№ 20 (1) 2013 Праграма Канстытуцыйнакаталіцкай партыі Літвы і Беларусі 1 З поўнай палітычнай бяздзейнасці нас нечакана паклікалі да парламенцкага жыцця разам з усім вялізным абшарам Расійскай дзяржавы, у параўнанні з якім мы толькі невялічкая частка. Аднак у нас цалкам іншая мінуўшчына, іншы ўнутраны лад, іншыя ў нас нацыянальнасці і пераважна іншая рэлігія. Усе гэтыя нашы адметнасці доўгія гады не прызнаваліся і пераследаваліся. Падавалася, што ў выніку паміж намі мусіць паўстаць адзінства, наступіць сардэчнае збліжэнне, і што мы павінны адзін аднаго падтрымліваць, не зважаючы на саслоўі і нацыянальнасці, каб у новым жыцці, якое перад намі адкрываецца, мы стварылі адзіную сілу, з якой нават агромністая дзяржава мусіць лічыцца. На жаль, мы назіраем адсутнасць узаемнай лучнасці пасля доўгага сну! Апошнім часам варожыя ўсім нам сілы вядуць не да еднасці, а гвалтоўна зараз раздзьмухваюць саслоўныя і нацыянальныя адрозненні, адрозненні ў палітычных поглядах, таму нашыя сілы, і так не вельмі вялікія, яшчэ больш разбіваюцца. Як вынік нам пагражае небяспека, што замест стварэння адзінай магутнай партыі перад выбарамі і для працы; партыі, якая магла б змагацца за тое, што нам патрэбна для нашага развіцця і дабрабыту, мы будзем падзеленыя на розныя групоўкі, і ўслед за тым – бяссільнымі перад агромністай Расіяй і безабаронна падпарадкаваныя жорсткім правілам, нам чужым і пад нашы патрэбы не прыстасаваным.
Каб гэтага пазбегнуць, мы абавязкова мусім згуртавацца і знайсці супольную глебу, на якой як мага большая частка нацыянальнасцяў і індывідаў, што жывуць у нашым краі, могуць паразумецца. Каб у еднасці і любові адзін аднаго не крыўдзіць, а падтрымліваць, разам бараніцца, працаваць і здабыць сабе трывалыя падставы для справядлівага інтэлектуальнага, матэрыяльнага і нацыянальнага развіцця.
Практычна ўсе палякі і літоўцы і большая частка беларусаў, што жывуць у нашым краі, з’яўляюцца католікамі. Таму і вера, апроч супольнай 1 [Ropp, Edward von] (1906). Program Stronnictwa Konstytucyjno-Katolickiego na Litwę i Białoruś. Wilno: Drukarnia Edmunda Nowickiego. Усе вылучэнні ў тэксце падаюцца ў адпаведнасці з арыгіналам. Пераклад – Аляксея Ластоўскага. Каментары – Аляксандра Пашкевіча. Дзейнасць Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі прыпадае на 1905-1907 гады, партыя мела кансерватыўную праграму, выступала за аўтаномію і еднасць зямель былога Вялікага Княства Літоўскага. Аўтар дакумента і заснавальнік партыі – Эдвард фон Роп (1851-1939): каталіцкі святар, біскуп ціраспальскі (1902-1903), віленскі (1903-1917), арцыбіскуп магілёўскі (1917-1926).
145 № 20 (1) 2013 Праграма Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі гістарычнай мінуўшчыны, з’яўляецца нашым наймацнейшым і найбольш паспяховым злучнікам. Калі звярнуцца да нядаўняй мінуўшчыны, нельга не заўважыць, што менавіта ўлюбёная значнай большасцю нашага насельніцтва каталіцкая вера была галоўнай прычынай уціску і пераследу. У нас адбіралі нашы касцёлы, зачынялі кляштары, ліквідавалі ордэны, абмяжоўвалі духавенства, забаранялі каталіцкую асвету і школы – і нават моўны прыгнёт слабеў, калі не ішоў побач з пераследам веры. Гэта пацвярджаецца і тым фактам, што лютэранам і кальвіністам дазвалялі навучацца палітоўску і па-латышску, габрэям – пагабрэйску, і толькі каталікам ва ўсім адмаўлялі. Таму і на будучыню адсюль вынікае неабходнасць злучэння на грунце гэтай да гэтага часу пераследаванай рэлігіі, якую мы разам абаранялі так шмат гадоў.
