№ 15 (2) 2010 ISSN 1819—3625 №15(2), 2010 © Анатацыі і ключавыя словы Інстытуты незалежнасці Ніколь Галіна. Украіна: рэвізія нацыі. Прэзідэнты Украіны ды іх разуменне палітыкі ідэнтычнасці Артыкул паказвае, што разбудова дзяржавы і нацыі ва Украіне пасля дваццаці год незалежнасці далёкая ад завяршэння. Сцвярджаецца, што ўкраінскія прэзідэнты шмат чаго не здолелі зрабіць для інстытуцыялізацыі Украіны як нацыянальнай дзяржавы. Артыкул засяроджваецца на бясконцым працэсе змагання за канстытуцыйную мадэль, а таксама на разглядзе трох аспектаў палітыкі ідэнтычнасці: мова, грамадзянства і гістарыяграфія (асабліва Галадамор). Тэкст паказвае, што палітыка не была накіраваная на дасягненне нечага, а на перадухіленне інстытуцыялізацыі свайго разумення нацыі і дзяржавы “расейцамі” ці “ўкраінцамі” Ключавыя словы: Украіна, пабудова дзяржавы, фармаванне нацыі, моўная палітыка, гістарыяграфія, грамадзянства Андрэй Казакевіч. Беларускі парламент эпохі незалежнасці: эвалюцыя дэпутацкага корпусу, 1990–2010 гады У артыкуле разглядаецца эвалюцыя беларускага парламенту з 1990 па 2010 год на аснове аналізу складу дэпутацкага корпусу. У прыватнасці разглядаецца сацыяльнадэмаграфічны склад дэпутатаў, дзейнасць фракцый і палітычных партый, а таксама кар’ера пасля атрымання дэпутацкага мандату. Аналізуецца, якім чынам эвалюцыянаваў дэпутацкі корпус, што кіравала гэтым працэсам і як гэта было звязана са зменамі статусу і функцый парламенту. На падставе даследавання робіцца выснова пра змены дэмаграфічнага складу дэпутатаў, практычна поўнае знікненне арганізаванай групавой актыўнасці і зніжэнне ролі парламента як механізма вертыкальнай мабільнасці.
Ключавыя словы: парламент, парламентарызм, беларуская палітыка, палітычныя інстытуты, дэпутаты 16 № 15 (2) 2010 Ірміна Матанітэ, Віктар Марціновіч. Расія, Турцыя, ЗША як знешнія пагрозы адзінству ЕС: аналіз поглядаў нацыянальных эліт У артыкуле прааналізаваныя погляды нацыянальных эліт на тры патэнцыйныя вонкавыя пагрозы адзінству ЕС: уступ Турцыі ў ЕС; шчыльныя адносіны паміж некаторымі краінамі ЕС і ЗША, умяшанне Расіі ў справы Еўропы. Апытанні палітычнай і эканамічнай эліты Бельгіі, Нямеччыны, Літвы і Польшчы паказалі, што еўрапейскія каштоўнасці канструююцца ў залежнасці ад працягласці сяброўства краіны ў ЕС. Таксама важнай з’яўляецца палітычная ідэнтычнасць эліты, розныя погляды на ролю ЕС, бачанне будучыні гэтага саюза і па-рознаму ўспрынятая нацыянальная ідэнтычнасць.
Ключавыя словы: эліты, ідэнтычнасць, знешнія пагрозы, сацыяльны канструктывізм, палітычныя ідэалогіі Ідэя незалежнасці Алег Дзярновіч. Грамадская думка ў Беларусі 1960-х–1970-х гадоў: гісторыя, нацыя і незалежнасць У сваім артыкуле аўтар звяртае ўвагу на тое, што толькі з пазіцый палітычнай гісторыі немагчыма зразумець эвалюцыю беларускага грамадства на працягу другой паловы ХХ ст. Як высвятляецца, у эпоху савецкай стабільнасці, у 1960—1970-х гадах, у Беларусі пульсавала грамадская думка. Сярэдзіна 1960-х гадоў адзначана нечуванай раней (і пазней) публічнай гістарыяграфічнай дыскусіяй па праблемах гісторыі культуры і культурагенезу познесярэдневечнай і раннемадэрнай Беларусі. У 1970-х гадах падобныя дыскусіі сталі немагчымыя. Таму палемічная грамадская думка стала перацякаць на старонкі самвыдату. А ў самвыдатаўскіх “Гутарках” Міколы Ермаловіча ў 1975—1976 гадах быў сфармуляваны канцэпт незалежнасці Беларусі.
