№14/2010 ISSN 1819—3625 №14, 2010 © Гісторык літаратуры, прафесар Ягелонскага універсітэту Тадэвуш Буйніцкі, чые родавыя карані сягаюць літоўска-латышскага памежжа, дваццаць гадоў таму на старонках выдання «Znad Wilii» назваў даўнія землі Вялікага княства Літоўскага «забытым кантынентам» (zasypanym kontynentem). Гэтым ён падкрэсліў неабходнасць комплексных, часта інтэрдысцыплінарных супольных дас ледаванняў унікальнай спадчыны згаданага кутка Еўропы навукоўцамі Літвы, Польшчы, Беларусі ды Украіны.
А падзенне савецкай імперыі адкрыла доступ да архіўных матэрыялаў, паслабіла граніцы паміж дзяржавамі і прынесла іншыя выгоды, якіх раней не было.
У польскіх даследніцкіх асяродках на пачатку 1990-х гг. паўстала мноства ініцыятываў, скіраваных на вывучэнне польскай або польскалітоўскай (як і польска-беларускай) спадчыны па-за межамі цяперашняй Польшчы. На жаль, не шматлікія з тых праектаў рэалізуюцца да сённяшняга дня (хацелася б памыляцАнджэй Пукшта Gente Lithuana, natione Lithuana ца, але саслаб познанскі асяродак, развіты ў 1980-я гг. Ежы Ахманскім, пазней Янам Юркевічам, Гжэгажам Блашчыкам, Кшыштафам Пяткевічам ды інш.). Гледзячы з іншага боку, паўстаюць новыя ініцыятывы, таксама вельмі каштоўныя, унёсак якіх у развіццё гістарычнай навукі робіцца ўсё больш выразным.
У Гданьскім універсітэце ўжо некалькі гадоў развіццё палітычнай думкі на тэрыторыі Літвы і Беларусі ў XIX – пач. ХХ ст. актыўна даследуе гісторык права Дар’юш Шпопэр.
Цягам апошніх дзесяці гадоў з-пад ягонага пяра апроч згаданай тут манаграфіі выйшлі тры працы (Szpoper, 1999; Szpoper, 2003; Szpoper і Bielecki, 2001), прысвечаныя польскай палітычнай думцы ў Літве і Беларусі. І калі асоба Аляксандра Мейштовіча была і застаецца фігураю больш ці менш вядомаю як сярод навукоўцаў, так і ў больш шырокіх колах, то дзейнасць Канстанцыі Скірмунт вядомая нашмат менш – як на польскім баку, так і ў Літве ды Беларусі. Нашмат большым «поспехам» сярод даследDariusz Szpoper. Gente Lithuana, natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851–1934). Arche. Gdansk, 2009. 487 S.
212 №14/2010 Рэцэнзіі чыкаў карысталіся яе стрыечныя браты – Раман і Канстанты Скірмунты.
А таму трэба адзначыць, што Дар’юш Шпопэр звярнуўся да мала вядомай постаці, адкрыў шмат новых архіўных дакументаў і гэтым нагадаў пра вельмі «запыленыя» старонкі ў палітычным і грамадскім жыцці польска-літоўска-беларускага памеж жа канца XIX – пач. XX ст. Ужо сама назва кнігі, калі браць пад увагу польскамоўнасць яе гераіні, прымушае задумацца, што аўтар прадстаўляе нам дзяячку незвычайную, якую цяжка ўпісаць у кантэкст сённяшніх падручнікаў гісторыі ды нават некаторых манаграфіяў.
Ужо з першых старонак кнігі Дар’юш Шпопэр заахвочвае чытача – нават таго, хто добра знаёмы з паваротамі палітычнай гісторыі на тэрыторыі заходніх губерняў Расійскай імперыі ды гісторыяй нацыянальнага адраджэння літоўцаў і беларусаў, – задумацца над глыбінёй і складанасцю працэсаў фармавання сучаснай нацыянальнай свядомасці гэтых народаў. Аўтар манаграфіі пра Канстанцыю Скірмунт унікальным чынам, праз прызму дзеянняў адной публіцысткі і грамадскай дзяячкі, паказвае перыяд утварэння сучасных нацыянальных дзяржаваў, «цеснату» для гэтых дзяржаўных арганізмаў і актыўны пошук групаю інтэлектуалаў, «апошнімі грамадзянамі» Вялікага княства Літоўскага, наднацыянальных формулаў 100–150 гадоў таму.
