39 Рычард Рорці Інтэрв’ю з Рычардам Рорці — Шаноўны прафесар, для беларускіх гуманітарыяў пасля доўгага часу ідэалагізаванасці гэтай сферы амерыканская філасофія з’яўляецца нечым далёкім і ў ёй цяжка арыентавацца, у той час як еўрапейская традыцыя з’яўляецца больш зразумелай. У якім стане знаходзіцца зараз амерыканская філасофія і чым яна адрозніваецца ад еўрапейскай?
— Сёння філасофія падзелена на дзве традыцыі — адна называецца “аналітычнай філасофіяй”, а другая — тая, у якой буйнымі постацямі вымалёўваюцца Гегель і Хайдэгер. Першая дамінуе як у Амерыцы, так і ва ўсіх англамоўных краінах.
У межах аналітычнай традыцыі філасофія выглядае як дзейнасць па развязванні праблем і канцэнтруецца вакол праблем, што тычацца дачыненняў паміж натурнавуковым бачаннем свету (атамы і пустка, груба кажучы), здаровым сэнсам, і рэштай культуры. У межах неаналітычнай традыцыі філасофія мае тэндэнцыю на зліццё з інтэлектуальнай гісторыяй (у манеры Гегелеўскай фенаменалогіі і Хайдэраўскай Seinsgeshichte).
Што тычыцца ўласна амерыканскай філасофіі, часам лічыцца, што яна згуртаваная вакол прагматызму – поглядаў блізкіх да Уільяма Джэймса і Джона Д’юі. Але большасць сучасных амерыканскіх філосафаў не называюць сябе прагматыстамі. Я ж раблю гэта, але я — выключэнне.
— На Ваш погляд, ці магчымы кампраміс паміж эмпірызмам і метафізікай. І ці патрэбны ён наогул?
— Я лічу метафізіку благой ідэяй. Мы мусім скончыць задаваць пытанні кшталту “Якая рэчаіснасць насамрэч, сама па сабе?” і скончыць спадзявацца на тое, што ў нас ёсць усеабдымная агістарычная схема, адрозная ад прапанаванай натуральнымі навукамі. Не варта пры гэтым прымаць і метафізіку матэрыяліста, якая сцвярджае, што карціна свету, створаная натуральнымі навукамі, адзіны сапраўдны рахунак уласцівай прыродзе рэчаіснасці. Мы мусім сказаць, што гэта толькі адно са шматлікіх апісанняў сусвету, якое падыходзіць для розных мэт, і што ніводнае з іх не набліжаецца да рэчаіснасці бліжэй за іншыя.
Калі мець на ўвазе пад “эмпірызмам” эпістэмалагічнае сцвярджэнне, што ўсе веды грунтуюцца на пазбаўленні ад пачуццяў, гэта таксама благая ідэя. Калі ж мець на ўвеце, што гэта штосьці больш падобнае да “матэрыялістычнай метафізікі”, то мы мусім адмовіцца ад яго разам з усім мноствам іншых метафізікаў. Я не бачу ў эмпірыстычнай традыцыі чагосьці вартага, каб быць захаваным.
— Якія галоўныя плыні рэпрэзентуюць амерыканскую філасофію? Ці праходзіць падзел паміж імі паводле лініі правіца-лявіца (кшталту палітычнай ідэалогіі)?
— У ЗША няма ніякага палітычнага падзелу, які б выяўляўся ў адрозненні філасофскай пазіцыі.
Амаль усе прафесары філасофіі ў маёй краіне з’яўляюцца знаёмым тыпам сацыял-дэмакратаў, гэта значыць людзей, якія спадзяюцца, што ўрад будзе спыняць дзікунскі капіталізм каб павялічыць сацыяльную справядлівасць, але прыняўшых той факт, што толькі рынкавая эканоміка можа працаваць.
— У Вашай працы “Філасофія і будучыня” Вы пішаце, што філасофія існуе адно ў грамадствах, дзе ёсць палітыка. Ці маеце Вы на ўвазе, што філасофія мае вартасць толькі калі яна можа быць скарыстаная для палітычных мэт, і філасофія можа быць ацэнена толькі праз палітыку і ў палітыцы?
Наколькі шырокую сферу грамадскіх дачыненяў ахоплівае палітыка? Кансенсус і салідарнасць мажлівыя толькі ў сферы палітыкі?
— Не, я не меў на ўвазе гэтага, я толькі лічу, што філасофія з’яўляецца прадуктам канфлікту паміж новымі і старымі ідэямі, канфлікт, які самавыражаецца як праз палітыку, так і праз дэбаты між інтэлектуаламі, якія спрабуюць змяніць культуру. Філасофія з’яўляецца адным з відаў культурнай палітыкі. Таму неаналітычная Гегелеўска-Хайдэгерская традыцыя ў філасофіі больш цікавая для палітычна зацікаўленых інтэлектуалаў, чым аналітычная традыцыя.
— Ці павінны філосафы абслугоўваць палітыку і як часта амерыканскія палітыкі звяртаюцца да філосафаў за праектамі ці апраўданнямі?
— Амерыканскія палітыкі ніколі не звяртаюцца да філосафаў за праектамі ці апраўданнем. Яны палічылі б такі зварот смешным. Філасофія надта непрыкметная і маргінальная акадэмічная дысцыпліна ў краінах кшталту ЗША — тых, у якіх дамінуе “аналітычная” традыцыя. Такі стан рэчаў © Палiтычная сфера ISSN 1819-3625 ¹ 2 (2003) 40 захоўваецца ў краінах, у якіх прафесары філасофіі ўсё яшчэ чытаюць Гегеля і Хайдэгера і дзе потым філосафы прапануюць буйнамаштабныя і ўсеабдымныя адказы на пытанні, адкуль мы прыйшлі і куды ідзем.