Ключавыя словы: грамадская думка, палітычныя ідэі, самвыдат, канцэпт незалежнасці, дысідэнцкі рух Сяргей Богдан. Незалежнасць і знешняя палітыка: візія беларускіх нацыянал-дэмакратаў, канец 1980-х – 1995 гг. (прыклад Зянона Пазьняка) У артыкуле разгледжаны вонкавапалітычныя аспекты нацыянал-дэмакратычнага праекту на прыкладзе ідэяў самага яркага прадстаўніка гэтай плыні беларускай палітыкі, кіраўніка БНФ Зянона Пазьняка напрыканцы 1980-х і ў першай палове 1990-х гадоў, г.зн. падчас яго актыўнай палітычнай дзейнасці ў краіне. Зроблена спроба прадставіць структуру гэтай часткі праекта, а таксама вылучыць асноўныя знешнепалітычныя напрамкі і прыярытэты яго. Асаблівая ўвага нададзеная маладаследаваным пытанням – праекту Балта-Чарнаморскага рэгіянальнага блоку і патэнцыйным тэрытарыяльным прэтэнзіям Беларусі.
Ключавыя словы: беларуская палітыка, Зянон Пазьняк, нацыянал-дэмакратычны рух, вонкавая палітыка, Балтыйска-Чарнаморскі саюз.
17 № 15 (2) 2010 Гісторыя ідэяў Ірына Міхеева. “Кансерватыўныя даследаванні” ў палітычным і ідэалагіч ным полі сучаснай Расіі Артыкул раскрывае спецыфіку феномена Цэнтра кансерватыўных даследаванняў сацыялагічнага факультэта МДУ імя Ламаносава, які дзейнічае з 2008 года і ставіць між іншым задачу “садзейнічаць падрыхтоўцы навуковай і кіроўнай эліты кансерватыўных поглядаў”. Абгрунтоўваецца той факт, што дадзены феномен рэпрэзентуе тэндэнцыю ўзмацнення і легалізацыі светапоглядных і ідэалагічных тэндэнцыяў кансерватыўнай, праварадыкальнай, нацыянальна-шавіністычнай танальнасці ў сучаснай Расіі. Робяцца высновы аб інстытуцыяналізацыі раней латэнтных, маргінальных, нефармальных інтэлектуальна-ідэалагічных прастораў (арганізацый, аб’яднанняў, выдавецтваў і г.
д.), якія ў сваім новым статусе пачынаюць прэтэндаваць на выпрацоўку дзяржаўных стратэгічных палітычных праграм.
Ключавыя словы: геапалітыка, ідэалогія, кансерватызм, нацыяналізм, вайна, расійская знешняя палітыка Выбары і партыйныя сістэмы Аляксандр Шамякін. Станаўленне інклюзіўнай партыйнай сістэмы ў Расійскай Федэрацыі (1999–2008) У артыкуле разглядаецца працэс станаўлення сістэмы інклюзіўнага манапартызму ў сучаснай Расіі. Раскрываецца сутнасць інстытуцыйных пераўтварэнняў, якія прывялі да манаполіі партыі ўлады “Единая Россия”, у прыватнасці, раскрываецца значэнне і супярэчлівасць афіцыйнага абгрунтавання рэформы выбарчай сістэмы 2005 г. і сістэмных наступстваў яе ўкаранення ў адпаведнасці з сацыялагічнымі законамі Дзювержэ. Абгрунтоўваецца памылковасць класіфікацыі расейскай партыйнай сістэмы як партыйнай сістэмы з дамінантнай партыяй, улічваючы характар змяненняў як фармальных, так і нефармальных інстытутаў.