Канстанцыя Скірмунт, у адрозненне ад Аляксандра Мейштовіча, рэдка бавіла час у палітычных салонах. Яна не была частаю госцяю ў дамах уплывовых дзеячаў у Мінску, Варшаве, Вільні ці Коўне. Большую частку свайго жыцця (цягам больш як дзесяці гадоў яна была прыкаваная да інваліднага вазка) Канстанцыя жыла і пісала ў Пінску, мястэчку, дзе дамінавала габрэйскае насельніцтва, мястэчку, атачоным унікальнымі палескімі краявідамі, з маляўнічымі маёнткамі, гаспадары якіх не заставаліся ў баку ад антыцарскай дзейнасці нават у найбольш суровыя часы, што насталі ў 1864 г. Атмасферу гэтага землеўласніцкага свету вельмі дакладна (месцамі нават занадта падрабязна) набліжае да нас аўтар кнігі «Gente Lithuana, natione Lithuana».
Трэба памятаць аднак, што роля гарадскіх асяродкаў у палітычным і культурна-асветніцкім жыцці расійскіх губерняў у другой палове XIX ст.
была значна меншая, чым хаця б у Галіцыі ці Трансільваніі, не кажучы ўжо пра заходнюю частку Еўропы.
Пінск пацярпеў галоўным чынам ад вакууму, што ўтварыўся пасля закрыцця вядомага езуіцкага калегіуму (звязанага, натуральна, з імем Адама Нарушэвіча), і ад спынення шырокай дзейнасці ордэну езуітаў. Шкада, што аўтар не паказаў чытачу шырэйшае грамадска-культурнае жыццё гэтага незвычайнага рэгіёну, які нягледзячы на гістарычныя завірухі другой паловы XX ст. (яны, на жаль, працягваюцца і дагэтуль) не быў цалкам выкраслены з падручнікаў агульнай гісторыі або сусветнай культуры. Дастаткова прыгадаць, што Пінск і яго ваколіцы прысутнічаюць у біяграфіях вядомых габрэйскіх дзеячаў – рабіна і заснавальніка сіянісцкай арганізацыі «Мізрахі» Ісака Рэйнэса, першага прэзідэнта Ізраілю Хаіма Вэйцмана і 213 №14/2010 Анджэй Пукшта. Gente Lithuana, natione Lithuana прэм’ера Голды Мэір. У Пінску ў 1932 г.
нарадзіўся і пражыў першыя восем гадоў свайго жыцця Рышард Капусціньскі.
Гераіня кнігі Дар’юшa Шпопэрa Канстанцыя Скірмунт не заставалася аднак у баку ад галоўных падзеяў і палітычных працэсаў. І хоць яна не мела магчымасці, як яе маці – добра вядомая ў XIX ст. (і несправядліва забытая сёння ў Польшчы і Літве) мастачка і скульптарка Гелена Скірмунт, – бываць у шмат якіх еўрапейскіх сталіцах, а таксама ў Дрэздэне, Фларэнцыі ці Мілане, дзякуючы сваёй публіцыстыцы і поглядам, якія Канстанцыя Скірмунт смела выказвала на старонках прэсы, яна была постаццю, з якою вялі дыскусіі, спрачаліся, думкі якой уплывалі на погляды прадстаўнікоў розных слаёў насельніцтва. Сталае ліставанне з Элізай Ажэшка, лідэрамі літоўскага адраджэнскага руху Ёнасам Басанавічусам і прэлатам Адомасам Дамбраўскасам-Якштасам сведчаць пра актыўнасць публіцысткі.
