навукі – падаваўся ягоным удзельнікам цалкам магчымым і заканамерным: абодва паўставалі ў падобных эпістэмалагічных кантэкстах і іх ранняе развіццё характарызавалася працэсамі ўзаемнай канвергенцыі.

І марксізм, і сацыялогія з'явіліся на маргінезе сучаснай ім гуманітарнай навукі, абодва падвяргаліся астракізму з боку афіцыйных навуковых колаў, абодва, нарэшце, грунтаваліся на попыце актыўнай і радыкальнай сацыяльнай інжынерыі. Але з ходам пераўтварэння марксізму ў пануючую ідэалогію савецкай дзяржавы абрысы магчымага саюза пачалі распадацца. Для нас жа істотнай з'яўляецца гістарычная і прасторавая лакалізацыя гэтых працэсаў. Дамінуе пункт гледжання, згодна з якім разрыў з сацыялогіяй у савецкай навуцы варта прымяркоўваць да 1921–1922 гадоў, калі з краіны высылаюць Піцярыма Сарокіна і закрываюць Сацыябібліялагічны інстытут і кафедры сацыялогіі пры Петраградскім дзяржаўным універсітэце. Звычайна пры гэтым спасылаюцца на словы самога Сарокіна: “Сацыялогія "трапіла ў няласку". Да 1921–22 навучальнага году яна як такая была выключана і заменена курсам "Развіццё грамадскіх формаў (па канструкцыі Лілінай, Бухарына і Багданава)... Сацыялогію ж перанеслі ў "Даследчыя Інстытуты".

У Петраградскім Універсітэце яна, напрыклад, уваходзіла ў "Гістарычны Даследчы Інстытут", які складаўся з трох секцый: гісторыі (рускай і ўсеагульнай), сацыялогіі і філасофіі. Бо зараз Даследчыя Інстытуты ліквідаваны, то тым самым ліквідавана і сацыялогія як прадмет выкладання” (Сорокин, 1994: 418).

У гэтым меркаванні звычайна пагаджаюцца з Сарокіным як рускамоўныя даследнікі (гл. напр. Дмитриев, 2007; Социология, 2000), так і вядомыя заходнія навукоўцы (напр.

Weinberg, 1974: 1–6). Але, як мы бачым, падобная храналогія падзей ніяк не можа быць дастасаванай да 45 № 21(2) 2013 сітуацыі ў Беларусі: тут два найбольш аўтарытэтных прамоўцы ад імя марксізму не толькі адводзяць сацыялогіі “пачэснае” месца ў магчымых абсягах “пралетарскай” культуры, але і цалкам атаясняюць з ёй “гістарычны матэрыялізм”, а курс па “марксісцкай сацыялогіі” з поспехам чытаецца ажно да 1925 году.

Згодна з задумай Кацэнбогена, чытаны ім курс марксісцкай сацыялогіі падзяляўся на тры часткі: 1) “Агульная сацыялогія”; 2) “Генетычная сацыялогія”; 3) “Гісторыя сацыялагічнай думкі” – гэтак жа сама, паводле думкі аўтара лекцыі, мусіць праводзіцца падзел самой сацыялагічнай навукі (Каценбоген, 1925а:

18–20). “Агульная” сацыялогія мусіла ўлучаць агульныя законы, кіруючыя грамадствам і ягоным развіццём (да ліку такіх законаў Кацэнбоген залічвае, напрыклад, “закон” класавай барацьбы, Каценбоген, 1925а: 13), і ўяўлялася аўтарам як тэорыя “анталогіі грамадства” (Каценбоген, 1925а:

19). “Генетычная” ж сацыялогія прадугледжвала стварэнне “навукі аб законах, якія кіруюць паходжаннем і развіццём грамадскіх інстытутаў” (Каценбоген, 1925а: 14). І, па сутнасці, уяўляла сабой разгляд генезісу і гістарычнай эвалюцыі паасобных сацыяльных інстытутаў. Але ў набраным тэксце лекцый знайшлі сваё адлюстраванне толькі дзве з памянёных частак – “агульная сацыялогія” (Кацэнбоген, 1925а) і “гісторыя сацыялагічнай думкі” (Кацэнбоген, 1925б).

Самую “марксісцкую” сацыялогію Кацэнбоген вызначае наступным чынам: “Марксісцкую сацыялогію мы сабе ўяўляем, як неабходнае звяно ва ўніверсальным дыялектычна-матэрыялістычным светапоглядзе.

Яе асноўная задача – вывучаць грамадскае жыццё з прыродазнаўчага пункту гледжання. Яе канчатковая мэта – выпрацаваць матэрыялістычны сацыяпогляд” (Кацэнбоген, 1925а: “От лектора”). Як бачым, у азначэнні Кацэнбоген актыўна карыстаецца той ідэалагемай “светапогляду”, якую мы разгледзелі вышэй, пры гэтым сам “марксісцкі” сацыялагічны праект лакалізуецца і легітымуецца ім не праз суаднясенне з навуковым полем як такім, але як частка працэсаў канструявання гэтага “светапогляду”.

