Часопіс “Палітычная сфера”

Неаунія (1923—1939) і нацыянальная тоеснасць

Алесь Шацькоў · 2006

98 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 Праблема ролі Уніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы ў фармаванні беларускай нацыянальнай самасвядомасці неаднаразова разглядалася ў гістарычных працах. Тэза пра уніяцтва як нацыянальную рэлігію беларусаў атрымала шырокі распаўсюд сярод беларускіх гісторыкаў і ў свядомасці нацыянальнай інтэлігенцыі. У гэтым артыкуле размова будзе весціся не пра даўнюю уніяцкую царкву, якая з’явілася як вынік Берасцейскай уніі 1596 года, але пра спробу адрадзіць царкоўную еднасць у Заходняй Беларусі ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі. Менавіта тады, у 1923 годзе, на заклік да праваслаўных Папы Рымскага Пія XI вяртацца да Каталіцкай царквы, які ўтрымліваўся ў выдадзенай да трохсотых угодкаў смерці св. Язафата, архібіскупа Полацкага, энцыкліцы «Ecclezia Dei», рымакаталіцкі біскуп падляскі Генрык Пшэздзецкі запрапанаваў план стварэння парафіяў для ахвочых перайсці ў Каталіцкую царкву (Кривонос;

Encyklika…, 1924: 12; Encyklopedia…, 1996: 6).

Другой ягонай прапановай было далучэнне да гэтае справы ордэна езуітаў.

На гэтыя дзве прапановы адгукнуліся як вышэйзгаданы ордэн езуітаў, так і пяць рыма-каталіцкіх епархіяльных біскупаў тагачаснае Польшчы, на тэрыторыі якіх жылі былыя уніяцкія вернікі, навернутыя ў праваслаўе падчас акупацыі беларускіх і ўкраінскіх земляў Расейскай імперыяй. Ідэя адраджэння колішняй Уніі і дзеянні, якія прадпрымалі розныя царкоўныя ўстановы і дзеячы Каталіцкае царквы, атрымалі назву «неаунія». Гэтая ідэя, якая доўгі час спела ў галовах беларускіх нацыянальных і рэлігійных дзеячаў, здабыла рэальны шанец на здзяйсненне. Але на рэалізацыю кожнае ідэі маюць уплыў багата чыннікаў.

Вылучым перадусім пэўныя чыннікі, якія былі структураваныя, мелі цэнтр кіравання і, адпаведна, рычагі ўздзеяння на працэс неаунійнае акцыі. Гэтых чыннікаў было чатыры. Першы — найвышэйшыя каталіцкія ўлады ў Ватыкане, дзе фармаваннем палітыкі ў дачыненні да неаунійнае акцыі займалася пэўны час камісія «Pro Russia», а пазней, з 1931 года, Кангрэгацыя Усходняй Царквы (Sprawy…, 1934: 25—27).

Другі — рыма-каталіцкія епархіяльныя ўлады.

Яны, натуральна, падпарадкоўваліся ўладам у Рыме, але мелі дастатковую самастойнасць, каб уплываць на тактыку правядзення неаунійнае акцыі. Паводле плана біскупа Г. Пшэздзецкага, яны непасрэдна кіравалі новастворанымі неауніяцкімі прыходамі. У Заходняй Беларусі былі ў той час дзве рыма-каталіцкія адміністрацыйныя адзінкі — архіепархія Віленская і епархія Пінская.

Алесь Шацькоў Неаунія (1923—1939) і нацыянальная тоеснасць Abstract Артыкул «Неаунія (1923—1939) і нацыянальная тоеснасць» разглядае праблемы нацыятворчага працэсу ў 1923—1939 гады ў Заходняй Беларусі. Сегмент даследавання — неаунійная акцыя, спроба адраджэння еднасці Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў. У артыкуле разглядаецца пытанне, ці паўплывала, а калі паўплывала, то якім чынам, неаунійная акцыя на нацыянальную свядомасць беларусаў. У артыкуле даследуецца таксама становішча адносна беларускага нацыянальнага пытання розных чыннікаў, якія беспасярэдна праводзілі неаунійную акцыю або нейкім чынам уздзейнічалі на яе правядзенне. Сярод іншых разглядаецца дзейнасць ватыканскіх органаў кіравання, у прыватнасці камісіі «Pro Russia», мясцовых епархіяльных рыма-каталіцкіх ўладаў, дзейнасць Львоўскай грэка-каталіцкай мітраполіі. У артыкуле аўтар прадстаўляе і пазіцыю польскіх уладаў і нацыяналістычных колаў, яе дынаміку і ўнутраную логіку стаўлення да неауніі.

Ключавыя словы: рэлігійная палітыка, неаунія, Заходняя Беларусь, каталіцтва на Беларусі, «Pro Russia», нацыягенез, самасвядомасць, беларуская нацыя.

© Пал I тычная сфера ISSN 1819-3625 № 7-2007 99 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 Трэці чыннік — Львоўская галіцкая грэкакаталіцкая мітраполія, што збераглася ад знішчэння пад апекай аўстрыйскага імператара, частка даўняга уніяцкага абшару, якая далучылася да Каталіцкае царквы яшчэ падчас Берасцейскае Уніі (1596) (Брэсцкая…, 1994: 98).

