60 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 Эвалюцыя этнаканфесійнай самаідэнтыфікацыі беларусаў на сёння недастаткова вывучаная.
Беларускія гісторыкі пачалі вывучаць гэтую тэму зусім нядаўна, чым тлумачыцца тое, што дагэтуль не існуе сінтэтычных прац па гэтай тэме.
Яна даследуецца пераважна на ўзроўні артыкулаў у гістарычных часопісах і зборніках, дысертацыях. Навукоўцы закранаюць нейкім чынам тэму этнічнай самаідэнтыфікацыі ў асобных частках сваіх манаграфій.
Асноўная прычына складанасці і заблытанасці праблемы этнічнай самаідэнтыфікацыі беларусаў палягае, на нашу думку, у схільнасці большасці даследчыкаў змешваць эндаэтнанімію і экзаэтнанімію беларусаў, што прыводзіць да сур’ёзных непаразуменняў і кардынальна супрацьлеглых высноваў.
Да канца 60-х гадоў у савецкай гістарыяграфіі этнічнай самасвядомасці адводзілася другаснае месца сярод кампанентаў этнасу. Большасць навукоўцаў трымалася пункту гледжання, паводле якога ўсё звязанае са свядомасцю ёсць вытворнае ад базісу, а таму другаснае. Асноўнымі прыкметамі этнасу лічыліся чатыры вызначальнікі: мова, тэрыторыя, псіхічны склад, эканамічнае жыццё. Этнічная самасвядомасць да асноўных прыкметаў этнасу не адносілася.
У канцы 60-х гадоў у савецкай этналогіі адбыліся якасныя змены. Навуковыя догмы, якія панавалі са сталінскіх часоў, пачалі пераглядацца. Сярод прыярытэтных кірункаў навуковых даследаванняў зноў з’явіліся этнагенез і этнічДзяніс Мельянцоў Г енеза этнічнае самасвядомасці Усходняй Беларусі ў Сярэднявеччы Abstract:
Аўтар спрабуе сістэматызаваць звесткі пра этнічную свядомасць Беларусі ў Сярэднія вякі. У прыватнасці, аналізуюцца асаблівасці этнаканфесійнай свядомасці даўняй Беларусі, яе спалучэнне з найменнем «Русь», «Літва», «Белая Русь» і г.д. Асобна разгледжана трансфармацыя свядомасці насельніцтва Беларусі ў перыяд Рэнесансу, што было звязана з паступовым пераходам ад рэлігійнай да этнічнай свядомасці.
ная гісторыя, побач з якімі пачала распрацоўвацца праблема этнічнай самасвядомасці. Большасць вучоных прызнала, што этнічная самасвядомасць, нягледзячы на сваю суб’ектыўную аснову, характарызуецца пэўнай самастойнасцю, адыгрывае ў жыцці этнасу значную ролю і адносіцца да асноўных этнічных кампанентаў.
Да комплекснага аналізу этнічнай самасвядомасці найбольш наблізіўся выдатны вучоныэтнолаг Ю. Брамлей. Ён распрацаваў паслядоўную тэорыю этнасу, у якой важнае месца адводзілася этнічнай самасвядомасці. Брамлей вызначыў этнічную самасвядомасць як складаную ў структурным плане з’яву і вылучыў шэраг яе кампанентаў, а менавіта: усведамленне прыналежнасці да пэўнага этнасу, уяўленне аб характэрных рысах свайго этнасу, усведамленне яго этнічных інтарэсаў, уяўленне аб агульнасці паходжання членаў этнасу [6, с. 176, 181, 186].
Сярод даследаванняў этнічнай самаідэнтыфікацыі беларусаў варта адзначыць наступныя:
у манаграфіі «Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» аналізуецца факт разнастайнасці этнанімічных формаў, супольнае існаванне ва Усходняй Беларусі палітоніма «ліцвіны», субэтноніма (этнікона) «русіны» («русь», «рускія») і зямляцкіх этнанімічных вызначэнняў (кшталту «палачане», «віцябляне» і інш.) [23, с. 70, 71]. Аўтары прыходзяць да высновы, што «беларусцы» XVII ст. ёсць тэрытарыяльным этніконам, а не субэтнонімам, як да гэтага сцвярджалі многія гісторыкі. «Беларус- 61 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 цы» таго часу — гэта галоўным чынам жыхары летапіснай Белай Русі. У адпаведнасці з зонай распаўсюджання ў XVI—XVII стст. тапоніма «Белая Русь» назва «беларусцы» яшчэ не ахоплівала ўсяго этнічнага масіву беларускай народнасці і з’яўлялася хутчэй не этнонімам, а лакальна-тэрытарыяльным этніконам» [23, с. 81].
Гісторык В. Насевіч выказаў думку, што ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі Беларусі існавалі назвы, якія з’яўляліся субэтнонімамі (назвы субэтнасаў) і суперэтнонімамі адначасова. Гэта тэрміны «Русь», «Літва», «Палессе». Пералічаныя вышэй найменні ўжываліся як лакальныя на тэрыторыі Беларусі, а таксама як агульныя для розных народаў. Назвы «русіны», «ліцвіны», «палешукі» ахоплівалі пэўныя часткі беларускага насельніцтва, а таксама выкарыстоўваліся як найменні часткі продкаў сучасных рускіх, літоўцаў, украінцаў. В. Насевіч лічыць, што ў тагачасных беларусаў не існавала саманазвы на ўзроўні этнасу [11].
Пытаннем этнічнай самасвядомасці і самаідэнтыфікацыі беларусаў у разгляданы перыяд займаўся таксама В. У. Старасценка. Ён адзначае, што «гістарычная кансалідацыя беларускага насельніцтва атрымала адлюстраванне ў этнонімах кшталту «Русь», «рускія», «русы», «русіны» [19, с. 16].
Старасценка таксама вылучае тры сэнсавыя ўзроўні тэрміна «Русь». Вялікую ўвагу ён аддае праблеме эвалюцыі оніма «русіны» («рускія», «русь») і з’яўленню субэтноніма «беларусцы», які «пачынае выкарыстоўвацца з рубяжа XVI— XVII стст. у кантактнай беларуска-рускай зоне» [19, с. 95]. З’яўленню тэрміна «беларусцы» з канца XVI — пачатку XVII ст., паводле Старасценкі, магло спрыяць імкненне праваслаўнага насельніцтва да дыстанцыявання ад уніятаў ва ўмовах, калі традыцыйныя назвы «русіны», «рускія», «Русь» губляюць свой канфесійны кантэкст (праваслаўны хрысціянін) і пачынаюць ужывацца ў дачыненні да абодвух веравызнанняў [19, с. 86].
Урэшце аўтар прыходзіць да высновы, што тэрмін «беларусцы» — гэта канфесійны этнікон праваслаўных беларусаў [19, с. 55].
Магілёўскі гісторык Ігар Марзалюк указвае на дамінаванне ў XIV—XVII стст. ва Усходняй Беларусі этнаканфесіёніма «рускі», «русін», які зазнае пэўныя змены ў XVI ст. і паступова напаўняецца этнічным зместам. Аднак абвастрэнне рэлігійных супярэчнасцяў у 20—30-я гг.
XVII ст. прыводзіць да рэанімацыі ідэі атаясамлення канфесійнай і нацыянальнай прыналежнасці [9, с. 9—16].
Што да тэрміна «беларусцы» XVII ст., то ён, на думку І. Марзалюка, не з’яўляецца сапраўды эндаэтнонімам, бо насельніцтва Усходняй Беларусі ніколі не выкарыстоўвала яго ў якасці этноніма ва ўласнай пісьмовай традыцыі [9, с. 14].
І. Марзалюк прапаноўвае тэрмін «беларусец» лічыць канфесіёнімам і зямляцкім этніконам, вытворным ад тапоніма «Белая Русь».
