Часопіс “Палітычная сфера”

Анатацыі і ключавыя словы

2013

№ 18–19 (1–2) 2012 Анатацыі і ключавыя словы Ідэя Літвы Алег Дзярновіч. Пошукі Айчыны: “Літва” і “Русь” у сучаснай беларускай гістарыяграфіі У найноўшай беларускай гістарыяграфіі (з канца 1980-х гадоў) пытанне аб этнапалітычным падзеле ВКЛ увайшло ў лік кананічных тэм. Асноўнымі дыскусійнымі праблемамі з’яўляюцца: 1) Размяшчэнне “летапіснай Літвы” (Мікола Ермаловіч, яго крытыкі і прыхільнікі, Аляксандр Краўцэвіч). 2) Суаднясенне паняццяў “Жамойць” і “Літва” (Павал Урбан).

3) Эвалюцыя паняццяў “Літва” і “Русь” на працягу XIII–XVI стст. (Аляксандр Рогалеў, Міхаіл Піліпенка, Міхаіл Спірыдонаў, Вячаслаў Насевіч, Алег Латышонак, “Цывілізацыйная канцэпцыя” Алеся Белага. 4) Этнічныя напаўненні тэрмінаў (Ігар Чаквін і Павел Церашковіч, Георгі Галенчанка, Вячаслаў Насевіч, дыскусія паміж Ігарам Марзалюком і Генадзем Сагановічам). Сам факт гарачых дыскусій сведчыць пра тое, што беларуская гісторыя позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу можа быць зразуметая як узаемадзеянне “Літвы” і “Русі” . Калі выключыць адзін з гэтых кампанентаў, гісторыя Беларусі стане зусім іншай.

Ключавыя словы: Вялікае Княства Літоўскае, беларуская гістарыяграфія, этнічнасць, прымардыялізм, канструктывізм Алесь Смалянчук. Фармаванне краёвай ідэі (пачатак ХХ ст.): першыя тэксты і першыя аўтары У артыкуле разглядаецца ранні этап афармлення “краёвай ідэі” як асаблівага палітычнага і інтэлектуальнага феномену ў Беларусі і Літве пачатку ХХ стагоддзя,. Аснову артыкула складаюць раннія тэксты і факты біяграфіі двух “першых краёўцаў”: Рамана Скірмунта і Міхала Ромера. Аўтар імкнецца адказаць на пытанне пра асабістыя матывы, мэты і ўнутраныя перажыванні першых прыхільнікаў краёвай ідэі. Акрамя гэтага аналізуюцца розныя ідэі і канцэпцыі, якія ўводзіліся Р. Скірмунтам і М. Ромерам у публічныя дыскусіі пачатку ХХ стагоддзя: разуменне інтарэсаў краю, гістарычнай традыцыі, праблемы міжнацыянальных дачыненняў; ідэя супольнага (“краёвага”) грамадзянства, агульнага паходжання шляхты і сялянства былога ВКЛ, ідэя “лакальнага патрыятызму” і іншыя.

Ключавыя словы: краёвая ідэя, Раман Скірмунт, Міхал Ромер, нацыяналізм, гісторыя ідэй, антрапалагічная гісторыя 17 № 18–19 (1–2) 2012 Магдалена Фрончэк. Беларускасць і літоўскасць у гістарычных канцэпцыях Адама Ганорыя Кіркора У артыкуле аўтар спрабуе акрэсліць ідэнтычнасць Адама Кіркора і паказаць яе літоўскія і беларускія кампаненты. Таксама закранаецца пытанне лепшага разумення гістарычнай канцэпцыі Кіркора ў кантэксце рэгіяналізму (“краёвасці”). Краёвая ідэя аформілася ў Беларусі і Літве на пачатку ХХ стагоддзя, але мела папярэднікаў. Шэраг інтэлектуалаў ХІХ стагоддзя значна больш ідэнтыфікавалі сябе з тэрыторыяй, чым з этнічнай культурай. Прыхільнікі рэгіяналізму (краёвай ідэі) сцвярджалі, што насельніцтва гістарычнай Літвы, незалежна ад этнічнага паходжання, з’яўляецца супольнасцю “грамадзян краю” і фармуе адну нацыю. Кіркор, які нарадзіўся ў Магілёўскай губерні, лічыў сябе грамадзянінам ВКЛ і выступаў за стварэнне славянскай федэрацыі, у якой палякі і літвіны (беларусы і літоўцы) былі б роўнымі. Пры гэтым кожная нацыя магла б захоўваць сваю мову, культуру і традыцыі.