Ключавыя словы: партыйная сістэма, выбарчая сістэма, сацыялагічныя законы Дзювержэ, “Единая Россия”, інклюзіўная (аўтарытарная) партыйная сістэма Міхаіл Нядзвецкі. Узровень вэб-актыўнасці кандыдатаў на мясцовых выбарах 2010 года (Мінск) У артыкуле аналізуецца стан вэб-актыўнасці падчас мясцовых выбараў 2010 г. у Мінску сярод зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты. У прыватнасці, вывучаецца ўзровень рэпрэзентацыі кандыдатаў праз сацыяльныя сеткі, блогавыя сістэмы і персанальныя сайты. Таксама даследуюцца адрозненні ва ўзроставай структуры; у формах інтэрнэт-актыўнасці; у размеркаванні па арганізацыйнай прыналежнасці. У Дадатку прыводзяцца зводныя дадзеныя па кантэнт-аналізе акаўнтаў у сацыяльных сетках кандыдатаў у дэпутаты.
Ключавыя словы: мясцовыя выбары – 2010, Мінск, вэб-актыўнасць, вэб-кампаніі, Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі 18 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (палітыка і паліталогія) Аляксей Ластоўскі. Крызіс веды пра Беларусь. Bekus, Nelly (2010). Struggle Over Identity.
The Official and the Alternative «Belarusianness» У рэцэнзіі разглядаецца манаграфія сацыёлага Нэлі Бекус, прысвечаная аналізу сацыяльна-палітычных і культурных зменаў у незалежнай Беларусі на тле працэсаў будаўніцтва дзяржаўнасці і развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці.
Ключавыя словы: посткамуністычныя трансфармацыі, дэмакратызацыя, нацыяналізм, нацыянальная ідэнтычнасць, палітыка ідэнтычнасці Віктар Кавалёў. Тэорыя і метадалогія асобнай кафедры. Решетников, C.В. (2009). Политическая наука в БГУ: теоретико-методологические и прикладные аспекты.
У рэцэнзіі разглядаецца кніга Сяргея Рашэтнікава пра развіццё паліталогіі ў БДУ. Аналізуецца развіццё паліталагічнай супольнасці Беларусі, напрамкі і ўзровень даследчае дзейнасці, акадэмічныя статусы і ўзаемаадносіны. Пазначаюцца асобныя праблемы развіцця палітычнай навукі ў Беларусі.
Ключавыя словы: палітычная навука, палітычная навука ў Беларусі, акадэмічная супольнасць, даследчая дзейнасць Таццяна Чыжова. Пра некаторых дэпутатаў незалежнасці… Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк (2010). Дэпутаты незалежнасьці Рэцэнзія на кнігу Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка, прысвечаную дэпутатам фракцыі БНФ ў Вярхоўным Савеце ХІІІ склікання (1990-1995). Крытычна разглядаецца інтэрпрэтацыя аўтарамі падзеяў пачатку 1990-х і іх ролі ў абвяшчэнні незалежнасці Беларусі.
Ключавыя словы: парламент, беларускі парламент, БНФ, незалежнасць, успаміны Уладзіслаў Іваноў. Беларусь, спружыны адной дыктатуры. Lallemand, J.-C., Symaniec, V. (2007). Biélorussie, mécanique d'une dictature У сваёй кнізе Ж.-Ш. Ляльман і В. Шыманец апісваюць Беларусь як класічную дыктатуру, якая дэкларуе захаванне сацыялістычнага і савецкага парадку, адданасць савецкай ідэі пабудовы эгалітарнага грамадства, але ў якую даўно праніклі жорсткія механізмы капіталізму. Гэтыя механізмы разбураюць не толькі эканоміку, але і нацыянальную ды моўную спецыфіку Беларусі. Аўтары паслядоўна апісваюць спружыны сучаснай дыктатуры ў межах Беларусі, надаючы важнае месца геапалітычнаму чынніку, а таксама ўнутраным працэсам, звязаным з адсутнасцю грамадзянскай супольнасці. Кніга ўключае ў сябе як выключна аналітычныя тэксты, так і публіцыстычныя, што робіць яе даступнай для усіх чытацкіх колаў.