— Адна з Вашых кніг прысвечана левай думцы ў Амерыцы ў ХХ стагоддзі і мае назву “Набываючы нашую краіну” (“Achieving Our Country”), хаця Вы лічыце, што нацыянальнай філасофіі не можа быць.
— “Набываючы нашую краіну” ніякага дачынення да філасофіі не мае. Я мог напісаць дакладна такую ж кнігу, калі б быў прафесарам літаратуры ці гісторыі. Я напісаў яе як грамадзянін, а не як філосаф.
— “У маёй утопіі салідарнасць паміж людзьмі будзе выглядаць не як факт, які можна прызнаць праз ачышчэнне ад “забабонаў” ці дакопвання да раней схаваных глыбінь, а хутчэй, як мэта, якая павінна быць дасягнута,” — гэта словы з Вашай кнігі “Выпадковасць, іронія і салідарнасць” («Contingency, Irony and Solidarity”). Такім чынам, Вы лічыце салідарнасць асноўнай мэтай. Пасля 11 верасня амерыканскае грамадства раптам стала салідарным, як ніколі раней. Такім чынам, атрымліваецца, што тэрарызм паспрыяў салідарнасці, а значыць выканаў станоўчую ролю. Такім чынам можна апраўдаць тэрарызм?
— Тэрарыстычныя атакі і іншыя катастрофы спрыяюць аднамомантавай і паверхневай салідарнасці, але не глыбокай салідарнасці, якая злучае людзей разам як суграмадзян.
— Існуе такая з’ява, як тэарэтычная палітычная навука, альбо яна толькі служыць адной зь ідэалогій? І ці патрэбная яна наогул?
— Палітычная тэорыя — гэта толькі яшчэ адзін рытарычны прыём для падтрымкі той ці іншай сацыяльнай палітыкі (policy). Няма такой рэчы, як неўтральная палітычная тэорыя. Мы не павінны працягваць ужываць Марксава адрозненне паміж “навукай” і “ідэалогіяй”. Мы павінны толькі бачыць філасофію ў якасці адной са шматлікіх арэн, дзе адбываюцца палітычныя дэбаты паміж суграмадзянамі.
— Часта ўжываемае Вамі спалучэнне “постмадэрны буржуазны лібералізм” гучыць дзіўнавата, асабліва для вуха еўрапейскага гуманітарыя. Ці не здаецца Вам яно трохі супярэчлівым?
— Што значыць супярэчлівасць? Я ўжываю гэты тэрмін крыху жартаўліва, “постмадэрн” значыць толькі “анты-фундаменталізм”. Быць постмадэрністам — значыць адкінуць ідэю, што тэорыя можа ўзвышацца над практыкай, замест таго, каб быць адной з праяў практыкі. Гэта адкінуць Платонаўска-Кантыянскую надзею на трыбунал чыстага розуму.
— У Вас вялікая практыка выкладання. У “Набываючы нашую краіну” Вы пішаце, што студэнты левых поглядаў вашы ўлюбёнцы. Ці шырока распаўсюджаны левыя перакананні сярод іх у параўнанні з ранейшымм часам?
— Апошні ўздым левых настрояў у асяродку амерыканскіх студэнтаў скончыўся па заканчэнні вайны ў В’етнаме, у сярэдзіне 70-ых. Цяпер жа зусім мала хто актыўна працуе дзеля сацыяльнай справядлівасці і роўнасці жыццёвых шанцаў у амерыканскіх універсітэцкіх гарадках. Але калі цяперашні спад ператворыцца ў дэпрэсію, сітуацыя можа змяніцца. Амерыка можа ўбачыць адраджэнне левых настрояў, як гэта было ў гады Вялікай дэпрэсіі 1930-ых гадоў.
— У сваім інтэрв’ю Вы сказалі, што акцыі NATO ў Югаславіі — гэта меншае зло. А ці не здаецца Вам, што менавіта адмова ад ідэі абсалютнага дабра і асуджае нас на выбар паміж большым і меншым злом?
— Калі маецца на ўвазе, што трэба перастаць думаць аб абсалютах і проста працягваць абіраць сярод меншых зол, то я згодны.
— Кампраміс мажлівы толькі ў дэмакратычных грамадствах?
— Бясспрэчна, былі кампрамісы і паміж фракцыямі ў Крамлі ў гады СССР. Кампрамісы заўжды адбываюцца паміж маючымі ўладу.
— І апошняе пытанне мне хацелася б задаць пра тое, якім Вы бачыце становішча нашай краіны. Можа, Вам вядома штосьці пра беларускі рэжым. Якую ролю мусяць выканаць беларускія гуманітарыі ў дэмакратызацыі краіны, павінны яны браць актыўны ўдзел у палітыцы ці трымацца ад яе як мага далей?
— Я не шмат магу сказаць на гэты конт. У амерыканскіх СМІ Беларусь падаецца як паліцэйская дзяржава, дзе вельмі небяспечна гаварыць штосьці крытычнае ў адрас рэжыму. Калі гэта насамрэч так, то для беларускіх інтэлектуалаў уключэнне ў працэс дэмакратызацыі звязанае з рызыкай зняволення ці яшчэ горш. Чалавек збоку, як я, які не закліканы браць на сябе такую рызыку, не павінен казаць нічога аб тым, ці мусяць тыя, хто церпіць ад рэжыму, гэта рабіць.
— Вялікі Вам дзякуй за інтэрв’ю.