№ 18–19 (1–2) 2012 Зміцер Шавялёў Пра літоўска-габрэйскія палітычныя кантакты У кнізе прадстаўленыя фрагменты з гісторыі літоўска-габрэйскіх кантактаў у перыяд выспявання сучаснай літоўскай дзяржавы – на пачатку ХХ ст. Гэтыя фрагменты былі выкладзеныя ў нізцы работ, падрыхтаваных вядомымі літоўскімі, амерыканскімі і ізраільскімі даследчыкамі, а таксама ў архіўных дакументах, што апублікаваныя тут упершыню.
Гісторыя літоўска-габрэйскіх кантактаў яшчэ не напісаная з той прычыны, што рэфлексія такіх кантактаў – рэч адначасова і балючая, і ідэалагічна заангажаваная: габрэі былі “вінаватыя” перад літоўцамі за падтрымку савецкай “акупацыі”, літоўцы ж з пэўным імпэтам знішчалі “сваіх” габрэяў, а тыя габрэі, хто здолеў перажыць Халакост, добра пра гэта памяталі. І менавіта таму, што час цвяроза ацаніць літоўска-габрэйскія стасункі яшчэ не надышоў, рэдактары кнігі знайшлі дастаткова ўдалы фармат публікацыі і прадставілі толькі асобныя фрагменты з гісторыі літоўска-габрэйскіх узаемаадносін.
Гэтыя ўрыўкі, з гістарычнага досведу дачыненняў паміж двума народамі, стройна звязваюць у адзіную канцэпцыю аўтары ўводнага артыкула – Уладас Сірутавічус і Дарус Сталюнас.
Абодва – вядомыя даследчыкі Расійскай імперыі канца ХІХ – пачатку ХХ стст. Інтэрпрэтацыя матэрыялу, што прапануюць укладальнікі кнігі, падаецца прымальнай, і, больш за тое, яна з’яўляецца іх знаходкай. Прапаную разгледзець асобныя адметнасці досведу літоўска-габрэйскіх палітычных стасункаў больш падрабязна.
Укладальнікі зборніка выдзяляюць два этапы развіцця кантактаў паміж літоўскімі і габрэйскімі палітычнымі ды грамадскімі дзеячамі. Першы этап ахоплівае перыяд з канца ХІХ ст.
да 1915 года – ад першых прыкладаў узаемадзеяння да акупацыі нямецкімі войскамі большай часткі сучаснай Літвы. Другі этап – 1915–1923 гады – перыяд фармавання незалежнай літоўскай дзяржавы (с. 1). У пазначаны прамежак часу, што склаў 40–50 гадоў, змяняліся патрабаванні літоўскага і габрэйскага нацыянальных рухаў, складваліся падыходы бакоў адзін да A pragmatic alliance: Jewish – Lithuanian political cooperation at the beginning of the 20th century (2011); Ed. by Vladas Sirutavičius and Darius Staliūnas.
Budapest – New York: Central European University Press, 274 p.
(Прагматычны альянс: габрэйска-літоўскае супрацоўніцтва ў пачатку ХХ ст. (2011); Пад рэд.: Уладаса Сірутавічуса і Даруса Сталюнаса. Будапешт – Нью-Йорк: Выд. Цэнтральна-Еўрапейскага універсітэта, 274 с.) 274 № 18–19 (1–2) 2012 Рэцэнзіі (палітычная гісторыя) аднаго. Роля габрэйскай грамады як саюзнікаў літоўцаў у іх змаганні за нацыянальную ідэю была даволі вялікай, асабліва на другім этапе. Але ж пасля 1923 года, калі Польшча атрымала Віленскі край, габрэі пачалі хутка губляць пазіцыі саюзнікаў літоўцаў (с. 2).
Укладальнікі зборніка пералічваюць фактары, якія спрыялі з’яўленню кантактаў паміж літоўскімі і габрэйскімі грамадскімі дзеячамі: “габрэі, у адрозненне ад рускіх і палякаў, – пішуць У. Сырутавічус і Д. Сталюнас, – не ўяўлялі для літоўцаў пагрозы ў этнакультурным плане”. Абедзве нацыі аб’ядноўвала імкненне да скасавання дыскрымінацыйных законаў, што дзейнічалі ў Расійскай імперыі. І для літоўцаў перш за ўсё габрэі былі саюзнікамі ў “барацьбе з іх галоўным ворагам – палякамі” (с. 3).