Яшчэ меней схільны філосаф адносіць сацыялогію да гуманітарных навук: згодна з ягонымі поглядамі, яна выяўляецца як “марксісцкая” роўна настолькі, наколькі праяўляе свой прыродазнаўчы характар (Кацэнбоген, 1925а: 4), і пазбаўляецца нарматыўных падыходаў у імя чыстае дэскрыпцыі (ці “аб'ектыўнасці” ў тэрміналогіі аўтара) (Кацэнбоген, 1925а: 25).

Мы бачым, як балансуе раннесавецкі марксізм і думка Кацэнбогена паміж двума полюсамі: пазітывісцкім рэдукцыянізмам і “навуковасцю” як ідэалагемай, што павінна толькі пазначыць кантралюючую ў стасунку да навукі ролю новай ідэалогіі. З аднаго боку, Кацэнбоген старанна адмяжоўваецца ад розных біялагізатарскіх версій сацыялогіі, з другога – атаясняе развіццё сацыялогіі і “марксісцкага светапогляду” з інтэрпрэтацыяй грамадства як замкнёнай сістэмы заканамернасцяў, а ў якасці аднаго з узораў для пераймання сацыялагічнай навуцы прапануе рэдукцыю псіхічнага да рэфлексаў.

Іван Новік. Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля...

46 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя Характэрным “духам эпохі” вее і ад тых пасажаў, дзе Кацэнбоген уводзіць своеасаблівыя рэферэнцыі да прыродазнаўчага дыскурсу: “Жыццё есць прыстасаваннем. Усё, што не прыстасоўваецца, выходзіць з стану больш ці менш устойлівай раўнавагі і гіне... Грамадства і з'явілася сістэмай прыстасавання чалавека да прыроды, без якой ён немінуча б загінуў” (Кацэнбоген, 1925а: 3–4); “На нас уплывае асяроддзе – комплекс сацыяльных раздражняльнікаў, якія спараджаюць адпаведныя рэакцыі, сукупнасцю якіх і ёсць нашая псіхіка” (Кацэнбоген, 1925а: 7). У гэтых і падобных пасажах праяўляецца характар эпістэмалагічнай сітуацыі раннесавецкага марксізму. Яму яшчэ не стае цэласнасці падуладнай культуры, глыбіні кантролю над яе працэсамі, каб атаясаміць “навуковасць” з неабходнасцю спасылацца на кананічнае ядро тэкстаў “айцоў-заснавальнікаў”. У першую палову 1920-х неабходны прысмак навуковасці надаваўся марксізму праз цытаванае вышэй паасобнае выкарыстанне.

Бясспрэчна, апрача падобных адсылак да прыродазнаўчага дыскурсу Кацэнбогену неабходна было абгрунтаваць саму магчымасць марксісцкай сацыялогіі, апошняе дасягаецца звычайным для савецкага марксізму шляхам – спасылкамі на аўтарытэт:

“Да вывучэння капіталістычнага грамадства Маркс падыходзіць як сацыёлаг” (Кацэнбоген, 1925а: 10);

“Пляханаў і Ленін – абодва, асабліва, падкрэсліваюць каласальнае значэнне сацыялогіі, але, вядома ж, пралетарскай” (Кацэнбоген, 1925а: 10). Адначасова з тым пастулюецца і прынцыповае адзінства марксісцкай сацыялогіі: “У марксісцкай сацыялогіі мы бачым поўнае адзінства поглядаў” , а любая гетэрагеннасць суадносіцца з “рэвізіянізмам”: “Рознагалоссі маюць месца толькі паміж рэвалюцыйнымі марксістамі і рэвізіяністамі розных адценняў” (Кацэнбоген, 1925а: 7).

Перад намі знаёмы па савецкай філасофіі рытарычны прыём: свае погляды аўтар атаясамлівае з поглядамі “заснавальнікаў” марксізму, а адрозныя ад іх меркаванні адносіць да палітычнай недобранадзейнасці.

Але ёсць у рэферэнцыях Кацэнбогена да “класікаў” і апрычоныя ў параўнанні з пазнейшай савецкай філасофіяй рысы: тэксты Маркса, Энгельса, Леніна трактуюцца як адкрытыя, незавершаныя праекты. Марксізм як такі для Кацэнбогена – разамкнёная навуковая тэорыя, дапоўніць якую пакліканы сучасныя яму пакаленні марксістаў. У рэзкім кантрасце з далейшым “марксізмам-ленінізмам” савецкай філасофіі спадчына Маркса інтэрпрэтуецца як сукупнасць “геніяльных накідаў”. Вось, напрыклад, як Кацэнбоген апісвае тэорыю класаў Маркса: “У 3 томе Капіталу К. Маркс даў геніяльны накід сваёй тэорыі паходжання класаў, але не паспеў свае сцвярджэнні развіць і скончыць” (Кацэнбоген, 1925а: 52).