Спрэчкі вакол этнічнай самасвядомасці беларусаў, часу яе фармавання, формаў, зместу шмат у чым выкліканыя нераспрацаванасцю тэарэтычных падыходаў да гэтай праблемы. З усіх аспектаў праблемы этнічнай самасвядомасці ў беларускай этналогіі і гістарычнай навуцы найбольш увагі аддавалася і аддаецца аналізу этнанімічных формаў. Аналіз усёй сукупнасці назваў народа на ўсіх узроўнях (эндаэтнонімаў, экзаэтнонімаў, этніконаў, канфесіёнімаў, урбонімаў, палітонімаў) у прасторава-часавым вымярэнні дазваляе прасачыць заканамернасці эвалюцыі этнанімічных формаў і вызначыць яе асаблівасці ў канкрэтнага этнаса. На гэтай падставе можна рабіць высновы адносна развіцця этнічнай самасвядомасці.
Этнаканфесійная свядомасць і «Русь» Першымі вядомымі па летапісах этнічнымі адзінкамі на тэрыторыі старажытнай Беларусі былі племянныя саюзы крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, а таксама ў пэўнай ступені яцвягаў і літвы. Племянныя асацыяцыі былі адначасова і этнаграфічнымі супольнасцямі. У перыяд да прыняцця хрысціянства ў кожнага з іх, відаць па ўсім, існавала свая версія язычніцкай рэлігіі.
Таму ў розных усходнеславянскіх плямёнаў культ і светапогляд істотна адрозніваліся. Хутчэй за ўсё племянная самасвядомасць супадала ў асноўных рысах з рэлігійнай, а племянная саманазва была адначасова і канфесіёнімам [8, с. 263].
Прыняцце ў 988 г. хрысціянства ў першую чаргу закранула Кіеў і прылеглыя землі, хоць працэс усеагульнай хрысціянізацыі і там зацягнуўся на доўгі час. Яшчэ больш запаволеным распаўсюджанне хрысціянства было на беларускіх землях. Да моманту канчатковага палітычнага распаду Кіеўскай дзяржавы (1132 г.) хрысціянізацыя насельніцтва шэрагу тэрыторый была досыць Дзяніс Мельянцоў. Г енеза этнічнае самасвядомасці Усходняй Беларусі ў Сярэднявеччы 62 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 павярхоўнай. Племянныя этнонімы сустракаюцца на старонках летапісаў і пасля распаду Кіеўскай Русі (найменне крывічы апошні раз фігуруе ў Іпацьеўскім летапісе пад 1128 г., а полацкія князі называюцца «кривськими» пад 1140 і 1162 гг., дрыгавічы апошні раз згадваюцца ў 1149 г., радзімічы — у 1169 г.). Відаць, у ХII ст. гэтыя назвы былі не палітычнымі і нават не тэрытарыяльнымі (бо ўжо працяглы час існавалі феадальныя княствы), а этнаканфесійнымі. Трэба заўважыць, што да сярэдзіны ХII ст. жыхары Полацкага княства нават ускосна нідзе не названы рускімі або прыналежнымі да Русі [8, с. 264].
Паколькі «Руская зямля» (у вузкім сэнсе — Кіеўская, Чарнігаўская і Северская землі) была цэнтрам мітраполіі і хрысціянства распаўсюдзілася там дастаткова рана і шырока, то і панавальную там праваслаўную канфесію сталі называць «рускай». У працэсе распаўсюджання праваслаўя сярод славянаў-язычнікаў прыхільнікі праваслаўя пачалі называцца «рускімі», што атаясамлівалася з паняццем «хрысціяне».
Знікненне назваў ранейшых супольнасцяў (крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў) было звязана як з прыняццем «рускай» веры, так і з працэсам рэгіянальнай этнакансалідацыі. Разгледзім працэс укаранення на беларускіх землях оніма «русь» больш падрабязна.
У якасці этноніма ва ўсіх пісьмовых крыніцах, якія папярэднічалі мангольскаму нашэсцю, тэрмін «Русь», «русін», «рускі» ўжываецца толькі да жыхароў паўднёвых княстваў, «Рускай зямлі» ў вузкім сэнсе гэтага слова, якая месцілася вакол гарадоў Кіева, Пераяслаўля, Чарнігава і Ноўгарада-Северскага. У летапісных крыніцах XII ст.
жыхары іншых княстваў-земляў выразна супрацьпастаўляюць сябе «Русі» [9, с. 8]. Разам з тым не выклікае пярэчанняў той факт, што ў шырокім сэнсе тэрмін «Руская зямля» ўжываўся да ўсіх усходнеславянскіх земляў, падпарадкаваных дынастыі Рурыкавічаў [22, с. 43—44]. У такім разе лагічна казаць пра палітычны, а не этнічны змест гэтага тэрміна. Даследчыкамі адзначалася адна агульная рыса паведамленняў аб «Русі» ў шырокім сэнсе — Валынская, Наўгародская або Растоўская зямля становіцца для летапісца «Руссю» толькі тады, калі размова ідзе пра канфлікты з суседнімі дзяржавамі і народамі, якія ў склад «Рускай зямлі» як дзяржаўна-генеалагічнага адзінства не ўваходзяць. У іншых жа выпадках у дачыненні да гэтых княстваў ужываюцца зямляцкія урбанізаваныя вызначэнні («наўгародцы», «растаўчане» і г.д.) [22, с. 46].
У сярэдзіне ХIII ст. сітуацыя змянілася. У гэты перыяд адбываецца сур’ёзнае аслабленне сувязяў паміж Поўднем, Захадам і Поўначчу Русі, пра што яскрава сведчыць змест напісаных пасля 1240 г. гістарычных помнікаў. Адначасова сышло са сцэны паняцце «Русь» у вузкім сэнсе, і тэрыторыі, што ляжаць па-за межамі Сярэдняга Падняпроўя, нашмат больш грунтоўна і паслядоўна, чым раней, сталі атаясамліваць сябе з «Руссю». Акрамя таго, працэсы інтэнсіўнай хрысціянізацыі спрыялі змене этнаканфесійнай самаідэнтыфікацыі полацка-смаленскіх крывічоў і радзімічаў, усведамленню насельніцтвам Полацкага і Смаленскага княстваў сябе часткай «Русі» ў канфесійным сэнсе гэтага слова, сінанімічным тэрміну «праваслаўны хрысціянін».
У дамове 1267 г. паміж Ордэнам і Полацкім княствам чытаем: «Руськая земля словеть Полочьская, от тое земли местерю и братьи его отступити».
Аб «рускай» самаідэнтыфікацыі насельнікаў Полацкай зямлі ў першай палове XIV ст. сведчыць таксама гандлёвы дагавор Полацка з Рыгай каля 1330 г.: «А в Ризе рускому купцеви от веса дати ему от берковьска пол овря… Аже найдуть у Немець нечистый товар у Руской земли, пойти ему назад с товаром в Ригу…» [3, с. 83].
Такім чынам, можна зрабіць выснову: на працягу другой паловы XIII — ранняга XIV ст. самаідэнтыфікацыя насельніцтва з «Руссю» і «рускімі» трывала замацавалася ва ўсіх частках Старажытнае Русі, у прыватнасці на ўсходнебеларускіх землях [22, с. 51].
Адначасова на тэрыторыі Усходняй Еўропы, з аднаго боку, складваўся новы палітычны падзел, узнікалі буйныя палітычныя аб’яднанні, асобныя ўсходнеславянскія землі, раней самастойныя, уліваліся ў іх склад, злучаліся ў шэрагу выпадкаў у адзінае цэлае з тэрыторыямі, заселенымі неславянскімі этнасамі. З другога боку, пэўныя землі гублялі сваё адзінства, іх часткі апыналіся ў складзе розных дзяржаў.
