Часопіс “Палітычная сфера”

Рэканструкцыя палітыкі альбо «…зрабіць так, каб людзі пачалі жыць у Беларусі»

2003

4 Меркаванне "Зрабіць так, каб людзі пачалі жыць у Беларусі" Метадолаг, філосаф і паліттэхнолаг Уладзімір МАЦКЕВІЧ разважае пра сутнасць палітычнай навукі і яе стан у сучаснай Беларусі.

— Спадар Уладзімір, калі мы распрацоўвалі канцэпцыю нашага часопіса, перад намі паўстала пытанне назвы. І, напрыклад, назва «Палітычная навука» была адкінутая з-за таго, што гэты, здаецца, ключавы тэрмін адначасова не з’яўляецца канвенцыянальна вызначаным, ён выклікае занадта шмат пытанняў і спрэчак. А як на Вашую думку, чым з’яўляецца палітычная навука?

— Калі прадметам палітычнай навукі лічыць менавіта палітыку, то да вызначэння сутнасці паліталогіі можа існаваць два падыходы, якія па-рознаму будуюць гэтую навуку ці яе прадметнасць.

Па-першае, можна засяродзіцца на арыстоцелеўскім паняцці, што палітыка — гэта мастацтва вядзення грамадскіх спраў. Тады палітычная навука — гэта веды, якія забяспечваюць гэтае мастацтва і надаюць тэхнікі, працэдуры, разуменне тым, хто гэтым мастацтвам займаецца.

І можна абраць іншы падыход, які з’яўляецца, хутчэй, даследчым, даследуе мастацтва і майстэрства палітыка, а не забяспечвае іх. Тады прадметам паліталогіі з’яўляецца менавіта сістэма дзейнасці палітыка, палітыкаў, жыццё і быццё, эвалюцыя і рэвалюцыя палітычных сістэм.

Такім чынам, мы можам вылучыць два такіх модусы палітычнай навукі: модус забеспячэння палітычнай дзейнасці і даследчы модус, модус яе тлумачэння і апісання. Гэта не значыць, што мы маем справу з дзвюма рознымі дысцыплінамі, проста паліталогія — гэта складаная навука. Гаворка вядзецца не пра існаванне тэарэтычнай і практычнай частак дысцыпліны, а пра з’яву, якая абумоўлена самім ходам навуковай эвалюцыі. Спачатку навука стваралася для тлумачэння, дыскрыпцыі чагосьці. І толькі напрыканцы XVIII стагоддзя, калі ў рэвалюцыйным Парыжы Каспар Монш спалучыў дыскрыптыўную і тлумачальную універсітэцкую адукацыю з адукацыяй тэхнічнай, утварылася інжынерыя — асобная дзейнасць, якая адрозніваецца і ад тэхнічнага майстэрства, і ад навуковага пазнання. Такая комплексная дысцыпліна ўключае ў сябе ўласна навуковую частку (тэарэтычную і практычную) і метадычна-забеспячальную, тэхнічную. Так і паліталогія: з аднаго боку, яна — навука для тлумачэння і разумення таго што адбываецца ў навакольным свеце; з другога боку, яна — дысцыпліна інжынерная, якая пэўнымі ведамі і інструментамі дапамагае палітыку ці нейкаму грамадскаму інстытуту, акцёру дасягнуць у палітычнай дзейнасці тых мэт, якія ён ставіць перад сабой.

Гэты другі складнік паліталогіі, сучасную форму існавання палітычных ведаў, я называю не сацыяльнай інжынерыяй, як гэта часта робіцца, а гуманітарнымі тэхналогіямі. Мне давялося шмат спрачацца на гэты конт, адстойваць гэты тэрмін. Мне падаецца, што сацыяльная інжынерыя — гэта, хутчэй, прыватызаваная і ўзурпіраваная сацыялістамі і сацыял-дэмакратамі рэч. Яны разглядаюць сацыяльнасць як першасную рэчаіснасць і таму займаюцца ператварэннямі і перабудовамі сацыяльнасці.

А палітыка мае справу з больш складанай, комплекснай рэчаіснасцю, сутнасць якой не ахопленая нават такім туманным і невыразным тэрмінам, як «сацыяльны». Туды ўваходзіць і духоўнае жыццё, і ментальнасць, чалавечая якасць і сутнасць, а не толькі сацыяльнасць. Таму я выкарыстоўваю тэрмін «гуманітарныя тэхналогіі», у якія сацыяльнасць уваходзіць як адна з састаўных частак. Тут дарэчы прыгадаць тое, як ставіўся да слова «сацыяльнае» выбітны тэарэтык лібералізма Фрыдрых фон Хаек. Ён называў яго словам, якое створана спецыяльна каб выхалашчваць значэнне іншых слоў.

Напрыклад, паняцце «рынкавая эканоміка» з’яўляецца, пры ўсёй розніцы падыходаў у эканамічнай тэорыі, даволі канкрэтным. А дадайце да яго прыметнік «сацыяльны» — і тут ужо ніхто не разбярэ, што гэта за «сацыяльная рынкавая эканоміка».

Толькі туман хаваецца за гэтым паняццем! Таму я і схіляюся да азначэння згаданага другога модуса палітычнай навукі як гуманітарных тэхналогій.