Ключавыя словы: Адам Ганоры Кіркор, беларуская ідэнтычнасць, літоўская ідэнтычнасць Дарус Сталюнас. Канцэпцыя персанальнай культурнай аўтаноміі ў Літве і Беларусі (пачатак XX стагоддзя) Нацыянальныя рухі на былых землях Вялікага Княства Літоўскага мелі да пэўнай ступені агульны парадак дня, перш за ўсё – ліквідацыю царызму і дэмакратызацыю.

Тым не менш, канфлікты паміж імі былі непазбежнымі – сацыяльны канфлікт паміж літоўскім (сялянскім) і польскім (у значнай ступені шляхецкім) рухамі; культурны і лінгвістычны (літоўцы імкнуліся значна знізіць ролю польскай культуры і мовы);

канфлікт тэрытарыяльны (літоўцы, беларусы і палякі прэтэндавалі на тыя самыя тэрыторыі). Вырашэнне ўсіх гэтых пытанняў было прапанавана краёвым рухам, які выступіў за аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага на дэмакратычнай аснове. Тым не менш, мы практычна не маем інфармацыі пра тое, якім чынам краёўцы збіраліся арганізаваць суіснаванне розных народаў у адной дзяржаве. Гэты артыкул прысвечаны канцэпцыі нацыянальнай культурнай аўтаноміі, якая была прапанавана адным з лідараў руху – Тадэвушам Урублеўскім у якасці механізму вырашэння нацыянальных праблем. Асноўная выснова артыкула заключаецца ў тым, што такая ідэя практычна не мела шанцаў быць падтрыманай на пачатку ХХ стагоддзя і сутыкнулася б са значнымі складанасцямі ў рэалізацыі.

Ключавыя словы: краёўцы, Тадэвуш Урублеўскі, рэгіяналізм, літоўскі рух, беларускі рух Лешак Заштаўт. Ад сталіцы да правінцыі. Месца Вільні ў паняцці “ўсходнія крэсы” польскага гістарычнага наратыву У артыкуле разглядаецца вобраз і сімвалічны статус Вільні як былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага ў польскай гістарыяграфіі і мастацкай літаратуры ХІХ і ХХ 18 № 18–19 (1–2) 2012 стагоддзя. Адзначаецца паступовы заняпад вобраза Вільні як сталіцы – гісторыкі і пісьменнікі паступова перастаюць узгадваць пра палітычнае значэнне горада, пры гэтым адбываецца ўключэнне горада ў агульны вобраз “усходніх крэсаў (ускраін)”. Пад уплывам рамантызму ХІХ стагоддзя Вільня, як і ўсе “крэсы”, становіцца містычным і таямнічым краем. Такі вобраз да гэтага часу моцна ўплывае на разуменне гісторыі горада і, у больш шырокім кантэксце, сучаснай Літвы і Беларусі.

Ключавыя словы: Вільня, Літва, Беларусь, рамантызм, сталіца, “крэсы” Кірыл Карлюк. Дынастыя і землі. Візуальныя рэпрэзентацыі Вялікага Княства Літоўскага ў каралеўскай прапагандзе Вазаў На пераломе XVI-XVII стст. еўрапейскія манархіі сутыкнуліся з шэрагам сур’ёзных палітычных і сацыяльных выклікаў, у выніку Еўропа апынулася ў глыбокім крызісе.