Але ж былі і фактары, якія значна абмяжоўвалі супрацоўніцтва бакоў, напрыклад – даўняя юдафобія літоўцаў (с. 3), хаця спрадвеку габрэі мелі сталыя сувязі з мясцовым літоўскім насельніцтвам. Пашырэнню супрацоўніцтва паміж народамі перашкаджалі, так бы мовіць, “ментальныя пасткі”. Разгляду розных абставін, што не спрыялі кантактам, прысвечаны артыкул “Літоўскае габрэйства і літоўскі нацыянальны рух” (с. 21–44) ізраільскага даследчыка Мардэхая Залкіна. Ён адзначае, што да Першай сусветнай вайны габрэі амаль не цікавіліся літоўскімі справамі (с. 21).
Большасць лічыла за лепшае спакойна назіраць за развіццём літоўскага нацыянальнага руху, трымаючыся ад яго ў баку (с. 24–25). Гэтая пазіцыя тлумачылася як “ментальнымі” чыннікамі, так і эканамічнымі.
Хаця габрэі мелі трывалыя гаспадарчыя сувязі з мясцовым літоўскім насельніцтвам, габрэйская супольнасць жыла адасоблена. Габрэі часта маглі ўвогуле не ведаць пра тое, што думаюць і гавораць пра іх літоўцы:
літоўскую мову вялікая частка грамады не разумела, ды і не імкнулася разумець (с. 23–24). Больш за тое, габрэі лічылі літоўцаў “дзікімі”, якія размаўлялі на незразумелай “дзікунскай” мове, якая, як піша М. Залкін, “для габрэйскага вуха гучала даволі дзіўна і нават прымітыўна” (с. 27).
Габрэйскія крыніцы часта ўзгадвалі, што літоўцы габрэяў не любілі. Не любілі, бо тыя займаліся, зразумела, традыцыйнай для іх дзейнасцю – арэнда, возніцтва, гандаль, і ў тым ліку гандаль моцнымі напоямі.
Да таго ж, у руках габрэяў былі фінансы і медыцына. З гэтых жа самых прычын літоўцы цярпелі габрэяў, але дамінаванне апошніх у пералічаных жыццёва важных сферах грамадства, натуральна, вяло да абвінавачванняў у “спойванні” мясцовых жыхароў, “эксплуатацыі” і гэтак далей (с. 31).
Гэтым настроям падпарадкоўвалася частка нацыянальных сіл, якія патрабавалі выдаліць яўрэяў з іх традыцыйных прафесій і перадаць гэтыя заняткі літоўцам. Гэта б прывяло да істотных палітычных зменаў, і рэальная ўлада таксама магла апынуцца ў руках літоўцаў. Да таго ж, літоўскі рух знаходзіўся пад уплывам каталіцкай царквы, што з насцярогай ставілася да габрэйскай супольнасці. Усё гэта не спрыяла развіццю супрацоўніцтва паміж народамі.
М. Залкін паказвае, што літоўцы звярнулі ўвагу на свае нацыянальныя 275 № 18–19 (1–2) 2012 правы даволі позна, толькі ў канцы ХІХ ст., а значыць, з пункту гледжання габрэйскіх інтэлектуалаў, не былі нацыяй “культурнай”, у адрозненні ад нацый больш моцных – рускіх і палякаў, якія адразу ж вымушалі габрэяў вызначыць стаўленне да сябе (с. 28).
Габрэі палітычна арыентаваліся альбо на рускіх, і падтрымлівалі існаванне імперыі, а таксама замацаваны стагоддзямі парадак, альбо на палякаў, асабліва ў тых губернях, дзе габрэі мелі з палякамі цесныя гаспадарчыя сувязі – Вільня, Сувалкі, Беласток (с. 33). Цікавасць габрэяў да літоўскіх спраў, – робіць высновы М. Залкін, – з’яўляецца пасля першай сусветнай вайны. Толькі ў 1920 я гады “літоўскія габрэі ‘адкрылі’ для сябе літоўскую культуру і літоўскія нацыянальныя памкненні” (с. 36).
