№14/2010 ISSN 1819—3625 №14, 2010 © Уводзіны На пачатку ХХ ст. Расія ўяўляла з сябе каланіяльную імперыю, якая стагоддзямі фармавалася коштам заваёвы і ўключэння ў свой склад суседніх народаў і дзяржаваў. Расійская неабмежаваная манархія была жорстка цэнтралізаванай унітарнаю дзяржаваю, у якой велікарускі этнас займаў дамінантнае становішча ў палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці. Пэўныя адзінкі самакіравання ў Расійскай імперыі існавалі ў выглядзе Каралеўства Польскага, Вялікага княства Фінляндскага, Бухарскага ханства і Хівінскага эмірату, але гэта былі нестандартныя выпадкі, якія сведчылі пра асаблівы кантэкст іх уваходжання ў склад імперыі. Але нават гэтыя самакіраваныя адзінкі да канца ХІХ – пач. ХХ ст. былі ліквідаваныя ці згубілі асноўную частку сваёй аўтаноміі.
Адносіны да «нятытульных» нацыяў і этнасаў рэгуляваліся збольшага на канфесійнай аснове, а аб’екты гэтага рэгулявання вызначаліся адным тэрмінам – «инородцы», у лік якіх, паводле некаторых падлікаў, уваходзілі каля 200 нацыянальнасАляксандр Шамякін Бальшавіцкая нацыянальная тэорыя і палітыка на пачатку станаўлення савецкай дзяржавы цяў (Карр, 1990: 210). Несумненна, нявырашанае нацыянальнае пытанне пачало абвастрацца ў крызісны перыяд пачатку ХХ ст., калі павялічыліся сацыяльныя супярэчнасці і пачаў развівацца рэвалюцыйны рух, які прывёў да першай расійскай рэвалюцыі 1905–1907 гг., а ў 1914 г. пачалася Першая сусветная вайна. Развіццё рухаў нацыянальнага адраджэння ў гэты час ужо нельга было ігнараваць, і нацыянальнае пытанне заняло значнае месца ў грамадскім і палітычным жыцці Расійскай імперыі.
Мабыць, адным з самых цікавых і радыкальных фарматаў развязання нацыянальнага пытання ў Расіі было праграмнае палажэнне партыі бальшавікоў, якое дапускала самавызначэнне нацыяў ажно да поўнага аддзялення, але літаральнае разуменне палажэння можа прывесці да сур’ёзнага сэнсавага скажэння.
Мэта гэтага артыкулу – раскрыць сутнасць бальшавіцкай нацыянальнай тэорыі ды ўзаемасувязі нацыянальнай палітыкі са стратэгіяй на пачатковай стадыі фармавання савецкай палітыкі. Храналагічна ахоплены перыяд ад з’яўлення ў 1903 г.
праграмы Расійскай сацыял-дэмак- 179 №14/2010 Аляксандр Шамякін. Бальшавіцкая нацыянальная тэорыя і палітыка ...
ратычнай рабочай партыі (бальшавікоў) – РСДРП(б) – да 1918 г. Закранаюцца і некаторыя пазнейшыя падзеі, але ўскосна, для ўдакладнення логікі асвятлення асноўнага пытання. Калі разглядаецца нацыянальная палітыка бальшавікоў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ды ў 1918 г., асноўная ўвага надаецца тэрыторыям, якія або былі пад кіраваннем Савету народных камісараў (СНК), або ўяўлялі з сябе надзённую цікавасць для стратэгічных мэтаў савецкай дзяржавы.
Рэгіёны, якія выпалі з зоны ўплыву бальшавікоў (напрыклад, Прыбалтыка), у гэтым артыкуле закранаюцца толькі ўскосна.
Нацыянальная тэорыя РСДРП(б) з моманту ІІ з’езду ў 1903 г. і да кастрычніка 1917 г. прайшла пэўную эвалюцыю, самым важным этапам якой стаў менавіта 1917 г., калі Ленін пераглядзеў сваё негатыўнае стаўленне да федэрацыі. У гэты момант нара дзіліся дзве візіі далейшага ўладкавання Расіі: федэралісцкая канцэпцыя Уладзіміра Леніна і аўтанамісцкая канцэпцыя Іосіфа Сталіна.
Нягле дзячы на тое, што фармальна перамагла федэралісцкая канцэпцыя, СССР паўстаў як жорстка цэнтралізаваная дзяржава.
Для разумення гэтага парадоксу савецкага дзяржаўнага будаўніцтва трэба прасачыць эвалюцыю поглядаў Леніна на федэрацыю ды іншыя аспекты нацыянальнай тэорыі. Таксама важным ёсць разгляд нацыянальнай палітыкі ў маладой Савецкай Расіі, існаванне якой было яшчэ вельмі нетрывалае, і ад таго, як бальшавікі згуляюць «нацыянальную карту» на аскепках шматнацыянальнай Расійскай імперыі, залежала само існаванне савецкай дзяржавы.
I. Нацыянальнае пытанне ў марксісцка-ленінскай канцэпцыі Нацыянальнае пытанне было цэнтральным у праграме і палітыцы РСДРП(б). Як адзначыў Ленін у 1913 г., «нацыянальнае пытанне высунулася ў цяперашні час на прыкметнае месца сярод пытанняў грамадскага жыцця Расіі, гэта відавочна» (Ленин, 1961(a): 277). Асабліва важна тое, што сутнасць яго развязання зводзілася не толькі да пераліку патрабаванняў і захадаў, а было звязанае са зменаю сацыяльна-эканамічных фармацыяў і класаваю барацьбою.
Такія прынцыповыя пастулаты Карла Маркса, як знікненне нацыянальных супярэчнасцяў з узмацненнем класавых антаганізмаў, права прыгнечаных нацыяў на самавызначэнне (і стварэнне новых буйных дзяржаваў), паступовае знікненне нацыянальных адрозненняў з развіццём капіталізму і гаспадарчых сувязяў, улік канкрэтнай гістарычнай сітуацыі ў рэалізацыі права на самавызначэнне ды іншыя перанялі і дапрацавалі артадаксальныя спадкаемцы марксізму – расійскія бальшавікі.
Першая грунтоўная і падрабязная распрацоўка нацыянальнага пытання звязаная з ІІ з’ездам РСДРП у ліпені–жніўні 1903 г., на якім фактычна і паўстала сацыял-дэмакратычная партыя ды, адначасова, раскалолася на дзве фракцыі – бальшавікоў і мен- 180 №14/2010 Гісторыя ідэяў шавікоў 1 . ІІ з’езд РСДРП быў лёсавызначальнаю падзеяй, на ім прынялі і праграму партыі, у якой п. 9 прызнаваў права на самавызначэнне за ўсімі нацыямі, якія ўваходзяць у склад дзяржавы (Программа и устав…, 1917: 7).
Галоўным ідэолагам і тэарэтыкам нацыянальнага пытання быў, несумненна, Уладзімір Ленін, які ў № 33 газеты «Искра» ад 1 лютага 1903 г.
апублікаваў артыкул «О манифесте «Союза армянских социал-демократов», а таксама непасрэдна перад з’ездам у той жа газеце «Искра» (№ 44 ад 15 ліпеня 1903 г.) – артыкул «Национальный вопрос в нашей программе», дзе адзначыў і раскрыў шмат якія прынцыпы нацыянальнай палітыкі сацыял-дэмакратычнай партыі. Дзеля адлюстравання стаўлення Леніна да федэрацыі варта прывесці ягоны адказ на маніфест Саюзу армянскіх сацыял-дэмакратаў у згаданым артыкуле на старонках газеты «Искра».