Львоўская архіепархія абнімала абшар трох грэка-каталіцкіх епархіяў: Львоўскай, Станіславаўскай (г. Станіславаў — пазнейшы Івана-Франкоўск на Заходняй Украіне) і Пярэмышльскай.

Галіцкая грэка-каталіцкая епархія была крыніцай місіянераў, якія ўзяліся за неаунійную працу на Валыні, Холмшчыне, Падляшшы і часткова Палессі. Галіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі актыўна ўдзельнічаў у гэтай працы, даючы месцы для навучання ў Львоўскай багаслоўскай акадэміі некаторым кандыдатам да святарства, якія паходзілі з тэрыторыі пяці неаунійных епархій, удзельнічаў у навуковых дыскусіях, прысвечаных гісторыі і сучаснасці Уніі, у тым ліку і ў Пінскіх унійных канферэнцыях. Мітрапаліт таксама не вагаўся выкарыстоўваць свой уплыў у Рыме, каб карэктаваць хаду неаунійнае акцыі.

Чацвёрты чыннік — польскія дзяржаўныя ўлады, цэнтральныя і мясцовыя. Улады Другой Рэчы Паспалітай не былі ініцыятарамі і актыўнымі прыхільнікамі вяртання былых уніятаў у Каталіцкую царкву, але моцна ўплывалі на працэсы, якія адбываліся падчас неаунійнага руху, што перадусім выявілася ў перашкодзе дзейнасці і пераследзе пэўных святароў, асабліва тады, калі стала зразумела, што неаунія не будзе служыць мэтам паступовае паланізацыі мясцовага жыхарства.

Акрамя гэтых чатырох трэба вылучыць у якасці чынніка і ордэн езуітаў, які меў самастойную пазіцыю і погляды на правядзенне неауніі і быў дастаткова незалежны ад епархіяльных біскупаў. Кожны з пералічаных чыннікаў вызначаўся сваёй пазіцыяй датычна Уніі ўвогуле і метадаў яе ажыццяўлення. Гэтая пазіцыя тычылася і погляду на нацыянальнае пытанне.

Існавала некалькі групаў, якія паўплывалі на хаду акцыі неауніі. Яны знаходзіліся ўнутры ці звонку неаунійнага руху, але не былі настолькі арганізаванымі, як папярэдне пералічаныя, і не мелі агульнага цэнтра кіравання. Гэта былі ідэалагічныя групы, і гуртаваліся яны перадусім вакол пэўных ідэятворчых органаў. Тут належыць згадаць як прыклад беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў і іх друкаваны орган «Беларуская крыніца» і польскіх краёвых кансерватараў з іх «Словам», выдаваным у Вільні. Кожная са згаданых групаў мела свой погляд на развязанне нацыянальнага пытання на тэрыторыі «крэсаў усходніх».

Першапачатковае разуменне ўладамі Рыма пытання неаунійнага руху можна праілюстраваць назваю ўстановы, якая была пакліканая да жыцця для кіравання гэтым працэсам, — камісія «Pro Russia». Назва паказвала погляд, з якім пэўныя колы Рыма падыходзілі да вырашэння праблемы яднання праваслаўных на тэрыторыях былой Расейскай імперыі з Каталіцкай царквой. Спачатку неаунія бачылася з ватыканскіх дыкастэрыяў як акцыя на былых заходніх ускраінах Расейскае імперыі, якая пры пэўных спрыяльных акалічнасцях можа перакінуцца далей на Усход. Чаму так адбывалася і чаму першапачатковым кірункам неаунійнай акцыі была менавіта Расея?

Вынікала гэта перадусім з перакананняў, а дакладней, ідэалаў некаторых дзеячаў камісіі «Pro Russia». У першую чаргу тут належыць прыгадаць імя біскупа Мішэля д’Эрбіньі, які быў дарадцам камісіі, а з 1930 года і яе кіраўніком (Sprawy…, 1934: 25—27). Справаю жыцця і галоўным кірункам дзейнасці гэтага іерарха на розных пасадах у Ватыкане была праца для з’яднання Каталіцкае і Праваслаўнае цэркваў. Паколькі галоўным прадстаўніком праваслаўя ў тыя часы лічылася Расея, яна стала галоўным полем ягонай дзейнасці. Праваслаўнае жыхарства на тэрыторыі ўсходняй Польшчы ўспрымалася як адломак праваслаўнага кантынента, чыё ўмоўнае імя было Расея. Адступаючы трошкі ад тэмы, заўважым, што часткова прычынай гэтаму былі нацыянальныя беларускі і ўкраінскі рухі, якія не здолелі «прагучаць» на пачатку ХХ стагоддзя на ўсю Еўропу.

Разбірацца ў складанай і часцяком супярэчлівай этнічна-нацыянальнай сітуацыі належала на месцы тым, што адгукнуліся на прапановы Папы Пія: вышэйзгаданыя езуіцкі ордэн і мясцовыя епархіяльныя біскупы, на тэрыторыі падначаленых епархій якіх жылі праваслаўныя.