Першыя палітычныя кантакты паміж габрэямі і літоўцамі завязаліся напрыканцы ХІХ стагоддзя. Лягчэй дамаўляцца выходзіла ў левых партый. Сацыял-дэмакраты падтрымлівалі паміж сабой даволі цесныя адносіны: гэта Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП), 1 Бунд 2 і Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (РСДРП). 3 Некаторыя партыі змагаліся адна з адной, як, напрыклад, Бунд і Польская сацыялістычная партыя (ППС), 4 а некаторыя ўвогуле не імкнуліся супернічаць, як Бунд і ЛСДП. Аўтары прыводзяць цікавы прыклад: ЛСДП мела ў сваіх радах габрэйскіх рабочых і пэўны час спрабавала нават выдаваць партыйныя матэрыялы на ідыш (с. 5–6).
Належны досвед палітычнага супрацоўніцтва адбываўся ў час выбараў у Дзяржаўныя Думы Расіі. Паводле меркавання ізраільскага даследчыка Уладзіміра Левіна, тое, што і габрэйскія, і літоўскія, і нават беларускія палітычныя дзеячы належалі да “прагрэсіўных” сіл, г. зн. да сіл, якія выступалі супраць урада імперыі, значна спрыяла наладжванню кантактаў паміж імі (артыкул У. Левіна “Літва ў габрэйскай палітыцы ў позні імперскі перыяд”, с. 77–118).
Досвед выбараў у Першую (1906 год) і Другую (1907 год) Думы аналізуе Д. Сталюнас (с. 45–75). Паколькі левыя байкатавалі выбары ў Першую Думу, адзіным палітычным прадстаўніком габрэйскага насельніцтва зрабіўся тады Саюз для дасягнення паўнапраўя габрэйскага народа ў Расіі, заснаваны ў сакавіку 1905 года. Ён адносіўся да правацэнтрысцкіх сіл і аб’ядноўваў лібералаў і 1 Была заснаваная ў 1896 годзе. У 1900 годзе частка літоўскіх сацыял-дэмакратаў аб’ядналіся з польскімі ў “Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы” (СДКПіЛ).
2 Бунд – Усеагульны габрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі – габрэйская рабочая партыя, заснаваная ў Вільні ў 1897 годзе. Бундаўцы ўдзельнічалі ў заснаванні РСДРП і ўваходзілі ў яе склад да 1903 і пасля 1906 года. Дакументы Бунда апублікаваныя: Бунд, 2010; Бунд в Беларуси, 1997.
3 На жаль, як паказвае вопыт выкладчыцкай работы, зараз не шмат хто са студэнтаў памятае, што РСДРП была заснаваная ў 1898 годзе ў Мінску.
4 Польская сацыялістычная партыя (польская абрэвіятура РРS) – заснаваная ў 1892–1893 гадах, выступала за стварэнне незалежнай польскай дзяржавы.
Зміцер Шавялёў. Пра літоўска-габрэйскія палітычныя кантакты 276 № 18–19 (1–2) 2012 Рэцэнзіі (палітычная гісторыя) сіяністаў (с. 46). Літоўска-габрэйскі перадвыбарчы блок тады быў сфармаваны ў Ковенскай губерні і Вільні.
Ініцыятарам збліжэння з габрэйскімі палітычнымі прадстаўнікамі ў Коўне выступіў лідар Літоўскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі Ё. Басанавічус (Jonas Basanavičius), 5 а ў Вільні – Ю. Амбразіеюс (Juozapas Ambraziejus). 6 Д. Сталюнас настойвае на тым, што вызначальным фактарам кантактаў літоўскіх палітыкаў з габрэямі сталася менавіта антыпольская пазіцыя абодвух нацыянальных дзеячоў (с. 61–62).
У час выбараў у Другую Думу (1907 год) левыя партыі адмовіліся ад заганнай палітыкі байкоту выбараў. Таму палітычны спектр зрабіўся больш разнастайным. Літоўская сацыял-дэмакратычная прэса агітавала за “саюз паміж літоўцамі і габрэямі”, а блізкі да канстытуцыйных дэмакратаў Саюз за раўнапраўе габрэйскага народа здолеў дамовіцца з бундаўцамі і сіяністамі-сацыялістамі (с. 57).
