Часопіс “Палітычная сфера”

Змест і анатацыі артыкулаў нумара

2010

11 №14/2010 Змест Нацыя vs нацыянальны праект Андрэй Казакевіч . Канцэпцыі (ідэі) беларускай нацыі ў перыяд незалежнасці, 1990-2009 Артыкул у кантэксце гісторыі палітычных ідэяў разглядае асноўныя канцэпцыі беларускай нацыі, якія сфармаваліся і функцыянавалі ў беларускім інтэлектуальным і палітычным полі з 1990 да 2009 гг. Тэкст складзены на аснове даследавання, якое ўключала ў сябе аналіз некалькіх сотняў тэкстаў, апублікаваных у выглядзе манаграфіяў, артыкулаў і палітычных праграмаў. Дэманструецца розніца і асноўныя кірункі ў разуменні таго, на якой аснове мусіць функцыянаваць беларуская нацыя, і якія публічныя інстытуты мусяць структураваць нацыянальную супольнасць. Падаецца кароткая гісторыя і характарыстыка кірункаў.

Ключавыя словы: ідэя нацыі, беларуская нацыя, нацыятварэнне, інтэлектуальная гісторыя, гісторыя ідэяў.

Сяргей Богдан . Нацыянальна-дэмакратычны праект беларускай палітыкі па версіі Зянона Пазняка, 1987 – 1995 гг.

У артыкуле разглядаюцца ўнутрыпалітычныя аспекты нацыянал-дэмакратычнага праекту на прыкладзе ідэяў самага яркага прадстаўніка гэтай плыні беларускай палітыкі, кіраўніка Беларускага народнага фронту Зянона Пазняка. Асноўная ўвага надаецца тэкстам канца 1980-х і першай паловы 1990-х гг. – часу актыўнай палітычнай дзейнасці Пазняка ў Беларусі. Робіцца спроба прадставіць структуру, а таксама вылучыць асноўныя кірункі і прыярытэты для беларускай палітыкі. Асаблівая ўвага надаецца ключавому панятку нацыянальнага «Адраджэння» і яго змястоўнай неадназначнасці.

Ключавыя словы: беларуская палітыка, Зянон Пазняк, Беларускі народны фронт, нацыянал-дэмакратычны рух, палітычны праект, нацыяналізм.

Аляксей Ластоўскі . Русацэнтрызм як ідэалагічны праект беларускай ідэнтычнасці Артыкул прысвечаны аналізу асноўных уласцівасцяў ды ідэяў русацэнтрызму як інтэлектуальнага праекту беларускай ідэнтычнасці пасля стварэння незалежнай дзяржавы. Разглядаюцца генезіс, інтэлектуальныя і палітычныя крыніцы, эвалюцыя русацэнтрызму ў інтэлектуальнай і медыйнай прасторы Беларусі. Асаблівая ўвага на- 12 №14/2010 даецца інстытуцыйнаму афармленню, суадносінам з іншымі кірункамі думкі. Падрабязна аналізуюцца ўяўленні пра мінулае, сучаснасць і будучыню беларускай (рускай) нацыі ў межах русацэнтрызму.

Ключавая словы: русацэнтрызм, заходнерусізм, нацыяналізм, беларуская ідэнтычнасць, інтэлектуальная гісторыя.

Салвіта Дэніс . Стратэгічная «сумесь» для нацыі: аналіз навагодніх зваротаў А. Лукашэнкі (2003–2009) Артыкул уяўляе з сябе даследаванне палітычнага дыскурсу беларускай улады апошніх гадоў на прыкладзе навагодніх выступаў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Асноўная ўвага скіроўваецца на разгляд прапанаваных у зваротах вобразу нацыі, нацыянальных інтарэсаў, уласцівасцяў і пагрозаў. На аснове метадаў крытычнага аналізу / даследавання дыскурсу шукаюцца адказы на пытанні аб тым, да якой стратэгіі канструявання нацыі звяртаецца прэзідэнт Беларусі і, галоўнае, з якою стратэгічнаю мэтаю ён гэта робіць.

Ключавыя словы: палітычная камунікацыя, беларуская палітыка, навагодні зварот, дыскурс, нацыянальная ідэнтычнасць.