Біскапат далучыўся да неаунійнай справы не без энтузіязму. Так, пінскі біскуп Лазінскі (1870— 1932) (Garbi ń ski, 2003) запачаткаваў правядзенне Пінскіх святарскіх з’ездаў, на якіх чыталіся даклады з гісторыі і аналітычныя запіскі пра тагачасны стан Уніі. Усяго такіх з’ездаў адбылося сем. Даклады чыталіся на іх на ўсіх мовах, якія ўжываліся на той час у неаунійнай акцыі:

польскай, украінскай, беларускай, расейскай.

Алесь Шацькоў. Неаунія (1923—1939) і нацыянальная тоеснасць 100 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 Абмяркоўваліся на іх і нацыянальныя праблемы, якія паўставалі падчас хады акцыі. У прыватнасці, абмяркоўвалася праблема нацыянальных моваў, якія павінны былі ўжывацца падчас прыходскай працы.

Стаўленне біскупаў да неаунійнага руху поўнасцю адлюстроўвае іх імкненне да працы на дабро Царкве. Трэба зазначыць, што біскупы былі ўзорнымі каталікамі, дбалі пра пашырэнне неауніі і выконвалі адпаведныя інструкцыі камісіі «Pro Russia», датычныя непасрэдна характару і спосабаў правядзення акцыі (напрыклад, інструкцыя пра ўжыванне ў казаннях моваў, якімі гаворыць мясцовае жыхарства), але яны былі палякамі. Адпаведна, акрамя біскупаў, на характар хады кампаніі мелі ўплыў колы польскага святарства, часцяком настроеныя супраць Уніі. Трэба адзначыць і тое, што добрае разуменне прыхаджанамі казанняў з’яўлялася тым адзіным мінімумам, пра які клапаціліся біскупы, калі падтрымлівалі вышэйзгаданую рымскую інструкцыю. Яны не імкнуліся да пэўных захадаў, скіраваных на падвышэнне нацыянальнай свядомасці ў неауніяцкіх прыходах.

Уся «каляцаркоўная» культурная беларуская праца, якую здзяйснялі некаторыя са святароў — каталікоў усходняга абраду, праводзілася з уласнай іх ініцыятывы і на ўласную рызыку. Больш за тое, калі параўнаць колькасць вернікаў-уніятаў у Віленскай архіепархіі (блізу трох тысяч), дзе пры ўладзе быў Р. Ялбжыкоўскі, вядомы сваім непрыхільным стаўленнем да беларускага руху, з іх колькасцю ў епархіі Пінскай (блізу шасці тысячаў), дзе пасаду займаў беларусафіл З. Лазінскі, можна зрабіць дапушчэнне, што стаўленне біскупа да нацыянальных праблемаў рабіла ўплыў на ягоныя дзеянні (Pami ę tnik…, 1933: 116).

Сярод святароў, якія працавалі ў той час над злучэннем цэркваў на беларускіх абшарах, можна вылучыць чатыры групы, стаўленне якіх да беларускае нацыянальнае ідэі і да ажыццяўлення яе праз Унію было рознае: езуіты, праваслаўныя святары, якія з розных прычынаў пераходзілі ў Каталіцкую царкву і выяўлялі ахвоту да служэння ва ўсходнім абрадзе, ахвотнікі з рымакаталіцкіх святароў і свецкіх асобаў заходняга абраду, і ўласныя кадры уніятаў, якія рыхтаваліся ў папскай семінарыі, арганізаванай у валынскім горадзе Дубна, ці ў Львоўскай грэкакаталіцкай акадэміі (Encyklopedia…, 1996: 134;

Garbi ń ski, 2003: 138—139).

Датычна езуітаў, якія ўзяліся за пашырэнне ідэі вяртання былых уніятаў у Каталіцкую царкву, можна сказаць, што яны складаліся з дзвюх катэгорыяў. Першыя ехалі ва ўсходнюю частку Другой Рэчы Паспалітай з краін Заходняй Еўропы. Многія езуіты, якія ехалі на новыя місійныя тэрыторыі з заходніх краін, вядома, не былі абазнаныя ў заблытаным нацыянальным становішчы ў Заходняй Беларусі. Але частка езуітаў, якія паходзілі з Польшчы, лягчэй арыентаваліся ў нацыянальным пытанні. Згодна з інкультурацыйнымі традыцыямі ордэна, манахі не павінны былі прыязджаць і навязваць камусьці свае погляды на культуру, але мусілі праз вывучэнне мясцовых умоваў, культурных традыцыяў і моваў жыхарства вырашыць, якім чынам яны будуць праводзіць сваю далейшую палітыку.

У нацыянальна і культурна неаднастайным асяроддзі езуіты кіраваліся не праграмнымі арыенцірамі размаітых мясцовых нацыяналістаў, але канкрэтнай сітуацыяй, імкнучыся быць як мага бліжэй да люду, сярод якога яны працавалі. Езуіты мелі два вялікія асяродкі на тэрыторыі Беларусі: у Альбярціне (пад Слонімам) і ў Вільні.

Згодна з традыцыямі місіянерскае працы сярод іншакультурнага жыхарства, яны ўжывалі ў апостальскай працы беларускую мову — збольшага ў Альбярціне і недалёкіх ад яго Сынкавічах — і расейскую — у Вільні (Pi ą tkiewicz, 1932). Вытлумачэнне для прыведзеных звестак простае:

Вільня — былы губернскі горад, які быў моцна русіфікаваны, у ім значную частку жыхарства складалі выхадцы з Расеі. Альбярцін, які знаходзіўся каля Слоніма, горада моцна русіфікаванага за часы Расейскае імперыі, не абмінуў частковай русіфікацыі. Але дзякуючы разуменню мясцовае моўнае і нацыянальнае сітуацыі кіраўніцтвам альбярцінскай місіі і працы ў Альбярціне а. Антонія Неманцэвіча — беларускага святара, дзеяча беларускага каталіцкага адраджэння — праца ў Альбярціне вялася па-беларуску.