У маніфесце старшыня армянскіх сацыял-дэмакратаў Сцяпан Георгіевіч Шаўмян адзначыў неабход насць усталявання ў будучай рэспубліцы федэратыўнага ладу (Ленин, 1959(a): 104). Ленін у адказ на гэты маніфест даў настаўленне новаму сябру Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыі, дзе адмовіў магчымасць замацавання ў праграме патрабавання федэрацыі ў Расіі: «Федэрацыя дапускае аўтаномныя нацыянальныя палітычныя адзінкі […]. Саюз мусіць выдаліць са сваёй праграмы патрабаванне федэратыўнай рэспублікі ды абмежавацца патрабаваннем дэмакратычнай рэспублікі наогул» (Ленин, 1959(a): 104–105). Трэба адзначыць, што непаразуменні ўзнікалі як унутры РСДРП(б), так і паміж іншымі сіламі левага спектру. Гэта датычыла як дзяржаўнага ўладкавання Расіі, так і незразумелага шмат для каго бальшавіцкага тэзісу пра «самавызначэнне нацыяў ажно да поўнага аддзялення».
Адзначыўшы патрэбу выключыць патрабаванне федэрацыі з праграмы Саюзу армянскіх сацыял-дэмакратаў, Ленін паслядоўна і настойліва адмаўляў у перабудове Расіі на прынцыпах федэрацыі. Галоўная задача пралетарыяту ўсіх краінаў свету – гэта супольная барацьба супраць сусветнага капіталізму, а федэрацыя ёсць тым фактарам, які раз’ядноўвае пралетарыят, робіць яго барацьбу менш паспяховаю.
Разам з гэтым трэба адзначыць, што Ленін не быў апантаным праціўнікам самой магчымасці існавання федэратыўнай дзяржавы. Цэнтралізаванай дзяржаве аддаваўся прыярытэт перад федэратыўнаю, бо «цэнтралізаваная буйная дзяржава ёсць велізарным гістарычным крокам наперад» (Ленин, 1961(b): 144), і, зыходзячы з дыялектычнага прынцыпу, пераход да сацыялізму мусіў ажыццяўляцца праз цэнтралізаваную дзяржаву, а не праз такі «гістарыч1 Структуру, якая паўстала пасля І з’езду ў 1898 г., цяжка ахарактарызаваць як цэнтралізаваную і арганізаваную партыю з выпрацаванаю праграмаю, тактыкай і стратэгіяй дзейнасці.
181 №14/2010 Аляксандр Шамякін. Бальшавіцкая нацыянальная тэорыя і палітыка ...
ны рудымент», з пункту гледжання марксізму, як федэрацыя.
І тут усё залежала ад канкрэтнай гістарычнай сітуацыі, у якой трэба ажыццяўляць тактычныя захады для дасягнення канчатковай стратэгічнай мэты. Пасля дасягнення мэты – пабудовы сацыялізму – усе тактычныя захады гублялі сэнс. Як вядома з ленінскай канцэпцыі, сапраўдны міжнацыянальны мір і абсалютнае развязанне нацыянальных супярэчнасцяў магчымыя толькі шляхам паслядоўнай дэмакратызацыі і, што асабліва істотна, не ў межах капіталістычнага ладу. Таму федэрацыю, гэтак сама, як і стварэнне класавай дзяржавы, Ленін дапускаў найперш як тактычны крок (Ленин, 1959(b):
326). Менавіта такі падыход і ўжываўся ва ўмовах 1917 г., калі Ленін выключна з тактычных меркаванняў павярнуўся да ідэі федэрацыі.
П. 9 праграмы РСДРП, дзе адзначалася права ўсіх нацыяў на самавызначэнне, не быў чыста бальшавіцкім вынаходніцтвам. Гэты прынцып атрымаў сваё развіццё ў ХІХ ст. у межах ліберальнага і рэвалюцыйнага дэмакратызму і марксізму. Аднак водгук знаходзілі не ўсе патрабаванні пра самавызначэнне. Марксізм дакладна падзяляў, з аднаго боку, права на ўз’яднанне і ўтварэнне нацыянальных дзяржаваў для буйных нацыяў Еўропы (немцаў, палякаў, італьянцаў і вугорцаў) і, з другога боку, «прынцып нацыянальнасцяў», які лічыўся ў марксісцкай канцэпцыі з’яваю негатыўнаю. Напрыклад, Энгельс выказваў адмоўнае стаўленне да самавызначэння балканскіх славянаў, тлумачачы гэта тым, што яно служыць неабходнасць антыдэмакратычнай і рэакцыйнай палітыцы Расіі ў Еўропе (Энгельс, 1960: 159–163).
Як адзначалася вышэй, прызнанне бальшавікамі права на самавызначэнне было цалкам звязанае з канкрэтнаю гістарычнаю сітуацыяй. Ленін яшчэ ў 1903 г. пісаў, што «безумоўнае прызнанне барацьбы за свабоду самавызначэння зусім не абавязвае нас падтрымліваць усялякае патрабаванне нацыянальнага самавызначэння […]. Няўжо прызнанне права на самавызначэнне нацыяў патрабуе падтрымкі ўсялякага патрабавання ўсялякай нацыі самавызначацца?» (Ленин, 1959(b): 233–234). У аснову падтрымання прынцыпу самавызначэння быў пакладзены класавы падыход, і менавіта інтарэсамі класавай барацьбы абгрунтоўвалася права нацыяў на самавызначэнне.
Выразным прыкладам падтрымання права на самавызначэнне, зыходзячы з канкрэтнай гістарычнай сітуацыі ды класавай мэтазгоднасці, было польскае пытанне. Яшчэ ў 1896 г.
на Лонданскім кангрэсе ІІ Інтэрнацыяналу абмяркоўвалася прапанова Польскай сацыялістычнай партыі (ПСП) уключыць у пастанову пункт аб незалежнасці Польшчы. Але кангрэс абмежаваўся больш абстрактнаю фармулёўкай і ўхіліўся ад патрабавання незалежнасці. Уласна кажучы, пазіцыя ПСП на Лонданскім кангрэсе грунтавалася на поглядах Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса, якія ў свой час адназначна выступалі за ўз’яднанне польскага народу ва ўласнай нацыянальнай дзяржаве.
Менавіта вакол пытання пра лёс Польшчы ў завочную палеміку з ПСП 182 №14/2010 Гісторыя ідэяў у 1903 г. уступіў Ленін, які тлумачыў пазіцыю Маркса такім чынам: «Польшча зрабілася рэвалюцыйнаю часткаю Расіі, Аўстрыі ды Прусіі […]. Нават польскае дваранства, якое стаяла яшчэ часткаю на феадальнай глебе, далучылася з бяспрыкладнаю самаахвярнасцю да дэмакратычнааграрнай рэвалюцыі. Польшча ўжо была асяродкам еўрапейскай дэмакратыі, калі Нямеччына заставалася яшчэ ў самай пахабнай канстытуцыйнай і пыхліва-філасофскай ідэалогіі […]. Стварэнне дэмакратычнай Польшчы ёсць першаю ўмоваю стварэння дэмакратычнай Нямеччыны» (Ленин, 1959(b): 237).
У артыкуле «Адносіны расійскай сацыял-дэмакратыі да нацыянальнага пытання» («Przedswit», сакавік 1903 г.) ПСП абвінаваціў Леніна і ягоную партыю ў дзіўным тлумачэнні ды няпэўнасці, дактрынёрстве і анархічных поглядах. Да таго ж на карысць ПСП грала выказванне Энгельса ў артыкуле «Якая справа рабочаму класу да Польшчы» (Энгельс, 190) у газеце «The Commonwealth» ад 1866 г., дзе ён адзначаў вялікую віну Расіі за прыгнёт Польшчы: «Калі рабочы клас Расіі … створыць палітычную праграму, і ў гэту праграму ўвой дзе патрабаванне вызвалення Польшчы, – тады, і толькі тады, гаворка пойдзе ўжо не пра Расію як нацыю, і абвінавачваным застанецца толькі царскі ўрад» (Энгельс, 1960: 158).