За часоў царскай Расіі яна смела выказвала свае погляды на старонках пецярбургскага выдання «Kraj», віленскіх выданняў «Kurier Litewski» і «Gazeta Codzienna», а таксама ў пралітоўскай газеце «Litwa». Не пазбягала яна палемікі і з варшаўскім «Kurierem Polskim». У міжваенны перыяд яе публікацыі, палеміку, рэплікі можна знайсці таксама на старонках кансерватыўнага, рэдка да яе пры хільнага «Słowa» Станіслава ЦатаМацкевіча ды ідэалагічна блізкага «Przeglądu Wileńskiego».
Канстанцыя Скірмунт не была зусім забытая сучаснымі даследчыкамі. Біяграфічную нататку пра яе змясцілі ў вельмі папулярнай Літоўскай энцыклапедыі (Konstancya…, 1963:
55), якая выходзіла ў Бостане пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.
Даследчыкі гістарыяграфіі ацэньвалі ролю падручнікаў гісторыі Канстанцыі Скірмунт у фармаванні літоўскай свядомасці. Падручнікі напісаныя ў вельмі рамантычным стылі, які сённяшняму чытачу можа падацца нават смешным, што не змяншае іх папулярнасці сто і больш гадоў таму.
Аняле Буткувіене ў сваёй працы «Вядомыя жанчыны ў Літве: XIV – першая палова XX ст.» прысвяціла разгорнуты артыкул Канстанцыі Скірмунт і яе маці Гелене Скірмунт (Butkuvienė, 2007). На ролю Канстанцыі Скірмунт у развіцці асяроддзя краёўцаў таксама неаднойчы ў сваіх артыкулах звяртаў увагу літоўскі гісторык, вядомы даследчык палітычнай думкі пачатку XX ст. Рымантас Міксніс. Аўтару манаграфіі варта было б улічыць гэтыя працы літоўскіх аўтараў. Як і шэраг іншых працаў літоўскіх гісторыкаў, прысвечаных нацыянальнаму адраджэнню.
У той жа час знойдзеная Дар’юшaм Шпопэрaм у Бібліятэцы Віленскага універсітэту надзвычай каштоўная карэспандэнцыя рэдактаркі газеты «Aušra» (галоўнага выдання лідэраў літоўскага адраджэнскага руху канца XIX ст.) Станіславы Пашкявічэне на польскай мове дадала б яшчэ больш інтрыгоўнага каларыту. Падобным чынам больш шырокага фону даследавання чытач можа чакаць у пытаннях наконт пазіцыі землеўласнікаў напрыканцы XIX – пач. XX ст. на 214 №14/2010 Рэцэнзіі польска-літоўскім або польска-беларускім памежжы.
І хоць аўтар на шмат якія пытанні, датычныя дзеянняў кансерватыўнага асяродку, ужо адказаў у «Sukcesorzach Wielkiego Księstwa Litewskiego», усё ж падаецца, што непазбежнаю справаю будзе паслядоўнае параўнанне пазіцыі Канстанцыі Скірмунт з дзеяннямі іншых пралітоўскіх прадстаўнікоў землеўласнікаў – Балеслава Ялавецкага, Стэфаніі Яблонскай або Антона Завішы. Не кажучы ўжо пра Станіслава Нарутовіча і Міхала Ромэра, якія, на жаль, мінімальна фігуруюць на старонках кнігі. Хоць у лісце да Ёнаса Басанавічуса Канстанцыя Скірмунт называе сябе «апошняю з магіканак», яна аднак у сваіх пачуццях, у сваёй літоўска-польскай раздвоенасці, далёка не была адзінай асобай, якая не знайшла сабе месца ні сярод польскіх, ні сярод літоўскіх палітычных фармаванняў. У гэтым кантэксце аўтар мусіў згадаць таксама пра ліст землеўласнікаў да Антанаса Смятоны, апублікаваны на пачатку 1920 г., у якім яны дэкларавалі ахвоту дапамагчы маладой Літоўскай рэспубліцы.