Маніфестам 17 кастрычніка 2 нам былі дадзеныя новыя правы, на ўсё наша грамадства накладзеныя новыя абавязкі. Мы, каталікі, можам на хрысціянскім грунце іх акрэсліць як абавязак узаемнай любові і захавання правоў ўсіх грамадскіх саслоўяў, што патрабуе высвятлення патрэбаў, датычных нас усіх. Наш абавязак – абарона гэтых правоў і патрэбаў шляхам, пракладзеным для нас новымі правамі, то бок перадусім праз разумнае ўжыванне права выбіраць выбаршчыкаў і дэпутатаў у будучую Дзяржаўную думу.
Калі ў святле ўзаемнай любові і захавання правоў асобных слаёў насельніцтва мы разгледзім нашы стасункі, то пераканаемся, што на каталіцкім грунце мы можам не толькі дамагацца выпраўлення крыўдаў, нанесеных Касцёлу і школе, але можам таксама і вызначыць усе нашы патрэбы і шукаць іх задавальнення. Больш таго, мы можам аб’яднаць усе нашы саслоўі і нацыянальнасці ў супольнай дзейнасці і барацьбе, можам нават знайсці – бо стаім на грунце праўды і справядлівасці – паплечнікаў сярод цвяроза мыслячых людзей, хоць і чужых нам нацыянальна і рэлігійна.
Такім спосабам мы створым сілу, якая істотна паўплывае на лёс і далейшы накірунак унутранага развіцця Дзяржавы. Наш народ, які будзе ахвотна выбіраць дэпутатамі добрых католікаў, павінен ведаць, што знойдзе ў іх надзейных і сапраўды годных прадстаўнікоў, гатовых абараняць усе яго правы і патрэбы. Каталіцкія прадстаўнікі павінны не тэарэтычна, а практычна змагацца за сапраўдныя і неадкладныя патрэбы нашага краю – і разам з тым справядліва ставіцца да агульнадзяржаўных пытанняў, паколькі галоўнай рысай Каталіцкай партыі мусіць быць бесстаронняе справядлівае абыходжанне з усімі – незалежна ад нацыянальнасці, веры і становішча.
* * * 2 Маніфест ад 17 кастрычніка 1905 года ўпершыню ў гісторыі Расійскай імперыі ўводзіў падзел заканадаўчай улады паміж імператарам і прадстаўнічым органам – Дзяржаўнай думай. Яго выданне азначала лібералізацыю грамадскіх адносін у Расійскай імперыі і давала большыя магчымасці для дзейнасці ўсім катэгорыям насельніцтва Расіі, у тым ліку і нацыянальным ды рэлігійным меншасцям.
146 № 20 (1) 2013 Палітычная гісторыя (краёвыя партыі пач. ХХ стагоддзя) Нам трэба коратка выказаць, што мы жадаем, чаго дамагаемся, і што мы будзем абараняць у пытаннях кіравання і стаўлення да Касцёла, у галіне адукацыі, сельскагаспадарчых стасункаў, фабрычнай і заводскай працы, і, нарэшце, у пытаннях агульнадзяржаўных устаноў, якія забяспечваюць нашы патрэбы.
Калі пачаць з найбольш далікатных і пякучых сёння пытанняў, то мы сцвярджаем, што:
1. У справах адукацыі Канстытуцыйна-каталіцкая партыя будзе дамагацца:
a) бясплатнай народнай школы на роднай мове з абавязковым навучаннем рэлігіі, з улікам дзяржаўнай мовы, з настаўнікамі нашай нацыянальнасці і веры, з падзелам хрысціянскіх ад нехрысціянскіх школ і з годным становішчам нашых святароў у сістэме адукацыі;
b) ліквідацыі ўсялякіх перашкодаў пры стварэнні школ прыватнымі асобамі, паветамі, гарадамі, свецкімі таварыствамі і ордэнамі, з уласнымі настаўнікамі – дзяржаве пакідаецца толькі права кантролю вынікаў школьнага навучання пад наглядам абраных прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва;
c) лучнасці паміж рознымі катэгорыямі школ з правам для кожнага, хто мае адпаведныя веды, паступіць у любую і перайсці ў адпаведнасці з узроўнем уласных ведаў у школу наступнага ўзроўню (напрыклад, павятовая школа, гарадская школа, гімназія альбо рэальная школа, універсітэт ці політэхнічная акадэмія);
d) павелічэння колькасці сярэдніх і вышэйшых школаў адпаведна патрэбам насельніцтва, магчыма, з мясцовай мовай выкладання, з прызнаннем веравызнання навучэнцаў, з наглядам з боку грамадства і духоўнай улады, каб там штучна не разбураліся прынцыпы веры і маральнасці, каб таксама не выхоўвалася рэлігійная і племянная нянавісць;
e) аддаць усе ніжэйшыя і сярэднія школы пад кіраўніцтва мясцовага самакіравання;
f ) стварыць па меры патрэбаў прафесійныя школы па ўсіх накірунках, залежныя ад таго ж самакіравання.