Перадвыбарная кампанія вымусіла габрэйскіх палітыкаў прыслухацца да палітычных мэтаў літоўскіх нацыянальных колаў. У снежні 1906 года габрэйскія выбарцы Ковенскай губерні вырашылі падтрымаць стварэнне аўтаномнай Літвы, якую вылучалі літоўскія нацыяналісты, на ўмовах гарантый правоў нацыянальных меншасцяў у такой аўтаноміі (с. 58–59).
Увогуле выбары ў Другую Думу давалі шырокую магчымасць палітычных камбінацый. Безумоўна, кааліцыі мог арганізоўваць толькі той, хто валодаў здольнасцю дамаўляцца. Такія здольнасці меліся ў левых, але ж аб’яднанне левых сіл праходзіла не па нацыянальных, а па класавых прынцыпах, тады як правых аб’ядноўвацца прымушалі абставіны. Напрыклад, у Вільні падчас выбараў у Другую Думу, літоўцы мусілі падтрымліваць кандыдатаў-габрэяў, бо перадвыбарчыя пазіцыі літоўскіх кандыдатаў былі занадта слабымі, пры гэтым літоўцы не маглі падтрымліваць палякаў, бо бачылі ў апошніх ворагаў (с. 59–60).
Перадвыбарчы літоўска-габрэйскі альянс, як сцвярджае У. Левін, існаваў таксама падчас выбараў у Трэццю (1907 год) ды Чацвёртую (1912 год) Думы, і асабліва дзейсным быў гэты альянс у Ковенскай губерні.
Д. Сталюнас, як і У. Левін, на жаль, пазбягаюць некаторых дэталяў, хаця гэтыя дэталі, як падаецца, былі б вельмі дарэчы: хто з кім супернічаў на выбарах у асобнай акрузе, якім чынам перамог той ці іншы кандыдат...
Досвед перадвыбарчых кампаній у Дзяржаўную Думу прынёс бакам пэўныя вынікі: яны пазнаёміліся з палітычнымі мэтамі сваіх суседзяў, 5 Басанавічус, Ёнас (1851–1927) – літоўскі гісторык, грамадска-палітычны дзеяч, адзін з лідараў літоўскага нацыянальнага адраджэння ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст., працаваў лекарам, заснавальнік і рэдактар першай літоўскай газеты “Aušra”, ініцыятар склікання і старшыня Вялікага Віленскага сойма 1905 года, які выступіў з патрабаваннем аўтаноміі Літвы; стваральнік Літоўскага навуковага таварыства ў 1907 годзе.
6 Амбразеюс, Юозапас (1885–1915) – ксёндз, літоўскі грамадска-палітычны дзеяч, паэт, кампазітар.
277 № 18–19 (1–2) 2012 хаця адзін аднаго наўрад ці зразумелі.
Палітычныя мэты габрэяў аніяк не супадалі з мэтамі літоўцаў. У. Сыратавічус і Д. Сталюнас тлумачаць гэтыя абставіны так: “Літоўцы жадалі атрымаць тэрытарыяльную аўтаномію, дзе яны былі б дамінантнай большасцю; гэта ўступала ў канфлікт з пажаданнямі вялікай часткі габрэйскага палітычнага асяродку – дэмакратызацыя Расіі без зменаў існых дзяржаўных межаў” (с. 7).
Нават геаграфічна разуменне межаў Літвы ў партнёраў не супадала. Кожны маляваў сваю Літву. Літоўскія нацыяналісты дабіваліся Літвы ў літоўскіх этнаграфічных межах. У габрэяў жа існавала іх Літва, “напалову выдуманая Зямля літвакоў” – адмысловая вобласць, дзе жылі іх браты, цесна звязаныя сем’ямі і агульнымі традыцыямі. Гэтая “краіна” ахоплівала ўсе землі былога ВКЛ – Літву, Беларусь і паўночна-ўсходнюю Польшчу (с. 34).
Ізраільскі даследчык Маркус Зільбер, аўтар артыкула “Літва, але якая? Змены ў падыходах габрэйскай палітычнай эліты ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе да Літвы, што паўстае” (с. 119–157), трапна прыводзіць анекдот пра сустрэчу Шымшона Разенбойма, 7 што прадстаўляў незалежную, толькі ўтвораную Літву, і Адольфа Іофэ, дыпламата, кіраўніка савецкай дэлегацыі на літоўска-савецкіх перамовах.