— Існуе меркаванне, што паліталогія не з’яўляецца сапраўднай асобнай навукай. Напрыклад, яна не мае свайго самастойнага катэгарыяльнгага апарату, сваёй «таемнай мовы», што адрознівае яе ад іншых навук пра грамадства. Маўляў, няма спецыяльных паліталагічных тэрмінаў, выкарыстоўваюцца ў асноўным катэгорыі, якія запазычаныя з сацыялогіі, з права. Тэза палітолага «палітычная сістэма Рэспублікі Беларусь не з’яўляецца дэмакратычнай» цалкам зразумелая і, так © Палiтычная сфера ISSN 1819-3625 ¹ 2 (2003) 5 бы мовіць, звычайная, напрыклад, для спецыяліста ў галіне права. Дык можа паліталогія зусім і не навука, а проста нейкая комплексная дысцыпліна ці пэўная тэхналогія?

— Вы ведаеце, калі б такое меркаванне мела рацыю, то напэўна мы б жылі ў іншым свеце, свеце, у якім не было б інтэлектуальных дасягненняў XIX i XX стагоддзяў. Усё ж такі метадалогія, створаная ў гэтыя часы, дае магчымасць стварэння, вылучэння з навакольнай рэчаіснасці, аб’ектаў і прадметаў, якімі займаецца навука. Сучасныя навукі — гэта тыя, якія ўзніклі не да XIX стагоддзя, якія не ўваходзяць у сістэму, створаную намаганнямі Хрысціяна Вольфа, які менавіта і ствараў гэтыя навуковыя прадметы разам з навучальнымі прадметамі, фарміруючы універсітэцкую адукацыю. Сучасныя навуковыя дысцыпліны ўсе з’яўляюцца комплекснымі, усе пабудаваныя на запазычанасцях з іншых навук. Больш за тое, так як і ўсе натуральныя навукі, навукі пра прыроду будуюцца вакол фізікі і на падставе матэматыкі як найбольш універсальнай мовы апісання, так і гуманітарныя навукі, навукі пра культуру, дух, дзейнасць, яны таксама складаюць пэўную такую цэласную частку. І ўжо потым іх дыферэнцыяцыя ідзе ў адпаведнасці з вынікамі працы па выдзяленні аб’екта і прадмета цікавасці навукоўцаў, і ў адпаведнасці з метадамі ці сродкамі, якімі гэтыя навукоўцы карыстаюцца. Таму часам мы, у залежнасці ад падыходу ці метадычнага апарату даследчыка, маем права адмежаваць, дыферэнцыяваць па розных навуковых дысцыплінах навуковую працу па даследванні аднаго аб’екта ў гуманітарнай сферы. Напрыклад, псіхалогія, пра якую кажуць, што яна нібыта ўзнікла раней за астатнія гуманітарныя навукі — ужо ў таго ж Хрысціяна Вольфа яна існавала як асобны навуковы прадмет, закладзены ў праграму унівэрсітэцкай адукацыі. Але ж ніякай «адзінай» псіхалогіі не існуе. Аб’ект адзіны — псіхіка, душа чалавечая — але даследчыя сродкі розныя. Таму псіхааналіз зусім непадобны да гештальт-псіхалогіі, а псіхалогія дзейнасці так адрозніваецца ад канцэпцый Выгоцкага ці Піажэ. Псіхалогія толькі па назве адна, а на самой справе ў залежнасці ад сродкаў, якімі карыстаюцца даследчыкі, яна можа быць зусім рознай з’явай. Тое самае мы можам бачыць і ў сацыялогіі — гэтая навука зусім розная, напрыклад, у Талкота Парсанса і ў Піцірыма Сарокіна.

Так і паліталогія: калі мы кажам, што адной з мэт паліталогіі з’яўляецца забеспячэнне дзейнасці палітыка ведамі, яна сама робіцца звязанай з мэтамі гэтага палітыка. Таму, напрыклад, палітолагія, якая забяспечвае ведамі лібералаў, і паліталогія, якая забяспечвае ведамі кансерватараў — гэта розныя рэчы, розныя феномены, якія будуюцца на розных каштоўнасцях, розных падыходах, рознай псіхалогіі.

Толькі некаторыя перасячэнні, напрыклад, праца з сацыяльнымі з’явамі, робяць іх падобнымі. Таму, магчыма, мае сэнс падзяляць даследванні не па навуковых дысцыплінах, а па тыпах дыскурсу, як гэта робяць постмадэрністы. Час рыгарызму, калі ўсе веды пра свет былі падзеленыя па такіх клетачках, якім адпавядалі факультэты і аддзяленні універсітэта — гэты час беззваротна мінуў яшчэ напачатку мінулага стагоддзя. Студэнты факультэтаў менеджменту, палітычнай навукі, сацыялогіі, права зараз вывучаюць адны і тыя ж дысцыпліны, карыстаюцца аднымі і тымі ж падручнікамі — іх навучанне адрозніваецца па практычнай накіраванасці.