У пачатку XIV ст. вялікі князь літоўскі Віцень далучыў да свайго княства Полацк, а ў часе кіравання Альгерда і Кейстута працэс уваходжання беларускіх земляў у склад ВКЛ быў практычна завершаны. Новая дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае — захоўвала палітычныя і культурныя традыцыі Русі. Вялікія князі літоўскія ў стаўленні да свайго ўсходнеславянскага насельніцтва доўгі час трымаліся прынцыпу «старины не рухати», згодна з якім усе ўзаемадачыненні і Гісторыя свядомасці 63 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 прававыя нормы мінулага зберагаліся і выконваліся [5, с. 3].
Гістарычныя крыніцы паказваюць, што ўваход беларускіх земляў у Вялікае Княства Літоўскае першапачаткова не прывёў да зменаў у этнічнай самасвядомасці іх насельніцтва. Пра гэта сведчаць шматлікія дакументы на старабеларускай мове. Сярод іх даравальная грамата Ягайлы, выдадзеная 25 красавіка 1387 г. брату, князю Скіргайлу, на Троцкае, Менскае і Полацкае княствы, дзе пералічваюцца гарады Бабруйск, Рэчыца, Прапойск, Ігумен, а «на руской стороне город Менеск» .
Хроніка Літоўская і Жамойцкая, у якой адлюстраваная вострая палітычная барацьба канца XIV ст., паведамляе, што: «Скиргайло и Витолт тягнули до Полоцка… а осадивши замок Полоцкий рицерством литовским и всю Русь Полоцкую, Лукомскую, Витебскую, Оршанскую, Смоленскую, Мстиславскую, з оных бед успокоили и до послушенства князства Литовского привели» [14, с. 66].
Грамата вялікага князя Вітаўта рыжскаму гарадскому савету аб перамовах з паслом Х. Грымпе (1398) заканчваецца так: «И желаем вам добро и об этом послали наше письмо по-русски» .
На працягу XIII—XV стст. тэрміны «Русь», «рускі», «русін» былі самым шчыльным чынам звязаныя з канфесійнай прыналежнасцю. Быць русінам азначала найперш быць праваслаўным, а прыналежнасць да «Рускай зямлі» ў самым шырокім сэнсе для ўсходнеславянскіх кніжнікаў была сінанімічная прыналежнасці да праваслаўнага свету.
Да прыкладу, «Список русских городов дальних и ближних» (канец XIV ст.) да «рускіх» гарадоў адносіць «Болгарскыи и волоскии гроди» . Як паказаў Е. Наумаў, у 1394—1396 гг. ва ўяўленні мітрапаліта Кіеўскага Кіпрыяна склалася схема паслядоўнага падпарадкавання Балгарыі, Малдовы, Галіча і Кіева ў сэнсе кананічнай, царкоўнай юрысдыкцыі. Для гэтага па ініцыятыве Кіпрыяна і быў складзены «Список…», які, аднак, застаўся неажыццёўленым праектам. Гэта сведчыць пра тое, што ў выпадку кананічнага падпарадкавання неўсходнеславянскіх земляў яны становяцца аўтаматычна «рускімі», г. зн. залежнымі ад кіеўскай метраполіі [9, с. 3].
Пра канфесійнае напаўненне тэрмінаў «Русь», «рускі» гаворыць таксама польскі гісторык Г. Пашкевіч:
«Але разам з геаграфічным і палітычным разуменнем тэрміна «Русь» мы маем у разгляданы перыяд і іншае значэнне — рэлігійнае. Паняцце «Русь» абазначала ўсіх праваслаўных хрысціян, падпарадкаваных «рускаму» (кіеўскаму) мітрапаліту» [24, с. 14].
У летапісах XV—XVI стст. літоўскія князі, якія прынялі праваслаўную веру, не раз называюцца «русінамі» [15, с. 147, 195]. Напрыклад, у Хроніцы Быхаўца чытаем пра князя Вітаўта: «а коли русином остал, дали были имя ему Юрий» .
Для крыжацкіх храністаў галоўным крытэрам ідэнтыфікацыі таксама быў канфесійны.
«Рутэн» — абавязкова праваслаўны, хрысціянізацыя літоўскага князя паводле праваслаўнага ўзору ў вачох і крыжацкага храніста, і беларускага летапісца аўтаматычна рабіла яго «рускім».
Да прыкладу, у дакуменце 1409 г.:
«Таксама ёсць фактам, што праз добрыя 23 гады ўладарання караля Польшчы ў землях Літвы і Русі вельмі мала ўзрос культ Хрыста. А гэта таму, што там у адной царкве маецца два епіскапы, адзін з якіх, будучы Хрысціянінам, існуе бедна і мізэрна, а іншы, Русін, ёсць багаты і заможны. І там, дзе адзін сярод ліцвінаў ахрышчаны паводле хрысціянскага абраду, там магчыма добрая сотня будзе знарок ахрышчаных паводле русінскага абраду, і дасюль у Літве вялікая колькасць сярод знатных ёсць Русіны» [21, с. 92—93].
У Супрасльскім летапісе пад 1440 г. адзначана:
«И придя Швидригайло на Полотеск и на Смоленск, и князи рускыи и бояре посадиша князя Швидригайла на Великое княжение на Руское».
Там жа паведамляецца пра барацьбу Свідрыгайлы і Жыгімонта:
«На лето собрался Швидригайло со князи руськими и со бояры и со всею силою рускою пойде на Литву» [15, с. 57—58].
Выразная канфесійная афарбоўка оніма «рускі» прасочваецца і ў больш позні час. У каДзяніс Мельянцоў. Г енеза этнічнае самасвядомасці Усходняй Беларусі ў Сярэднявеччы 64 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 ралеўскім прывілеі гараджанам Луцка, датаваным 1552 г., чытаем:
«Мають тежъ они в том месте нашомъ Луцкомъ мети в кождый год три ярмарки вольныхъ, то естъ ярморокъ на ден Светого Ильи, руского свята, а другий ярморок на Светый Семен, такъже руского свята, а третий ярмарокъ на Три Кроли, римъского свята» [10, с. 202].
Уяўленне аб «рускіх землях» у Вялікім Княстве Літоўскім як адзінстве працягвала ўмацоўвацца. Пад 1440 г. змешчана паведамленне, згодна з якім жыхары Літвы, запрасіўшы з Польшчы малодшага сына Ягайлы, Казіміра, «посадиша его со честию на стольнечьном граде на Вилне и на всеи Рускои земли» [15, с. 60].
Лакальнымі арэаламі распаўсюджанасці ў гэты перыяд характарызаваліся назвы, якія бралі пачатак ад зямляцкіх этнанімічных вызначэнняў старажытнага часу, адпаведных урбанізаваным этніконам насельніцтва ўсходнеславянскіх княстваў — «палачане», «віцябляне», «дручане» і інш., а таксама ад назваў асобных мястэчак і пагостаў — цэнтраў паветаў, воласцяў і суседскіх абшчын — «мазыране», «рэчычане», «крычане» і інш. Апошнія этнанімічныя формы адлюстроўвалі пачатковы ўзровень кансалідацыі насельніцтва, таму яны часта падмяняліся больш агульнымі назвамі. Структурна-іерархічная ўзаемасувязь розных этнанімічных формаў адлюстраваная ў некаторых дакументах, дзе асобныя этнафоры (прадстаўнікі свайго народа) вызначаліся адразу некалькімі назвамі [23, с. 70—71].