Але Ленін у сваю чаргу прывёў аргументы іншага парадку і загаварыў пра змены ў канкрэтных гістарычных умовах, калі незалежнасць Польшчы ўжо не мела асаблівага значэння ў справе сацыяльнай рэвалюцыі ў Еўропе. Ленін у адказе ПСП прывёў словы Каўцкага (1896 г.): «Пецярбург зрабіўся ў гэты момант значна больш важным рэвалюцыйным цэнтрам, чым Варшава, рускі рэвалюцыйны рух мае ўжо больш буйное міжнароднае значэнне, чым польскі» (Ленин, 1959(b): 238). У такіх умовах было немэтазгодна адрываць Польшчу для аслаблення царызму, і пралетарыяту варта было змагацца разам, каб знішчыць царызм.
Прыведзены прыклад мае універсальнае значэнне і выразна дэманструе канкрэтную гістарычную скіраванасць нацыянальнай праграмы бальшавікоў. Тое, што Ленін казаў пра Польшчу, можна ўжыць і да любога іншага нацыянальнага пытання (Ленин, 1959(b): 242).
Новы ўсплёск міжнацыянальных супярэчнасцяў і абвастрэнне нацыянальнага пытання мелі месца перад пачаткам Першай сусветнай вайны.
У гэты час сярод бальшавікоў актывізавалася тэарэтычная дзейнасць у гэтым кірунку. Ленін у 1913–1914 гг.
напісаў шэраг працаў, сярод якіх найбольш значная – «Критические заметки по национальному вопросу». У ёй лідэр бальшавікоў надаў вялізную ўвагу і ўпершыню падрабязна раскрыў сваё стаўленне да «культурнанацыянальнай аўтаноміі», вызначыў паняцце «нацыянальная культура» з марксісцкіх пазіцыяў і разгледзеў іншыя моманты нацыянальнай тэорыі.
Ён нездарма надаў асаблівую ўвагу паняццю «культурна-нацыянальная аўтаномія». Гэтую ідэю падтрымлівалі розныя палітычныя сілы не толькі ў самой Расійскай імперыі, але і сацыял-дэмакраты ў Аўстра-Вугорш- 183 №14/2010 Аляксандр Шамякін. Бальшавіцкая нацыянальная тэорыя і палітыка ...
чыне. Менавіта аўстрыйскія сацыялдэмакраты Ота Баўэр і Карл Рэнэр, які пісаў пад псеўданімам Шпрынгер, былі асноўнымі тэарэтыкамі ў пытанні культурна-нацыянальнай аўтаноміі. Пазіцыя Леніна ў адносінах да яе была катэгарычна адмоўная. Гаворачы пра ідэю культурна-нацыянальнай аўтаноміі, ён адзначаў: «Асноўны, прынцыповы грэх гэтай праграмы ў тым, што яна імкнецца ўвасобіць у жыццё самы вытанчаны і самы абсалютны, да канца даведзены нацыяналізм. Сутнасць гэтай праграмы: кожны грамадзянін запісваецца ў тую ці іншую нацыю, і кожная нацыя складае юрыдычную адзінку, з правам прымусовага абкладання сваіх чальцоў, з нацыянальнымі парламентамі (сеймамі), з нацыянальнымі «статс-сакратарамі» (міністрамі)» (Ленин, 1961(а): 131). Ленін лічыў ідэю культурна-нацыянальнай аўтаноміі надзвычай шкоднаю, бо яна падмяняла класавую свядомасць «буржуазнай ідэалогіяй».
Адзначыўшы ў сваіх працах так званыя непазбежны прынцып нацыянальнасці ў буржуазным грамадстве і гістарычную законнасць нацыянальных рухаў, Ленін адмовіў прынцып барацьбы за нацыянальную культуру (Ленин, 1961(а): 132). Нацыянальную культуру бальшавікі разглядалі як буржуазна-клерыкальную рэакцыйнасць і перашкоду ў справе інтэрнацыяналізацыі рабочага руху.
«Філасофскім глупствам» назваў нацыянальны дух Іосіф Сталін (Сталин, 1946: 53), тады яшчэ малавядомы грузінскі бальшавік Джугашвілі, якому ў 1912–1913 гг. Ленін даручыў займацца распрацоўваннем нацыянальнай палітыкі. Менавіта ў 1913 г.
выйшла адзіная істотная тэарэтычная праца Сталіна «Марксізм і нацыянальнае пытанне», праўда, аўтарства ягонае – відавочна намінальнае, а пераважна праца належыць Леніну і некаторым іншым бальшавікам (Шаститко, 2002: 21).
Тым не менш імя Джугашвілі (Сталіна) трывала ўвайшло ў раннюю гісторыю бальшавізму як імя аднаго з «адказных» за нацыянальныя праблемы. Яму ў 1917 г. давялося ўзначаліць Народны камісарыят у справах нацыянальнасцяў і стаць аўтарам аўтанамісцкай канцэпцыі ўладкавання савецкай дзяржавы, якая толькі паводле формы адрознівалася ад федэралісцкай канцэпцыі Леніна.
II. Эвалюцыя тактычных захадаў у 1917 г.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі ўсталяваўся рэспубліканскі дзяржаўны лад. У пераліку прыярытэтаў Часовага ўраду, якія ён абазначыў 3 сакавіка 1917 г., было ўвядзенне грамадзянскіх свабодаў незалежна ад прыналежнасці да саслоўя і нацыянальнасці (История России…, 2005: 38). Гэта мусіла зрабіць роўнымі ў прававым плане ўсіх грамадзянаў Расіі. Але Часовы ўрад цягам усіх сваіх складаў так і не адважыўся на фактычнае вырашэнне нацыянальнага пытання. Галоўным аргументам у пазіцыі Часовага ўраду было чаканне Устаноўчага сходу, які і меў развязаць гэтую праблему.
Часовы ўрад, у прынцыпе, негатыўна ставіўся да ўсялякіх патрабаванняў самавызначэння. І хаця ён у 184 №14/2010 Гісторыя ідэяў сакавіку 1917 г. паабяцаў у перспектыве даць палякам незалежнасць, гэта быў гандаль тым, чаго Расія ўжо не мела – Польшчу даўно акупава лі войскі кайзераўскай Нямеччыны.
Ужо напрыканцы існавання Часовага ўраду Асаблівая камісія для складання праектаў асноўных законаў у кастрычніку 1917 г. сфармулявала праект закону, які планавалася зацвердзіць на Устаноўчым сходзе. Згодна з ім:
«А) Дзяржава Расійская адзіная і непадзельная. Б) У складзе дзяржавы Расійскай Фінляндыя карыстаецца самастойнасцю на падставах і ў межах, якія ўстанаўліваюцца законам аб узаемных адносінах Расіі ды Фінляндыі, прынятым на Устаноўчым сходзе […]. В) У дзяржаве Расійскай будзе ўведзеная абласная аўтаномія» (Национальная политика, 1997:
199–200).