Як мы ўжо казалі, у надрукаваным выглядзе мы маем дзве часткі курсаў Кацэнбогена – “агульную” сацыялогію і гісторыю сацыялагічных вучэнняў.

Агульная ўяўляе з сябе: 1) шэраг метадалагічных нататак – вызначаецца як само паняцце сацыялогіі (“навука аб законах грамадскага жыцця”, Кацэнбоген, 1925а: 13), так і яе прадмет, 47 № 21(2) 2013 “грамадства ўвогуле” (Кацэнбоген, 1925а: 20), унутраны падзел сацыялогіі, яе метадалогію і суадносіны з іншымі навукамі; 2) пераказ асноўных марксісцкіх пастулатаў адносна грамадства і гісторыі. Апошнія пры гэтым трактуюцца як сацыялагічная веда; 3) паслядоўная дэканструкцыя рэшты сацыялагічных паняццяў і тэорый шляхам іх звядзення да эканамічных феноменаў. Да прыкладу, Кацэнбоген адмаўляе спецыфічна чалавечы і сацыяльны характар мовы і свядомасці: яны маладзейшыя за чалавецтва і грамадства і ўзнікаюць дзякуючы пэўным “эканамічным” умовам (Кацэнбоген, 1925а: 27–32). Гэтак жа сама Кацэнбоген разбурае праз адсылкі да этнаграфічных дадзеных уяўленні пра сям'ю як неабходную і акрэсленую ў сваіх формах сацыяльную адзінку.

Шматкроць паўтараецца аднолькавы канцэптуальны ход – праз спасылкі да звестак аб прымітыўных, першабытных народах рэлятывізуюцца ўсе сацыяльныя катэгорыі апрача эканамічных.

Варта адзначыць, што пры пераказе меркаванняў немарксісцкіх аўтараў і тэорый, нават адкрыта варожых марксізму, Кацэнбоген рэдка адыходзіць ад нормаў навуковага дыскурсу – погляды ўзнаўляюцца ў цэлым слушна, а крытыка ажыццяўляецца за кошт пошуку лагічных супярэчнасцяў. Няхай ён і зазначае між іншым, што падобныя тэорыі з’яўляюцца выяўленнем класавых інтарэсаў, але ж апошняе не слугуе адзіным крытэрам, іх адрынання.

У той жа час тэкст падаецца нам перасычаным пералікам розных поглядаў, прозвішчаў і тэорый – ён занадта грувасткі для ўспрыняцця аўдыторыяй і па характары хутчэй падобны не на адукацыйны, а навукова-даследчы.

Другая частка (“Гісторыя сацыялагічнай думкі”) ёсць спробаю надаць сацыялогіі рэспектабельную генеалогію – у той час як назва дысцыпліны прыналежыць Конту, яе пачаткі сягаюць самых вытокаў філасофскай думкі. Кацэнбоген па сутнасці атаясняе гісторыю сацыялагічнай думкі з гісторыяй усіх меркаванняў адносна грамадства і ягонага ўладкавання, выказаных цягам усёй гісторыі філасофіі. Кацэнбоген малюе шырокую панараму гісторыка-філасофскага працэсу, асноўным сюжэтам якога паўстае барацьба за “матэрыялістычнае разуменне грамадства”, якая (барацьба) часцей за ўсё атаясняецца з барацьбой з рэлігіяй і пастуляваннем неабходнага, заканамернага характару сацыяльных працэсаў. Адначасова з тым аўтар намагаецца да кожнага вылучанага этапу развіцця сацыялагічнай думкі знайсці схему рэдукцыі да эканамічных варункаў адпаведнай эпохі. 8 У той жа час апошняе ён робіць досыць незвычайна ў параўнанні з больш познімі версіямі марксізму:

Платон і Арыстоцель аказваюцца сучаснікамі “перыяду актыўнага ка8 “Падчас знаёмства з гісторыяй сацыялагічнай думкі, мы павінны мець на ўвазе перш-найперш дзве асноўных задачы: 1) паказаць, як мацнее думка пра заканамернасць грамадскага жыцця, гістарычнага працэсу, 2) як эвалюцыя сацыялагічнай думкі адлюстроўвае эвалюцыю вытворчых сіл і вызначаных імі сацыяльнаэканамічных адносін” (Кацэнбоген, 1925б: 105) Іван Новік. Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля...

48 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя піталізму” (Кацэнбоген, 1925б: 87).

Прычым першы з іх “кліча назад ад капіталізму” (Кацэнбоген, 1925б:

89), а другі – “бічуе капіталістычны лад... спекуляцыйныя элементы грамадства ... фінансавы ажыятаж” старажытнагрэчаскага грамадства, кіруючыся “дробнабуржуазнымі ідэаламі” (Кацэнбоген, 1925б: 92).