* * * 2. Аграрныя справы Канстытуцыйна-каталіцкая партыя – пры захаванні падставовых правоў уласнасці – будзе намагацца:
a) усялякіх ільготаў пры набыцці невялікіх надзелаў зямлі без завышаных коштаў, з шырокім і лёгкім выкарыстаннем дзяржаўнай фінансавай дапамогі на максімальна выгодных умовах для пакупнікоў;
Заўвага: Гэтыя ільготы для дробных вясковых уласнікаў павінны найперш выкарыстоўвацца да асобаў, што адначасова згаджаецца на камасацыю шнуравой уласнасці 3 і стварэнне фальваркавых гаспадарак, ці раскаланізаванне (rozkolonizowanie). 4 3 Маецца на ўвазе звядзенне ў адзін зямельны ўчастак мноства вузкіх палосак (шнуроў), якія належалі аднаму гаспадару.
4 Раскаланізаванне – падзел вялікіх населеных пунктаў на аднадамовыя гаспадаркі, хутарызацыя.
147 № 20 (1) 2013 Праграма Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі b) вырашэння спраў паміж дробнымі і буйнымі ўласнікамі праз змешаныя арбітражныя суды, з роўнай колькасцю абраных сялян і буйных уласнікаў;
c) рэгулявання правоў і абавязкаў арандатараў з мэтай паляпшэння прыязных стасункаў арандатараў да ўласнікаў;
d) аховы лясоў ад знішчальнага гаспадарання;
e) захавання забяспечаных законам інтарэсаў мясцовага насельніцтва пры выкарыстанні лясоў, у тым ліку выкупу пры патрэбе мясцовым прадстаўніцтвам лясных абшараў, неабходных для мясцовага народа (ludu);
f ) каб пасяленне вяскоўцаў на дзяржаўных, урадавых, удзельных 5 і ранейшых царкоўных землях, а пры патрэбе нават і на прыватных землях, калі тое засведчана мясцовым прадстаўніцтвам, знаходзіла максімальную дзяржаўную падтрымку;
g) каб правы, датычныя найму працаўнікоў, ці вясковых парабкаў, іх жытла, становішча, аплаты, колькасці гадзін працы ўзімку і ўлетку, платы за працу звыш тэрміну, дакладных тэрмінаў вызвалення ад працы, выплат у выходныя і святочныя дні, былі разгледжаныя і прыстасаваныя да мясцовых патрэбаў.
Заўвага. Нагляд над належным выкананнем гэтых правоў павінен ажыццяўляцца інспектарамі, абранымі абодвума бакамі.
h)дзяржаўнай пенсіі для вясковых працаўнікоў пры старасці і няздольнасці да працы.
3. Фабрычныя і заводскія справы У галіне фабрычных і заводскіх спраў Канстытуцыйна-каталіцкая партыя будзе намагацца:
a) свабоды стварэння звязаў і арганізацыі сходаў, з адначаснай абаронай ад усялякага гвалту;
b) права на забастоўкі з абаронай асабістай вольнасці і абавязковым арбітражным разглядам прычын забастоўкі праз суды, супольна абраныя рабочымі і працадаўцамі;
c) інспекцыі рабочых стасункаў асобамі, абранымі абодвума бакамі, у аднолькавай колькасці ад рабочых і ад працадаўцаў;
d) па магчымасці ўводзіць 8-гадзінную працу і абмяжоўваць начную працу;
e) абароны працуючых жанчын ад эксплуатацыі, празмернай працы і ўсялякай амаральнасці;
f ) абароны працаўнікоў, задзейнічаных на небяспечных і шкодных для здароўя працах;
g) апекі над працай непаўналетніх і забароны працы для дзяцей да 14 гадоў;
h) пенсіі за кошт працадаўцы для рабочых пры хваробе, калецтве і наступствах пры шкоднай для здароўя працы;
i) дзяржаўнай пенсіі для рабочых усіх прадпрыемстваў пры старасці і няздольнасці да працы;
k) крымінальнай адказнасці за невыкананне альбо тэндэнцыйнае тлумачэнне заканадаўства, датычнага абароны рабочых;
l) прававой і грашовай дапамогі дзяржавы для вяртання ранейшых 5 Удзельныя землі – у Расіі канца XVIII – пачатку ХХ стагоддзя землі, якія належалі імператарскай сям’і і кіраваліся адмысловым Дэпартаментам удзелаў. З 1863 года пачалі выдзяляцца ва ўласнасць мясцовым, так званым удзельным сялянам.