Зусім па-іншаму да развязання нацыянальнага пытання падыходзілі бальшавікі. Іхная праграма ў параўнанні з палітыкаю Часовага ўраду адрознівалася радыкалізмам. Ленін неўзабаве пасля свайго вяртання ў Расію напісаў брашуру пад назваю «Задачи пролетариата в нашей революции» (10 красавіка 1917 г.), у якой адзначыў сваю пазіцыю ва ўмовах 1917 г.: «У нацыянальным пытанні пралетарская партыя мусіць адстойваць найперш абвяшчэнне і неадкладнае ажыццяўленне поўнай свабоды аддзялення ад Расіі ўсіх нацыяў і народнасцяў, прыгнечаных царызмам, якія гвалтоўна далучаныя або гвалтоўна ўтрымліваюцца ў межах дзяржавы…» (Ленин, 1962(а): 51).
Як відаць, Ленін акцэнтаваў увагу не на мэтазгоднасці ці немэтазгоднасці аддзялення для класавай барацьбы, ён ужо казаў пра поўную свабоду выхаду са складу Расіі (Ленин, 1962(а): 52). Несумненна, што такая пастаноўка пытання супярэчыла літаральнаму сэнсу марксізму і бальшавіцкай праграмы да гэтага. Вядома, што згодна з марксісцкаю нацыянальнаю тэорыяй прызнанне права на поўнае аддзяленне і яго ажыццяўленне пры нізкім або недастатковым узроўні класавага антаганізму прывяло б да ўзнікнення класавай дзяржавы. Аднак Ленін дапускаў магчымасць з’яўлення на пэўны час «палітычнай драмы таго ці іншага нацыянальнага пытання» (Ленин, 1959(b): 239).
Адзначаная вышэй пазіцыя давала бальшавікам магчымасць зарабіць істотныя палітычныя дывідэнды, на што і разлічваў Ленін. Логіка была ў тым, што паспяховае станаўленне рэспублікі Саветаў прывядзе да вялікага прыцягнення да яе рабочых масаў усіх нацыянальнасцяў (Ленин, 1962(а): 51). Зразумела, што пры разгортванні такога сцэнару былі б і страты, бо, вядома, не ўсе прыцягнуліся б да рэвалюцыйнай Расіі ва ўмовах складанага перапляцення нацыянальных і палітычных адносінаў часоў Першай сусветнай вайны, але гэта было лепей, чым нічога. Увогуле нацыянальнае пытанне на той час і пазней выкарыстоўвалі ў сваіх інтарэсах і бакі канфлікту, і палітычныя сілы ўнутры іх.
Ленін напісаў брашуру «Задачи пролетариата в нашей революции», каб падрыхтаваць глебу для VII (Красавіцкай) Усерасійскай канферэнцыі РСДРП(б) 1917 г. У сваёй прамове 185 №14/2010 Аляксандр Шамякін. Бальшавіцкая нацыянальная тэорыя і палітыка ...
наконт нацыянальнага пытання на гэтай канферэнцыі Ленін зноў зрабіў акцэнт на добраахвотным прыцягненні «адпушчаных» частак Расіі:
«Трэба ў Расіі налягаць на свабоду аддзялення прыгнечаных нацыяў, а ў Польшчы падкрэсліваць свабоду з’яднання. Свабода з’яднання мае на ўвазе свабоду аддзялення. Мы, рускія, павінны падкрэсліваць свабоду аддзялення, а ў Польшчы – свабоду з’яднання» (Ленін, 1951: 267).
На Красавіцкай канферэнцыі прагучала таксама прамова Сталіна.
Ён стаяў на пазіцыях надзвычай папулярнай у бальшавіцкіх ды іншых палітычных колах ідэі абласной аўтаноміі, вылучанай бальшавікамі яшчэ да рэвалюцыі 1917 г. Сам Ленін у далютаўскі перыяд падрабязна акрэсліў станоўчае месца абласной аўтаноміі ў перспектыўнай перабудове Расіі.
На Красавіцкай канферэнцыі можна прасачыць, хаця і не вельмі выразнае, размежаванне паводле шырыні планаванай аўтаноміі. З гэтага не надта заўважнага разыходжання праз пэўны час у працэсе станаўлення савецкай дзяржавы ўзнікла суперніцтва паміж «федэралісцкаю» канцэпцыяй Леніна і «аўтанамісцкаю» канцэпцыяй Сталіна пры вызначэнні характару адносінаў паміж Савецкаю Расіяй і савецкімі рэспублікамі.
Хаця на Красавіцкай канферэнцыі яшчэ не ішла гаворка пра магчы масць федэрацыі, але погляд Леніна на свабоду аддзялення быў больш радыкальны, чымся, напрыклад, дарэвалюцыйная нацыянальная тэорыя або погляды іншых бальшавікоў: «Калі Фінляндыя, калі Польшча, Украіна аддзеляцца ад Расіі, у гэтым няма нічога дрэннага. Што тут дрэннага? Хто гэта скажа, той шавініст» (Ленін, 1951: 269).
Сталін жа, у сваю чаргу, адводзіў Украіне ролю аўтаноміі (Сталін, 1937:
6) і ў цэлым прыкрываўся агульным дагматычным фасадам. Дарэчы, калі казаць пра дагматызм, то Ленін дапускаў у пэўных выпадках адыход ад літаральнага сэнсу класавай нацыянальнай тэорыі ды магчымасць утварэння класавай дзяржавы і буржуазнай нацыянальнай «драмы»: «Паколькі ёсць рэшткі не вырашаных буржуазнай рэвалюцыяй пытанняў, мы стаім за іх вырашэнне. Мы да сепаратысцкага руху абыякава адносімся, нейтральныя» (Ленін, 1951:
269).
У выніку працы VII Красавіцкай канферэнцыі была прынятая рэзалюцыя наконт нацыянальнага пытання, змест якой зводзіўся да наступных палажэнняў: «1) За ўсімі нацыямі, якія ўваходзяць у склад Расіі, павінна быць прызнана права на свабоднае аддзяленне і на ўтварэнне самастойнай дзяржавы. 2) Адмаўленне такога права і непрыняцце мераў, якія гарантуюць яго практычную выканальнасць, раўназначна падтрымцы палітыкі захопаў і анексій.
3) Далейшае трыманне пралетарска-рэвалюцыйнай мэтазгоднасці ў пытаннях таго ці іншага права на самавызначэнне. 4) Патрабаванне шырокай абласной аўтаноміі. 5) Адмаўленне культурна-нацыянальнай аўтаноміі. 6) Роўны статус усіх нацыяў. 7) Зліццё рабочых усіх нацыянальнасцяў у аб’яднаных арганізацыях» (Рэзалюцыя…,1951: 271–272).
186 №14/2010 Гісторыя ідэяў Такім чынам, у рэзалюцыі спалучыліся і стары падыход «мэтазгоднасці», і новы ленінскі пастулат пра «абсалютнае прызнанне права на аддзяленне». Натуральна, такое сумяшчэнне праграмных і тактычных момантаў толькі ўскладняла сітуацыю з нацыянальным пытаннем, і далей пры ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі пасля прыходу бальшавікоў да ўлады гэта адбілася на практыцы.
У 1917 г. адбылася яшчэ адна важная падзея, звязаная з тактыкаю ў нацыянальным пытанні. 9 чэрвеня ў прамове на І Усерасійскім з’ездзе Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Ленін адзначыў: «Не трэба баяцца асобных рэспублікаў. З пункту гледжання рабочых і сялянаў, гэта не страшна. Няхай Расія будзе саюзам свабодных рэспублікаў » (Ленин, 1962(b): 286). Такая заява мела прынцыповае значэнне, бо зыходзіла з аналізу развіцця нацыянальнавызваленчых рухаў у рэгіёнах Расіі.