Ды і болей згаданы «стараліцвін» Юзэф Пілсудскі ды ягоныя дылемы пры фармаванні ўнутранай і знешняй палітыкі адроджанай Польшчы або бясспрэчны лідэр віленскіх літоўцаў Міколас Біржышка (прымаючы пад увагу ягоныя шляхецкія карані) з літоўскага боку вельмі б дапамаглі ў тлумачэнні незвычайнай з’явы «gente Lithuanus, natione Lithuanus». І тым самым аўтар мог бы не абцяжарваць чытача частымі і «густымі» (без абзацаў) цытатамі памерам дзве–тры старонкі, хоць і паходзяць яны з вельмі каштоўных дакументаў і невядомых архіўных матэрыялаў.
Нягледзячы на ўсё, я горача рэкамендую прачытаць кнігу Дар’юшa Шпопэрa – асабліва даследчыкам літоўскай, польскай і беларускай палітычнай думкі канца XIX – пач. XX ст.
Напэўна, яна ўносіць таксама шмат новага ў гісторыю землеўласнікаў былога Вялікага Княства, грамадскай групы, чые заслугі паслядоўна замоўчваліся ў савецкі перыяд на тэрыторыі ўсёй Усходняй Еўропы. Кніга яшчэ раз абвяргае тэзіс, які можна дагэтуль часта сустрэць і які яшчэ ў міжваенны перыяд вырас да катэгорыі міфу, што землеўласнікі на тэрыторыі сённяшняй Літвы, Беларусі або Украіны былі ў сваіх пазіцыях вельмі прапольскія ды катэгарычна і паслядоўна працівіліся нацыянальнаму адраджэнню народаў, сярод якіх жылі.
Пазіцыя Канстанцыі Скірмунт яшчэ раз нагадвае пра жывучасць ідэі Вялікага княства Літоўскага і глыбокай традыцыі Рэчы Паспалітай абодвух народаў на пачатку мінулага стагоддзя. Светапогляд гераіні кнігі толькі часткова фармуецца на падставе рамантызму слаўнай гісторыі літоўцаў і палякаў, а перадусім дзякуючы глыбока прадуманаму бачанню дзяржаватворных працэсаў, якое фармавалася на беларуска-літоўска-польскім памежжы дзякуючы перакананню ў цывілізацыйнай місіі, якая прыпісвалася уніі 1385 і 1569 гг., а таксама надрэлігійнай і нават палітычнай ролі Каталіцкага Касцёлу на ўсходзе Еўропы.
215 №14/2010 Анджэй Пукшта. Gente Lithuana, natione Lithuana Канстанцыя Скірмунт не толькі ў Вільні, але і Варшаве смела выказвала свае погляды, якія ў яе асяроддзі ўспрымаліся як вельмі пралітоўс кія. На старонках кансерватыўнага «Kuriera Polskiego» яна падкрэслівала, што «нацыянальныя адрозненні пры адзінстве ў палітыцы, развіццё ўласнай індывідуальнасці пры братэрскай, непадзельнай сувязі, барацьба з шавінізмам, як польскім, так і літоўскім, на падставе здаровага нацыянальнага патрыятызму і вялікіх хрысціянскіх пачуццяў – гэта прынцыпы, якіх трымаюся і якія – веру – стануць прынцыпамі ўсіх маіх літоўскіх братоў, калі пакіне іх ліхаманка шавінізму, і застанецца шчыры, чысты, Богам дадзены патрыятызм. Але, каб надышоў гэты доўгачаканы момант, трэба таксама, каб старэйшыя браты-палякі ў Кароне і Літве не адкладалі яго надыходу сваімі дзеяннямі» .
Хоць Канстанцыя Скірмунт не ведала літоўскай мовы, яна лічыла сябе літоўкаю, кіруючыся пры гэтым прынцыпам, што філалагічны крытэр ніколі не мае быць галоўным або адным з асноўных правілаў пры вызначэнні нацыянальнай тоеснасці.
Яна тлумачыла варшаўскаму чытачу:
«Я належу да літоўскай стыхіі, якая безупынна жыве і дзейнічае, не толькі ў народзе, але і сярод шляхты, на зямлі Вітаўтаў і Гедымінаў. Gente Lithuana, natione Lithuana» .