148 № 20 (1) 2013 Палітычная гісторыя (краёвыя партыі пач. ХХ стагоддзя) і ўсталявання ўсялякіх новых прафесійных звязаў (пры стварэнні школаў, прытулкаў, дамоў удоваў і сірот і г. д.).
* * * 4. Рэлігійныя стасункі У справе кіравання і касцёльных стасункаў канстытуцыйна-каталіцкая партыя будзе намагацца:
a) выпраўлення ўсіх крыўдаў, нанесеных у нашым краі Касцёлу, і ў тым ліку аднаўлення ліквідаваных дыяцэзій, вяртання забраных альбо зачыненых касцёлаў – а там, дзе гэта немагчыма, поўнай кампенсацыі за нанесеныя крыўды;
b) вяртання забраных зямельных надзелаў касцёлаў, якія былі ліквідаваныя пасля падпісання канкардату, альбо кампенсацыі за іх. Вяртання да свабоднага распараджэння біскупскай уладай фінансамі, якія нібы знаходзяцца ў адміністраванні Калегіі; 6 c) ліквідацыі гэтай Калегіі;
d) вольнай падрыхтоўкі ксяндзоў, неабмежаванай колькасці клірыкаў у семінарыях, самастойнасці біскупскай улады пры прызначэнні ксяндзоў на пасады;
e) вызвалення каталіцкага насельніцтва ад падаткаў на карысць праваслаўнага духавенства;
f ) матэрыяльнага забеспячэння духавенства, незалежна ад нестабільных касцёльных даходаў;
g) свабодных стасункаў са Сталіцай свету, 7 адбору біскупаў паводле касцёльнага права, арганізацыі кансісторый 8 без свецкіх чыноўнікаў на аснове правоў Касцёла;
h) свабоды стварэння ўсялякіх рэлігійных таварыстваў, ордэнаў, брацтваў і г.д. паводле агульных прынцыпаў законаў пра звязы;
i) вольнага рэлігійнага навучання, поўнай і сапраўднай свабоды веравызнання, свабоды рэлігійных перадшлюбных дамоваў і іх правамоцнасці;
k) свабоды біскупскай улады ў стварэнні парафій, у будаўніцтве парафіяльных і філіяльных касцёлаў, у скліканні дыяцэзійных і правінцыйных сінодаў, а таксама выраўноўванне календароў; 9 6 Маецца на ўвазе Рымска-каталіцкая духоўная калегія, заснаваная імператарам Аляксандрам І у 1801 годзе без узгаднення з Папам Рымскім для кіравання справамі Рыма-каталіцкага касцёла ў Расіі. У склад гэтай установы ўваходзілі прадстаўнікі як касцёльнай іерархіі, так і свецкіх уладаў. Калегія з’яўлялася найвышэйшай адміністрацыйнай і судовай інстанцыяй Рыма-каталіцкага касцёла ў Расійскай імперыі, і праз яе расійскія ўлады фактычна трымалі яго пад сваім кантролем, у тым ліку і фінансавым.
7 Маецца на ўвазе Ватыкан як сталіца каталіцкага свету.
8 Кансісторыя – орган царкоўна-адміністрацыйнага кіравання, які дзейнічаў у Расійскай імперыі пры каталіцкіх біскупах.
9 Маецца на ўвазе праблема, якая існавала ў сувязі з афіцыйным ужываннем у Расіі юліянскага календара, а ў літургічнай практыцы Каталіцкага касцёла – грыгарыянскага. Пасля паўстання 1863—1864 гадоў расійскія ўлады запатрабавалі ад каталіцкіх ксяндзоў весці метрычныя кнігі на рускай мове і ўжываць паралельна з датаваннем паводле грыгарыянскага календара датаванне юліянскае, што выклікала з боку каталікоў незадавальненне і супраціў.