Названыя этнанімічныя формы ў залежнасці ад абставін маглі выступаць супольна і паасобку, але ўсе яны з’яўляліся элементамі этнічнай самасвядомасці беларусаў. Аналагічныя выпадкі распаўсюджання ў межах аднаго этнічнага ўтварэння адразу некалькіх узроўняў самасвядомасці і адпаведных этнанімічных формаў шырока вядомыя ў этнаграфічнай літаратуры і расцэньваюцца даследчыкамі як вынік праяўлення розных (паводле свайго ахопу) аб’яднальных этнічных працэсаў.
Тыповым зямляцкім аб’яднаннем была ў XIV—XVI стст. Полацкая зямля. Цесныя зямляцкія сувязі насельніцтва гэтай тэрыторыі этнагенетычна адносіліся яшчэ да старажытнага перыяду існавання летапісных «палачан» як аднаго з раннесярэднявечных усходнеславянскіх аб’яднанняў. Тэрытарыяльна-зямляцкі ўзровень арганізацыі палачан узмацняўся палітычным фактарам — існаваннем у IX—XIII стст. самастойнага княства-зямлі, пазней — захаваннем аўтаноміі Полацкай зямлі (да сярэдзіны XVI ст.) у складзе Вялікага Княства Літоўскага [23, с. 73].
Як паказалі даследаванні Б. Флоры, на працягу XIII—XIV стст. выразна прасочваецца тэндэнцыя атаясамлення менавіта свайго палітычнага ўтварэння са «ўсёй Рускай зямлёй». У выніку развіцця гэтага працэсу ў XIV—XV стст.
канчаткова замацавалася разуменне «Русі» як толькі свайго палітычнага ўтварэння, а насельніцтва — як «русінаў», «рускіх». Насельніцтва земляў, што аб’ядналіся вакол Масквы, пастаянна мянуецца ў крыніцах ВКЛ тэрмінам «масквічы» [22, с. 61].
Больш за тое, як у беларуска-літоўскіх летапісах, гэтак і ў маскоўскіх, складваецца традыцыя ўсяляк падкрэсліваць пераемнасць кіеўскай традыцыі сваёй дзяржавай. Напрыклад, у беларуска-літоўскіх летапісах даводзіцца «легітымнасць» права вялікіх князёў на ўсходнеславянскія землі і на кіеўскую спадчыну, а таксама супрацьпастаўляецца суверэнітэт Вялікага Княства Літоўскага паняволенню Маскоўскай Русі татарамі, яе васальная залежнасць ад Арды.
Такім чынам, мы бачым працэс ператварэння палітоніма і канфесіёніма ў этнонім, які першапачаткова і для беларуска-ўкраінскай супольнасці, і для земляў будучай Вялікарасіі быў агульным — «Русь», «рускі». Аднак цяпер толькі сваё насельніцтва пачынае лічыць сябе «рускімі», як і палітычнае ўтварэнне — «усёй Рускай зямлёй». Перад намі яскравая дыферэнцыяцыя як этнічнай, гэтак і палітычнай свядомасці.
Такім чынам, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што менавіта хрысціянізацыя, і канфесійная самаідэнтыфікацыя на яе базе, замацавала ў якасці саманазвы насельніцтва Усходняе Беларусі этнаканфесіёнім «Русь», які мясцовае насельніцтва ўжывала ў дачыненні да сябе з ХIII ст.
Трансфармацыя этнаканфесійнае ідэнтыфікацыі ў перыяд Рэнесансу У XVI ст. мадэль этнічнай ідэнтыфікацыі ў Беларусі мяняецца, што ёсць характэрнай з’яваю для ўсёй Еўропы эпохі Рэнесансу. Калі раней самаідэнтыфікацыя была непарыўна звязаная з канфесійнасцю, то ў XVI ст. самавызначэнне саГісторыя свядомасці 65 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 цыяльнай эліты становіцца ўсё больш этнічным у сучасным разуменні гэтага тэрміна.
У XVI ст. дамінавальным у гістарычных крыніцах застаецца эндаэтнонім «рускі» ў розных сваіх варыяцыях («Русь», «русіны», «россы» і інш.).
«...Полоцкое кнезство все сродзе сплюндровали и люду велми много руского в полон забрали» [14, с. 235]. «Тут на Руси Полоцку великую шкоду чинили, а место славное и великое Витебск звоевали», «...Великий князь Александр... с панами ездили в объезд по Русской земле и были в Смоленске, и в Витебске, и в Полоцке» [14, с. 66, 187, 113]; «Наша Русь приняла святое крещение...» [14, с. 162].
У грамаце караля Жыгімонта Аўгуста літоўскай і рускай шляхце 1563 г. адзначалася:
«...Вси иные стану рыцерского и шляхетского, яко Литовского так и Руского народу... одинако и заровно того всего вечными часы уживати и с тых вольностей веселитися мають» і далей «...Яко Литва, так и Русь, кождый водле заслуг и годности своее, от нас господаря на местца зацные и преложеньства з ласки нашое браны быти мають» [1, с. 120].
«Зямлёй Рускай» называў Магілёўшчыну і летапісец Трафім Сурта [15, с. 239].
«Рускімі» ў XVI ст. называлі часцей за ўсё землі з цэнтрамі ў Полацку, Віцебску, Смаленску, Оршы, Магілёве, Крычаве, Лукомлі, Усвятах, Мсціславе, Чачэрску, Слуцку, Свіслачы, Мазыры і інш. Гэта пацвярджаецца вынікамі даследавання, праведзенага В. Насевічам і М. Спірыдонавым, якія на падставе аналізу згадак у пісьмовых крыніцах населеных пунктаў склалі карту «Русь у XVI ст.». Згодна з вынікамі даследавання, арэал Русі ў складзе ВКЛ не супадаў ні з этнічнымі, ні з афіцыйнымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі межамі. Ён ахопліваў толькі частку тэрыторыі, населенай «рускімі».
Паводле адміністрацыйнага падзелу ВКЛ, які існаваў да рэформы 1565 г., «Русь» ахоплівала некаторыя аўтаномныя землі (з пачатку XVI ст. — ваяводствы) — Полацкую і Віцебскую, а таксама ўсходнюю частку Віленскага ваяводства, у тым ліку Барысаўскую воласць, якой непасрэдна кіраваў ваявода. «Русь» уключала і воласці, якія з часоў Альгерда і Кейстута мелі двайное падпарадкаванне Вільні і Трокам: Бабруйскую, Любашанскую, Свіслацкую. Новы адміністрацыйны падзел (з 1565 г.) таксама не адпавядаў межам «Русі», падзеленай паміж Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім ваяводствамі, Рэчыцкім і Мазырскім паветамі. Заходняя ўскраіна «Русі» трапіла ў Менскі і Наваградскі паветы [12, с. 14].
Варта адзначыць, што «Русь», паводле мясцовай традыцыі ВКЛ, да канца XVI ст. не называецца ні «Белай», ні «Чорнай», хоць у замежных крыніцах «каляровыя» назвы (без строгай лакалізацыі) вядомыя, прынамсі, з ХIII ст. [12, с. 14]. Менавіта вышэй акрэслены арэал «Русі» ХVI ст. пачынае пазней (асабліва часта з 20-х гг.
ХVII ст.) звацца ў мясцовым ужытку Вялікага Княства «Белай Руссю».
Пэўную ролю ў стабільным захаванні назвы «Русь» на землях Усходняй Беларусі адыграў таксама і той факт, што іншыя «рускія» землі Вялікага Княства Літоўскага — Валынь, Кіеўшчына разам з Падляшшам — адышлі ў другой палове XVI ст. пад юрысдыкцыю Кароны. Як падкрэсліваюць даследчыкі, асаблівае становішча ўсходнеславянскіх, і перш за ўсё беларускіх, земляў ВКЛ абумовіла іх адзінства, а іншы раз і дамінавальнае становішча ў сістэме дзяржаўнага трыялізму Літва — Русь — Жмудзь [23, с. 79].