Што датычыцца магчымасці выкарыстання ў паліталогіі метадаў натуральных навук, не думаю, што паліталогія можа карыстацца такімі базавымі навуковымі сродкамі, як матэматыка, таму што яна арыентавана не на тлумачэнне, а на разуменне. А таму ёй не патрэбны фармалізаваны спосаб апісання аб’екту даследвання. Трэба проста будаваць пэўны шлях дасягнення канкрэтных мэт — а тут ніякая матэматыка не дапаможа. Іншая справа, калі мы вымушаныя спалучаць палітычныя дзеянні, напрыклад, з эканамічнымі, тады нам патрэбныя і эканамічная статыстыка, і сацыялагічная статыстыка. Да таго ж, паглядзіце на сучасны свет — дызайн, тэхналогія, інжынерыя — ці можна стварыць аўтамабіль на базе адной, ці нават пяці навуковых дысцыплін?

Зразумела, што не. Ніхто не валодае ўсім спектрам ведаў, неабходных для прадукцыі аўтамабіля — але дызайнер павінен іх улічваць у сваёй працы, калі праектуе аўтамабіль.

— У гэтай сувязі наступнае пытанне да Вас як да метадолага. Здаецца, зараз прынята лічыць агульным месцам меркаванне, што ў гуманітарных навуках не існуе ці нават не можа існаваць метадалогія, якая была б параўнальная па распрацаванасці і дасканаласці з метадалогіяй навук пра прыроду. Магчыма, гуманітарныя навукі маюць першапачатковы недахоп нават ў метадалагічных падмурках?

Калі натуральныя навукі маюць сваім падмуркам, сваімі недаказальнымі пастулатамі нейкія філасофскія тэзы, то гуманітарныя навукі, навука грамадства, грунтуюцца часта яшчэ і на ідэалагічных догмах. Адсюль робіцца выснова, што грамадскія навукі першапачаткова заганныя, бо «не існуе ліберальнай ці кансерватыўнай хіміі, а, напрыклад, адрозненні паміж камуністычнай і ліберальнай сацыялогіяй відавочныя». Атрымліваецца нейкі тэарэтычна-метадалагічны анархізм у сацыяльных навуках, калі прадстаўнікі разных ідэалагічных схем, якія прэзентуюць розныя парадыгмы ў 6 межах дысцыпліны, маючы аднолькавыя эмпірычныя дадзеныя, робяць з іх цалкам супярэчлівыя высновы. Ці магчыма ў гэтым выпадку казаць пра тое, што гэта сапраўды навука?

— Тут трэба проста зрабіць крок у філасофію і сказаць — сапраўды, розныя палітычныя плыні, розныя палітычныя накірункі грунтуюцца на падмурку розных анталогій. І філасофія XX стагоддзя пра гэта і кажа — вазьміце з гэтага пункту гледжання кнігу Хінцікі «Семантыка магчымых светаў»: мы жывем не ў адзіным свеце, мы жывем у свеце складаным, комплексным, у розных светах мы жывем, у тым ліку і ў магчымых светах. Напрыклад, калі распаўсюджваўся бальшавізм і марксісцкая сацыялдэмакратычная плынь — яны ж імкнуліся да магчымага свету. Усе іх тэарэтычныя намаганні грунтаваліся на тым, што яны будавалі доказы магчымасці гэтага свету, да якога яны імкнуцца, а практыка была накіравана на тое, каб здзейсніць гэты магчымы свет. Калі мы кажам пра кансерватараў — яны таксама імкнуцца да іншага магчымага свету, свету кансерватараў.

Таму менавіта палітыкі час ад часу сутыкаюцца з тым, што ў звычайным жыцці застаецца незаўважным — мы жывём у розных светах. Таму часта людзі, палітыкі не могуць дамовіцца адзін з адным. Бывае так, што нібыта адзіная эмпірычная з’ява даецца ім так па-рознаму ў быцці, у анталогіі, што здаецца няма ніякіх магчымасцяў дамовіцца. Зноў жа, філасофія XX стагоддзя імкнулася да даследвання камунікацыі, дыялогу, дыскурсу і г. д., бо менавіта згаданыя цяжкасці камунікацый паміж насельніцтвам розных светаў з рознымі поглядамі, карцінамі універсуму стала праблемай. Тое, што з’яўляецца аксіёмай для аднаго свету, можа быць пад пытанням у другім, і пад забаронай у трэцім.

Што ж датычыцца розніцы метадалагічных падмуркаў гуманітарных і натуральных навук, то ў прыродных навуках мы кажам: тое, што адбываецца ў прадмеце даследвання не залежыць ад назіральніка. У гуманітарных навуках гэта немагчыма, гэта ўвогуле немагчыма ў навуках пра дзейнасць. Цікавы прыклад узаемадзеяння суб’екта і аб’екта даследвання ў эканоміцы дае Джордж Сорас, які будаваў сваю метадалогію на падставе тэорый Карла Попера. У яго вельмі значную ролю адыгрывае катэгорыя рэфлексіі. Ён кажа: ні адна адзінка ведаў у гуманітарных галінах навукі не можа быць пастаўлена ў такое ж становішча, як веды пра прыроду, у якіх з’ява незалежная ад таго, што мы пра яе ведаем. Як толькі мы даведаліся пра нешта, з’ява змянілася, з’ява, пра якую мы атрымалі веды, змянілася, таму што мы — удзельнікі гэтага працэсу. Мы не назіраем за гэтым працэсам звонку, мы толькі час ад часу, калі ў нас маюцца адпаведныя тэхнікі, маем магчымасць выходзіць у рэфлексію, а потым зноў вяртацца ў дзейнасць. Сорас піша, што нават прагназаванне ў гуманітарнай дзейнасці немагчымае:

калі мы падлічылі, што нейкія акцыі на біржы дакладна будуць падаць праз тры дні, калі яны ўпадуць? Адразу ж, як мы пра гэта даведаліся. Чаму так адбываецца? Калі чалавек, які атрымаў гэтую інфармацыю, вырашыць патрымаць акцыі і скінуць іх праз два дні, калі яны будуць яшчэ нешта каштаваць, ён падумае: «А хіба ж я адзін такі разумны?

Астатнія таксама выкінуць акцыі праз два дні, таму мне трэба прадаваць іх назаўтра… ці лепш зараз, бо таксама знойдуцца разумнейшыя за мяне». Кожная з’ява гуманітарнай рэчаіснасці, пра якую мы даведаліся, адразу змяняецца.

Так і паліталогія, калі яна дае палітыку пэўныя веды, яна тым самым змяняе рэчаіснасць, у якой дзейнічае гэты палітык, і ён патрабуе ад палітычнага аналітыка адразу ж новых ведаў пра гэту змененую рэчаіснасць. Таму толькі той, хто хутка паспявае за гэтымі зменамі і можа называцца сапраўдным даследчыкам-палітолагам, а той, хто карыстаецца жорсткімі «адзіна навуковымі» схемамі, прыдатнымі «на ўсе часы і для ўсіх народаў», хто лічыць, што Макіявелі ці Маркс заўсёды маюць рацыю — той проста выпадае з дынамікі палітычнага жыцця.

Але прадстаўнікі гэткіх пунктаў гледжання існуюць і надалей. Гэта як у тэорыі эвалюцыі: зараз існуюць тыя віды, якія прырода стварыла сотні мільёнаў гадоў таму. І пры тым гэтыя архаічныя формы жыцця канкурэнтаздольныя, канкуруюць з больш сучаснымі відамі, але яны не развіваюцца — займаюць нейкую стабільную эвалюцыйную нішу. Так і палітычныя падыходы: напрыклад, камуністы ну нічога не разумеюць у актуальным жыцці, але гэта іх ніякім чынам не знішчае. Свет змяніўся такім чынам, што яны будуць існаваць, і доўга існаваць.

Яны, праўда, нічога не вырашаюць, але пэўны куток на палітычнай арэне займаюць стала, таксама як і марксісцкаму падыходу гарантаванае пэўнае месца ў палітычных навуках. Сённяшні свет пабудаваны дэмакратычна, як бы нам не імкнуліся даказаць ягоны псеўдадэмакратычны і несправядлівы характар. Таму суіснуюць меншасці, розныя меншасці, і ніхто не знікае. Бальшавікі б знішчылі сваіх апанентаў — але сёння няхай існуюць і тыя ж самыя бальшавікі. Але некаторыя з гэтых існуючых груповак часам настолькі «не ў працэсе», настолькі не маюць дачынення да актуальных з’яў і спраў… Тут дарэчы прыгадаць славуты пастулат Фрэнсіса Бэкана «Веды — моц». Сучасная палітыка пабудаваная на ведах, той, хто больш ведае — будзе больш моцным. І веды гэтыя павінны быць не проста большымі па аб’ёму — яны павінны быць больш дакладнымі.

7 — І ў гэтым сэнсе, у якім стане знаходзіцца беларуская палітычная навука? Магчыма, Вы распаведзяце пра Ваша бачанне дзейнасці беларускіх палітолагаў-тэарэтыкаў і паліттэхнолагаў?

— У гэтым сэнсе беларускай паліталогіі ўвогуле не існуе, бо мы не маем дакладных ведаў пра тое, што адбываецца ў нашым грамадстве. Мы маем адны толькі запазычаныя веды.

Зразумела, тэарэтычная дысцыпліна палітычнай навукі на сённяшні дзень існуе ва універсітэтах у дыдактычным, адукацыйным выглядзе. Яе мэта — трансляцыя назапашаных, збольшага запазычаных ведаў. Карыстацца гэтай навукай сучаснаму беларускаму палітыку амаль непатрэбна — што карыснага яму могуць сказаць універсітэцкія палітолагі. Магчыма, некаторыя і ўвогуле не лічаць іх за палітолагаў, бачаць у іх толькі настаўнікаў паліталогіі.