У 1917 г. ішло ўзмацненне цэнтрабежных тэндэнцыяў, але іх змест пераважна пакуль не выходзіў за межы патрабавання шырокай аўтаноміі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі. Сведчаннем гэтаму служыць рэзалюцыя аб дзяржаўным кіраванні, прынятая на Усерасійскім мусульманскім з’ездзе (1–11 траўня 1917 г.): «…Прызнаць, што формаю дзяржаўнага ўладкавання Расіі, якая найбольш забяспечвае інтарэсы мусульманскіх народнасцяў, ёсць дэмакратычная рэспубліка на нацыянальна-тэрытарыяльна-федэралісцкіх пачатках» (Национальная политика…, 1997:
204). А патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі было асноўным у праграмах беларускіх партыяў рэвалюцыйна-дэмакратычнай плыні (Ладысеў і Брыгадзін, 1999: 8), найбольш уплывоваю сярод якіх была Беларуская сацыялістычная грамада.
Але асабліва моцна нацыянальна-вызваленчы рух развіваўся ва Украіне і Фінляндыі, дзе ўжо ўлетку 1917 г. аднабакова вырашалася пытанне пра мясцовую ўладу.
Такім чынам, у 1917 г. назіралася эвалюцыя поглядаў Леніна наконт нацыянальнага пытання, а дакладней змяняліся тактычныя захады ў развязанні гэтай праблемы на канкрэтным гістарычным этапе. Неадназначнасць бальшавіцкай нацыянальнай тэорыі істотна адбівалася на нацыянальнай палітыцы пасля прыходу да ўлады бальшавікоў у кастрычніку 1917 г.
III. Падыходы на пачатку стварэння савецкай сістэмы Пасля перамогі ўзброенага бальшавіцкага паўстання ў Петраградзе 25 кастрычніка 1917 г. улада бальшавікоў пачала паступова замацоўвацца і ў іншых рэгіёнах дзяржавы.
Атрымаўшы ўладу, бальшавікі пачалі ажыццяўляць уласную палітыку, неад’емнаю часткаю якой было нацыянальнае пытанне. У выніку працы ІІ з’езду Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў (25–26 кастрычніка 1917 г.) сфармаваўся першы савецкі ўрад, у структуры якога існаваў Народны камісарыят у справах нацыянальнасцяў (Наркамнац) на чале з Іосіфам Сталі- 187 №14/2010 Аляксандр Шамякін. Бальшавіцкая нацыянальная тэорыя і палітыка ...
ным. Утварэнне такога органу было ў гісторыі Расіі з’яваю беспрэцэдэнтнаю. Спачатку задачы Наркамнацу не былі дакладна акрэсленыя. Іх сфармулявалі толькі ў справаздачы за першае паўгоддзе 1918 г.: «...Накіроўваць і кантраляваць дзейнас ць нацыянальных камісарыятаў;
служыць пасрэднікам паміж імі ды органамі савецкай улады; збіраць матэрыялы пра нацыянальны рух у краіне; праводзіць у жыццё асновы Савецкай Канстытуцыі» (Макарова, 1987: 30).
Першым істотным крокам у нацыянальнай палітыцы было выданне 2 лістапада 1917 г. Дэкларацыі правоў народаў Расіі, якая абвяшчала:
«1) Роўнасць і суверэннасць народаў Расіі. 2) Права народаў на свабоднае самавызначэнне, ажно да аддзялення і ўтварэння самастойнай дзяржавы.
3) Скасаванне ўсіх і ўсялякіх нацыянальных і нацыянальна-рэлігійных прывілеяў і абмежаванняў. 4) Свабоднае развіццё нацыянальных меншасцяў і этнаграфічных групаў, якія насяляюць тэрыторыю Расіі» (Декларация…, 1957: 58).
Прытрымліваючыся духу гэтай Дэкларацыі, 4 снежня 1917 г. была прызнаная незалежнасць Украінскай Народнай Рэспублікі, але пры гэтым была адзначаная гатоўнасць усталяваць федэратыўныя адносіны (О признании…, 1957: 74). Яшчэ адзін прыклад ажыццяўлення права на самавызначэнне ажно да аддзялення звязаны з Фінляндыяй, якой бальшавікі далі незалежнасць 18 снежня 1917 г.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі распад дзяржавы не спыніўся, наадварот, цэнтрабежныя тэндэнцыі ўзмацніліся. Нацыянальныя і палітычныя эліты ў розных рэгіёнах Расіі расцанілі захоп улады бальшавікамі як шлях да анархіі ды рэвізію дэмакратычных тэндэнцыяў. Гэта яшчэ больш падштурхоўвала да адкрытага сепаратызму. Так, у сваёй большасці беларускія нацыянальныя партыі не падтрымалі Кастрычніцкай рэвалюцыі ды ў «Грамаце да беларускага народу», выдадзенай 27 кастрычніка ад імя Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Беларускага выканаўчага камітэту Заходняга фронту, Беларускай сацыялістычнай грамады і Беларускай народнай партыі сацыялістаў, заклікалі насельніцтва Беларусі і салдатаў Заходняга фронту да згуртавання вакол Вялікай беларускай рады ў мэтах недапушчэння, каб «віхор бязладу згубіў нашу святую нацыянальную справу абароны вольнасцяў і правоў беларускага народу» (Ладысеў і Брыгадзін, 1999: 23). Менавіта ў гэты час Вялікая беларуская рада ўсё выразней выступала за поўнае аддзяленне Беларусі ад Расіі.
Прадстаўнік украінскай Цэнтральнай рады ў размове з Крыленкам, які з 12 лістапада 1917 г. займаў пасаду галоўнакамандуючага ўз броенымі сіламі Савецкай Расіі, заявіў: «Прэтэнзіі СНК на кіраўніцтва ўкраінскаю дэмакратыяй тым менш могуць мець якое-небудзь апраўданне, што формы палітычнага праўлення, якія навязваюцца Украіне, далі на тэрыторыі саміх народных камісараў вынікі, якія зусім не выклікаюць зайздрасці. Пакуль у Велікаросіі развіваецца анархія, эканамічны, палітычны і гаспадар- 188 №14/2010 Гісторыя ідэяў чы развал, пакуль там пануе грубае самавольства і ўціск ўсіх свабодаў … Генеральны сакратарыят не лічыць патрэбным паўтараць гэты сумны досвед на тэрыторыі Украіны» (Национальная политика…, 1997: 226).
Сярод рэгіёнаў Расіі, якія шляхам адасаблення ад цэнтру спрабавалі выратавацца ад бальшавізму, варта прывесці прыклад Сібіры.
6 снежня 1917 г. у Томску адкрыўся надзвычайны сібірскі абласны з’езд.
Шмат якія арганізацыі краю разглядалі абласныя ўстановы як прыладу для барацьбы з распаўсюджваннем бальшавізму, і адпаведна назіраўся рост лакальных і нават сепаратысцкіх сімпатыяў, «толькі б можна было пазбавіцца ад жахаў наступлення бальшавізму, які хутка распаўсюджваўся ад цэнтру да перыферыі» (Национальная политика…, 1997: 229).
З’езд стварыў мясцовыя краявыя органы ўлады і пастанавіў не пазней за сакавік 1918 г. склікаць Сібірскі Устаноўчы сход.
На той час у бальшавікоў не было выразна сфармуляванай мадэлі, якую яны маглі б прапанаваць народам Расіі. Яны дзейнічалі паводле абставінаў, але можна сказаць, што ў гэты пераходны час пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і да афармлення канстытуцыйных асноваў дзяржавы Саветаў бальшавікі актыўна выкарыстоўвалі стратэгію палітычнай альтэрнатывы. Там, дзе ініцыятыва спачатку належала не ім, бальшавікі на факт стварэння нейкага органу «буржуазнай» або «буржуазна-нацыяналістычнай» улады адказвалі сваёй ініцыятывай, якая супрацьпастаўлялася існай. Так, у адносінах да ўкраінскай Цэнтральнай рады, перад якою СНК 4 снежня 1917 г. паставіў ультыматум з той прычыны, што яна не прызнала Саветаў, бальшавікі право дзілі палітыку падвойных стандартаў і стварылі альтэрнатыўны ёй асяродак улады.