Гэтыя “анахранізмы”, відавочныя з пункту гледжання познасавецкай думкі, тлумачацца досыць проста – у часы працы Кацэнбогена яшчэ не быў створаны канструкт “грамадска-палітычных фармацый”, які паступова пераўтварыўся ў неад'емную ад успрыняцця марксізму тлумачальную схему. Тым болей, гэтыя “анахранізмы” маюць цікавасць для нас, дазваляючы зазірнуць у працэс фарміравання канцэптуальнага канону, убачыць гетэрагеннасць савецкага марксізму на розных этапах яго фарміравання, насуперак ягоным атаясняючым аўтарэферэнцыям.

Падсумоўваючы, адзначым асноўныя рысы адукацыйных прац Вальфсона і Кацэнбогена:

1) Абодва курсы адрознівае індывідуальна-аўтарскі характар – яны былі створаныя “на свой страх і рызыку”, і, нягледзячы на абавязковыя адсылкі да кананічных тэкстаў, палягалі насамрэч на цэлым комплексе сітуатыўных меркаванняў і сцвярджэнняў. У дарэвалюцыйны перыяд марксізмам не было створана тэкстаў, прыдатных для педагагічнага дыскурсу, і паступовае складванне адукацыйных практык савецкай філасофіі ішло поруч з паралельным працэсам вынаходніцтва ўласнай “артадаксальнасці”.

2) Абодва курсы і падручнікі змяшчаюць вялікія гісторыка-філасофскія блокі, створаныя на падставе актыўнага выкарыстання заходняй крытычнай літаратуры і насычаныя шматлікімі “анахранізмамі” з пункту гледжання больш позняй “фармацыйнай” тэорыі.

3) Курс (і адпаведны праект) “марксісцкай сацыялогіі” Кацэнбогена выступае ў якасці ўнікальнай распрацоўкі беларускай марксісцкай філасофіі 1920-х, надаючы апошняй пэўную апрычонасць у агульнасавецкім маштабе.

IV. Камуністычныя ўніверсітэты Да крыху пазнейшага часу і іншае ўстановы адносяцца курсы лекцый, прачытаныя Быхаўскім і Выдрай у сценах Гомельскага Камуністычнага ўніверсітэту, стэнаграмы якіх былі надрукаваныя асобнымі брашурамі і зараз захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Гэтыя брашуры, складзеныя, здавалася б, з невялікіх і нязначных лекцый, прадстаўляюць цікавасць з некалькіх прычын.

Па-першае, лекцыі ў нядзельным універсітэце Гомеля чыталіся ў межах агульнай праграмы такой адметнай інстытуцыі як Камуністычны Універсітэт Беларусі, аднаго з шматлікіх Камуністычных універсітэтаў, сетка якіх была арганізавана наўсцяж савецкай краіны цягам першых дзесяцігоддзяў яе існавання. Падобныя ўстановы арганізоўваліся на аснове партыйных школ і на зыходзе 1930-х гадоў былі ізноў перайменаваныя ў партшколы ці проста зачыненыя (як здарылася 49 № 21(2) 2013 з самым вядомым Камуністычным універсітэтам імя Свярдлова). Але ў 1920–1930 гады менавіта Камуністычныя ўніверсітэты пазіцыянаваліся як галоўныя асяродкі развіцця і ўмацавання новай “бальшавіцкай” думкі.

Асноўнай прагматыкай стварэння падобных устаноў была перападрыхтоўка адміністрацыйных і кіраўнічых кадраў новай улады. То бок, у дадзеным выпадку ішлося не проста пра пэўную інжынерыю ментальнасці лаяльнага новай дзяржаве грамадзяніна, але пра мінімальны запас ведаў і ідэалагічных установак, які патрабаваўся новай уладай ад партыйнай і кіраўнічай эліты.

Звычайна пры апісанні агульнай савецкай сітуацыі сярод даследнікаў прынята адзначаць пэўную напружанасць і канкурэнцыю паміж традыцыйнымі акадэмічнымі інстытуцыямі і новымі ўласна бальшавіцкімі ўстановамі, увасабленнем якіх і былі Камуністычныя ўніверсітэты (напр.

David-Fox, 1998). Але ў выпадку беларускага марксізму сітуацыя, наколькі мы можам меркаваць, складалася інакш. У асноўным навучэнцам Камуністычнага ўніверсітэту чыталіся тыя ж лекцыі і тымі ж самымі людзьмі, што і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Тлумачэнне гэтаму мы бачым у двух фактарах, адметных для тагачаснай беларускай сістэмы адукацыі. Па-першае, у БССР адчуваўся недахоп у людскіх рэсурсах (пасля ад’езду Кацэнбогена чытаць лекцыі, прысвечаныя савецкай марксісцкай артадоксіі, на прафесійным узроўні маглі толькі тры чалавекі: Вальфсон, Быхаўскі і Выдра). Па-другое, сам Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт быў створаны за савецкім часам, тут нельга казаць пра нейкую папярэднюю традыцыю, якая б давала магчымасць актарам праяўляць інерцыю акадэмічных паводзін і адстойваць аўтаномію інтэлектуальнага поля, набытую ў папярэднія часы (як гэты было ў выпадку той жа расійскай акадэміі навук, пра якую піша Дэвід-Фокс).