Мы нейкім дзіўным чынам нагадваем такое вялізнае Палессе сярод Еўропы, балота, у якім усё застойваецца — вакол усё цячэ і віруецца, а ў нас застойваецца. Уявіце сабе такую рэч: у Еўропе доўгія часы існавала ў якасці дамінуючай філасофіі схаластыка, але з цягам часу яна саступіла сваё месца новай філасофіі і навуцы. Але дзе схаластыка захавалася яшчэ на два стагоддзі? Так, у Вільні і ў Полацку, у выглядзе нэасхаластыкі Вялікага княства Літоўскага. Такое у Беларусі адбываецца шмат з якімі ведамі, у тым ліку і з паліталогіяй. На сённяшні дзень у нас ёсць навукоўцы, але ж яны кшталту менавіта гэтых самых схаластаў, гэта схаласты ад паліталогіі, якія развіваюць свае тэорыі ў нейкім хранастазісе. Яны транслююць больш-менш каштоўныя веды... мінулых часоў. Да і нават сучасныя веды яны ператрактоўваюць у межах парадыгмаў мінулага. Я думаю, што яны не здолеюць ужо зрабіцца сучаснымі. Новая генерацыя сапраўдных палітолагаў прыйдзе не з універсітэцкіх колаў, не з асяродку традыцыйнай палітычнай навукі.

Давайце паглядзім, як у свой час навука здолела перамагчы схаластыку. Возьмем універсітэты XVII стагоддзя — хто там займаў прафесарскія кафедры, прэзентаваў твар навукі? Нашчадкі схаластаў, якія па ўсёй Еўропе далдонілі адно і тое ж, адно і тое ж. Але ў той жа час працуюць Рэнэ Дэкарт, Фрэнсіс Бэкан, Готфрыд Лейбніц, Айзек Ньютан.

Яны не прынятыя ва універсітэцкіх колах, яны развіваюць навуку ў іншых інстытуцыйных формах. І толькі праз стагоддзе гэтыя новыя інстытуцыйныя формы — Каралеўская супольнасць навукоўцаў у Лондане, Парыжская Акадэмія навук, Веймарскі гурток — спалучаюцца з універсітэцкай адукацыяй. І Кант ужо працаваў як прафесар ва універсітэце з новай філасофіяй — XVIII стагоддзе было стагоддзем спалучэння гэтых розных рэчаў, якія не адмянілі адна адну, а спалучыліся.

Таксама і сёння: палітычная навука ва універсітэтах будзе і надалей існаваць у тым выглядзе, ў якім яна існавала, а паралельна трэба ствараць новыя інстытуцыйныя формы, і толькі потым іх трэба звесці ў адно. Узнікае пытанне, што гэта за новыя інстытуцыйныя формы, у якіх яшчэ можа існаваць паліталогія. Я кажу, што пачатак гэтага заўсёды павінен быць у выглядзе нефармальных груповак.

Інстытуцыялізацыя гэтых нефармальных груповак і нефармальных рухаў — гэта асобнае пытанне.

Талкот Парсанс абмяркоўваў тое, як нейкія рамёствы, у тым ліку і інтэлектуальныя, робяцца прафесіямі. Ён нават нейкія сацыяльныя законы імкнуўся тут вывесці. На гэтыя працэсы звяртае ўвагу і сацыялогія ведаў Манхейма, калі вывучае ўзнікненне, развіццё і заняпад навуковых падыходаў. Нам трэба весці гэтую працу, свядома планаваць і будаваць гэтыя працэсы сацыялізацыі і інстытуцыялізацыі новых ведаў.

У гэтым сэнсе тое, што я казаў пра адсутнасць у нас беларускай палітычнай навукі — гэта толькі палова праўды. Так, яе пакуль што не існуе ў інстытуалізаваных, прызнаных грамадствам і дзяржавай формах. Але ў маргінальным выглядзе яна існуе. І вось каб з маргінальнага стану перайсці ў стан спачатку інстытуалізаваны, а потым зрабіцца і большменш уплывовай і распаўсюджанай, беларускай палітычнай навуцы трэба прыкласці пэўныя намаганні. Не трэба думаць, што гэта адбудзецца само па сабе, натуральным шляхам. Гэтае пытанне менавіта для тых носьбітаў палітычных ведаў, якія зараз выштурхнутыя ў маргіналы. Дарэчы, і палітыкі беларускія, яны ж таксама ў маргінальным стане, ім таксама патрэбная гэтая інстытуцыялізацыя. У гэтым сэнсе і палітыкам, і палітолагам бракуе сістэмнасці — яны ў аднолькавым становішчы. Разам, падмацоўваючы адзін аднаго, мы здолеем выбрацца з гэтага балота.

— Спадар Уладзімір, ці не маглі б Вы ўдакладніць пра сучасны стан маргіналізаванай часткі беларускай паліталогіі? Якія існуюць падыходы, ці, магчыма, школы ў пазасістэмнай палітычнай навуцы Беларусі? Ці не маглі б Вы пералічыць альбо даць нейкую класіфікацыю цэнтраў, якія займаюцца палітычнымі тэхналогіямі? Ці можа, там не існуе нічога акрамя некалькіх персаналій?

— У розных формах існавання прафесіі ці ведаў існуюць розныя крытэрыі параўнання прафесійнасці і кваліфікацыі. У інстытуалізаванай навуцы з гэтым усё проста: тут існуе пэўная іерархія, нешта накшталт вайсковых званняў. Вядома, што док- 8 тар навук больш кваліфікаваны, чым кандыдат ці аспірант. Так і павінна быць.

А ў маргіналаў? У маргіналаў іншыя крытэрыі.