Яшчэ перад ультыматумам украінскай Цэнтральнай радзе, які значыў разрыў адносінаў СНК з ЦР, у Кіеве адкрыўся Усеўкраінскі з’езд Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, на якім украінскія бальшавікі саступілі ў барацьбе прыхільнікам Цэнтральнай рады. Пасля гэтага 11 снежня 1917 г. яны склікалі новы Усеўкраінскі з’езд Саветаў. Робячы стаўку на альтэрнатыўны асяродак улады ва Украіне, у Петраградзе, тым не менш, не пайшлі на поўны разрыў адносінаў. Такая пазіцыя бальшавікоў тлумачыцца чаканнем далейшага развіцця палітычнай сітуацыі ва Украіне паводле савецкага сцэнару.
Аднак бальшавіцкая альтэрнатыва ва Украіне перамагла толькі ў выніку наступлення савецкіх войскаў напрыканцы 1918 г.
Прыкладна такой жа палітыкі бальшавікі прытрымліваліся і ў іншых рэгіёнах былой Расійскай імперыі: у Туркестане, Паволжы, на Паўночным Каўказе, у Беларусі. Паводле стратэгіі «палітычных альтэрнатываў» у першай палове 1918 г. развіваўся працэс станаўлення нацыянальна-дзяржаўных тэрытарыяльных адзінак народаў Сярэдняга Паволжа і Паўднёвага Уралу (Татарска-Башкірская Савецкая Рэспубліка), а таксама некаторых народаў Паўночнага Каўказу (Церская Савецкая Рэспубліка). Зыходзячы з кан’юнктурных палітыч- 189 №14/2010 Аляксандр Шамякін. Бальшавіцкая нацыянальная тэорыя і палітыка ...
ных абставінаў былі арганізаваныя Кубанска-Чарнаморская Рэспубліка (травень–ліпень 1918 г.) 2 , Данская Савецкая Рэспубліка (сакавік 1918 г.) і Сацыялістычная Рэспубліка Таўрыды (сакавік 1918 г.) (Чистяков, 1966:
84–85).
Утварэнне першых савецкіх аўтаномных рэспублікаў было працэсам сітуацыйным, тактычным. Яны не ўяўлялі з сябе трывалых утварэнняў ды існавалі ва ўмовах вострай палітычнай і ваеннай барацьбы ў Расіі.
З’яўляючыся альтэрнатыўнымі праектамі класавага падыходу да развязання нацыянальнага пытання, яны аказаліся недаўгавечнымі. Акрамя Туркестанскай аўтаноміі, іх ліквідавалі ў выніку змены ўлады на гэтых тэрыторыях. Пасля вяртання ўлады Саветаў яны не аднавіліся, а замест іх былі створаныя іншыя нацыянальнатэрытарыяльныя ўтварэнні.
Для разумення сутнасці захадаў у нацыянальнай палітыцы важна адзначыць, што яны служылі стратэгічнай мэце – сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі. Для Леніна не стаяла прынцыповая праблема захавання дарэвалюцыйных межаў дзяржавы.
У справе сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі галоўным было захаванне самога плацдарму для далейшага яе прасоўвання. Леніна, такім чынам, не вельмі хвалявала адпадзенне той ці іншай часткі ад Расіі, калі гэта пойдзе на карысць стратэгічнай мэце.
Схільнасць да тактычных кампрамісаў ставіла бальшавікоў у больш выгадныя пазіцыі ў параўнанні з «белым» рухам, які працягваў прытрымлівацца формулы «адзінай і непа дзельнай Расіі». У разгар грамадзянскай вайны ў Расіі савецкі ўрад цягам канца лета і восені 1919 г. вёў дыпламатычную гульню з новымі прыбалтыйскімі дзяржавамі, прапанаваўшы ім заключыць мірныя дамовы і прызнаць іх безумоўную нацыянальную незалежнасць (Минц), у той час як генерал Юдзеніч, які камандаваў Паўночна-заходняй белай арміяй у Эстоніі, быў катэгарычна супраць самавызначэння гэтай краіны.
У справе пашырэння сацыялістычнай рэвалюцыі Ленін бачыў сваім хаўруснікам нацыянальна-вызваленчыя рухі каланізаваных народаў Азіі.
24 лістапада 1917 г. СНК выдаў адозву да ўсіх працоўных мусульманаў Расіі і Усходу, у якой заклікаў расійскіх мусульманаў: «Уладкоўвайце сваё нацыянальнае жыццё свабодна і бесперашкодна […]. Ведайце, што вашы правы, як і правы ўсіх народаў Расіі, ахоўваюцца ўсёй магутнасцю рэвалюцыі ды яе органаў, Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў» (Ко всем трудящимся…,1957:
66). Крывадушная бальшавіцкая па літыка ў адносінах да мусульманаў Расіі праявілася, калі яны ад дэкларацыі перайшлі да дзеянняў. Але адозва другой і па сутнасці галоўнаю часткаю адрасавалася мусульманам Усходу. У ёй СНК заклікаў: «Звяргайце ж гэтых драпежнікаў (еўрапейскіх каланізатараў – А.Ш. ) і прыгнятальнікаў вашых краінаў […]. Не губляйце ж часу і скідвайце з плечаў векавых 2 7 ліпеня 1918 г. Кубанска-Чарнаморская Рэспубліка была аб’яднаная з Церскаю Рэспублікаю і Стаўраполлем у Паўночна-Каўказскую Рэспубліку.
190 №14/2010 Гісторыя ідэяў захопнікаў вашых зямель» (Ко всем трудящимся…,1957: 66).
Палітыка, накіраваная на актывізацыю нацыянальна-вызваленчых рухаў каланіяльных народаў Азіі, пацвярджалася публікацыяй сакрэтных дамоваў царскага ўраду з дзяржавамі Антанты аб падзеле Турцыі, Ірану ды інш. Гэта мусіла займець выбуховы эфект і падштурхнуць антыкаланіяльную барацьбу. Вядома, калі разглядаць падтрыманне народаў, якія яшчэ не дасягнулі дастатковага развіцця капіталізму і шмат у чым стаялі на «феадальнай» аснове, то гэта супярэчыла літаральнаму сэнсу марксісцкай тэорыі. Але Ленін верыў у хуткае развіццё сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі, асноўным аб’ектам якой бясспрэчна быў заходні капіталізм. У барацьбе з асноўным ворагам быў карысны любы хаўруснік, асабліва той, які здольны падарваць яго эканамічную моц падчас сусветнай вайны.
Федэрацыя як дзяржаўнае ўладкаванне Расійскай Савецкай Рэспублікі заканадаўча замацавалася на ІІІ Усерасіўскім з’ездзе Саветаў, які 10 студзеня 1918 г. прыняў «Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатаванага народу», што зрабілася складоваю часткаю Канстытуцыі РСФСР 1918 г. У дэкларацыі адзначалася, што «Расійская Савецкая Рэспубліка засноўваецца на аснове свабоднага саюзу свабодных нацыяў як федэрацыя савецкіх нацыянальных рэспублікаў » (Конституция…, 1957: 143). Тут адсутнічае дакладнае вызначэнне формы федэрацыі, але больш гэтая фармулёўка па сутнасці пасуе да федэрацыі па дамове, або, як яна яшчэ называецца, саюзнай дзяржавы. І хаця ў дэкларацыі і агаворваецца, што «ІІІ Усерасійскі з’езд Саветаў абмяжоўваецца ўстанаўленнем каранёвых пачаткаў федэрацыі Савецкіх Рэспублікаў Расіі, даючы рабочым і сялянам кожнай нацыі прыняць самастойнае рашэнне на сваім уласным паўнамоцным з’ездзе:
ці жадаюць яны і на якіх асновах удзельнічаць у федэральным урадзе і ў астатніх федэральных савецкіх установах» (Конституция…, 1957:
144–145), гэта не здымае вастрыні прававых неадпаведнасцяў.