Уздым сярэднявечнай беларускай культуры, росквіт усіх яе шматстайных формаў прыпаў на канец XV — сярэдзіну XVII ст. і быў звязаны з развіццём гарадское культуры, пашырэннем адукацыі, сувязяў з суседнімі краінамі і развіццём друку. Гэтыя, а таксама іншыя фактары спрычыніліся да змены мадэлі групавое ідэнтыфікацыі.
Менавіта ў гэты час адбываюцца надзвычай важныя змены ў структуры этнічнай самасвядомасці эліты і Усходняй, і Заходняй Беларусі.
З усведамленнем моўна-гістарычнага адзінства ў кантэксце рэнесансавай культуры канфесійны кампанент этнічнай самасвядомасці эліты ўсходнеславянскага насельніцтва Вялікага Княства паступова адыходзіць на другі план. Калі ў папярэдні час русінская самасвядомасць была непарыўна звязаная з праваслаўнай традыцыяй (пра што гаварылася вышэй), то ў гэтую эпоху мы выразна бачым істотныя змены ў гэтым пытанні.
Менавіта ў гэты час адбываецца насычэнне тэрміна «русін» этнічным зместам, выпрацоўваДзяніс Мельянцоў. Г енеза этнічнае самасвядомасці Усходняй Беларусі ў Сярэднявеччы 66 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 юцца новыя крытэры самаідэнтычнасці, сярод якіх найважнейшымі становяцца мова і этнічнае паходжанне — «парода», «кроў». У гэты ж час фармуецца канцэпцыя аб існаванні некалькіх «рускіх» народаў. Адразу падкрэслім, што гэтыя, выпрацаваныя ў XVI ст., параметры этнічнай ідэнтычнасці не былі характэрныя для масавай свядомасці ўсяго насельніцтва Беларусі, але здабыткам пераважна інтэлектуальнай эліты і сфармуляваныя ў шляхецкім і гарадскім асяроддзі [9, с. 6].
У чым прычына падобных зменаў? На думку І. Марзалюка, яна палягае ў парушэнні канфесійнай аднароднасці рэгіёну, які нас цікавіць, поспехамі каталіцызму і рэфармацыі. Менавіта ў гэты час адбываецца змена канфесійнай ідэнтыфікацыі часткі шляхты і мяшчанаў, продкі якіх традыцыйна вызнавалі праваслаўную «рускую» веру.
Відавочным прыкладам «русіна» з такой ментальнасцю з’яўляецца Францыск Скарына. Хутчэй за ўсё ён прыняў хрост па каталіцкім узоры ў полацкіх бернардынаў. Тое, што Ф. Скарына быў рыма-каталіком, сёння ўспрымаецца як бясспрэчны факт большасцю даследчыкаў. Пасля таго, як Г. Галенчанка знайшоў аўтэнтычны кракаўскі гаспадарскі прывілей Ф. Скарыну, датаваны 25 лістапада 1532 г., адпалі апошнія аргументы на карысць таго, што нібыта ён меў праваслаўнае імя «Георгі». Пацвердзілася здагадка вядомага польскага даследчыка Г. Лаўмяньскага, які яшчэ ў 1925 г. выказаў гіпотэзу, што імя «Георгі» — пераблытанае ў варшаўскай канцылярыі слова «egregius» — выдатны, знакаміты [9, с. 7].
Нягледзячы на сваё рымска-каталіцкае веравызнанне, Ф. Скарына ўсведамляў сваю этнічную прыналежнасць менавіта як «рускую».
Найважнейшым фактарам належнасці да «рускай» этнічнай супольнасці ён лічыў не канфесійную прыналежнасць, а мову:
«...я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарских науках доктор, повелел есми Псалтырю тиснути рускыми словами, а словенским языком...
которыи суть в Псалтыри неразумныи простым людем, найдуть е на боцех руским языком, что которое слово знаменуеть... казал есми тиснути книгу святого Иова рускым языком Богу ко чти и людем посполитым к научению» [18, с. 18, 20].
Пра перавагу свецкіх формаў у структуры этнічнай самасвядомасці Ф. Скарыны сведчыць і той факт, што ў сваіх прадмовах ён звяртаецца не да праваслаўных хрысціян, а да «людей посполитых руского языка», г. зн. акцэнтуе ўвагу не на рэлігійным, канфесійным моманце, а на этнакультурным. У якасці асноўных прыкметаў этнасу бяруцца тэрыторыя ( «игде зродилися и ускормлены суть по бозе» [18, с. 17]), родная мова ( «нароженый в руском языку» ), духоўная культура, традыцыі, а затым ужо рэлігійныя каштоўнасці, канфесійная прыналежнасць. Скарына нават не ўжывае тэрмінаў «праваслаўе», «праваслаўныя», «каталікі», «рымская вера», а гаворыць пра хрысціянства наогул.
Васіль Цяпінскі ў прадмове да выдадзенага ім Евангелля адназначна засведчыў сваю прыналежнасць да Русі і сваю «русінскую» самаідэнтыфікацыю:
«Рад покажу мою веру, которую маю, а злаща народу своему рускому...
Вед же держу же не иначей, одно з Евангелии от Бога через Христа пана и его апостолов поданое, которое есть сума закону божего, которыя з словенского, абы им теж их власным езыком руским в друку вышла... народу своему услугую...
же з их посредну русин их им, своей Руси услугуючий» [16, с. 33].
Як і Ф. Скарына, В. Цяпінскі не атаясамлівае тэрмін «рускі» з тэрмінам «праваслаўны», а бачыць у ім перадусім этнічны сэнс:
«Позавидели их обычаям, их мове и наукам... у науки Римские свое дети давати почали; которые за науками своеми все панство Руское до веры Римское привели, иж потомкове княжат Руских з веры православной на Римскую выкрестилися» [19, с. 19—20].
Аналагічнага пункту гледжання (на этнічны сэнс тэрміна «рускі») трымаўся і невядомы львоўскі святар, аўтар гісторыка-палемічнага даследавання пра пачатак распаўсюджання уніі ў Літве і Русі (каля 1600—1605):
«Читаючи кроники Польские, знайдем о том достаточне, як Поляци Руские паньства пообседали, поприятелевшися з ними, и, царские цурки свое за Русинов Гісторыя свядомасці 67 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 давши, через них свое обычае оздобные и науку укоренили, так, иж Русь посполитовавшися з ними... и так по малу-малу науками своеми все паньство Руское до веры Римской привели, иж потомкове княжат Руских з веры православной на Римскую выкрестилися» [2, с. 204, 205].
Падобныя меркаванні спачатку меў і Мялеці Сматрыцкі, які лічыў, што «кроў Руская» робіць русіна русінам». «Русь уніяцкая» і «Русь закону рымскага» прысутнічае як этнічная рэальнасць у «Эленхусе» Мялеція Сматрыцкага.
Такім чынам, у эпоху Адраджэння назіраецца комплексная трансфармацыя этнічнай самасвядомасці ўсходнеславянскага насельніцтва Беларусі. У структуры самасвядомасці галоўную ролю пачынаюць адыгрываць такія этнавызначальныя фактары, як мова, культура і традыцыі.
З умацаваннем Вялікага Княства Літоўскага і ростам яго міжнароднага аўтарытэту пачынаюць выразна ўсведамляцца тэрытарыяльнае адзінства і прыналежнасць да дадзенага палітычнага арганізму (дзяржаўная агульнасць). Побач з традыцыйнымі эндаэтнонімамі атрымліваюць шырокае распаўсюджанне новыя палітонімы. Перавага канфесійнай самаідэнтыфікацыі, як гэта было ў Сярэднявеччы, часткова пераадольваецца.