Большая частка былых праваслаўных святароў, што працавалі на тэрыторыі Беларусі, былі або рускімі паводле нацыянальнасці, або моцна зрусіфікаванымі. Сярод іх існавала досыць шматлікая катэгорыя так званых пакрыўджаных, якія, увайшоўшы ў канфлікт са сваім начальствам у Праваслаўнай царкве, лічылі лепшым яго развязкам пераход да уніятаў. Трапляліся сярод былых праваслаўных святароў і людзі, што шукалі пэўнае выгады для сябе. Багата з перайшоўшых да Уніі былых праваслаўных святароў урэшце Сфера рэлігійнага 101 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 вярнуліся ў праваслаўе (Шептицький, 1995:

357—360). Адзін з найбольш выдатных праваслаўных святароў таго першапачатковага перыяду — архімандрыт Марозаў; падчас свайго быцця праваслаўным ён, рускі паводле нацыянальнасці, прыхільна ставіўся да беларусізацыі Праваслаўнае царквы. Далучыўшыся да Каталіцкае царквы ў сярэдзіне 1920-х гадоў, сваёй мэтай ён назваў працу для будучага аздараўлення Расеі. Праз некалькі гадоў, расчараваўшыся ў ідэі Уніі і падыходзе да яе рэалізацыі каталіцкімі іерархамі, вярнуўся ў праваслаўе. Штонебудзь пра беларускую нацыянальную працу гэтага святара падчас ягонай дзейнасці ва ўсходнім каталіцтве невядома, але ён называў прыхаджанаў уніяцкае абшчыны ў Вільні, дзе выконваў службу, «рускімі людзьмі». Некаторыя іншыя былыя праваслаўныя святары казанні часта гаварылі па-расейску. Адпаведна, немагчыма гаварыць пра якую-небудзь значную і рэгулярную беларускую дзейнасць гэтай групы святароў.

Трэцяя група святароў складалася з тых, хто змяніў, у адрозненне ад папярэдне разгляданае групы, не царкву, але толькі абрад. Гэта былі рыма-каталіцкія святары. Да іх можна аднесці і а. Баляслава Пачопку, які навучаўся некаторы час у каталіцкай семінарыі ў Вільні; ён ажаніўся, каталіцкім ксяндзом не стаў. Пазней, падчас пачатку унійнае акцыі, ён атрымаў ад Папы Рымскага дазвол на пераход ва ўсходні абрад і прыняцце ў ім святарскага пасвячэння (ва ўсходнім абрадзе захоўваліся правілы, якія дазвалялі жанатаму мужчыну станавіцца святаром). Большасць рыма-каталікоў, якія перайшлі ва ўсходні абрад, складалі ідэйна перакананыя святары, якія ішлі працаваць дзеля дабра Каталіцкае царквы і свайго народа. Можна пералічыць тут ужо згаданых вышэй а. Б. Пачопку, будучага экзарха, манаха-езуіта а. А. Неманцэвіча і а. В. Аношку, першапачаткова рыма-каталіцкага святара. Шмат іншых рыма-каталіцкіх ксяндзоў-беларусаў як мага дапамагалі уніяцкім святарам у іх працы, адведвалі на прыходах і часам памагалі ў прыходскай працы.

Айцец Баляслаў Пачопка — гэта малавядомы для шырокай публікі факт — быў складальнікам першай граматыкі беларускай мовы, якая выйшла ў 1918 годзе ў Вільні (Garbi ń ski, 2003:

327—328). Падчас сваёй працы ў прыходзе ў Бабровічах, на Палессі, ужываў у казаннях і катэхізацыйнай працы беларускую мову, актыўна супрацоўнічаў з беларускім рэлігійным друкам. Трэба адзначыць, што прыход а. Б. Пачопкі знаходзіўся на Палессі, у мяшаным беларускаўкраінскамоўным асяроддзі.

Айцец Вацлаў Аношка — другі прыклад дзеяча, які вёў беларускамоўную працу з прыходам і па-за межамі прыхода. Па-беларуску ён прамаўляў як у цалкам беларускамоўных Далятычах, так і ў мяшанай моўна Альпені на Палессі (Garbiсski, 2003: 290—291). Акрамя прыходскае працы, гэтыя святары актыўна ўдзельнічалі ў культурнай рабоце, напрыклад, арганізоўвалі духавыя аркестры, хары, якія спявалі не толькі духоўныя, але і народныя песні.

Належыць адзначыць і працу а. Антонія Неманцэвіча, які з моладдзю і дзецьмі Альбярціна і Сынкавічаў, дзе ён нёс послух настаяцеля прыхода, гаварыў па-беларуску. Гаварыў па-беларуску і, без сумнення, уплываў на фармаванне нацыянальнае свядомасці людзей у прыходзе (Pi ą tkiewicz, 1932: 12).