Па-другое, цікавымі гэтыя брашуры з’яўляюцца з пункту гледжання змены інтэлектуальных генерацый у беларускім савецкім марксізме.

Абодва лектара – Быхаўскі і Выдра, атрымалі адукацыю ў савецкі час. То бок, яны ўвасабляюць сабой першую генерацыю тэарэтыкаў-марксістаў, узрошчаную новай уладай.

Па-трэцяе, для вірлівых дваццатых, калі новая ўлада навобмацак спрабавала намацаць новую сістэму сваёй канцэптуальнай артадоксіі, была характэрна вельмі вялікая дынаміка зменаў ацэнак палітычнай добранадзейнасці тых альбо іншых тэарэтычных схемаў ці метадалагічных стратэгіяў. Пакуль яшчэ небагатыя дырэктыўныя “слоўныя інтэрвенцыі” “стырнавых” маладой савецкай дзяржавы хутка падхопліваліся інтэлектуальным полем, дзе яны слугавалі асноўнымі кропкамі рэферэнцыі ў зацятых спрэчках. Такім чынам, 1920-я гады ў савецкім марксізме – гэта часы вельмі хуткай крышталізацыі канона, але ў той жа час і ягонай хісткасці, хуткіх трансфармацый. Менавіта высокую дынаміку зменаў тагачаснага марксісцкага канону можна праілюстраваць на падставе лекцыяў Быхаўскага і Выдры. Усяго некалькі год, што аддзяляюць гэтыя лекцыі ад “Марксісцкай сацыялогіі” КацэнІван Новік. Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля...

50 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя богена і першых выданняў “Дыялектычнага матэрыялізму” Вальфсона, аказаліся вырашальным фактарам для сутнаснай змены акцэнтаў.

Мы бачылі, якое “пачэснае” месца адводзяць Кацэнбоген і Вальфсон сацыялогіі і ў навучальных курсах, і ў сваім бачанні будучай савецкай навукі – яна, па сутнасці, слугуе для іх назвай для ўсіх грамадазнаўчых тэорыяў марксізму. У той жа час для Быхаўскага і Выдры назва сацыялогіі ўжо відавочна набыла маркёр ідэалагічна варожага для савецкай навукі напрамку.

Калі Выдра выказвае негатыўнае стаўленне да сацыялогіі ад свайго імя:

“Я асабіста прытрымліваюся таго пункту гледжання, што сацыялогія не з’яўляецца гістматам і гістмат не з’яўляецца сацыялогіяй, на падставе досведу, атрыманага мною пры вывучэнні буржуазных сацыёлагаў.

...сацыялогія з’яўляецца не навукай, сацыялогія з’яўляецца свайго кшталту алхіміяй. Усе спробы буржуазных сацыёлагаў ...пабудаваць тэарэтычныя абагульненні болей шырокія, чым Маркс зрабіў, вырачыны на няўдачу” (Выдра, 1928: 16), то Быхаўскі ўпэўнена прамаўляе ад імя ўсяго марксізму, для яго відавочна “адмоўнае стаўленне да сацыялогіі, як навукі аб грамадстве «ўвогуле»” (Быховский, 1928: 7).

Быхаўскі “Аб заканамернасцях грамадскага развіцця”. Лекцыя прысвечана праблемам інтэрпрэтацыі гістарычнага працэсу ў асадах марксісцкай тэорыі. Саму неабходнасць сваёй лекцыі, прагматыку ўзнятых пытанняў Быхаўскі акрэслівае праз выкарыстанне вышэй апісанага намі метафарычнага патэрна “будоўлі”: працэсы будаўніцтва новага грамадства/“разбурэння старога” патрабуюць ад грамадзян новай краіны “распарадзіцца” спадчынай буржуазнай культуры, у склад якой уваходзіць і навука. Само гэта “распараджэнне” апісваецца як выключна механічны працэс своеасаблівага арудавання культурнымі феноменамі, адбору-выкідання: “У гэтай культурнай спадчыне мы павіны адабраць тое, што прымальна для нас, каштоўна, карысна для далейшай будоўлі, і адкінуць тое, што непрымальна, гніла, непрыдатна” (Быховский,1928: 1).

Першасным такім крытэрам павінен быць падзел прыродазнаўчых і сацыяльна-гуманітарных навук. Калі першыя за выключэннем “буржуазнага шалупіння” (Быховский, 1928: 1), цалкам прымальныя для новай “пралетарскай культуры”, то другія – наадварот, падлягаюць татальнаму адпрэчванню.