Напрыклад, у вострай рэлігійнай палеміцы XVII ст. праваслаўная і уніяцкая эліта лічыла і сябе, і «адступнікаў»-апанентаў прыналежнымі да аднаго народа — Русі. Яшчэ ў пачатку 20-х гадоў XVII ст. у асяроддзі праваслаўнай эліты Беларусі і Украіны жыло ўяўленне аб поліканфесійнасці «рускага» народа. Яскравым прыкладам гэтага можа паслужыць тэкст скаргі праваслаўнай шляхты Беларусі і Украіны Варшаўскаму сейму 1623 г. Як вядома, гэтая «Суплікацыя» была складзеная Мялеціем Сматрыцкім. У творы ў прыватнасці гаворыцца пра «няшчаснае раздзяленне нашага рускага народа ў пытанні веры», якое паўстала пасля Берасцейскай уніі [3, с. 393]. «Блажэннай памяці кароль ягамосць Жыгімонт Аўгуст у прывілеі рускаму народу, пажалаваным падчас далучэння, падзяляючы шляхту рускага народа на два веравызнанні — адно рымскае, а другое грэцкае, абодвум рускім веравызнанням нароўне захаваў усе свабоды, вольнасці, правы і званні Кароны Польскай» [3, с. 397].
У гэтай цытаце мы бачым яскравае пацверджанне тэзіса аб існаванні ў тыя часы ўяўлення пра поліканфесійнасць «рускага» народа. «Рускі» народ, паводле «Суплікацыі», можа быць адначасова і «рымскага веравызнання», і «грэцкага веравызнання» [3, с. 397]. «Рускі народ карыстаецца свабодай дваяка: рускі народ, што вызнае рымскую веру заходняга ўзору, і рускі народ, што вызнае грэцкую веру ўсходняга ўзору. Русь рымскага веравызнання захоўвае сваю свабоду; у нас — Русі грэцкага веравызнання свабоду адымаюць» [3, с. 398]. Тут «рускі народ» незалежна ад канфесійнай прыналежнасці складовых яго частак выступае як адзінае цэлае. Этнічны, а не канфесійны, сэнс тэрміна «рускі» ў «Суплікацыі» з’яўляецца бясспрэчным.
Як праваслаўныя, гэтак і уніяты выразна ўсведамлялі сваю этнічную непадобнасць на палякаў і расейцаў. «Руская» нацыянальная самаідэнтыфікацыя уніяцкіх аўтараў з’яўлялася, на думку В. Старасценкі, адным з аспектаў прэтэнзіяў грэцка-рымскае царквы на духоўную спадчыну Кіеўскай Русі, на статус выразніка інтарэсаў усёй усходнеславянскай «рускай» этнічнай супольнасці ў складзе Рэчы Паспалітай [19, с. 52]. Багаты матэрыял па разгляданай праблеме ўтрымлівае літаратурная спадчына І. Пацея.
Яна сведчыць аб «рускай» самасвядомасці палеміста. Пацей звяртаецца да «брате православия Руского», «народови Рускому»; як найбольш характэрнае, назіраем у Пацея «наша Русь», «наша милая Русь» і г. д. [19, с. 52]. Варта асобна адзначыць: «Русь» у І. Пацея — беларуска-ўкраінскія землі і народы, што вызнаюць як праваслаўе, гэтак і уніяцтва, «Русь», якая не жадае падначальвацца Рыму і прыняць уніяцтва, «безумная», але «наша... Русь». У творы віленскага уніяцкага архімандрыта Л. Крэўзы мы сустракаем:
«наша Русь», «народу Руского», «родом Русин», «в панствах Русских» [13, с. 158].
Палітонім «ліцвіны». У XV—XVII стст.
на ўсходнебеларускіх землях акрамя этнаканфесіёніма «рускі» вялікае значэнне меў палітонім «ліцвін» — дзяржаўна-палітычнае вызначэнне ўсяго насельніцтва ВКЛ. У гэтым сэнсе ліцвінам мог называцца любы грамадзянін Княства незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. Напрыклад, у акце Кракаўскага універсітэта аб наданні ступені бакалаўра Ф. Скарына запісаны як «Францыск з Полацка, ліцвін (Litphanus)».
У дакументах Маскоўскай дзяржавы «ліцвінамі» часта мянуюцца жыхары ўсходнебеларускіх земляў: «литовской купец могилевец Дзяніс Мельянцоў. Г енеза этнічнае самасвядомасці Усходняй Беларусі ў Сярэднявеччы 68 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 Микитка Михайлов», «литовской человек оршанин», «родом он литвин Полоцкого повету», «литвин Оршанского повету» [17, с. 140, 45, 110].
Як бачым, «ліцвінамі» жыхароў ВКЛ часцей за ўсё называлі замежнікі. У гэтым сэнсе найменне «ліцвін» выконвала ў пэўнай ступені і ролю экзаэтноніма.
«Белая Русь». З другім дзесяцігоддзем XVII ст. звязана ўстойлівае атаясамленне рэгіёну Беларускага Падзвіння і Падняпроўя, «Русі» XVI ст., з «Белай Руссю», а яго насельніцтва — з «беларусцамі».
Паводле меркавання А. Белага, назву «Белая Русь» пачалі трывала дастасоўваць да часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, перш за ўсё да Полаччыны, у сярэдзіне XVI ст. Чарговае пераасэнсаванне назвы было абумоўлена палітычнымі абставінамі Лівонскай вайны, у першую чаргу — знаходжаннем Полацка пад маскоўскай акупацыяй у 1563—1578 гг. [4, с. 188].
У значэнні «Русь Літоўская» тэрмін «Белая Русь» спачатку ўжывалі або іншаземцы (Кромер, Гваньіні), або ўраджэнцы ВКЛ — прадстаўнікі адукаваных пластоў грамадства «заходняй» арыентацыі. Засваенне яго «паспалітымі» ўсходнімі славянамі адбылося на пачатку XVII ст. Толькі з гэтага часу Белая Русь трапляе з твораў польскіх гісторыкаў і публіцыстаў у мясцовыя летапісы і хронікі: «Хроніку Літоўскую і Жамойцкую», Густынскі летапіс ды інш. [4, с. 188].
Межы Белай Русі як тапоніма ў першай палове XVII ст. выразна акрэсленыя ў той жа «Суплікацыі» Мялеція Сматрыцкага (1623): «...На Белай Русі — гэта Полацк, Віцебск, Мсціслаў, Орша, Магілёў, Дзісна...» [3, с. 400].
З. Капысценскі сцвярджаў у «Палінодыі» (1621), што здаўна «все Белой и Чорной, Всходной, Полночной и на полдне лежачей Руси народове... под зверхностью патриархи Константинополского, стале и статечне трвают» [13, с. 1006].
Аналіз пісьмовых крыніц дазваляе сцвярджаць аб устойлівым канфесійным змесце тэрміна «беларусец» — толькі праваслаўная царква і праваслаўнае насельніцтва мянуюцца «беларускай верай», «беларусцамі».
Надзвычай цікавыя дакументы са справаў расійскага ваеннага ведамства XVII ст. — Разраднага прыказа. Гэтыя дакументы з’яўляюцца паведамленнямі ваяводаў памежных з Рэччу Паспалітай гарадоў аб падзеях, якія адбываліся ў гэтай дзяржаве. Паведамленні абапіраліся на аповеды жыхароў Беларусі і Украіны, што выехалі ў Расію, «распросные речи» як беларускіх, гэтак і расійскіх купцоў.
Звернемся да паведамленняў, звязаных з тэрыторыяй Усходняй Беларусі. Найбольш раннія з матэрыялаў Разраднага прыказа, у якіх зафіксаваныя «беларусцы», датуюцца 1618—1619 гг.