“Калі дэлегаты занялі адпаведныя месцы, два габрэі – Разенбойм і Іофэ – апынуліся насупраць адзін аднаго. Перш за ўсё, згодна з парадкам дня перамоў, неабходна было вызначыць межы дзвюх дзяржаў.
Доктар Разенбойм, як Вы мяркуеце, наколькі далёка павінна працягнуцца тэрыторыя вашай Вялікай Літвы? – саркастычна звярнуўся камісар Іофэ, што ўзначальваў дэлегацыю вялікага Саюза Сацыялістычных Рэспублік, да прадстаўніка маладой і маленькай Літвы.
Настолькі далёка, наколькі распаўсюджаны ў габрэяў літоўскі нусах, 8 – адказаў Разенбойм дзёрзка.
Абодва габрэі пачалі смяяцца.
Іофэ звярнуўся да астатніх чальцоў савецкай дэлегацыі:
Таварышы, калі гэтую прапанову зрабіць асновай для нашых перамоў, у склад Літвы будзе ўключаны не толькі Мінск, а нават і Масква” (с. 119).
Аўтары артыкулаў зборніку мяркуюць, што, хаця большасць габрэяў адносілася да палітыкі індыферэн7 Разенбаум Сямён Якаўлевіч (Разенбойм Шымшон), 1859–1934, нарадзіўся ў Пінску, атрымаў традыцыйную адукацыю, у 1887 годзе скончыў Адэскі ўніверсітэт, пачаў займацца адвакацкай практыкай; у студэнцкія гады быў блізкі да палесцінафілаў; выступіў аднім з ініцыятараў склікання І з’езду сіяністаў Расіі ў Мінску (1902 год), чалец Саюза для дасягнення паўнапраўя габрэйскага народа, абраны ў першую Думу ад Мінскай губерні, пераехаў у Вільню ў 1915 годзе, намеснік міністра замежных спраў Літвы ў яе першым урадзе, у 1923–1924 гадах міністр па габрэйскіх справах, у 1924 годзе пераехаў у Палесціну.
8 Нусах (іўр.) – парадак рэлігійных абрадаў літоўска-беларускага габрэйства.
Зміцер Шавялёў. Пра літоўска-габрэйскія палітычныя кантакты 278 № 18–19 (1–2) 2012 Рэцэнзіі (палітычная гісторыя) тна, з грамадска актыўнай часткі літоўскага габрэйства паўстала некалькі моцных палітычных плыняў:
фалькізм, Бунд і сіянізм.
Праграма “Фолькспартэй” (Народнай партыі) 9 з’явілася ў снежні 1906 года і “амаль дакладна была скапіраваная з праграмы расійскіх канстытуцыйных дэмакратаў” (с. 79).
Народная партыя аб’ядноўвала паслядоўнікаў ідэі аўтанамізму Шымона Дубнова, габрэйскага гісторыка і палітычнага дзеяча. Яны вылучалі ідэю нацыянальна-персанальнай аўтаноміі, гэта значыць асаблівай аўтаноміі з адмысловым прадстаўніцтвам габрэйскіх дэпутатаў у органах улады. На жаль, аб дзейнасці фалькістаў вядома няшмат. І ў прадстаўленым зборніку гэтую палітычную плынь аўтары не разглядаюць падрабязна.
Блізка да фалькістаў стаялі сіяністы. Не жадаючы пасля Гельсінгфорскай канферэнцыі 1906 года губляць уплыў на габрэйскія масы, сіяністы ўключыліся ў актыўную палітычную барацьбу Расіі. Сіяністы таксама падтрымалі ідэю габрэйскай аўтаноміі.
Бунд, у сваю чаргу, вылучаў ідэю нацыянальна-культурнай аўтаноміі – адмысловага нацыянальна-культурнага прадстаўніцтва габрэяў.
Даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што Бунд быў адзінай палітычнай партыяй, што, зыходзячы з палітычных меркаванняў, адмыслова ўзгадвала ў назве Літву. Першапачаткова партыя мела назву “Усеагульны палітычны рабочы саюз у Расіі і Польшчы”. Пры гэтым заснавальнікі габрэйскай сацыял-дэмакратыі пад паняццем “Расія” мелі на ўвазе не ўсю імперыю, а толькі яе паўночна-заходнія правінцыі – этнічныя тэрыторыі Літвы і Беларусі, дзе Бунд паўстаў як моцны рух. Уводзячы ў назву партыі этнонім “Польшча”, бундаўцы тым самым прызнавалі польскія нацыянальныя памкненні (с. 80).