Асноўнай заганай усіх існых сацыяльна-гуманітарных навук Быхаўскі лічыць акурат іх адрознасць ад прыродазнаўчых: адсутнасць спецыфічнай “дакладнасці”, прэскрэптыўнасць і маралізатарства. Усё гэта выдае іх стоенае пакліканне: зацямняць сапраўдную сутнасць гістарычных працэсаў, прыхоўваць аб’ектыўныя заканамернасці, якія дзейнічаюць у грамадстве.

Быхаўскі досыць падрабязна спыняецца на разглядзе папулярнай у гэты час неакантыянскай тэорыі раздзялення метадаў на генералізуючыя і індывідуалізучыя, намагаючыся даказаць хібнасць такога падзелу. Пры гэтым аргументацыя аўтара дастаткова паслядоўная і кагерэнтная.

Астатні тэкст лекцыі прадстаўляе досыць звыклы для далейшай са- 51 № 21(2) 2013 вецкай філасофіі разгляд праблемаў інтэрпрэтацыі гістарычнага працэсу з “марксісцкага пункту гледжання”.

Тэкст лекцыі разгортваецца вакол такіх добра знаёмых сённяшняму чытачу пытанняў, як:

1) суадносіны агульнага і адзінкавага ў грамадскіх і гістарычных працэсах, праблема заканамернасці апошніх;

2) якім чынам аб’яднаць прадвызначанасць гісторыі ў марксізме і патрабаванне актыўнасці ад індывіда;

3) суадносіны выпадковага і неабходнага ў гісторыі;

4) роля геніяў у гісторыі ў суадносінах з класавым падыходам.

Выдра “Тэорыя грамадскага развіцця” і “Матэрыялістычная дыялектыка”. Гэтыя дзве невялікія лекцыі прысвечаныя разгляду досыць традыцыйных для далейшай савецкай філасофіі праблем (прычым прапанаваныя развязанні таксама мала адрозніваюцца ад адказаў больш позняга савецкага марксізму):

а) інтэрпрэтацыя гісторыі ў марксізме (геаграфічнае асяроддзе і грамадскае развіццё; вытворчасць і патрэбы; свабоды і неабходнасць; базіс і надбудова; гістарычны матэрыялізм і сацыялогія), б) асобныя сцверджанні і “законы” матэрыялістычнай дыялектыкі і яе параўнанне з іншымі эпістэміялагічнымі праектамі (фармальная логіка і матэрыялістычная дыялектыка; матэрыялістычная дыялектыка і дыялектыка ідэалістычная;

“скачок”, пераход колькасці ў якасць;

адмаўленне адмаўлення, барацьба супрацьлегласцяў) уяўляюць для нас цікавасць з іншага боку. Для іх уласцівыя працэсы сутнаснай дэфармацыі навуковай мовы, прычым гэтая дэфармацыя найбольш ізаморфная тым зменам, якія зазнае філасофскі дыскурс у СССР цягам “сталінскай эпохі”. То бок, калі папярэднія тэксты давалі нам нагоду прасачыць станаўленне гнуткай савецкай догмы з пункту гледжання яе семантычнага насычэння, то на падставе лекцыяў Выдры можна прасачыць станаўленне своеасаблівага філасофскага “новамоўя”.

Для гэтых тэкстаў уласцівыя шматлікія паўторы, таўталогіі сугестыўнага, нават заклінальнага характару: “Французскія матэрыялісты таму і былі матэрыялістамі, што яны прызнавалі аб’ектыўнае існаванне матэрыі, што з пункту гледжання гэтае матэрыі намагаліся патлумачыць ўсе працэсы навакольнага свету” (Выдра, 1928б: 1); “калі ўтапізм выступаў супроць пэўнага стану рэчаў (гэты стан рэчаў быў буржуазным станам рэчаў), такім чынам, утапізм выступаў з крытыкай буржуазнага грамадства” (Выдра, 1928б: 3); “гэта бездапаможнасць у справе знішчэння існага стану рэчаў, гэта бездапаможнасць, якая выяўляецца ў тым, што ўтапісты не лічаць магчымым знайсці ідэальнае становішча у ўмовах існага стану рэчаў” (Выдра, 1928б: 3); “уся гісторыя прадстаўляе сабой паступовае, усё большае і большае накапленне гэтых крытычна думаючых асоб, гэтыя крытычна думаючыя асобы супрацьпастаўляюцца масе, не маса жадае гісторыю, маса пасіўна, актыўным элементам з’яўляюцца крытычна мыслячыя асобы” (вылучэнні ў тэксце мае – Н. І.).

Іван Новік. Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля...