Адным са сродкаў пераадолення крызісу стаў пошук фундаменту для палітычнай стабільнасці, стварэння новых форм візуальнай легітымацыі ўлады. Рэч Паспалітая і дынастыя Вазаў не былі выключэннем. Артыкул прысвечаны вызначэнню месца, якое займала Вялікае Княства Літоўскае ў сімвалічнай рэпрэзентацыі каралеўскай улады, а таксама таму, якім чынам у эпоху Вазаў гэта роля трансфармавалася ў выніку змяненняў фармальнага і нефармальнага статуса ВКЛ, каралеўскай тытулатуры, традыцыі і палітычнай вагі.

Ключавыя словы: візуальныя рэпрэзентацыі, легітымацыя, ВКЛ, прапаганда, дынастыя Вазаў Ідэя нацыі Андрэй Асадчы. Канцэпцыі беларускай нацыі і палітыкі ў позні савецкі перыяд (1986–1990 гады) У артыкуле разглядаюцца канцэпцыі беларускай нацыі, якія фармуляваліся рознымі палітычнымі і інтэлектуальнымі коламі Беларусі ў позні савецкі перыяд. Прапануецца аналіз канцэпцыі “савецкага народа”, яе ролі ў дыскусіях другой паловы 1980-х, сувязяў канцэпцыі з ідэяй адзінай савецкай дзяржаўнасці і русіфікацыяй. Асноўнай альтэрнатывай “савецкаму” разуменню беларускай нацыі выступіла этнакультурная канцэпцыя, засяроджаная на захаванні нацыянальнай мовы, гістарычнай памяці і культурнай спадчыны. Напрыканцы 1980-х гадоў таксама паўстала канцэпцыя “рэспубліканскага патрыятызму”, якая мусіла прывесці да абнаўлення старых савецкіх догмаў і зразумець беларускую нацыю як “супольнасць грамадзян”.

Ключавыя словы: беларуская нацыя, нацыянальная ідэнтычнасць, нацыяналізм, патрыятызм, “савецкі народ” 19 № 18–19 (1–2) 2012 Вобразы мінулага Аляксей Ластоўскі. Кароткая генеалогія: гістарычнае мінулае ў публічных прамовах беларускіх афіцыйных асобаў У артыкуле аналізуюцца працэсы фарміравання і трансляцыі вобразаў улады, народа і “чужых” у выступах беларускіх дзяржаўных асобаў перыяду “лібералізацыі” (20082010 гады). Правяраецца гіпотэза, паводле якой лібералізацыя павінна выяўляцца і ў публічных тэкстах, дзе яна мусіць весці да адмовы ад стратэгіі ізаляцыі і зніжэння агрэсіўнасці ў адносінах да тых, хто традыцыйна ўспрымаецца “чужымі”. Робіцца выснова, што “лібералізацыя” беларускімі ўладамі разумелася ў вельмі абмежаваным фармаце, што ўрэшце прывяло да заканамернага згортвання гэтай палітыкі.

Ключавыя словы: палітычная ідэнтычнасць, публічныя прамовы, беларускія афіцыйныя асобы, лібералізацыя Раман Воранаў. Паўстанне Скарыны. Як інтэлектуалы Расійскай імперыі ХІХ ст. паўплывалі на постаць беларускага нацыянальнага героя Беларускі першадрукар Францішак Скарына з’яўляецца найбольш вядомай сярод беларускага насельніцтва гістарычнай постаццю. Яго актыўнае вывучэнне і спробы папулярызацыі пачаліся ў ХІХ ст., яшчэ ў межах расійскага імперскага дыскурсу. На працягу ста гадоў Скарына ўспрымаўся як славянскі перакладчык, першы “агульнарускі” друкар, каталік-паланізатар, праваслаўны асветнік. Артыкул аналізуе эвалюцыю вобразу першадрукара ў навуковых і публіцыстычных творах Расійскай імперыі. Аўтар спрабуе адказаць на пытанне, чаму Францішак Скарына не аформіўся ў расійскага нацыянальнага героя і што вызначыла ягоную “беларускую будучыню”.

Ключавыя словы: Францішак Скарына, Расійская імперыя, інтэлектуальная гісторыя, першадрукар, нацыянальны герой Іван Лысюк. Міф “Вялікай Літвы” і вобразы “воіна” , “жраца” і “земляроба” ў сучаснай літоўскай і беларускай музыцы У фокусе дадзенага артыкула знаходзіцца інтэрпрэтацыя культурнай, рэлігійнай і гістарычнай спадчыны “Вялікай Літвы” на музычнай сцэне сучаснай Літвы і Беларусі.