Ключавыя словы: беларуская палітыка, дыктатура, Лукашэнка, аўтарытарызм, дэмакратыя 19 № 15 (2) 2010 Рэцэнзіі (міжнародныя адносіны) Сяргей Богдан. У тумане знешняй палітыкі Беларусі. Улахович, В.Е. (2010).
Формирование основ внешней политики Республики Беларусь (1991–2005) У рэцэнзіі робіцца агляд кнігі Ў. Улаховіча, прысвечанай знешняй палітыкі Беларусі з пачатку 1990-х да сярэдзіны 2000-х гг. Разглядаецца аўтарская інтэрпрэтацыя асноўных этапаў афармлення знешняй палітыкі незалежнай Беларусі, яе канцэпцыі і стратэгіі. Таксама аналізуецца ацэнка аўтарам поспехаў і праблемаў знешняй палітыкі Беларусі.
Ключавыя словы: знешняя палітыка, знешняя палітыка Беларусі, канцэпцыя знешняй палітыкі, палітычная навука Дзяніс Мельянцоў. Украінска-беларускія адносіны: несістэмны падыход.
Вдовенко, С.М. (2010). Україна-Білорусь: взаємовідносини на перехрестях перемін Рэцэнзія аналізуе першую спробу правесці комплекснае даследаванне стасункаў паміж Украінай і Беларуссю, якая была рэалізаваная украінскім навукоўцам С. Удавенкам. Робіцца крытычны разгляд тэксту і пазначаецца яго значэнне для разумення асаблівасцяў развіцця знешняй палітыкі Беларусі і Украіны.
Ключавыя словы: Украіна і Беларусь, знешняя палітыка, двухбаковыя дачыненні, рэгіянальнае супрацоўніцтва, міжнародныя адносіны Рэцэнзіі (сацыялогія, гарадскія даследаванні) Сяргей Любімаў. Urban studies і праблема інавацый. Постсоветские столицы: Минск, Вильнюс, Баку (2009). Под общей редакцией Й.Терборна У рэцэнзіі разглядаецца кніга “Постсоветские столицы…”, прысвечаная параўнальнаму даследаванню трох постсавецкіх сталіц – Мінска, Вільні, Баку. Аналізуюцца мэты і задачы аўтараў, а таксама іх паспяховасць у правядзенні паслядоўнага разгляду сацыяльнага і палітычнага феномена сталіцы ў постсавецкіх умовах.
Ключавыя словы: гарадскія даследаванні, постсавецкія сталіцы, Мінск, Вільня, Баку Наталля Васілевіч. Моладзь: даследаванне веры. Юдин, В.В. (2009). Особенности религиозности молодежи восточных регионов Беларус У рэцэнзіі разглядаецца кніга сацыёлага В. Юдзіна, прысвечаная асаблівасцям рэлігійных паводзінаў моладзі ў Беларусі. Падаецца кароткі агляд праблемы, а таксама крытычна аналізуецца падыход аўтара да яе вырашэння.
Ключавыя словы: рэлігія, царква, моладзь, канфесіі, сацыялогія рэлігіі 20 № 15 (2) 2010 Сяргей Любімаў. Прасторавае ўяўленне і правілы гульні. Игра в города: по материалам экспедиций в малые города Беларуси (2009). Сост., науч. ред. Т.
Водолажская Рэцэнзія разглядае кнігу “Игра в города…“, прысвечаную малым гарадам Беларусі.
Разглядаюцца задачы і метады даследавання малых гарадоў, праведзенага Агенцыяй Гуманітарных Тэхналогій праз адмысловыя экспедыцыя. Аналізуюцца перавагі, недахопы, а таксама перспектывы абранай даследчай стратэгіі.
Ключавыя словы: гарадскія даследавання, малыя гарады, малыя гарады Беларусі, метадалогія, лакальныя супольнасці