Пэр Андэрс Рудлінг . Лукашэнка і «чырвона-карычневыя»: дзяржаўная ідэалогія, ушанаванне мінулага і палітычная прыналежнасць Непаслядоўная палітычная лінія беларускага лідэра блытае шматлікіх назіральнікаў, а афіцыйная дзяржаўная «ідэалогія» разглядаецца як папулісцкі крок. Лукашэнку абралі на платформе яднання з Расіяй, але пад ягоным кіраўніцтвам Беларусь перажывае перыяд нацыянальнай кансалідацыі, а з 2002 г. усё павялічвае дыстанцыю ад Масквы. У той час як знешнепалітычная арыентацыя Лукашэнкі змянілася, ён паранейшаму выкарыстоўвае гістарычныя адсылкі да Савецкага Саюзу. Гэты артыкул вывучае палітычную арыентацыю Лукашэнкі з 1994 да 2008 гг. і разглядае пераход у ягоным кіраванні ад русафільства да абароны беларускай незалежнасці.

Ключавыя словы: Аляксандр Лукашэнка, беларуская палітыка, дзяржаўная ідэалогія, нацыятварэнне, нацыяналізм.

Разнастайнасць нацыяналізмаў Хакі Таш. Нацыяналізм і яго дваістасць. Сцвярджальная і адмоўная самасці ў грэцкім нацыяналізме У гэтай працы робіцца акцэнт на псіхалагічных функцыях нацыяналізму ў кантэксце працэсу фармавання навагрэцкай нацыі. Робіцца спроба даказаць, што нацыі аб’ядноўваюць у сабе розныя, часам супярэчлівыя аспекты свайго мінулага, каб падтрымаць пачуццё нацыянальнай годнасці. У выніку ў самім вызначэнні нацыі ўзнікае дваістасць, якая можа кампенсавацца акцэнтам на рысах, што адрозніваюць гэтую нацыю ад вонкавых групаў, у прыватнасці, ад варожа настроеных або суперніцкіх на- 13 №14/2010 родаў. У аналізе выкарыстоўваюцца два асноўныя паняцці: сцвярджальная і адмоўная нацыянальныя самасці, якія падкрэсліваюць канструяваны і адносны характар нацыяналізму. У такім кантэксце аўтар разглядае выбарачнае выкарыстанне элінскага (старажытнагрэцкага) і візантыйскага мінулага пры фармаванні грэцкай ідэнтычнасці, стварэнне значнага «Іншага» і, нарэшце, уплыў Еўрапейскага Звязу на канцэпцыю грэцкай культуры.

Ключавыя словы: нацыянальная ідэнтычнасць, грэцкі нацыяналізм, дваістасць, элінізм, фармаванне нацыі.

Аляксей Міхалёў. Дэканструюючы «старэйшага брата»: досвед постсавецкай трансфармацыі ў мангольскім нацыяналізме Распад камуністычнай сістэмы для бальшыні краінаў былога сацыялістычнага лагеру характарызуецца шэрагам тэндэнцыяў у іх сацыяльна-палітычным развіцці, адною з якіх ёсць рост этнічнага нацыяналізму. Манголія тут не выключэнне, хаця мангольская нацыянальная ідэя мае свае спецыфічныя рысы. Гістарычна этнічны нацыяналізм выступаў як інструмент дэкаланізацыі, а ў 1990-я гг. – дэсаветызацыі. У Манголіі гэтая тэндэнцыя пачала губляць сваю актуальнасць толькі на пачатку 2000-х гг. Да таго часу шмат якія постсавецкія краіны, што праходзілі працэс нацыяналізацыі, зрабіліся цалкам нацыянальнымі: сфармаваліся новыя ідэнтычнасці, лаяльнасці, сістэма палітычных міфаў. Вывучэнню гэтых з'яваў палітычнага жыцця Манголіі і прысвячаецца гэтае даследаванне.

Ключавыя словы: інтэрнацыяналізм, нацыянальны праект, каланіялізм, постсавецкія трансфармацыі.

Аляксандр Філіпаў. «Вечнае Пасланне», «адраджэнне» і «дух» у арабскім нацыяналізме сярэдзіны XX стагоддзя У артыкуле разглядаецца адзін з галоўных канцэптаў у ідэалогіі партыі «Баас», якая кіруе ў Сірыі з 1963 г. Артыкул заснаваны на працах ідэолага і аднаго з заснавальнікаў партыі М. Афляка. Асобая ўвага надаецца ісламскім караням «вечнага арабскага Паслання», «адраджэння» і «духу» ў арабскім нацыяналізме, а таксама іх ролі ў кансалідацыі разнароднага сірыйскага грамадства.

Ключавыя словы : вечнае арабскае Пасланне, партыя «Баас», Мішэль Афляк, арабскі нацыяналізм, Сірыя.