149 № 20 (1) 2013 Праграма Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі l) правамоцнасці дэкрэтаў духоўных судоў у справах шлюбу, шлюбнай амаральнасці і парушэнняў святарамі сваіх абавязкаў і агульнай маралі і звычаяў.
* * * 5. Агульнадзяржаўныя справы Канстытуцыйна-каталіцкая партыя з мэтай замацавання і забеспячэння ўсіх згаданых сваіх пастулатаў, паводле прызнанай Маніфестам 17 кастрычніка роўнасці перад законам усіх грамадзян, будзе намагацца, каб усе існуючыя службовыя, грамадзянскія і палітычныя адрозненні нацыянальных і рэлігійных правоў былі зараз жа ліквідаваныя, а да арганічных законаў дзяржавы далучаны:
a) сапраўдная свабода веравызнання і навучання, прыватных і публічных набажэнстваў, паколькі гэта не супярэчыць крымінальнаму праву;
b) свабода слова і друку, ліквідацыя папярэдняй цэнзуры і ўсталяванне выразных нормаў крымінальнай адказнасці;
c) недатыкальнасць асобы і жытла для любой улады, апроч судовай, з дакладнымі тэрмінамі вызвалення альбо аддачы пад суд; недатыкальнасць прыватнай карэспандэнцыі;
усталяванне агульных судоў без выключэнняў і адміністрацыйна-прафесійная абарона падчас следства;
d) усталяванне ўсесаслоўных грамад з самакіраваннем і поўнае асабістае ды маёмаснае вызваленне вяскоўцаў ад прыгнятальнай апекі дзяржавы і ад усялякіх жорсткіх правіл;
e) свабода палітычных сходаў пад апекай абраных грамадствам наглядчыкаў парадку і абарона – калі тое патрабуецца кіраўнікам сходу – ад умяшання чужых элементаў, якія перашкаджаюць вядзенню сходу;
f) свабода стварэння свецкіх і ордэнскіх звязаў і таварыстваў без папярэдніх дазволаў, так, каб для атрымання статуса юрыдычнай асобы было дастаткова афіцыйнай рэгістрацыі.
У сілу такога арганічнага дзяржаўнага права:
1) усе нацыянальнасці, што жывуць у дзяржаве, павінны мець роўныя грамадзянскія і палітычныя правы, у тым ліку поўнае права ўжываць сваю мову ў публічным жыцці, права стварэння школаў, таварыстваў і інстытутаў для падтрымання і развіцця сваёй мовы, літаратуры і ўласнай культуры.
Заўвага. Партыя прызнае, што руская мова, як дзяржаўная, застаецца мовай цэнтральнай адміністрацыі, арміі і флоту, і можа ўжывацца нароўні з мясцовымі мовамі;
2) вызначэнне мовы мясцовай адміністрацыі павінна залежыць ад рашэння мясцовага самакіравання;
3) жыхару кожнай мясцовасці павінна быць нададзеная магчы масць атрымання пачатковай і сярэдняй адукацыі на ўласнай мове, наколькі гэта паспяхова можна зрабіць у мясцовых умовах. Экзамены, якія даюць права на дзяржаўную службу, павінны адбывацца толькі на рускай мове, але для рэшты прадметаў павінна быць дазволена здаваць экзамены на родных мовах;
4) пры адбыцці вайсковай павіннасці палкі павінны стварацца з людзей, якія паходзяць з адной мясцовасці, пры магчымасці – аднакан- 150 № 20 (1) 2013 Палітычная гісторыя (краёвыя партыі пач. ХХ стагоддзя) фесійныя, са справядлівым размеркаваннем святароў для вайскоўцаў усіх канфесій;
5) вайсковая служба павінна адбывацца на месцы – патрэбы ж аддаленых мясцовасцяў павінны задавальняцца ўсімі часткамі дзяржавы, прапарцыйна колькасці жыхароў;
6) Дзяржава павінна развіваць як мага шырэйшае мясцовае самакіраванне, пры гэтым межы тэрыторый самакіравання ці правінцыйных акругаў павінны вызначацца з улікам волі насельніцтва, паводле нацыянальных, эканамічных і рэлігійна-маральных межаў, супольных звычаяў і грамадскіх патрэбаў;
7) Дзяржава на чале з канстытуцыйным Імператарам павінна кіравацца сходам (парламентам), абраным па прынцыпу агульнага, роўнага, непасрэднага, таемнага і абавязковага галасавання, якое б гарантавала правы меншасці;
8) паколькі кіраванне дзяржавай мусіць быць у руках прадстаўнічага органа, то вышэйшая выканаўчая ўлада, а менавіта міністры, павінны быць адказнымі перад гэтым прадстаўнічым органам, а ніжэйшая выканаўчая ўлада – перад звычайнымі судамі;