На Чацвёртым з’ездзе партыі ў красавіку 1901 года было вырашана да яе назвы дадаць тапонім “Літва” “дзеля справядлівасці і паслядоўнасці”. Пісаць словы “ў Літве” мусілі перад словамі “Польшча” ды “Расія”, бо, па-першае, “ менавіта ў такім парадку ішло гістарычнае развіццё габрэйскага рабочага руху”; і, па-другое, таму што “фактычная сіла яго найвялікшая ў Літве, і найменшая ў ‘Расіі’”. (Цытата са справаздачы ЦК Бунда аб IV з’ездзе партыі ў красавіку 1901 года: Бунд, 2010: 178). Такім чынам Бунд стаў называцца “Усеагульным габрэйскім рабочым саюзам у Літве, Польшчы і Расіі”.
З самага ўзнікнення палітычнага сіянізму ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. расійскія прадстаўнікі руху дзейнічалі актыўна і настойліва. З канцэпцыі зборніка “Прагматычны альянс”, на жаль, выпадае развіццё сіянісцкага руху ў Літве да Першай сусветнай вайны: аўтары пачынаюць апісанне дзейнасці літоўскіх сіяністаў толькі з 9 Фолькспартэй (Народная партыя) – група, што адкалолася ад Саюза для дасягнення паўнапраўя габрэйскага народа ў 1906–1907 гадах, аб’яднала паслядоўнікаў аўтанамізму. У міжваенны перыяд Фолькспартэй можна лічыць даволі ўплывовым кірункам у габрэйскай палітыцы ў некаторых краінах Усходняй Еўропы.
279 № 18–19 (1–2) 2012 1916 года (артыкул Эгле Бендыкайтэ “Прыярытэты сіянісцкага руху ў змаганні за Зямлю літоўскіх габрэяў”).
Пасля пачатку Першай сусветнай вайны 1914 года немцы захапілі заходнюю частку Расійскай імперыі. І габрэйская абшчына ўвогуле, і сіяністы ў прыватнасці, віталі нямецкую акупацыйную ўладу, якая, у адрозненне ад улады Расійскай імперыі, спрыяльна ставілася да габрэяў, праводзячы “палітыку роўных правоў” (с. 163). Некаторыя літоўскія сіянісцкія дзеячы падаліся ў Германію, частка перад адступленнем рускай арміі была вымушаная паехаць у цэнтральныя губерні Расіі, а некаторыя засталіся ў Літве. Сетка сіянісцкіх гурткоў з пачаткам вайны была зруйнаваная, іх актыўнасць спынілася.
У 1915 годзе з Мінска ў Вільню прыбыў ужо згаданы Ш. Разенбойм, які ўзначаліў дзейнасць невялікай групы актыўных сіяністаў, якія засталіся ў Літве. За кароткі час ён здолеў дасягнуць значных вынікаў: сіяністы набылі шырокае кола прыхільнікаў у грамадзе, а меркаванне самога Разенбойма паважалі ў штаб-кватэры Сіянісцкай арганізацыі ў Берліне (с.
161–162).
У верасні 1917 года Уселітоўская канферэнцыя абрала Раду (Тарыбу), у якой прадугледзелі месцы для прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў.
Разенбойм змог дакладна ацаніць змену сітуацыі: літоўскія нацыянальныя памкненні з цягам часу ўзрасталі.
Больш за тое, іх падтрымлівалі нямецкія акупацыйныя ўлады. Такія абставіны падштурхоўвалі сіяністаў да перамоў з літоўцамі. Адначасова на перамовы з літоўскімі прадстаўнікамі сіяністы прыцягнулі дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. Літоўскія лідары не адчувалі надта вялікай сімпатыі да габрэяў (с. 129–130), але ж бачылі ў іх палітычных саюзнікаў супраць палякаў і польскіх памкненняў.
На ўладу ў Літве прэтэндавалі і прарасійскія сілы. У Пецярбурзе распачаліся перамовы прадстаўнікоў Часовага камітэта па кіраванні Літвой, што быў блізкі да расійскага Часовага урада. Часовы камітэт таксама пакінуў месцы для дэлегатаў ад нацыянальных суполак. Д. Сталюнас публікуе пратакол сустрэчы ад 24 красавіка 1917 года, на якой абмяркоўвалася пытанне пра адпраўку габрэйскіх прадстаўнікоў у згаданы камітэт (с.231–243).