Дар’юш Шпопэр добра паказвае атмасферу польска-літоўскіх спрэчак пра мову ў публічным жыцці Літвы і заангажаванасць пісьменніцы ў гэтыя няпростыя дыскусіі (са шкадаваннем трэба адзначыць, што аўтар не быў у стане звярнуцца да літоўскамоўнай прэсы).
Кніга прыводзіць таксама забытае, поўнае розніцы поглядаў ліставанне Скірмунт з Мечыславам Давойна-Сыльвестровічам, які, выдаючы польскамоўную прэсу ў Вільні (сярод іншага прыгаданую вышэй газету «Litwa»), ставіў за мэту прапагандаванне сярод шляхты як мага хутчэйшага навучання і пераходу (часам нават у абавязковым, прымусовым парадку) на літоўскую мову.
Уважлівы чытач заўважыць таксама незвычайны абмен поглядамі гераіні кнігі з Мар’янам Здзяхоўскім і Людвікам Абрамовічам, роля якіх у залагоджванні польска-беларускага ці польска-літоўскага канфліктаў у перыяд непасрэдна перад Першаю сусветнаю вайною і ў міжваенны перыяд цяжка пераацаніць.
Канстанцыя Скірмунт лічыла, што без заангажаванасці землеўласнікаў будаўніцтва літоўскай дзяржаўнасці асуджанае на паразу, з чым не пагаджаліся яе карэспандэнты Ёнас Басанавічус і Адомас Якштас, якія сцвярджалі, што прадстаўнікі гэтага слою занадта аддаліліся ад літоўскага грамадства, здрадзілі літоўцам. На іхную думку, толькі моцнае пачуццё раскаяння за праведзеную пасля Люблінскай уніі паланізацыю разам са шчырым жаданнем навучыцца літоўскай мове і поўнай адданасцю справам нацыянальнага адраджэння можа вярнуць «маладое пакаленне магнатаў» у шэрагі літоўскага народу.
Дар’юш Шпопэр нагадвае, што Крэўская і Люблінская уніі для Канстанцыі Скірмунт уяўляюць з сябе гістарычную неабходнасць: ад іх Вя- 216 №14/2010 Рэцэнзіі лікае княства Літоўскае вельмі шмат атрымала, патрапіўшы ў вір заходняй хрысціянскай цывілізацыі. Яна цаніла Гедыміна, Альгерда, Кейстута, Вітаўта і, вядома, Ягайлу, які паклапаціўся, каб не толькі захаваць дасягненні бацькі і дзеда, але надаў ім новае, большае вымярэнне. У 1910 г.
Канстанцыя Скірмунт заклікала варшаўскіх і кракаўскіх палітыкаў ды інтэлектуалаў, каб тыя ў цеснай супрацы з літоўцамі адзначылі юбілей Грунвальдскай бітвы. Яна меркавала, што польска-літоўская супраца, заснаваная на прынцыпах каталіцкай веры, была і застаецца гістарычнаю неабходнасцю, якой заўсёды будзе працівіцца расійская палітычная думка.
Кіруючыся прыгаданымі прынцыпамі, на пачатку 1920 г. Канстанцыя Скірмунт накіравала Юзэфу Пілсудскаму ліст пратэсту ў звязку з заняццем Вільні і Віленшчыны Польскім войскам і ўсталяваннем там Цывільнага кіравання ўсходнімі землямі (гэтая справа мала вядомая сярод прадстаўнікоў гістарычнай навукі, таму я мяркую, што гэты ліст варта было цалкам змясціць у дадатку).
«...Няма Літвы без Вільні, гэтая нібы любая «сястрыца», што калісьці сваімі землямі і народамі ад мора да мора дала адразу Польшчы, аб’ядноўваючыся з ёй, вяліка дзяржаўнае становішча, не мае сёння нічога вялікага са свайго вялікага мінулага, апрача спадчыннага клейноду – Вільні. [...] Польшча для здаровай палітыкі не мусіць прэтэндаваць на Вільню. Тады знікне галоўны прадмет спрэчкі паміж двума народамі, а даўні саюз расквітнее ў новых формах» , – пісала яна кіраўніку польскай дзяржавы ў лісце, надрукаваным на старонках польскамоўнай газеты «Echo Litwy», органу віленскіх літоўцаў.