Інфарматар паведамляў, што ў Мсціславе, Крычаве, Оршы, Магілёве і Дуброўне цяпер, у сакавіку 1619 г., «церкви у белорусцов распечатаны а стояли де церкви запечатаны с осени и по все зиму и как де он Сенка был в Вязьме и без него де пришол лист от короля а велено де им церкви распечатать и держать белорусцом веру по прежнему» [9, с. 9].
Ва ўсіх падобных дакументах акцэнтуецца галоўная прычына незадаволенасці «белорусцев» уціскам праваслаўя, «запячатваннем» цэркваў, ва ўсіх дакументах тэрміны «беларусец» і «беларуская вера» сінанімічныя тэрмінам «праваслаўны», «праваслаўе». Яшчэ адзін цікавы факт — калі інфармацыя падаецца з першых вуснаў, аповед ідзе са словаў інфарматара, то ў такім выпадку няма ніводнага атаясамлення ўкраінскіх казакоў з «беларусцамі», наадварот, яны заўсёды супрацьпастаўляюцца. Тое ж самае датычыць лакалізацыі «беларускіх гарадоў» — гэта заўсёды Беларускае Падзвінне і Падняпроўе. Але ў тэкстах падкрэсліваецца, што і ў запарожцаў, і ў «беларусцаў» адна «беларуская вера» [9, с. 14].
Вось яшчэ некалькі прыкладаў ужывання тэрміна «беларусец» у дакументах Разраднага прыказа:
«А на Москве те выходцы в роспросе сказались: родом они литовские пашенные люди розных городов белорусцы, жили в Литве за розными литовскими людьми на пашне», «...прислали выходца из Литвы белорусца пашенново человека Ваську Ондреева… А на Москве выходец Васька Ондреев в роспросе сказался: родом он литвин Полоцково повету», «...вышел на твоё государево имя из города из Смоленска выходец Мстисловского повету белорусец Степанко Тимофеев», «Ведама тебе, государю, учинилось, что в Литовской староне хлебной недород и голод большой, из Литовской стороны поляки и черкасы и всяких чинов люди и пашенные мужики от голоду идут в твою государеву сторону… литовские люди и белорусы» [17, с. 109— 110, 114, 117, 222].
Гісторыя свядомасці 69 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 Параўнанне тэрміналогіі ўсходнебеларускіх актавых матэрыялаў з дакументамі маскоўскіх архіваў дэманструе цікавую з’яву — ідэнтыфікуючы сябе «беларусцамі» ў «распросных речах» маскоўскім уладам, насельніцтва Усходняй Беларусі ніколі не скарыстоўвала гэтага тэрміна ў якасці этноніма ва ўласнай пісьмовай традыцыі — нам не вядомыя выпадкі такой самаідэнтыфікацыі ні ў эпісталярных крыніцах, ні ў актавых матэрыялах, ні ў гарадскіх летапісах і хроніках, створаных у XVII—XVIII стст. Паўсюль сустракаем стары этнаканфесіёнім — «русін», «рускі», «русь». Разам з тым трэба падкрэсліць той факт, што ў мясцовай традыцыі на працягу XVII—XVIII стст. захоўваецца ўстойлівае атаясамленне рэгіёну Беларускага Падняпроўя і Падзвіння з Белай Руссю.
Адзінае выключэнне — погляды Ігнація Іяўлевіча, які ўслед за Мацеем Стрыйкоўскім у сваім польскамоўным гістарычным трактаце «Чаму шчасліваму спадарожнічае лёс», напісаным у 1659 г., уключыў у склад славянскіх «рускіх» народаў таксама і беларусцаў [9, с. 11].
Выглядае так, што назва «Белая Русь» у XVII ст. выкарыстоўвалася проста ў якасці тапоніма для абазначэння тэрыторыі, на якой жыве «рускае» насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Трэба пагадзіцца з думкай А. Белага, што «Белая Русь, як яна бачылася з Масквы, была паняццем не столькі геаграфічным, колькі культурна-канфесійным» [4, с. 163]. З гледзішча ж насельніцтва ВКЛ «Белая Русь» — паняцце менавіта геаграфічнае.
У сувязі з гэтым паўстае пытанне, наколькі апраўдана лічыць тэрмін «беларусцы» субэтнонімам насельніцтва Усходняй Беларусі ў першай палове XVII ст.? Першым, хто паспрабаваў даць прымальнае тлумачэнне гэтай з’явы, быў беларускі эмігранцкі гісторык Рыгор Максімовіч, які ў сваім даследаванні «Дыпляматычная кантравэрсыя 1646 году за беларускую мову» паказаў, што падчас перамоваў у Варшаве маскоўскіх «вялікіх паслоў» з панамі польскае каралеўскае рады менавіта першыя скарыстоўвалі ў дачыненні да старабеларускай мовы тэрмін «белорусское письмо», у той час як прадстаўнікі Рэчы Паспалітай называлі яе ж «рускай».
«Чаму пісьмовую мову Вялікага Княства Літоўскага «рускай» не называлі паслы маскоўскія прычына тая, што «рускай» у Маскве тады называлі мову сваю, мову расейскую. Паслом маскоўскім, як і ўсім маскоўцам, было ясна, што моваю, якою былі напісаны каралеўскія граматы ці Літоўскія статуты, у Маскве ніхто не гаварыў. Адметнасць урадавае мовы ВКЛ ад «свае рускае мовы» маскоўцы й выражалі назовамі «белорусский язык», «белорусское письмо», назовамі, якія гэным часам у Маскве шырока тарнаваліся» [20, с. 67].
Дзеля аб’ектыўнасці трэба сказаць, што крыніцы фіксуюць таксама адзінкавы выпадак скарыстання назвы «беларуская мова» ў дачыненні да тагачаснай старабеларускай літаратурнай мовы носьбітам гэтай жа моўнай стыхіі. Маем на ўвазе Стэфана Зізанія, які ўпершыню ў 1596 г.
ужыў назву «беларуская мова». У прадмове да польскага перакладу «Казання святога Кірыла, патрыярхі Іерусалімскага» ён пісаў, што выдае яго і ў «mowie bia ł oruskiej» [7, с. 211].
Выглядае, што тэрмін «беларусец» меў этнічнае напаўненне найперш для прадстаўнікоў «маскоўскага» боку, якія такім чынам выразна ўсведамлялі сваю этнакультурную і палітычную адрознасць ад праваслаўнага насельніцтва Усходняй Беларусі.
Разам з тым існуе цэлы шэраг расійскіх крыніц, у якіх прадстаўнікі насельніцтва Усходняй Беларусі самі «сказываюцца», вызначаюць сябе «беларусцамі». Вельмі паказальнае ў гэтым сэнсе ўжыванне ў некаторых дакументах канца XVI—XVII ст. паняцця «ліцвіны» ў састаўным этнанімічным вызначэнні тыпу «ліцвіны-беларусцы», дзе першая назва ўяўляла палітонім, а другая — тапанімічны этнікон, які ў далейшым лёг у аснову этноніма «беларусы». У адпаведнасці з зонай распаўсюджання ў XVI—XVII стст. тапоніма «Белая Русь» назва «беларусцы» яшчэ не ахоплівала ўсяго этнічнага масіву беларусаў і з’яўлялася хутчэй за ўсё не этнонімам, а лакальна-тэрытарыяльным этніконам. Паказальна, што дадзеным этніконам вызначаліся часта ўсе жыхары вобласці Белай Русі — уласна беларусы, рускія, украінцы, літоўцы, латышы, напрыклад:
«родом он литвин латыш белорусец Оршанского повету» [17, с. 111]. Першая назва гэтага складанага этнанімічнага вызначэння паказвала на дзяржаўную прыналежнасць, другая — на этнічнае паходжанне, а трэцяя — на месца пражывання (з дадатковым указаннем на канкрэтны павет) [23, с. 81].