Аўтар звяртае ўвагу на нараджэнне балта-славянскага (крыўскага) сегмента беларускай сцэны, які прапануе альтэрнатыўную беларускую нацыянальную ідэнтычнасць.

“Вялікалітоўская” спадчына разглядаецца праз аналіз інтэрпрэтацыі трох архетыпаў.

Па-першае, гэта архетып “ваяра”, які найбольш ярка праявіўся на сцэне паганскага металу. Па-другое, гэта архетып “жраца”, які знаходзіць сваё выяўленне ў творчасці як “металічных” груп, так і калектываў, якія выконваюць архаічны, рытуальны фольк.

Па-трэцяе, гэта архетып “земляроба”, прадстаўлены ў творчасці цэлага шэрагу неа-і пост-фолькавых гуртоў.

Ключавыя словы: музыка, неапаганства, архетыпы, Літва, Крывія 20 № 18–19 (1–2) 2012 Палітычныя інстытуты Дарота Міхалюк. Урад БНР Язэпа Варонкі: унутры- і знешнепалітычная дзейнасць 9 сакавіка 1918 года была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, а 25 сакавіка – яе незалежнасць. На чале першага ўрада Народнага сакратарыята БНР знаходзіўся Язэп Варонка. Дзейнасць урада была абмежаваная, паколькі ён паўстаў на тэрыторыі, занятай нямецкімі ўзброенымі сіламі, а нямецкая адміністрацыя ўспрымала яго толькі як нацыянальнае прадстаўніцтва. Да найбольшых поспехаў трэба залічыць дзейнасць у галіне культуры і асветы, а таксама спробы будаўніцтва мясцовай адміністрацыі. Пры гэтым урад не здолеў дасягнуць міжнароднага прызнання незалежнасці, а таксама стварыць беларускія ўзброеныя сілы, якія б усталявалі кантроль над тэрыторыяй абвешчанай БНР.

Ключавыя словы: палітычная гісторыя, БНР, урад, беларускі рух, Язэп Варонка Дыскусія Алег Латышонак. Міф “тутэйшых” У дыскусійным артыкуле разглядаецца паходжанне і эвалюцыя паняцця “тутэйшыя” ў беларускім гістарычным і інтэлектуальным кантэксце. Высоўваецца гіпотэза, што канцэпцыя “тутэйшасці”з’яўляецца, галоўным чынам, польскай інтэлектуальнай канструкцыяй. Функцыянаванне “тутэйшых” як формы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі фіксуецца толькі на Віленшчыне, пры гэтым паняцце актыўна выкарыстоўвалася ўладамі міжваеннай Польшчы для маніпулявання вынікамі перапісаў насельніцтва ў Заходняй Беларусі. Акрамя гэтага, аналізуюцца асаблівасці інтэрпрэтацыі канцэпцыі “тутэйшыя”/ “тутэйшасць” ў сучасных беларускіх інтэлектуальных дыскусіях, адзначаецца тэндэнцыя надаць гэтым канцэптам высокі культурны і інтэлектуальны статус.

Ключавыя словы: “тутэйшыя”, “тутэйшасць”, беларуская нацыянальная ідэнтычнасць, Заходняе Палессе, інтэлектуальныя дыскусіі Антон Мірановіч. Рэлігійная талерантнасць на польска-беларускім пагра ніччы: гістарычны досвед У артыкуле разглядаецца гістарычны досвед рэлігійнай талерантнасці на беларускапольскім паграніччы. У прыватнасці, аналізуюцца ўплывы візантыйскай (русінскай) рэлігійнай традыцыі на польскую культуру ў XIV-XV стагоддзі, усталяванне ўнікальнай рэлігійнай разнастайнасці ў Вялікім Княстве Літоўскім XVI стагоддзя, узаемадзеянне розных канфесій з кіроўнай элітай, палітычнымі і прававымі інстытутамі.