Рэч у тым, што федэрацыя па дамове прадугледжвае саюз раўнапраўных дзяржаўных адзінак. Федэрацыя з аўтаномнымі ўключэннямі не ёсць саюзнаю дзяржаваю, а яе суб’екты будуюць адносіны з федэральным цэнтрам паводле вертыкальнага прынцыпу, а не па гарызанталі. Менавіта такі прынцып арганізацыі ўлады ў адносінах да іншых савецкіх рэспублікаў быў зафіксаваны ў прававых актах: «Вышэйшым органам улады ў межах федэрацыі ёсць Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых, салдацкіх, сялянскіх і казацкіх дэпутатаў» (О федеральных учреждениях…, 1957:
105). Калі вышэйшым органам федэрацыі ёсць Усерасійскі з’езд Саветаў, а федэрацыя будуецца паводле прынцыпаў саюзу (федэрацыя па дамове), то гэта пярэчыць сэнсу такой формы аб’яднання. Гэта пацвярджае, што пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і на момант прыняцця Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатаванага народу Ленін не праводзіў дакладна- 191 №14/2010 Аляксандр Шамякін. Бальшавіцкая нацыянальная тэорыя і палітыка ...
га размежавання паняццяў аўтаноміі ды федэрацыі ў вузкім сэнсе слова (федэрацыі па дамове).
Такія палітыка-прававыя неда кладнасці ў справе пабудовы савецкай дзяржавы былі вызначаныя шэрагам фактараў, у тым ліку і няспеласцю самой савецкай дзяржаўнасці.
Але калі падыходзіць больш грунтоўна, то можна канстатаваць, што ўся палітыка нацыянальнага дзяржаўна-тэрытарыяльнага будаўніцтва не ставіла за мэту статычна аформіць дасканалыя федэратыўныя інстытуты. Цікавае выказванне Леніна на гэты конт прысутнічае ў першым варыянце артыкулу «Очередные задачи Советской власти», прадыктаваным стэнографу 23–28 сакавіка 1918 г.:
«Мы стаім за дэмакратычны цэнтралізм … Насамрэч дэмакратычны цэнтралізм зусім не выключае аўтаноміі, а наадварот – дапускае яе неабходнасць. Насамрэч … нават федэрацыя ніколькі не супярэчыць дэмакратычнаму цэнтралізму … Федэрацыя пры сапраўднай дэмакратычнай будове, а тым больш пры савецкай арганізацыі дзяржаўнага ўладкавання, ёсць толькі пераходным крокам да сапраўднага дэмакратычнага цэнтралізму … Цяпер федэрацыя … паслужыць менавіта … крокам да самага трывалага аб’яднання разнастайных нацыянальнасцяў Расіі ў адзіную дэмакратычную цэнтралізаваную Савецкую дзяржаву » (Ленин, 1962(с): 151).
Станаўленне СССР як цэнтралізаванай дзяржавы, нягледзячы на вонкавае федэратыўнае афармленне, было ў значнай ступені абумоўленае зрошчваннем партыйнай арганізацыі ды дзяржаўных інстытутаў. Ва ўмовах, калі камуністычная партыйная арганізацыя з цэнтрам у Маскве была адзінаю для ўсіх савецкіх рэспублікаў, немагчыма весці размову пра самастойнасць апошніх, а тым больш пра паўнавартасную федэрацыю як аб’яднанне раўназначных суб’ектаў.
Акрамя гэтага, савецкія рэспублікі не мелі рэальнай правасуб’ектнасці ў сістэме міжнародных адносінаў.
Прыкладам гэтага ёсць вырашэнне лёсу Беларусі ў 1920–1921 гг. на мірных перамовах у Рызе, з якіх выключылі дэлегацыю БССР, а таксама ўключэнне ў РСФСР усходніх тэрыторыяў Беларусі і няпоўнае вырашэнне пытання аб усходняй мяжы БССР у 1920-я гг.
Стратэгічнаю мэтаю ленінскай нацыянальнай палітыкі была менавіта ўнітарная дзяржава. І гэта, натуральна, вынікала з усёй логікі бальшавіцкай нацыянальнай тэорыі ды тактычных захадаў, агучаных у 1917 г.: права на поўнае аддзяленне, федэратыўнае ўладкаванне. Важна разумець, што змена тактыкі ў 1917 г. была выкліканая кан’юнктурнымі абставінамі распаду дзяржавы. Арганізацыя аўтаномных адзінак у складзе Савецкай Расіі цалкам адпавядала інтарэсам бальшавікоў, бо выглядала як ажыццяўленне ідэі абласной аўтаноміі.
Заключэнне Бальшавіцкую нацыянальную тэо рыю трэба разглядаць у агульным кантэксце з марксісцкаю канцэпцыяй змены сацыяльна-эканамічных фармацыяў. Маркс і Энгельс вызначылі 192 №14/2010 Гісторыя ідэяў агульныя прынцыпы ў развязанні нацыянальнага пытання ва ўмовах капіталізму. Згодна з імі нацыянальнае пытанне моцна звязвалася з такімі фактарамі, як узровень развіцця капіталізму, пралетарская кампанента грамадства, самасвядомасць пралетарыяту і г. д. Ад гэтых фактараў залежала, ці падтрымае сацыял-дэмакратыя права на самавызначэнне.
Лідэр расійскіх бальшавікоў, Ле нін, развіў і дапрацаваў шмат якія палажэнні класікаў марксізму. У ад розненне ад Маркса, перад якім стаяла значна меншае кола актуальных і патэнцыйных нацыянальных праблемаў, Ленін і бальшавікі мусілі дзейнічаць ва ўмовах складанага кангламерату нацыянальнасцяў рознага ўзроўню развіцця, якім была Расійская імперыя.
На пачатку свайго афармлення і да вясны 1917 г. нацыянальная праграма бальшавікоў развівалася ў межах класічнага марксізму. Прызнаючы права на самавызначэнне за ўсімі нацыямі, бальшавікі падтрымлівалі гэтае права зыходзячы з рэвалюцыйнай мэтазгоднасці. Ставячы нацыянальнае пытанне на службу сацыялістычнай рэвалюцыі, бальшавікі ўкладалі ў права на самавызначэнне класавы сэнс. Зыходзячы з аналізу бальшавіцкай нацыянальнай тэорыі, можна даць больш дакладнае вызначэнне ленінскаму «праву на самавызначэнне» – права на самавызначэнне некаторых нацыяў у канкрэтных гістарычных умовах.
Нацыянальная тэорыя і палітыка бальшавікоў у разгледжаны перыяд не была накіраваная на развязанне нацыянальнага пытання. Вырашэнне нацыянальных праблемаў звязвалася з усталяваннем новага сацыялістычнага ладу і перамогай у сусветнай рэвалюцыі, калі такія праблемы самі па сабе страцяць актуальнасць, бо, паводле Леніна, нацыянальная няроўнасць і прыгнёт ёсць уласцівасцю капіталістычнай фармацыі.
Зыходзячы з задачаў класавай кансалідацыі, Ленін да вясны 1917 г.