Група рыма-каталіцкіх святароў не была аднародная. Частку ў ёй складалі палякі. Паводле сведчання найвышэйшых уніяцкіх іерархаў — экзархаў, прызначаных мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім у 1939 годзе, большасць святароўпалякаў пакінула Унію і вярнулася ў рыма-каталіцтва, уважаючы, што небяспека, якая прыйшла ў выглядзе чырвонаармейцаў у 1939 годзе, знішчыла Унію канчаткова. Засталіся пры ёй на той тэрыторыі толькі верныя і адданыя святарыбеларусы і некалькі чальцоў езуіцкіх місіяў (Шептицький, 1995: 357—360). Тое ж гаварылася пра праваслаўных святароў, што перайшлі ва Унію. Чакаць ад палякаў нейкае працы, накіраванай на падвышэнне нацыянальнай свядомасці, не выпадала. Самі ўмовы, створаныя польскай дзяржавай, маглі перашкодзіць нават станоўча настроеным святарам-небеларусам.

Адным з чыннікаў, які меў вялікі ўплыў на хаду унійнае акцыі і фармаванне нацыянальнае свядомасці, была Галіцкая грэка-каталіцкая мітраполія. Яе ўплыву і распаўсюду грэка-каталіцтва галіцкага характару найбольш баяліся польскія ўлады. Таму ў канкардаце, заключаным паміж Рымам і польскімі ўладамі (1924), былі дакладна акрэсленыя тэрыторыі ўсіх епархій, у тым ліку і трох грэка-каталіцкіх (Wіodarczyk, 1986: 560). Змена тэрыторый іх павінна была ўзгадняцца з польскімі ўладамі. Гэтая мяжа ва ўкраінскай царкоўнай гістарыяграфіі атрымала назву «сокальского кордону» ад назвы мястэчка Алесь Шацькоў. Неаунія (1923—1939) і нацыянальная тоеснасць 102 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 Сакаль, размешчанага на былой аўстрыйскай мяжы, якая была натуральнай мяжой распаўсюду грэка-каталіцтва на ўсход і поўнач. Такім чынам польскія ўлады спрабавалі абмежаваць уплывы Грэка-каталіцкай царквы тэрыторыяй усходняй Галіччыны. Яны асцерагаліся распаўсюду разам з грэка-каталіцтвам украінскага нацыяналізму на іншыя тэрыторыі, заселеныя ўкраінцамі, — Валынь, Холмшчыну, украінскія часткі Падляшша і Палесся.

Пэўным чынам абмяжоўваў уплыў Львоўскай мітраполіі на тэрыторыі, якая знаходзілася па-за Галіччынай, і Рым. Праваслаўныя, якія далучыліся да Каталіцкае царквы, афіцыйна называліся каталікамі візантыйска-славянскага абраду, а не грэка-каталікамі, як ва Украіне.

Акрамя таго, святары павінны былі служыць царкоўныя службы паводле ўзораў сінадальнае Расейскае царквы (г. зн. так, як служылі ў той час у праваслаўных прыходах на той тэрыторыі), ужываючы адпаведнага кшталту царкоўную і літургічную вопратку, а галіцкі варыянт візантыйскага абраду прызналі непажаданым.

Заклапочанасць польскіх уладаў магчымым распаўсюджаннем галіцкага ўкраінскага ўплыву была цалкам абгрунтаваная. На тэрыторыі Валыні жыло шмат перасяленцаў з Галіччыны, і, абапіраючыся на гэтыя калоніі, грэка-каталіцтва мела вялікія шанцы на хуткае распаўсюджванне сярод жыхарства Валыні, а разам з ім распаўсюджвалася б і моцная ўкраінская самасвядомасць, чаму практыка давала пацвярджэнне:

некаторыя галіцкія місіянеры даходзілі нават да некаторых мясцінаў цяперашняга беларускага Заходняга Палесся. Пры спрыяльных акалічнасцях яны маглі значна паўплываць у гэтых рэгіёнах з неакрэсленай свядомасцю на фармаванне свядомасці ўкраінскай. Поўнасцю перашкодзіць галічанам удзельнічаць у неаунійнай акцыі польскія ўлады не змаглі. Больш за тое, з Галіччыны паходзіў першы апостальскі візітатар для каталікоў візантыйска-славянскага абраду Мікалай Чарнэцкі.

Шматлікія неаунійныя дзеячы ўважалі, што найбольш карысным для Уніі на беларускіх і ўкраінскіх землях будзе пераход ад падпарадкавання лацінскаму біскапату асобных прыходаў да стварэння ўласнай усходняй іерархіі, якая аб’яднала б усе расцярушаныя па пяці епархіях прыходы ў адну адміністрацыйную структуру ўсходняга абраду. Так, будучы экзарх а. Антоні Неманцэвіч на адной з Пінскіх святарскіх канферэнцый у дакладзе проста заявіў пра неабходнасць стварэння дзвюх епархій і прызначэння двух біскупаў, якія ардынарна кіравалі б уніятамі. Адзін біскуп павінен быў кіраваць уніятамі-ўкраінцамі, а другі — беларусамі (Pami ę tnik…, 1933: 122).