52 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя Для тэкстаў абрана своеасаблівая форма катэхізісу: стратэгія падачы матэрыялу будуецца праз шматлікія пытанні/адказы. Часам – адказы на запыты ўяўнага антаганіста: “Тады яны пытаюць у нас ... вы ўказвайце... ”, “яны кажуць... ”, “тут буржуазны філосаф кажа”, “калі буржуазны філосаф гаманіць ... мы кажам, што усё гэта дробязі... ” (Выдра, 1928а: 7).

Для лекцыяў уласцівыя амаль поўная адсутнасць лагічнай аргументацыі, дэкларатыўнасць большасці тэзаў.

Некаторыя вывады Такім чынам, дзейнасць беларускіх філосафаў 1920-х гадоў была звязаная пераважна з працэсамі канструявання новай марксісцкай ідэалогіі і яе рэтрансляцыі.

Але ўжо напрыканцы 1920-х у творчасці Вальфсона пачынаюць гучаць пагрозлівыя ноткі: у артыкуле за 1929 год, надрукаваным у “Марксісцкім зборніку”, ён заклікае новастворанае “Навуковае таварыства марксістаў БССР” звярнуць увагу на “ажыўленьне варожых нам тэндэнцый і ў сфэры тэорыі: ў гісторыі, экономіцы, мастацтвазнаўстве і г.д. Уважліва сачыць за такімі тэндэнцыямі і бязьлітасна выкараняць іх – наш першы абавязак” (Марксісцкі, 1929: 5).

Гэтаксама гучаць заклікі да “змаганьня з ідэолёгіямі нацыяналістычных ворагаў: вялікадзяржаўных расійскіх шовіныстых, беларускіх нацыянал-лібэральных шовіністых, яўрэйскіх ды польскіх нацыяналістых” (Марксісцкі, 1929: 6).

Менавіта гэтай “выкрывальніцкай” танальнасці наканавана будзе дамінаваць у працах беларускіх савецкіх філосафаў у наступным дзесяцігоддзі, калі іх праца будзе звязаная не столькі са стварэннем новых тэарэтычных ведаў, ці, прынамсі, новых ідэалагічных канонаў, колькі з легітымацыяй той хвалі рэпрэсіяў, што абрынулася на беларускую культуру і на дзеячаў беларускага адраджэння ў канцы 1920-х і дасягнула свайго піку ў 1930-я гады.

Літаратура 1. Аксельрод, Ида (1923). Литературно-критические очерки. Минск: Белтрестпечать. 1923.

2. Белорусский государственный университет в 1922–23 учебн. году. (1922). С. З. Каценбоген (сост.). Працы Беларускага дзяржаўнага універсытэту Труды Белорусского государственного университета. Менск: БДУ, № 2/3: 230–281.

3. Бухарин, Николай (1921). Теория исторического материализма: популярный учебник марксистской социологии. Государственное издательство.

4. Быхоўскі, Бернард (1926а). Марксызм і філёзофія. Полымя, № 5: 73–93.

5. Быхаўскі, Бернард (1926б). Уводзіны ў філёзофію дыялектычнага матэрыялізму.

Полымя, № 7: 106–120.

6. Быховский, Бернард (1928). О закономерности общественного развития: Стеногр. лекции. Воскрес. коммунист. ун-т. Гомель: Мин. и Гомел. агитпропы окружкомов КПБ.

53 № 21(2) 2013 7. Вольфсон, Семен (1921–1922). Программа курса С. Я. Вольфсона, читаемого на факультете Общественных наук Белорусского государственного университета по историческому материализму, 1921–22 акад. год. Б.м., Б.г.

8. Вольфсон, Семен (1922а). Великий социалист: краткий очерк жизни Г. В. Плеханова. Минск: Государственное издательство Белоруссии.

9. Вольфсон, Семен (1922б). Вокруг Плеханова: плехановская литература за 1922 год. Минск: Белтрестпечать.

10. Вольфсон, Семен (1924). Диалектический материализм: Курс лекций, чит. на фак. обществ. наук Белорус. гос. ун-та. Минск: Белтрестпечать.

11. Вальфсон, Сямён (1926а), Ленін і Плеханаў. Полымя, № 3: 142–167.

12. Вальфсон, Сямён (1926б). Факультэт права і гаспадаркі Беларускага Дзяржаўнага Універсітэту. Працы БДУ, № 11: 123–130.

13. Вольфсон, Семен (1926в). Диалектический материализм: Курс лекций, чит. на фак. обществ. наук и пед. фак. Белорус. гос. ун-та. Менск: Гос. изд-во Белоруссии.

14. Вольфсон, Семен (1927). Этическое миросозерцание Спинозы: Докл. на торжеств.

заседании науч. о-ва при БГУ, посвящ. 250-летию со дня смерти Баруха Спинозы.

Минск: Издательство Белорусского государственного университета.

15. Вальфсон, Сямён (1928). Вялікі соцыялісты: Кароткі нарыс з жыцця Ю.В.Плеханава Мінск.: Белдзяржвыд, 1928. 72 с.