Тым часам перамовы паміж Тарыбай і сіянісцкімі прадстаўнікамі праходзілі цяжка і марудна. (Тры дакументы, што датычыліся такіх перамоў у лютым – траўні 1918 года, публікуе Шарунас Лекіс, с. 245–256).
У выніку бакі пайшлі на кампраміс пад ціскам знешніх акалічнасцяў:
адступленне немцаў і наступленне бальшавікоў, далучэнне да Літоўскай Тарыбы беларусаў і нязменная варожасць да габрэяў з боку палякаў (с.
11). У снежні 1918 года на Віленскай канферэнцыі літоўскія сіяністы падтрымалі абвяшчэнне незалежнасці Літвы, “заснаванай на прынцыпах раўнапраўя і нацыянальна-персанальнага самакіравання ўсіх нацый, што складаюць дзяржаву” (с. 264).
(Матэрыялы гэтай канферэнцыі апублікаваныя ў раздзеле “Архіўныя дакументы”, с. 257–270.) Э. Бендыкайтэ прыходзіць да высновы, што мэты сіянісцкага руху Зміцер Шавялёў. Пра літоўска-габрэйскія палітычныя кантакты 280 № 18–19 (1–2) 2012 Рэцэнзіі (палітычная гісторыя) на Літве не супярэчылі інтарэсам літоўскіх нацыяналістаў. Больш за тое, варожасць паміж габрэямі і палякамі рабілі з першых натуральных саюзнікаў літоўцаў. У канцы 1918 года габрэі пагадзіліся ўвайсці ў склад Літоўскай Рады (Тарыбы), што абазначала змяншэнне іх палітычных патрабаванняў і спадзяванне на тое, што будучая літоўская дзяржава здолее забяспечыць “палітычныя, грамадскія і нацыянальныя правы” габрэйскага насельніцтва (с. 176–177).
Літоўскія лідары звычайна прымалі галоўныя патрабаванні сіяністаў: роўнасць габрэяў у правах з літоўцамі і ўсталяванне нацыянальна-культурнай аўтаноміі. 5 жніўня 1919 года датаваны ліст Аўгусцінаса Вальдэмараса (Augustinas Voldemaras), тагачаснага прэм’ерміністра і міністра замежных спраў Літвы, Камітэта габрэйскіх дэлегацый на Парыжскай мірнай канферэнцыі. У лісце, аўтарам якога на самой справе быў намеснік міністра і чалец літоўскай дэлегацыі на канферэнцыі Ш. Разенбойм, габрэям гарантаваліся правы, “шырокай нацыянальна-культурная аўтаноміі”, ім таксама абяцалі “прапарцыянальнае прадстаўніцтва ў заканадаўчых органах” і магчымасць заснавання адмысловага міністэрства па габрэйскіх справах (с. 13). Закон, прыняты 10 студзеня 1920 года паклаў пачатак габрэйскай аўтаноміі на Літве (с. 14, 182). 10 Аўтары зборніка настойваюць на тым, што літоўская эліта хацела прыцягнуць габрэяў да пабудовы незалежнай літоўскай дзяржавы.
Прадстаўнікі сіяністаў далучыліся да распрацоўкі закона аб выбарах ва Устаноўчы Сойм Літвы і адыгралі важную ролю ў выбарчай кампаніі.
Удзел у гэтых выбарах габрэйскага насельніцтва апісвае У. Сыратавічус у адпаведным артыкуле (с. 181–205).
Але ж у той час, калі ўлады прынялі супрацоўніцтва з габрэйскай супольнасцю, літоўскае грамадства такую ідэю не ўспрымала і палохалася габрэйскай прысутнасці ва ўладзе (таксама як і польскай) (с. 14, 196–197).
Напрыканцы зборніка амерыканскі даследчык Тэадор Уікс распавядае пра становішча 47-тысячнай габрэйскай грамады Вільні ў 1918–1925 г адах і пра іх ваганні паміж палітычнымі памкненнямі палякаў і літоўцаў.