Музыка і палітыка Іван Лысюк. Ультраправая музычная сцэна Расіі на прыкладзе black metal i pagan metal У артыкуле разглядаецца экспансія ультраправай ідэалогіі ў сучасных расійскіх субкультурах на прыкладзе сцэнаў праварадыкальнага black i pagan metal, якія дынамічна развіваюцца. Аўтар абазначае гісторыю станаўлення сцэны, падрабязна разгля- 14 №14/2010 дае каштоўнасна-светапоглядную платформу яе ўдзельнікаў. Ультраправая музычная сцэна ў артыкуле прадстаўляецца як феномен не толькі культурны, але і палітычны.

Больш за тое, палітычны элемент настолькі значны, што творчасць ператвараецца ў інструмент радыкальнай прапаганды. Характэрным для расійскай праварадыкальнай сцэны ёсць злучэнне палітычных і рэлігійных мэтаў, пабудова альтэрнатыўнай духоўнасці на фундаменце рэканструяваных дахрысціянскіх вераванняў. У гэтым артыкуле таксама закранаюцца пытанні, звязаныя з паганскай ідэнтычнасцю суб’ектаў сцэны.

Ключавыя словы : black metal, pagan metal, нацыянал-сацыялізм, неапаганства, музыка, субкультуры.

Гісторыя ідэяў Аляксандр Шамякін. Бальшавіцкая нацыянальная тэорыя і палітыка на пачатку станаўлення савецкай дзяржавы У артыкуле разглядаецца развіццё бальшавіцкай нацыянальнай тэорыі ў кантэксце палітычнага разгортвання цэнтрабежных тэндэнцыяў пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Расіі. Асаблівая ўвага надаецца такім пытанням, як магчымасць усталявання федэратыўнага ладу ў святле марксісцка-ленінскай нацыянальнай канцэпцыі, а таксама кан’юнктурнага («канкрэтна-гістарычнага») падыходу да вырашэння нацыянальных пытанняў. Акрамя гэтага разглядаецца нацыянальная палітыка бальшавікоў у першы год станаўлення Савецкай Расіі.

Ключавыя словы : нацыянальная тэорыя, Уладзімір Ленін, бальшавікі, федэралізм, нацыянальная палітыка.

Ідэнтычнасць Уладзіслаў Іваноў. Эвалюцыя тоеснасці і культуры старавераў Паўночнай Беларусі, канец XІX – пачатак XXІ стагоддзя У артыкуле разглядаюцца розныя мадэлі развіцця тоеснасці беларускіх старавераў у XІX–ХХI стст. На аснове першага перапісу Расейскай імперыі 1897 г., а таксама на падставе сучасных этналагічных экспедыцыях робіцца спроба выяўлення стану культуры і, у прыватнасці, тоеснасці старавераў Паўночнай Беларусі. З улікам перапісу і звестак этнічнай гісторыі вымалёўваюцца розныя, часам супярэчлівыя тэндэнцыі ў развіцці іхнай культуры і тоеснасці: акультурацыя, асіміляцыя, контракультурацыя і пэўны сінкрэтызм – як культурны, так і рэлігійны.

Ключавыя словы : стараверства, стараверы Беларусі, нацыянальная тоеснасць, рэлігійная тоеснасць, русіфікацыя.

15 №14/2010 Рэцэнзіі Анджэй Пукшта. Gente Lithuana, natione Lithuana (Dariusz Szpoper. Gente Lithuana, natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851–1934). Arche. Gdańsk. 2009) Рэцэнзія на кнігу вядомага польскага даследчыка Д. Шпопэра, прысвечаную жыццю, культурнай і палітычнай дзейнасці Канстанцыі Скірмунт.

Ключавыя словы : Канстанцыя Скірмунт, «краёўцы», краёвая ідэя, літоўскі нацыянальны рух, беларускі нацыянальны рух.

Аляксей Ластоўскі. Расія як хвароба, літаратура як зло (Эва М. Томпсан.

Песняры імперыі: расійская літаратура і посткаланіялізм / Пераклад з англ.

мовы Т. Нядбай. Мн. : Медыясонт, 2009) У рэцэнзіі разглядаецца пераклад на беларускую мову кнігі амерыканскай даследчыцы Эвы Томпсан «Песняры імперыі», прысвечаная посткаланіяльнай дэканструкцыі расійскай літаратуры як інструменту імперскай улады.

Ключавыя словы : посткаланіяльныя даследаванні, імперская ўлада, нацыяналізм, каланіялізм, ідэнтычнасць, ідэалогія.