адмаўляў федэрацыю як перспектыўную форму дзяржаўнага ўладкавання для Расіі ды аддаваў перавагу цэнтралізаванай дзяржаве. Але пасля лютаўскай рэвалюцыі назіраліся істотныя змены ў поглядах Леніна на арганізацыю дзяржавы. Спачатку ён прызнаў абсалютнае права на самавызначэнне «ажно да поўнага аддзялення» (красавік 1917 г.), пазней, у чэрвені, прагучала ягоная ідэя «ўсталявання федэрацыі». Але гэтыя змены не звязаныя з пераглядам канцэптуальных асноваў, а былі толькі тактычнымі захадамі ў канкрэтных гістарычных умовах.
Прыйшоўшы да ўлады, бальшавікі пачалі праводзіць нацыянальную палітыку шляхам спробаў і памылак, часта трымаючыся тактыкі чакання.
Першыя аўтаномныя рэспублікі ў складзе РСФСР пераважна адпавядалі старым адміністрацыйна-тэрытарыяльным межам, што ёсць адным з доказаў іх кан’юнктурнасці. Важна адзначыць, што ў самой партыі не было поўнага кансенсусу наконт нацыянальнай палітыкі і часта існавалі сур’ёзныя разыходжанні. Адным з такіх разыходжанняў і было пытанне пра форму дзяржаўнасці. Аўтарытэт Леніна быў безумоўны, таму ягоныя погляды знаходзілі адлюстраванне 193 №14/2010 Аляксандр Шамякін. Бальшавіцкая нацыянальная тэорыя і палітыка ...
ў практычнай палітыцы. Гэта даты чыць і федэратыўнага ўладкавання новай савецкай дзяржавы, хаця федэрацыя ў ленінскім уяўленні была толькі пераходнаю формаю да цэнтралізаванай дзяржавы. У гады станаўлення Савецкай Расіі (1917–1922 гг.) і нацыянальных савецкіх рэспублікаў супрацьстаялі дзве канцэпцыі:
федэралісцкая і аўтанамісцкая. Але абедзве гэтыя канцэпцыі па сутнасці былі скіраваныя на тое самае. Федэралісцкая канцэпцыя Леніна была проста тактычным крокам у перыяд распаду Расіі.
Литература 1. Декларация прав народов России // История советской Конституции (в документах), 1917–1956. Составители: А.А. Липатов, Н.Т. Савенков. М., 1957.
C. 57–58.
2. История России. ХХ век : Учебное пособие / О.А. Яновский, С.В. Позняк, В.И. Меньковский и др.; Под ред. В.И. Меньковского и О.А. Яновского. Мн. :
РИВШ, 2005.
3. Карр, Э. История Советской России . Книга 1: Т. 1 и 2. Большевистская революция.
1917–1923. Пер. с англ. / Предисл. Ненарокова А.П. М. : Прогресс, 1990.
4. Ко всем трудящимся мусульманам России и Востока // История советской Конституции (в документах), 1917–1956. Составители: А.А. Липатов, Н.Т. Савенков. М., 1957. С. 66–68.
5. Конституция Российской Социалистической Федеративной Советской Республики, принятая V Всероссийским съездом Советов в заседании от 10 июля 1918 г. // История советской Конституции (в документах), 1917–1956.
Составители: А.А. Липатов, Н.Т. Савенков. М., 1957. С. 142–158.
6. Ладысеў, У.Ф., Брыгадзін, П.І. На пераломе эпох: Станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917–1920 гг.) . Мн. : БДУ, 1999.
7. Ленин, В.И. (a) Задачи пролетариата в нашей революции // ПСС. Изд-е 5. Т. 31.
М. : Изд-во политической литературы, 1962. C. 164–169.
8. Ленин, В.И. (a) Критические заметки по национальному вопросу // ПСС. Изд-е 5.
Т. 24. М. : Изд-во политической литературы, 1961. C. 113–150.
9. Ленин, В.И. (b) Национальный вопрос в нашей программе // ПСС. Изд-е 5. Т. 7. М.:
Изд-во политической литературы, 1959. C. 233–242.
10. Ленин, В.И. (а) О манифесте «Союза армянских социал-демократов» // ПСС.
Изд-е 5. Т. 7. М. : Изд-во политической литературы, 1959. C. 102–106.
11. Ленин, В.И. (b) О праве наций на самоопределение // ПСС. Изд-е 5. Т. 25. М. : Издво политической литературы, 1961. C. 256–320.
12. Ленин, В.И. (c) Первоначальный вариант статьи «Очередные задачи советской власти» // ПСС. Изд-е 5. Т. 36. М. : Изд-во политической литературы, 1962.
C. 145–153.
13. Ленин, В.И. (b) Речь о войне 9 (22) июня // ПСС. Изд-е 5. Т. 32. М. : Изд-во политической литературы, 1962. C. 277–291.
14. Ленін, У.І. Прамова па нацыянальнаму пытанню 29 красавіка (12 мая) // Творы.
Пераклад з чацвёртага рускага выдання. Т. 24. Красавік–чэрвень 1917. Мн. :
194 №14/2010 Гісторыя ідэяў Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1951. C. 266–270.
15. Макарова, Г.П. Народный комиссариат по делам национальностей РСФСР 1917– 1923 гг. Исторический очерк . М. : Наука, 1987.
16. Минц, И.И. Иностранная вооруженная интервенция в Советской России (1918– 1920 гг.) [Электронный ресурс] // Всемирная история дипломатии. Режим доступа:
http://www.diphis.ru/index.php?option=content&task=view&id=118#8.
17. Национальная политика России: история и современность . М. : Инфармационноиздательское агенство «Русский мир», 1997.
18. О признании Советом Народных Комиссаров народной Украинской Республики и о предъявленном Центральной Раде ультиматуме ввиду ее контрреволюционной деятельности. [Извлечение] // История советской Конституции (в документах), 1917–1956. Составители: А.А. Липатов, Н.Т. Савенков. М., 1957. С. 74.
19. О федеральных учреждениях Российской Республики [Резолюция ІІІ Всероссийского съезда Советов] // История советской Конституции (в документах), 1917–1956.
Составители: А.А. Липатов, Н.Т. Савенков. М., 1957. С. 105–106.
20. Программа и устав Российской С.-Д.Р. партии, принятые на 2-м (1903 г.) и на 7-м (1917 г.) съездах партии , 1917.
21. Рэзалюцыя па нацыянальнаму пытанню // У.І. Ленін. Творы. Пераклад з чац вёртага рускага выдання. Т. 24. Красавік–чэрвень 1917. Мн. : Дзяржаўнае вы давецтва БССР, 1951. C. 271–272.
22. Сталин, И.В. Как понимает социал-демократия национальный вопрос // Сочинения. Т. 1. М. : Государственное изд-во политической литературы, 1946.
23. Сталін, І.В. Даклад па нацыянальнаму пытанню на VII (Красавіцкай) Усерасійскай канферэнцыі РСДРП(б) 29 красавіка (12 мая) 1917 г. Мн., 1937.
24. Чистяков, О.И. Становление Российской Федерации (1917–1922) . М. : Изд-во Московского университета, 1966.
25. Энгельс, Ф. Какое дело рабочему классу до Польши? // К. Маркс и Ф. Энгельс.
Сочинения. Изд-е 2. Т. 16. М. : Государственное изд-во политической литературы, 1960. C. 156–166.
Іншыя крыніцы 1. Шаститко, П.М. Обреченные догмы: Большевизм и национальный вопрос . М. :
Вост. лит., 2002.
2. Ленін, У.І. Аб нацыянальным пытанні . Мн. : Дзяржвыд. Беларусі, 1925.