Яна шмат працавала, нягледзячы на слабае здароўе, не адмаўлялася каментаваць актуальныя палітычныя пытанні, таксама за часоў Сярэдняй Літвы ў складзе Польшчы, не звяртаючы ўвагі на тое, што падзеі адбываліся не паводле створанага ёй сцэнару. Дар’юш Шпопэр часта цытуе ў сваёй манаграфіі не вядомую раней працу К. Скірмунт пад назваю «Заўвагі ў звязку з тэкстам патрабаванняў Літвы, прадстаўленых польскаму ўраду дэлегацыяй літоўскага ўраду ў другой палове снежня 1920 г. у Варшаве» 1 .
Пасля расчаравання чарговымі дзеяннямі польскіх палітыкаў у Варшаве і Вільні, яе таксама расчароўвалі рашэнні, прынятыя ў Коўне, часовай сталіцы Літоўскай рэспублікі. Найперш яна шкадавала пра заключэнне 12 ліпеня 1920 г. літоўска-савецкага саюзу, не скупілася на крытыку прынятых Заканадаўчым сеймам Літвы галоўных прынцыпаў аграрнай рэформы. Яна заклікала «не крыў дзіць літоўскай шляхты празмерным адабраннем у яе зямлі, больш, чым гэта трэба краю, бясплатным адабраннем». Яна называла рэформу 1 Арыгінальная назва: «Uwagi z powodu tekstu żądań Litwy, przedłużonych rządowi polskiemu przez delegację rządu litewskiego w drugiej połowie grudnia 1920 roku w Warszawie».
217 №14/2010 Анджэй Пукшта. Gente Lithuana, natione Lithuana «памылковаю выхадкаю сацыяльнай тэорыі». Пасля ўтварэння Віленскага ваяводства яна не скупілася на словы крытыкі наконт палітыкі польскага ўраду ў галіне правоў і свабодаў літоўскай і беларускай нацыянальных меншасцяў на Віленшчыне.
Незвычайна ўсебаковую грамадска-палітычную і пісьменніцкую дзейнасць Канстанцыі Скірмунт аўтар манаграфіі паказаў у пяці раздзелах:
«Дарогі жыцця. Біяграфічны нарыс на фоне эпохі», «Традыцыя Вялікага княства Літоўскага і нараджэнне этнічнай Літвы», «Спробы кампрамісу і мадэрнізацыі публічнага жыцця паўночна-заходніх губерняў», «У рэаліях адраджэння Польшчы», «Разам з Каталіцкім Касцёлам». Невядома, з якой прычыны не з’явіўся раздзел, прысвечаны беларускаму пытанню. На шчасце, гэтае пытанне не засталося зусім па-за ўвагай аўтара, і стаўленне землеўласніцы з Пінску да беларускага адраджэння можна прасачыць на асобных старонках кнігі.
Нягледзячы на некаторыя крытычныя заўвагі, трэба адназначна прызнаць, што Дар’юш Шпопэр сваёй кнігаю вярнуў з забыцця унікальную постаць, да чыёй інтэлектуальнай спадчыны мы будзем звяртацца ўсё часцей.
Друкуецца паводле аўтарскага арыгіналу Пераклад з польскай мовы Сяргея Кузняцова Литература 1. Butkuvienė, A. Garsios Lietuvos moterys: XIV – XX a. pirmoji pusė . Vilnius, 2007. P.
191–199.
2. Konstancya Skirmuntaitė // Lietuvių enciklopedija. V. 28. Boston, 1963.
3. Szpoper, D. Bielecki, A. Aleksander Meysztowicz – portret polityczny konserwatysty .
Gdańsk, 2001.
4. Szpoper, D. Pomiędzy caratem a snem o Rzeczypospolitej. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich w guberniach zachodnich Cesarstwa Rosyjskiego w latach 1855–1862 . Gdańsk, 2003.
5. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904–1939 . Gdańsk, 1999.