Адзначаецца, што асноўным фактарам разбурэння рэлігійнага спакою сталі Берасцейская унія і контррэфармацыя, якія спалучаліся з войнамі і адкрытым супрацьстаяннем рэлігійных супольнасцяў. Спробы аднаўлення рэлігійнай роўнасці ў апошнія дзесяцігоддзі існавання Рэчы Паспалітай не мелі выніку. Тым не менш, традыцыі та- 21 № 18–19 (1–2) 2012 лерантнасці не зніклі цалкам і аказалі значны ўплыў на развіццё розных нацыянальных культур беларуска-польскага памежжа.

Ключавыя словы: рэлігійная талерантнасць, праваслаўе, каталіцтва, беларуска-польскае памежжа, гісторыя царквы Рэцэнзіі (гісторыя) Андрэй Валодзькін. Хронікі занядбанага рэгіяналізму. Baltijos valstybių vienybės idėja ir praktika 1918–1940 metais. Dokumentų rinkinys (2008).

Рэцэнзія на зборнік дакументаў, якія адлюстроўваюць развіццё ў міжваенны перыяд ХХ стагоддзя ідэі адзінства краін балтыйскага рэгіёна. Выданне было падрыхтавана калектывам літоўскіх гісторыкаў.

Ключавыя словы: балтыйскі рэгіён, рэгіяналізм, міжваенная гісторыя, Літва, Латвія, Эстонія Андрусь Унучак. Літоўская кніга пра русіфікацыю беларусаў. Staliūnas, Darius (2007). Making Russians. Meaning and practice of Russification in Lithuania and Belarus after 1863.

Рэцэнзія на кнігу літоўскага гісторыка Даруса Сталюнаса, якая прысвечана разгляду шматлікіх праяў палітыкі русіфікацыі ў дачыненні да розных нацыянальных супольнасцяў Літвы і Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ХІХ стагоддзя.

Ключавыя словы: русіфікацыя, нацыянальная палітыка, Расійская імперыя, Літва, Беларусь Сяргей Токць. Зваротная унія. Долбилов, Михаил и Сталюнас, Дариус (2010). Обратная уния: из истории отношений между католицизмом и православием в Российской империи. 1840–1873.

Рэцэнзія на супольную кнігу літоўскага і расійскага гісторыкаў, прысвечаную праектам “зваротнай уніі” (далучэнне каталіцкай царквы да праваслаўя) у Расійскай імперыі ХІХ стагоддзя.

Ключавыя словы: гісторыя царквы, каталіцтва, праваслаўе, унія, Расійская імперыя Зміцер Шавялёў. Пра літоўска-габрэйскія палітычныя кантакты. A pragmatic alliance: Jewish – Lithuanian political cooperation at the beginning of the 20th century (2011). Eds. Vladas Sirutavičius and Darius Staliūnas.

Прадстаўлена рэцэнзія на зборнік артыкулаў, прысвечаны літоўска габрэйскім палітычным кантактам на пачатку ХХ ст. Спецыяльна для гэтага зборніка артыкулы былі напісаныя вядомымі літоўскімі, ізраільскімі і амерыканскімі даследчыкамі.

22 № 18–19 (1–2) 2012 Ключавыя словы: Літва, літоўцы, габрэі, палякі, палітычныя партыі Рэцэнзіі (этнаграфія) Зміцер Скварчэўскі. Сакральная краіна ў цэнтры Еўропы. Дучыц, Людміла і Клімковіч, Ірына (2011). Сакральная геаграфія Беларусі.

У рэцэнзаванай кнізе пададзены вынікі даследавання сакральнай геаграфіі Беларусі, праведзенага цягам некалькіх гадоў. Кніга з’яўляецца першай спробай сістэматычнага разгляду ландшафтных аб’ектаў і археалагічных помнікаў у кантэксце традыцыйнай культуры. Вялікая ўвага надаецца помнікам дахрысціянскай культуры на тэрыторыі Беларусі.

Ключавыя словы: сакральная геаграфія, паганства, міфалогія, традыцыйная культура