Таму маргіналы ладзяць адносіны паміж сабою і вырашаюць, хто больш дасведчаны, хто больш кваліфікаваны, хто больш прафесійны ў непасрэдным сутыкненні, у канфрантацыі і канкурэнцыі. Таму, калі сёння ў нас толькі нефармальна існуюць людзі, якія прэтэндуюць на веданне палітычнае рэчаіснасці Беларусі, ім трэба ствараць умовы для канкурэнцыі. І тады дзве групоўкі, якія вырашаюць аднолькавыя задачы, адначасова высвятляюць, хто з іх больш прафесійны — гэта той, хто вырашыць пастаўленую задачу больш эфектыўна. Таму мне цяжка абмяркоўваць працу іншых палітолагаў-маргіналаў. Будзе дрэнна, калі я буду казаць: вось Х — ён дрэнны, а вось У, з якім я сябрую, — ён добры.

Я магу, хутчэй, сказаць пра сабе, бо я сам адзін з тых, хто гэта рабіў. Я працаваў над праектам “Хартыя-97”. Ён быў распрацаваны, запушчаны, і чагосьці дасягнуў, чагосьці не дасягнуў, чагосьці мусіць дасягнуць пазней. Я даволі хутка сыйшоў з гэтага праекта, калі перад ім пачалі ставіцца мэты, якія адрозніваліся ад першапачатковых. З другога боку, я працаваў над выхадам на палітычную арэну Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, працаваў над яе палітычным іміджам. Партыя прэтэндавала на лідзіруючае месца ў беларускай палітычнай сістэме, прычым ініцыятыва яе стварэння паходзіла не ад саміх партый-стваральнікаў (Аб’яднанай Дэмакратычнай партыі і Грамадзянскай партыі), а звонку. Але ж на працягу года мы здолілі «раскруціць» гэтую партыю і «раскруціць» добра, бо больш традыцыйныя партыі не трапілі ў парламент 1995 года, менавіта на базе фракцыі АГП у Вярхоўным Савеце 13-га склікання была створаная апазіцыйная фракцыя.

Таму я кажу: на сённяшні дзень магчымы разлік і пралічванне сітуацыі, магчымае планаванне пэўных дзеянняў, але ж толькі не хапае рэсурсаў, каб дзейнічаць з вузкім колам кіраўніцтва. Бо як толькі да паспяховага праекта прыходзіць шмат людзей са сваімі мэтамі — праект ужо цяжка накіроўваць туды, куды меркавалася яго накіраваць спачатку.

Я магу ганарыцца ўдзелам у некалькіх праектах, якія я лічу даволі паспяховымі, якія дасягнулі пэўных вынікаў.

Што датычыцца паліттэхналагічных цэнтраў, то мне прасцей пералічыць падыходы да працы з палітычнай рэчаіснасцю. Гэткіх падыходаў у беларускім жыцці можна вылучыць тры.

Ёсць тэарэтычны падыход, які арыентуецца на падсвядомае, базуецца на анталогіях падсвядомай энергетыкі ў паводзінах, у дзеяннях людзей — яго, напрыклад, прэзентуе спадар Падгол. І тое, што прапагандуе і робіць спадар Падгол, ёсць досыць культурнае, мае даволі салідныя традыцыі — невыпадкова ён апелюе да Юнга, Фрэйда, Лебона, Тада. Гэты падыход грунтуецца на тым, што галоўная матывацыя чалавечых паводзінаў палягае ў падсвядомасці, і таму з інстынктамі трэба працаваць, а на базе такой працы з інстынктамі, кіраваннем імі, можна рабіць пэўныя палітычныя захады і сацыяльныя змены.

Іншую пазыцыю займае тая ж “Хартыя-97”. У гэтым сэнсе я б сказаў, што спадар Бандарэнка, калі разглядаць яго як ідэолага, хай там і не вельмі адукаванага, ён з’яўляецца яскравым прадстаўніком ці носьбітам іншага падыходу, які грунтуецца, так бы мовіць, на пачуцці здаровага сэнсу і на перакананні ў вырашальнай ролі «нябачнай рукі рынка».

Таму ён звычайна ў сваёй працы звяртаецца да розных маркетынгавых схем і такім чынам будуе свае дзеянні. Калі гэта пакінуць толькі на дадзеным узроўні, то палітычная праца выхалашчваецца, становіцца цалкам беззмястоўнай. Таму такі падыход вельмі часта крытыкуюць за тое, што яны ствараюць «карцінку», а не з’яву. І сапраўды, для носьбітаў гэтага падыходу вядомасць нейкай з’явы больш цікавая, чым яе рэальнасць.

Я б сказаў, што я з’яўляюся прадстаўніком трэцяга накірунку ў гэтым сэнсе. Я кажу: трэба працаваць з розумам, а гэта значыць — праца не з большасцю, а толькі з той меншасцю, якая здольная так працаваць. Таму для мяне найбольш цікавым з’яўляецца не тое, што думае большасць, ці электарат, а тое, што думаюць ньюсмэйкеры, тыя, хто фарміруюць меркаванні, тыя, хто маюць ўплыў, тыя, хто з’яўляюцца лідэрамі меркаванняў. Таму мяне цікавіць падыход да эліты, якая мае магчымасць свае меркаванні распаўсюдзіць. Калі мы маем справу з вядомым журналістам, трэба цікавіцца тым, што ён ведае і думае — а ён ужо сам неяк паклапоціцца, каб ягоныя чытачы разважалі такім самым чынам. Калі мы маем справу з вядомым палітыкам, які пакуль што не ўплывае цалкам на сваю партыю — мне цікава, а ці магчыма надаць яму такія тэхналагічныя сродкі, якія дазволяць яму распаўсюджваць надалей сваё меркаванне сярод актыўнай меншасці. Ці наадварот, калі ёсць нейкая меншасць, якая базуецца на пэўнай аксеалогіі (я не люблю слова «ідэалогія» - мне яно здаецца архаічным), на пэўных каштоўнасцях — ці можна гэтай меншасці надаць такую энергетыку ці актыўнасць, каб яе каштоўнасці сталі дасягненнем больш шырокага кола людзей. Таму я працую са з’явамі розуму.