9) усе інстытуты мясцовага самакіравання павінны быць абраныя агульным, роўным, непасрэдным, таемным і абавязковым галасаваннем на падставе прапарцыйнага прадстаўніцтва, для абароны меншасці;
10) ад усесаслоўнага самакіравання паветаў павінны залежаць мясцовыя чыноўнікі, а менавіта: старшыні, пісары і г.д., а таксама народныя настаўнікі. Навучанне рэлігіі можа весціся толькі настаўнікамі, прызнанымі адпаведнымі духоўнымі ўладамі;
11) прадстаўнікамі мясцовай адміністрацыі павінны быць асобы, якія жывуць на тэрыторыі самакіравання, належаць да веравызнання і нацыянальнасці, якія там пераважаюць ці маюць вялікае значэнне;
12) мясцовае самакіраванне павінна мець у сваім распараджэнні асвету, ахову здароўя, паліцыю, дарогі, інспекцыю фабрычнай і сельскагаспадарчай працы, аграрныя справы – адным словам, усё кіраванне; за выключэннем арміі, флоту, агульнадзяржаўных шляхоў, пошты і тэлеграфа;
13) з дзяржаўных даходаў павінна быць прызначаная па закону адпаведная частка для вырашэння спраў мясцовага самакіравання, і праз агульнае права павінна быць вызначана права самакіравання на мясцовыя падаткі;
14) прадстаўнікі цэнтральнай дзяржаўнай улады павінны мець толькі права нагляду за правамернасцю дзейнасці самакіравання. У спрэчных выпадках рашэнне павінна залежаць ад судоў;
15) цэнтральнае заканадаўчае прадстаўніцтва павінна ўрэгуляваць аўтаномію Польскага Каралеўства і іншыя мясцовыя аўтаноміі ў межах, якія, як згадвалася, адпавядаюць волі большасці жыхароў;
16) судовыя органы павінны быць цалкам незалежнымі, тут не мусіць быць перасоўванняў, павышэнняў і ўзнагародаў, яны павінны быць самадастатковымі, з добрымі заробкамі, складацца з людзей, якія ведаюць мовы і звычаі асобных акругаў.
Ніжэйшая ступень судовых органаў павінна выбірацца;
151 № 20 (1) 2013 Праграма Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі 17) дзяржаўнае фінансаванне павінна быць абапёртае на прамыя падаткі на даходы, з улікам сітуацыі і ільготамі для бедных класаў, з прагрэсіўнай нагрузкай для большых даходаў, спадчыннай маёмасці і мёртвых капіталаў. Адначасова ўскосныя падаткі на прадметы першай неабходнасці мусяць быць ліквідаваныя;
18) мыты павінны разлічвацца такім чынам, каб дапамагаць мясцоваму развіццю сельскай гаспадаркі і вытворчасці, якія маюць перспектывы ў асобных мясцовасцях;
19) капіталы ашчадных кас павінны накіроўвацца на развіццё танных дробных крэдытаў, а перадусім на стварэнне касаў, што ставяць мэтай вызваленне дробнай зямельнай уласнасці ад ліхвярскай эксплуатацыі, на дапамогу меліярацыі і прафесійным таварыствам.
* * * 6. Арганізацыя і актуальная дзейнасць А. У Вільні ствараецца Цэнтральны камітэт, складзены з 7 асобаў, сярод іх прынамсі адзін святар са згоды біскупа. Камітэт абіраецца на адзін год дэлегатамі мясцовых (lokalnych) камітэтаў, перад скліканнем штогадовага цэнтральнага сходу (wiec) і стала займаецца справамі Партыі;
У абсяг яго дзейнасці ўваходзіць:
1) скліканне і арганізацыя агульных сходаў;
2) падтрыманне адносін з мясцовымі камітэтамі, кіраўніцтва ў перадвыбарчых кампаніях, парады адносна неабходнай на месцы дзейнасці, прававая інфармацыя і абарона ў прэсе;
3) арганізацыя ці ўхваленне ўжо створаных мясцовых камітэтаў;
4) стварэнне спіса кандыдатаў у дэпутаты Дзяржаўнай думы;
5) у выпадку патрэбы, вызначэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовага самакіравання вышэйшых катэгорый, – то бок павятовых і губернскіх;
6) кіраванне партыйнай касай;
7) публікацыя ў выданнях Партыі патрэбных адозваў, справаздачаў, абвяржэнняў і г.д.;
В. У розных мясцінах, прынамсі ў кожным павеце, ствараюцца мясцовыя камітэты, складзеныя з адвольнай колькасці чальцоў, сярод якіх прынамсі адзін мусіць быць духоўнай асобай, зацверджанай біскупам.