Усе аўтары зборніка прыходзяць да высновы, што кантакты паміж літоўскімі і габрэйскімі грамадска-палітычнымі дзеячамі ў пачатку ХХ ст. былі “прагматычным альянсам”, а не “моцным саюзам, заснаваным на агульных прынцыпах” (с. 15).
Паўтаруся, рэцэнзаваная кніга выйшла ўдалай: збалансаваны адбор аўтараў, трапна знойдзенае тлумачэнне зробленага падбору тэкстаў. У аўтарскіх выкладах амаль няма тэзісаў, з якімі б можна было б катэгарычна не згадзіцца. Кожнае сцвярджэнне звычайна падмацаванае значнай колькасцю спасылак, таму спрачацца, галоўным чынам, можна толькі па нязначных дробязях. Напрыклад, укладальнікі сцвярджаюць, што спрэчкі па пытаннях аўтаноміі паміж літоўцамі і габрэямі не перарасталі ў адкрытыя канфлікты, бо “палітычны 10 Пра габрэйскую аўтаномію ў Літве гл.: Liekis, 2003.
281 № 18–19 (1–2) 2012 рэжым імперыі Раманавых не дазваляў аніякай аўтаноміі” (с. 7). Гэта не зусім так. Пэўныя рэгіёны Расійскай імперыі кіраваліся па прынцыпах тэрытарыяльнай аўтаноміі, знаходзіліся на адмысловым становішчы і мелі асобнае заканадаўства, што значна адрознівалася ад агульнаімперскага (вобласць Войска Данскога, Каўказскі край, Вялікае княства Фінляндскае і гэтак далей). Пры падрыхтоўцы да кадыфікацыі расійскага права ў першай трэці ХІХ ст. меркавалася, што заходнія губерні Расіі таксама будуць карыстацца асобным заканадаўствам. Уключэнне гэтых тэрыторый у сферу ўжытку агульнарасійскага заканадаўства пачалося толькі пасля задушэння паўстання 1830– 1831 гадоў.
Ды і самі аўтары, трэба адзначыць, спрачаюцца паміж сабой. Так, Э. Бендыкайтэ вылучае тры моцныя рухі ў габрэйскім палітычным асяродку: фалькізм, Бунд і рэлігійная артадаксальная плынь. М. Зільбер, у сваю чаргу, чатыры кірункі – фалькісты, бундаўцы, расійскія сіяністы і сіяністы нямецкія. Пры гэтым частка аўтараў аб’ядноўвае расійскіх і нямецкіх сіяністаў у адну плынь. Ці, напрыклад, У.
Левін сцвярджае, што супрацоўніцтва паміж літоўскімі і габрэйскімі актывістамі падчас выбараў у Дзяржаўныя Думы можна лічыць “надзейнай асновай” для далейшага развіцця дачыненняў ужо ў перыяд нараджэння літоўскай незалежнай дзяржавы (с. 108). Пры гэтым, Д. Сталюнас не схільны пераацэньваць палітычныя кантакты перыядаў думскіх выбараў, бо перадвыбарчыя блокі складаліся пад уздзеяннем знешніх акалічнасцяў:
трэба было не дапусціць перамогі польскіх кандыдатаў (с. 63).
Аўтары згадваюць і прадстаўнікоў беларускіх палітычных сіл, якія таксама мелі кантакты і з літоўскімі, і з габрэйскімі грамадскімі дзеячамі.
Але ж, на жаль, дэталёвых даследаванняў пра беларуска-габрэйскія кантакты пачатку ХХ ст. пакуль увогуле няма. 11 І, здаецца, што прац па гэтай тэме не з’явіцца яшчэ доўгі час...
11 Узгадваецца толькі адзін артыкул па тэме, калісьці напісаны І. П. Герасімавай (гл.:
Герасімава, 2000).
Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі 1. Бунд в Беларуси, 1897–1921: Документы и материалы (1997). НАРБ, БелНИИДАД; Сост.: Э. М. Савицкий. Минск.
2. Бунд: Документы и материалы (2010). Москва: РОССПЭН.
3. Liekis, Šarunas. (2003). A State within a State? Jewish autonomy in Lithuania 1918– 1925. Vilnius: Versus Aureus.
4. Герасімава, І. (2000). “Ідэя гэбрайскай аўтаноміі і БНР”, Спадчына, 5–6: 28–45.
Зміцер Шавялёў. Пра літоўска-габрэйскія палітычныя кантакты