Пазней, пасля акупацыі ўсходняй тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай савецкім войскам, А. Неманцэвіч разам з трыма прызначанымі ўкраінскімі экзархамі, аналізуючы перыяд існавання неауніі ў падпарадкаванні рыма-каталіцкім біскупам, негатыўна ацэніць вынікі такога кіравання. Усходнія экзархі ў гэтым аналізе падкрэслівалі, што беларусамі і ўкраінцамі павінны былі кіраваць прадстаўнікі іх нацыянальнасцяў, перадусім таму, што паміж палякамі і беларусамі з украінцамі існавалі пэўныя непаразуменні, якія нярэдка перарасталі ў канфлікты. Кіраванне ж біскупам іншае нацыянальнасці стварала перадумову для напружання ў царкоўным жыцці і перашкоды для паспяховае дзейнасці сярод праваслаўных (Шептицький, 1995: 357—360).

Стварэнне незалежнай беларускай уніяцкай іерархіі на той час магло не толькі паспрыяць паляпшэнню спраў місіі і падвышэнню яе скаардынаванасці, але і надаць дадатковую нацыянальную афарбоўку яе дзейнасці. Менавіта таму польскія ўлады ўсяляк процідзейнічалі на роўні дачыненняў з Ватыканам мажлівасці стварэння апрычонай ад польскай епархіі неауніятаў.

Польскія кансерватары лічылі Унію карыснай толькі пры ўмове, што яна будзе мець характар не проста прапольскі, але наўпрост польскі, іншымі словамі, калі яна будзе не проста лаяльная да адроджанай польскай дзяржавы, а будзе выконваць функцыі адарвання ад праваслаўя часткі жыхарства з мэтай паступовай яго паланізацыі. Натуральна, справы не пайшлі ў тым кірунку, што перадусім сталася ў выніку вялікага ўплыву на хаду неаунійнае акцыі нацыянальных сілаў, як беларускіх, так і ўкраінскіх.

Але іх уплыў не быў настолькі моцны, каб якасна змяніць характар акцыі ў тых умовах.

Польскія ўлады выдатна разумелі небяспеку неаунійнае акцыі, калі яна набудзе выразна нацыянальны характар. На тэрыторыях, дзе польскае жыхарства складала меншасць або нават, паводле звестак польскіх статыстычных службаў, бальшыню (непераканальную), як, напрыклад, на Віленшчыне (Нарыс…, 2005: 211— 216), з’яўленне моцнай рэлігійнай супольнасці, якая мае нацыянальны характар, магло стацца магутным кансалідоўным фактарам для мясцоСфера рэлігійнага 103 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 вых мяншыняў і перашкодзіць нацыянальнай палітыцы Польшчы на «крэсах усходніх». Для Польшчы было небяспечным набыццё рухам усходніх каталікоў на «крэсах усходніх» нацыянальнага характару. Любога — ці то ўкраінскага, ці то беларускага, ці то расейскага, які ён набыў або, хутчэй, мог набыць у некаторых парафіях. Таму польскія колы змагаліся на афіцыйным узроўні, каб распачатая неаунійная акцыя афіцыйна перастала мець пэўны накіраваны на Расею характар, які гэтая акцыя мела на пачатку свайго існавання.

Праз дыпламатычныя высілкі Польшчы ў 1931 годзе камісія «Pro Russia» перадала свае паўнамоцтвы па кіраванні неаунійнай акцыяй кангрэгацыі Усходняй царквы, ператварыўшыся ў орган, адказны выключна за арганізацыю рэлігійнага жыцця расейскае эміграцыі і расейскіх рыма-каталікоў (Sprawy…, 1934: 25—27), што можна лічыць пэўнай перамогай польскага пункту гледжання на неаунію. Але пры гэтым Рым пасунуўся насустрач патрэбам саміх дзеячаў неауніі (відавочна, падтрыманых у Рыме Львоўскай мітраполіяй) і заснаваў пасаду апостальскага візітатара, які павінен быў каардынаваць дзейнасць уніяцкіх прыходаў на тэрыторыі пяці рыма-каталіцкіх епархіяў (Sprawy…, 1934:

25—27). Крок гэты быў прамежкавы і кампрамісны, ён не задаволіў ні неауніятаў — украінцаў і беларусаў, ні палякаў, сярод якіх пэўныя сілы спрабавалі нават абвінаваціць Ватыкан у парушэнні канкардату.

Любая дзейнасць, скіраваная на замацаванне нацыянальнае свядомасці, лічылася польскімі ўладамі ледзь не дзяржаўным злачынствам.