Вось гэтыя тры аб’екты працы — інстынкт, здаровы сэнс і розум — фарміруюць тры асноўныя па- 9 дыходы. Астатнія мітусяцца паміж гэтымі анталагічнымі мэтавымі накірункамі.

Але, калі інстынкты ёсць у кожнага чалавека, розум ёсць толькі ў некалькіх адсодкаў насельніцтва. Я таксама працаваў бы са здровым сэнсам, аднак спачатку трэба папрацаваць з розумам, з меншасцю. Чаму людзі выбралі Лукашэнку? Таму што згубілі здаровы сэнс. Здаровы сэнс — як хваля:

яна можа нахлынуць, а можа часова адхлынуць.

Трэба вярнуць здаровы сэнс людзям.

— Такім чынам, мы маем, акрамя універсітэцкіх палітолагаў, пэўны асяродак нефармальных паліттэхнолагаў, якія грунтуюцца на розных метадалагічных падыходах, але працуюць, у рэшце рэшт, у адным накірунку, працуюць на карысць нармалізацыі і дэмакратызацыі грамадскага жыцця. Зразумела, канкрэтныя мэты гэтых суб’ектаў адрозніваюцца, хутчэй за ўсё, гэта звычайная барацьба за ўладу, якая вядзецца ў незвычайных умовах, аднак гэтая барацьба набліжае Беларусь да адкрытага грамадства. Але маецца і іншы суб’ект, які, здаецца, вядзе актыўную гульню на паліттэхналагічным полі. Мы маем на ўвазе ўладу. Ці можна разглядаць, напрыклад, Адміністрацыю Прэзідэнта, як пэўны паліттэхналагічны цэнтр? Альбо ўлада проста выкарыстоўвае свой вялікі адмістратыўны рэсурс?

— Зразумела, ёсць такі афіцыйны падыход да працы з палітычным жыццём. Яго можна назваць замяталінскім, хоць персаналія ў дадзеным выпадку неістотная — сістэма распрацаваная, замест Замяталіна можна прызначыць іншага адданага рэжыму чалавека, і нічога ў ёй не зменіцца. Яна, відавочна, адрозніваецца ад згаданых раней апазіцыйных падыходаў. Аднак давайце спачатку паразважаем пра беларускі дзяржаўны аппарат увогуле.

Сацыёлагі і палітолагі напачатку XX стагоддзя спецыяльна зацікавіліся такой з’явай, як бюракратыя, машынная арганізацыя рэалізацыі ўлады. З бюракратыі выцягнутая чалавечая асоба — там ёсць толькі пасады. Але калі мы кажам, напрыклад, пра Адмістрацыю прэзідэнта — там няма бюракратыі, сістэма працуе па іншых законах. Сёння ў Беларусі замест дзяржапарату ёсць, як кажа Зяноў’еў, чалавейнік, людзі. Яны не выконваюць свае службовыя абавязкі, а паводзяць сабе як звычайныя людзі на кірмашы ці ў царкве. Яны робяць тое, што яны хочуць, а не тое, што ад іх патрабуецца. Таму, стварэнне бюракратыі — гэта адна з тых рэчаў, якую мы б мусілі зрабіць. Але каб яе стварыць, трэба, каб на пасаду людзі прызначаліся ў адпаведнасці з працоўнымі якасцямі, а не па прыкмеце асабістай адданасці кіраўніцтву. У беларускім апараце ёсць валакіта і лянота, ёсць шмат дурасці, але бюракратыі як такой няма. Калі прыйдзе дэмакратычная ўлада, трэба прыкласці ўсе высілкі для стварэння нацыянальнай сістэмы бюракратычнага дзяржапарату. Я разумею, што такім постацям, як Станіслаў Багданкевіч ці Вінцук Вячорка гэта растлумачыць цяжка, але ж гэта трэба рабіць. Мы павінны мець машыну, якая будзе працаваць на беларускую дзяржаву, незалежна ад таго, якая палітычная сіла знаходзіцца пры ўладзе. А ўлада павінна толькі палітычна кіраваць гэтай машынай.

Такім чынам працуе дзяржаўны аппарат у Еўропе.

З тым апаратам, які зараз у нас існуе, працаваць немагчыма — яго трэба выкідваць.

Зразумела, прапагандысцкі аппарат рэжыму не працуе на ўзроўні інстынктаў. Сапраўды, Адміністрацыю прэзідэнта можна назваць свайго кшталту палітычна-тэхналагічным цэнтрам.