Такім чынам, найбольш правільна разглядаць тэрмін «беларусец» як канфесіёнім і зямДзяніс Мельянцоў. Г енеза этнічнае самасвядомасці Усходняй Беларусі ў Сярэднявеччы 70 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 Літаратура і крыніцы 1. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. — СПб., 1848. — Т. 3.
2. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. — СПб., 1851. — Т. 4.
3. Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов. В 3 т. — Т. 1. — Мн.: Изд-во Академии наук БССР.
— 516 с.
4. Белы А. Хроніка «Белай Русі». Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2000. — 238 с.
5. Богданович А. Б. Формирование этнического самосознания белорусов (IX — первая половина XVII в.). Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук. — Мн., 1999.
6. Бромлей Ю. В. Очерки теории этноса. — М., 1983.
7. Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд: [Падручнік для філалагічных факультэтаў пед. ін-таў / М. М. Грынчык, У. А. Калеснік, У. Г. Кароткі і інш.]. Пад рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — Мн.: Выш. шк., 1985. — 336 с.
8. Зайкоўскі Э. Роля канфесійнага фактару ў нацыянальнай свядомасці беларусаў // Беларусіка-Albaruthenica / Рэд. А. Анціпенка і інш. — Кн. 2: Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993.
9. Марзалюк І. А. Этнічная і канфесійная самаідэнтычнасць насельніцтва Усходняй Беларусі ў XI—XVIII стст. / Мінулая і сучасная гісторыя Магілёва (зборнік навуковых прац удзельнікаў II Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гісторыя ляцкі этнікон, вытворны ад тапоніма «Белая Русь». Меркаванні аб выразным этнічным напаўненні гэтага тэрміна ў асяроддзі насельніцтва Усходняй Беларусі ў XVI ст. падаюцца спрэчнымі, тым больш што яны не абапіраюцца на крыніцы, створаныя непасрэдна ў гэтым рэгіёне.
Падагульняючы сказанае, хацелася б засяродзіць увагу на некалькіх высновах. Мяркуючы па дадзеных старажытных дакументаў, на тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаныя разнастайныя этнанімічныя формы. У залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі яны маглі ўзаемазамяняцца і дапаўняць адна адну. Найбольш агульнай выступала поліэтнічная форма «ліцвіны», якая, ахопліваючы часам амаль усё насельніцтва ВКЛ, мела найбольш стабільную распаўсюджанасць у некаторых раёнах Заходняй Беларусі. Вельмі часта, і асабліва ва Усходняй Беларусі, гэтая форма замянялася паняццем «рускі народ», больш старажытным усходнеславянскім этнонімам «русіны».
Апошні ў канцы XVI—XVII ст. на землях Полаччыны, Магілёўшчыны, Віцебшчыны, часткова Смаленшчыны і Меншчыны трансфармаваўся ў тапанімічную назву «беларусцы». На працягу XIV—XVII стст. на землях Усходняй Беларусі ў якасці субэтноніма і канфесіёніма стала дамінуюць вызначэнні «рускія», «русіны», «русь», змест якіх, аднак, з цягам часу змяняўся. У XIII— XV стст. тэрміны «Русь», «рускі» былі самым шчыльным чынам звязаны з канфесійнай прыналежнасцю. Быць русінам азначала быць праваслаўным. Да таго ж на працягу XIII—XV стст. выразна прасочваецца тэндэнцыя атаясамлення менавіта свайго палітычнага ўтварэння з «усёй Руссю». Назіраецца паступовы працэс ператварэння палітоніма і канфесіёніма ў этнонім.
У XVI — пачатку XVII ст. у этнаканфесійнай самаідэнтыфікацыі эліты Усходняй Беларусі адбываюцца істотныя змены. Дамінавальны да XVI ст.
канфесійны кантэкст (праваслаўны хрысціянін) тэрміна «рускі» адсоўваецца на другі план, выціскаецца ўласна этнічным зместам паняцця. Выпрацоўваюцца новыя крытэры самаідэнтычнасці, сярод якіх найважнейшымі становяцца мова і этнічнае паходжанне. Адбываецца секулярызацыя этнічнай свядомасці. Рэлігійныя элементы ў ёй выціскаюцца на другі план. Трэба памятаць, што ўсе вышэйазначаныя працэсы датычылі толькі самаідэнтыфікацыі вышэйшых пластоў насельніцтва ВКЛ. Такой праблемы для асноўнай масы простага насельніцтва Беларусі і Украіны не існавала — у масавай свядомасці ў першай палове XVII ст. захоўвалася ўстойлівае ўяўленне аб супадзенні нацыянальнасці і канфесійнасці.
Адметнай з’явай першай паловы XVII ст. у беларускай этнаніміі стала з’яўленне і шырокае выкарыстанне тэрміна «беларусцы», які прысутнічае пераважна ў расійскіх актавых матэрыялах. У гэтых дакументах самі жыхары Усходняй Беларусі ідэнтыфікуюць сябе як «беларусцы», у той час як уласна беларуская пісьмовая традыцыя такога тэрміна не ведае. Зыходзячы з гэтага трэба меркаваць, што назва «беларусцы» мела этнічнае напаўненне пераважна для маскоўскага боку, які сцвярджаў гэткім чынам сваю адрознасць ад «рускіх» Вялікага Княства Літоўскага, называючы апошніх «беларусцамі». У вачах насельнікаў Усходняй Беларусі тэрмін «беларусцы» меў перш за ўсё геаграфічны, а не этнічны сэнс і з’яўляўся хутчэй не этнонімам, а лакальна-тэрытарыяльным этніконам, вытворным ад тапоніма «Белая Русь», які шырока выкарыстоўваўся ў мясцовай пісьмовай традыцыі.
Гісторыя свядомасці 71 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 6, 2006 Магілёва: мінулае і сучаснасць»). — Магілёў, 2001.
10. Метрыка ВКЛ (1522—1552). — Кн. 28. — Мн., 2000.
11. Насевіч В. Да пытання пра саманазву беларусаў у перыяд ВКЛ // Беларусіка-Albaruthenica / Рэд. А. Анціпенка і інш. — Кн. 2:
Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993.
12. Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст. / З глыбі вякоў. Наш край: Гістарычнакультуралагічны зборнік. — Вып. 1. — Мн.: Навука і тэхніка, 1996. — 288 с.
13. Памятники полемической литературы в Западной Руси. — Пб.: 1878. — Кн. 1. (Русская историческая библиотека. — Т. 4.) 14. Полное собрание русских летописей. — М.: Наука, 1975. — Т. 32.
15. Полное собрание русских летописей. — М.: Наука, 1980. — Т. 35.
16. Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны / Укл., уступ. артыкул і каментарыі У. Г. Кароткага. — Мн., 1991.
17. Русско-белорусские связи. Сборник документов (1570—1667). — Мн., 1963.
18. Скарына Ф. Творы: прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія. — Мн., 1990.
19. Старостенко В. В. Общественно-философская мысль и национальное самосознание белорусов XVI—XVII вв.: Очерки истории. — Могилев, 1999. — 112 с.
20. Тумаш В. Дыпляматычная кантравэрсыя 1646 году за беларускую мову // Спадчына. — 1997. — № 2.
21. Урбан П. Да пытаньня этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцьвіноў. — Мн., 1994. — 107 с.
22. Флоря Б. Н. Исторические судьбы Руси и этническое самосознание восточных славян в XII—XV веках // Славяноведение.
— 1993. — № 2.
23.Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя / В. К. Бандарчык, І. У. Чаквін, І. Г. Углік і інш. — Мн., 1985.
24. Paszkiewicz H. Początki Rusi. — Kraków, 1996.
Дзяніс Мельянцоў. Г енеза этнічнае самасвядомасці Усходняй Беларусі ў Сярэднявеччы