Словы «беларусізацыя тутэйшага мясцовага жыхарства» (Свирид, 2002: 93—95), як гаварылася ў рэляцыях мясцовых уладаў, у чым вінавацілі нацыянальных дзеячаў, што бралі ўдзел ва уніяцкай працы, гучалі як абвінавачанне ў сабатажы дзяржаўнай палітыкі Польшчы, накіраванай на паланізацыю краю. Як засцерагальныя захады супраць развіцця неаунійнае акцыі, якая паступова набывала нацыянальны характар, польскімі ўладамі ажыццяўляўся кантроль за дзейнасцю уніяцкага духавенства, асабліва святароў, якія не хавалі сваёй грамадскай пазіцыі і актыўна ўдзельнічалі ў культурна-асветніцкай працы. Быў зачынены рэдагаваны а. А. Неманцэвічам адзіны часопіс, які выдаваўся па-беларуску для беларусаў, — «Да злучэння» (Garbi ń ski, 2003: 276). Часопіс меў непалітычную, пераважна рэлігійную, скіраванасць, прапагандаваў з’яднанне цэркваў. Натуральна, ён выконваў кансалідацыйную і агітацыйную функцыю сярод беларускіх уніятаў і патэнцыйных уніятаў. Польскімі ўладамі практыкавалася таксама ўжыванне такіх метадаў, як штрафы для уніяцкіх святароў, якія парушалі распараджэнні польскае ўлады, напрыклад пра навучанне дзяцей катэхізісу ў школе па-польску. Ужывалася і высяленне з памежнае зоны «палітычна ненадзейных элементаў»: так сталася з а. Львом Гарошкам (Garbiсski, 2003: 138).

У пераважна сельскіх, а значыцца, традыцыйных рэгіёнах Заходняе Беларусі практыкаванне рэлігійнасці праз царкву, якая поруч з сям’ёй была адным з чыннікаў выхавання і сацыялізацыі, кардынальна ўплывала на свядомасць жыхарства. Школа як фактар, што ўплывае на фармаванне свядомасці і закладанне пэўных ідэйных установак была яшчэ дастаткова маладой і, зрэшты, амаль поўнасцю апанаванай польскімі ўладамі.

Польскія ўлады, асабліва пад канец свайго існавання на беларускіх заходніх землях, змагаліся з любым няпольскім уплывам на «крэсах усходніх» — «расейскім, беларускім, украінскім ці рымскім» (Свирид, 2002: 93—95), але найбольш іх непакоіў усё ж такі ўплыў украінскай і беларускай нацыянальных ідэй, якія мелі ўсе шанцы развівацца на мясцовай глебе. Таму ўлады адчувалі небяспеку ў стварэнні нават лакальных уніяцкіх нацыянальнага характару рэлігійных супольнасцяў, асабліва на сяле, дзе яны маглі эфектыўна ўплываць на фармаванне нацыянальнае тоеснасці, бо там не існавала такой вялікай рэлігійнай альтэрнатывы, як у горадзе, прыналежнасць да лакальнае супольнасці абавязвала да пэўных стэрэатыпных дзеянняў (тут маецца на ўвазе наведванне царквы). Трэба дадаць, што вёска, у адрозненне ад горада, напрыклад вышэйпамянёнае Вільні, была беларуская і уніяцкая грамада ў вёсцы магла быць толькі беларускаю. Калі б неауніятам пашчасціла ўтварыць уласную адміністрацыйна-царкоўную адзінку на чале з самастойным зверхнікам — біскупам або экзархам, з цягам часу яна магла б набыць статус аднаго з рухавікоў нацыянальнае свядомасці на захадзе Беларусі.

Што тычыцца тагачасных перспектыў да набыцця гэтага статусу іншымі рэлігійнымі супольнасцямі на Беларусі, то, напрыклад, у Рыма-каталіцкай царкве на пачатку стагоддзя існаваў Алесь Шацькоў. Неаунія (1923—1939) і нацыянальная тоеснасць 104 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 досыць масавы рух беларускіх святароў, які спарадзіў беларускую хрысціянскую дэмакратыю.

Яна прыцягнула да нацыянальнай і палітычнай дзейнасці таксама шмат свецкіх нацыянальна свядомых беларускіх каталікоў. Але ва ўмовах польскай дзяржавы, калі за прабеларускую дзейнасць у прыходзе святар мог быць абвінавачаны ў сімпатыях да камунізму і зазнаць пераслед з боку польскай паліцыі або зведаць уціск ад прапольскі настроенага царкоўнага начальства, беларускі рыма-каталіцкі рух быў адсунуты ад масавага ўплыву на жыхарства.

Нацыянальна свядомыя праваслаўныя таксама не складалі паноўнай сілы ў сваёй царкве і, можна адзначыць, былі горш зарганізаванымі за беларускіх рыма-каталікоў. Праваслаўная царква ў межах Другой Рэчы Паспалітай наагул абвясціла сябе польскай царквой, таму пры існаванні вялікай прарасейскай плыні ў ёй з’явілася польская плынь. Праваслаўная царква пачала выдаваць малітоўнікі па-польску або польскімі літарамі па-царкоўнаславянску, некаторыя з лакальных праваслаўных дзеячаў задэкларавалі сябе праваслаўнымі палякамі. Гэты рух быў вельмі прыхільна ўспрыняты і падтрыманы польскімі дзяржаўнымі коламі.

Ідэя пра Унію як рэлігійны кансалідацыйны чыннік для беларусаў была папулярная і сярод шматлікіх тагачасных беларускіх рэлігійных і нацыянальных дзеячаў. Трэба згадаць аднаго з ідэолагаў беларускага нацыяналізму А. Луцкевіча, які пачаў распрацоўваць гэтую ідэю яшчэ на пачатку стагоддзя. Асабліва трэба адзначыць і дзеячаў беларускае хрысціянскае дэмакратыі з яе ідэятворчым органам «Крыніца». Пастуляваў Унію як кансалідацыйны чыннік беларускага народу і а. Антоні Неманцэвіч, які лічыў, што рэлігійная еднасць народу магла б спрычыніцца і да нацыянальнае еднасці (Ад рэдакцыі, 1932: 4). З цягам часу ў гэтае тэзы з’явіліся праціўнікі, і менавіта з лагера хрысціянскіх дэмакратаў, якія меркавалі, што на практыцы унія прывядзе да яшчэ большага расколу ў беларускім народзе праз стварэнне трэцяга цэнтра рэлігійнага прыцягнення.