У абсяг іх дзейнасці ўваходзіць:
1) скліканне і арганізацыя мясцовых сходаў;
2) кіраўніцтва перадвыбарчымі кампаніямі;
3) разгляд і накіраванне ў цэнтральнае кіраўніцтва здольных кандыдатур дэпутатаў Думы і іншых органаў самакіравання;
4) рэкамендаванне асобным паветам кандыдатаў, якія падыходзяць для заняцця павятовых і настаўніцкіх пасад;
5) інфармаванне Цэнтральнага камітэта пра мясцовыя патрэбы;
6) арганізацыя ў асобных мясцовасцях грамадскіх і культурных устаноў і камітэтаў, як: бібліятэк, прафесійных таварыстваў і звязаў, таварыства “Еднасць”, 10 “Згуртаванне”, 11 касаў Райфайзэна 12 ці іншых і г.д.;
10 “Jedność” (“Адзінства”) – у пачатку ХХ стагоддзя адзін з найбуйнейшых польскіх прафсаюзаў, які аб’ядноўваў супрацоўнікаў тэкстыльнай прамысловасці.
152 № 20 (1) 2013 Палітычная гісторыя (краёвыя партыі пач. ХХ стагоддзя) 7) ажыццяўленне рахункаводства мясцовых аддзяленняў Партыі;
8) інфармаванне Цэнтральнага камітэта пра навіны, якія вымагаюць распаўсюджвання ў выданнях Партыі, і пра ўсе мясцовыя справы, якія з якіхнебудзь прычын датычаць Партыі.
С. Сходы.
1) Агульныя сходы склікаюцца паводле патрэбы, прынамсі раз на год.
2) Кіраўніцтва ажыццяўляе старшыня Цэнтральнага камітэта; у дапамогу яму сход абірае аднаго ці некалькі віцэ-старшыняў.
3) Камітэты перад скліканнем сходаў павінны выпрацаваць агульныя тэмы паседжанняў і разгледзець адпаведных людзей для зачытвання дакладаў і тлумачэння.
4) Кожны чалец Партыі мае права падаваць тэмы для паседжанняў за месяц да склікання сходу. Камітэт мае права на матываваную адмову.
На сходзе новыя тэмы могуць быць дапушчаныя толькі ў выпадку аднагалоснай ухвалы Камітэта. Тэмы абмеркаванняў і парадак паседжанняў сходу мусіць быць апублікаваныя ў выданнях Партыі за два тыдні перад скліканнем сходу.
5) На сход маюць доступ чальцы Партыі і іншыя асобы, калі яны пайменна праводзяцца на сход чальцамі Партыі. Чужыя асобы маюць права браць голас толькі ў сілу адзінагалоснага пастанаўлення прэзідыума.
6) Мясцовыя сходы склікаюцца пад кіраўніцтвам мясцовых камітэтаў згодна з патрэбамі кожныя тры месяцы ці часцей, аднак не часцей, чым з двухтыднёвым перапынкам. На іх распаўсюджваюцца тыя ж самыя правілы, што і ў выпадку цэнтральных альбо агульных сходаў, толькі са скарачэннем пазначаных у пункце 4 тэрмінаў да двух тыдняў і тыдня.
7) На сходах складаюцца пратаколы, якія публікуюцца ў выданнях Партыі.
8) У асобных парафіях чальцамі мясцовых камітэтаў альбо мясцовым пробашчам ці вызначаным праз лакальны камітэт прадстаўніком склікаюцца парафіяльныя сходы для разгляду мясцовых грамадскіх справаў і палітычнай інфармацыі – не часцей, чым раз на тыдзень, у загадзя вызначаны дзень.