16. Вольфсон, Семен (1929). Диалектический материализм: курс лекций, читанных в Белорусском государственном университете. Минск: Издание Белорусского государственного университета. Ч. 1–3.

17. Вольфсон, Семен (1936). Институт философии Белорусской Академии наук. Минск.

18. Выдра, Рувім (1928а). Материалистическая диалектика: Стеногр. лекции. Воскрес. коммунист. ун-т. Гомель: Агитпроп окружкома КП(б)Б.

19. Выдра, Рувім (1928б). Теория общественного развития. Воскрес. коммунист. унт: Стеногр. лекции. Гомель: Изд. Мин. и Гомел. агитпропы окр. КПБ.

20. Горев, Борис (1925). Очерки исторического материализма: лекции, читанные на курсах секретарей уездных комитетов Р.К.П. весною 1924 года. Харьков: "Пролетарий".

21. Дмитриев, Александр (2007). Академический марксизм 1920–1930-х годов: западный контекст и советские обстоятельства. НЛО. № 88: 10–38.

22. Каценбоген, Соломон (1925а). Марксистская социология: курс лекций, читанных в 1924–25 академическом году на Педагогическом факультете БГУ профессором С. З. Каценбогеным: в 2 ч. Минск: Издание профкома рабпрос БГУ Ч. 1.

23. Кацэнбоген, Соломон (1925б). Диалектический материализм и механистическое мировоззрение. Працы Беларускага дзяржаўнага універсытэту Труды Белорусского государственного университета. Менск: БДУ, № 1: 230–281.

24. Луппол (1923), И. К. С.Я. Вольфсон. Диалектический материализм (рецензия). Под знаменем марксизма. №1: 210–214.

25. Марксісцкі зборнік (1929). Менск: Навук. т-ва марксістаў БССР.

26. Минин, Сергей (1922). Философию за борт. Под знаменем марксизма. № 5–6: 122– 130.

27. Плеханов, Георгий (1923). К вопросу о развитии монистического взгляда на историю: Ответ гг.Михайловскому, Карееву и К. Изд. под ред. и [с предисл.] С.Я.Вольфсона. Минск: Белтрестпечать.

28. Разумовский, Исаак (1924). Курс теории исторического материализма: лекции, читанные студентам ФОН и Педагогического факультета Саратовского государственного университета в 1922–1923 гг. Саратов: Гос.изд-во.

Іван Новік. Апалагетыка, пошукі саюзнікаў і барацьба за артадоксію ў 1920-я гады. Роля...

54 № 21 (2) 2013 Інтэлектуальная гісторыя 29. Сарабьянов (1922), В.Н. Исторический материализм. Москва: Издательство “Московский Рабочий”, 1922.

30. Сарабьянов (1924), В.Н. Введение в диалектический материализм. Москва: Издательство “Московский Рабочий”, 1924.

31. Семковский, Ю.С. (1924) Конспект лекций по историческому материализму. Гос.

Изд. Украины.

32. Семковский, Ю.С. (1925). Марксистская хрестоматия: Пособие для преподавателей и студентов. В 3 т. [Екатеринослав] Гос. изд-во Украины.

33. Сорокин, Петерим (1994). Общедоступный учебник социологии. Статьи разных лет. Ин-т социологии. Москва: Наука.

34. Социология: история, основы, институционализация в России (2000). Москва:

Московский психолого-социальный институт; Воронеж: Издательство НПО "МОДЭК".

35. Фуко, Мишель (2004). Археология знания L'Archeologie du savoir. Санкт-Петербург:

Гуманитарная академия.

36. Яхот, И (1991). Подавление философии в СССР (20-е–30-е годы). Вопросы философии, №№ 9, 10, 11.

37. Bakhurst (1991), David. Consciousness and Revolution in Soviet Philosophy: From the Bolsheviks to Evald Ilyenkov. Cambridge: Cambridge University Press.

38. David-Fox, M. (1998). Symbiosis to synthesis: The communist academy and the bolshevization of the Russian Academy of Sciences, 1918–1929. Jahrbucher für Geschichte Osteuropas. Bd. 46. № 2: 219–243.

39. Marx, Karl (1960). Die deutsche Ideologie: Kritik der neuesten deutschen Philosophie in ihren Repräsentanten Feuerbach, B. Bauer und Stirner, und des deutschen Sozialismus in seinen verschiedenen Propheten. Bücherei des Marxismus-Leninismus (Volume 29), Dietz.

40. Stefanowitsch, Anatol (2006). “Words and their metaphors. A corpus-based approach”, in: Stefanowitsch, Anatol/Gries, Stefan T. (eds): Corpus-based Approaches to Metaphor and Metonymy (Trends in Linguistics 171), Berlin/New York: 61–105.

41. Weinberg, Elizabeth Ann (1974). The Development of Sociology in the Soviet Union.

Taylor & Francis.