Радыкальна паўплываць на трансфармацыю тагачаснай супольнасці каталікоў усходняга абраду на Беларусі ў правадніка беларускае нацыянальнае ідэнтычнасці маглі толькі два фактары. Першы — вызваленне ад путаў польскае дзяржавы, якая душыла ў зародку ўсялякую спробу інстытуцыяналізацыі беларускае уніі як нацыянальнай і распаўсюджанае царквы. Другі — мажлівасць вольнага і спакойнага развою цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. Вышэйпамянёнае дазволіла б укараніцца Уніі, атрымаць неабходнае тэрытарыяльнае распаўсюджанне.

Гісторыя не дала неауніі такога шанцу. Хоць польская ўлада і была знішчаная ўдарам дзвюх таталітарных імперыяў, але спакойнага развою гэтае знішчэнне не прынесла. Больш за тое, савецкая імперыя рэзка абмежавала магчымасці для існавання неауніі.

Беларускі экзархат — доўгачаканае іерархічнае аб’яднанне беларускіх уніяцкіх прыходаў пад адзіным кіраваннем — быў створаны і падпольна існаваў ад 1939 года (Гарбінскі, 1999:

132—133; Garbi ń ski, 2003: 276—277). З прыходам немцаў чаканага адраджэння яго дзейнасці не настала. Нямецкія ўлады напачатку даволі прыхільна паставіліся да яго і легітымізавалі вясной 1942 года (Гарбінскі, 1999: 132—133;

Garbi ń ski, 2003: 276—277). Велікоднае пасланне экзарха А. Неманцэвіча віталі шматлікія пласты беларускага нацыянальнага грамадства: як пісаў у мемуарах а. Леў Гарошка, віталі паўстанне беларускага экзархату (Гарошка, 1964). Але літаральна праз некалькі месяцаў сітуацыя кардынальна змянілася. Экзарх Антоні быў хутка, у жніўні, арыштаваны і загінуў у менскай турме гестапа (Гарбінскі, 1999: 132—133; Maртос, 1966;

Garbi ń ski, 2003: 276—277). Місію ў Альбярціне знішчылі, пазасталыя святары або не маглі афіцыйна працаваць, або іх праца была абмежаваная толькі іх уласным прыходам. Беларуская царкоўная структура, якая магла б адыграць ролю ў станаўленні беларускае нацыі, у нечым падобную да ролі Галіцкае мітраполіі на Заходняй Украіне, не ўтварылася.

Літаратура 1. Ад рэдакцыі // Да злучэння. 1932. № 1. С. 4.

2. Брэсцкая унія 1596 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мінск, 1994. С. 98.

3. Гарбінскі Ю. Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя: Жыццяпісы, мартыралогі, успаміны. Мінск — Мюнхен, 1999.

С. 132—133.

4. Гарошка Л. Айцец Антон Неманцэвіч // Божым шляхам. 1964. № 8.

Сфера рэлігійнага 105 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 7, 2006 5. Кривонос Ф. Уния «восточного обряда»: начало и конец // http: // www.minds.by / index.php?link=trudy / 2 / td2_123&section=15.

6. Maртос A. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Буэнос-Айрес, 1966.

7. Нарыс гісторыі польскай дзяржавы і народа. Х—ХХІ стст. Варшава, 2005. С. 211—216.

8. Свирид А. Национальный аспект деятельности униатской церкви в Западной Беларуси. 1921—1939 // Міжэтнічныя адносіны на мяжы трэцяга тысячагоддзя. Брест, 2002. С. 93—95.

9. Шептицький А. Церква i церковна єдність. Документи і матеріали. 1899—1944. Том I. Львів, 1995. С. 357—360.

10. Encyklika papie ż a P i usa XI z okazji 300-letniej rocznicy ś mierci Ś w. Jуzafata Mкczennika, arcybiskupa po ł ockiego, obrz.

Wschodniego. Warszawa, 1924. S. 12.

11. Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy / Opr. L. Grzebieс. Krak ó w, 1996.

12. Garbi ń ski J., Turonek J. Bia ł oruski ruch chrze ś cija ń ski XX wieku: S ł ownik biograficzno-bibliograficzny. Warszawa, 2003.

13. Pami ę tnik konferencji kapіaсskiej w sprawie Unii Ko ś cielnej w Piсsku. 30, 31 sierpnia, 1 wrze ś nia 1932 r. Piсsk, 1933.

14. Pi ą tkiewicz W. Prawda o Albertynie. Krak ó w, 1932.

15. Sprawy wschodnie w Rz y mie // Oriens. 1934. № 1. S. 25—27.

16. W ł odarczyk T. Konkordaty: Zarys historii ze szczeg ó lnym uwzgl ę dnieniem XX wieku. Warszawa, 1986. S. 560.

Алесь Шацькоў. Неаунія (1923—1939) і нацыянальная тоеснасць