D. Сродкі 1. Дабраахвотныя ахвяраванні на карысць Партыі.
2. 2 рублі штогадова за права атрымоўваць паведамленні Партыі ў форме аднаго з штотыднёвікаў, выдаваных пад кіраўніцтвам Партыі;
3. За ўваход на агульны сход плаціцца 50 капеек, на мясцовыя сходы – 25 капеек; на парафіяльныя сходы ўваход бясплатны.
4. Сходы выбіраюць штогод па тры чальцы ў рэвізійную камісію для праверкі рахункаводства Партыі.
Органамі канстытуцыйна-каталіцкай Партыі з’яўляюцца дэмакра11 “Spójnia” (“Згуртаванне”) – польскі спажывецкі кааператыў, філіі якога ў пачатку ХХ стагоддзя дзейнічалі ў тым ліку і на тэрыторыі літоўска-беларускага краю.
12 Касы Райфайзэна – пазыкова-ашчадныя кааператывы, якія працавалі па сістэме, створанай нямецкім грамадскім і гаспадарчым дзеячам Фрыдрыхам Вільгельмам Райфайзэнам (Raiffeisen, 1818—1888). Пазыкі, паводле гэтай сістэмы, выдаваліся Касай толькі сябрам адпаведнага таварыства.
153 № 20 (1) 2013 Праграма Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі тычна-каталіцкі штодзённік “Nowiny Wileńskie”, 13 а таксама штотыднёвікі “Przyjaciel Ludu” 14 і “Towarzysz Pracy”, 15 якія з 1906 году выходзяць у Вільні.
Е. Актуальная дзейнасць.
1) Стварэнне арганізацыйнага бюро.
2) Скліканне агульнага сходу і стварэнне лакальных камітэтаў.
3) Скліканне лакальных і парафіяльных сходаў для высвятлення новых правоў і абавязкаў, для абдумвання спакойных і легальных спосабаў актуальнай дзейнасці ў пытаннях мясцовага самакіравання, школаў, выбараў і ўсіх пякучых праблемаў бягучага моманту.
4) Разгляд матэрыяльных патрэбаў насельніцтва, каталіцкіх арганізацый, прафесійных таварыстваў, таварыстваў узаемнай дапамогі, касаў і г.д.
5) Пошук асобаў пэўных у поглядах, узорных у жыцці і інтэлектуальна здольных быць кандыдатамі ў розныя мясцовыя прадстаўніцтвы самакіравання і ў Дзяржаўную думу.
Заўвага. Прысутнасць духоўных асобаў у цэнтральным і мясцовым камітэтах, выкліканая патрэбай моманту, у будучыні не з’яўляецца абавязковай.
Ініцыятар – Эдвард Роп, віленскі біскуп.
Абраныя чальцы арганізацыйнага бюро:
Юзаф Мантвіл (Montwiłł Józef), дырэктар Зямельнага банка ў Вільні.
Станіслаў Лапацінскі (Łopaciński Stanisław), старшыня Віцебскага сельскагаспадарчага таварыства.
Ксёндз Маціевіч (Ks. Macijewicz), капелан школаў.
Ксёндз Міронас (Ks. Mironas), капелан школаў.
Ян Ляховіч (Lachowicz Jan), Віцебская, д. 3.
Стэфаноўскі (Stefanowski), аптэкар, Вільня, Пагулянка.
Юзаф Змітровіч (Zmitrowicz Józef), студэнт універсітэта.
13 “Nowiny Wileńskie” (“Віленскія навіны”) — штодзённая газета, якая выдавалася з 4(17) студзеня да 20 лютага (5 сакавіка) 1906 года ў Вільні на польскай мове. Падзеі палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурна-рэлігійнага жыцця беларускалітоўскіх губерняў на старонках газеты асвятляліся з хрысціянска-дэмакратычных пазіцый. Усяго выдадзена 32 нумары.
14 “Przyjaciel Ludu” (“Сябра народа”) – штотыднёвая хрысціянска-дэмакратычная газета, якая выходзіла ў Вільні ў 1906—1911 гадах пад рэдакцыяй Тадэвуша Завадскага. Была арыентаваная ў асноўным на сялянскую аўдыторыю.
15 “Towarzysz Pracy” (“Таварыш працы”) – штотыднёвая хрысціянска-дэмакратычная газета, якая выходзіла ў Вільні ў 1906 годзе пад рэдакцыяй Л. Багдановіча.
З’яўлялася органам Таварыства хрысціянскіх рабочых, адпаведна была зарыентаваная перадусім на рабочую аўдыторыю.