Чаму Лукашэнка замяніў Фядуту на Замяталіна на пасадзе кіраўніка ідэалагічных служб? Фядута — ён схаласт, які карыстаецца пэўнымі схемамі, таму ён не разумеў, што ад яго патрабуецца. Галоўны клопат Замяталіна быў такі: у нас ёсць прэзідэнт, і трэба не дапусціць для яго канкурэнтаў.

Як не дапусціць? Трэба дабіцца таго, каб на Беларусі больш не з’явілася ні аднаго больш-менш папулярнага чалавека — гэтыя людзі добра памятаюць, на хвалі якой ірацыянальнай народнай любові Лукашэнка быў узнесены на сваю пасаду. Таму зараз яны замінаюць любым спробам «раскрутцы» якога-небудзь чалавека, незалежна ад таго, што гэта за чалавек. Здаецца, якую пагрозу для рэжыму можа несці вядомы пісьменнік ці папулярны журналіст — але ж і яны не павінны быць шырока вядомыя, бо тады іх меркаванне можа ўплываць на людзей. Глядзіце, што зрабілі з Быкавым — ён быў уплывовым, тое, што казаў Быкаў, прыцягвала грамадскую ўвагу. Таму не павінна быць папулярных акцёраў, папулярных пісьменнікаў, папулярных святароў, папулярных навукоўцаў — робіцца такая бязлюдная краіна. Гэта мэтанакіраваная праца тэхналагічнай сістэмы, створанай Замяталіным.

У XIX стагоддзі людзі зразумелі, што галоўныя імпульсы для чалавечай дзейнасці палягаюць у сферы пазасвядомага, іррацыянальнага. Марксісты кажуць, што паводзіны чалавека абумоўленыя ягонымі базавымі патрэбамі і эканамічнымі інтарэсамі.

Фрэйд вылучыў сярод чалавечых патрэб секс, лібіда і сказаў: «Вось што рухае чалавечае жыццё.» Ніцшэ афармляў гэтыя іррацыянальныя чыннікі чалавечых паводзінаў як волю да ўлады і імкненне да звышчалавека.

І вось паводзіны Замяталіна і Лукашэнкі ў гэтым сэнсе разумныя. Калі браць іррацыянальную матывацыю як волю да ўлады — далей усе іх дзеянні вельмі рацыянальныя.

10 Іншы прыклад дзеянняў улады: «Як зрабіць так, каб людзі не думалі пра тое, што робіцца навокал?» Трэба арыентаваць іх не на вырашэнне ўласных праблем, а на вырашэнне праблем глабальных — абараніць Ірак ці Югаславію ад імперыялістычных агрэсараў і г. д. Гэта робіцца праз СМІ — людзі не цікавяцца мясцовымі навінамі, таму што такіх навінаў праз дзяржаўныя СМІ ў нармальным выглядзе ўвогуле не падаецца. Людзі глядзяць расійскае тэлебачанне, няхай сабе і больш вольнае, але якое падае навіны прыморскія. Людзі ведаюць губернатара Прымор’я, а не ведаюць, хто кіруе іх горадам.

У людзей няма малой радзімы. Тую ж функцыю выконвае руская мова — яна адварочвае людзей ад непасрэднай жыццёвай сітуацыі. Беларуская мова робіцца мовай, зместам выказванняў на якой не варта цікавіцца. І гэта добра — з пункту гледжання Лукашэнкі і з пункту гледжання захоўвання пажыццёвай улады. Бачыце, нават моўная сітуацыя будуецца таксама тэхналагічна, яе таксама трэба разглядаць праз прызму палітычных тэхналогій.

— Ці эфектыўная гэтая сістэма? Ці ёсць у яе слабыя месцы? Магчыма, з гэтай сістэмай можна змагацца старым беларускім сродкам — партызанкай, ці інфільтрацыяй у апарат рэжыму нашых людзей?

— Сістэма працуе, як вы бачыце, вельмі эфектыўна. Барацьба з існуючым рэжымам павінна пачацца з таго, што мы прызнаем гэты факт.

Зразумела, слабыя месцы ў гэтай сістэмы ёсць, але галоўнае, што трэба з ёй зрабіць — зрабіць так, каб людзі пачалі жыць у Беларусі, каб яны цікавіліся не тым, што адбываецца за тысячы кіламетраў, а тым, што адбываецца на суседняй вуліцы, і не сто гадоў таму, а ў бягучы момант. Тут патрэбна распрацаваць цэлы комплекс дзеянняў. І мы павінны выкарыстоўваць і ўладу — чым болей яна дае цікавых інфармацыйных падстаў для цікавасці з Беларусі — тым лепш. Таму і апазіцыйныя сродкі масавай інфармацыі павінны казаць не толькі пра абстрактныя рэчы, а асвятляць культурныя і эканамічныя з’явы, і нават жыццё дзяржапарату, рабіць гэта прадметам аналіза і абмеркавання, паварочваць у людзей цікавасць да гэтых рэчаў. Чаму б нейкай «Нашай Ніве» не ўзяць інтэрв’ю ў таго ж Замяталіна ці Мясніковіча? Па-першае, гэта будзе цікавей за чарговае інтэрв’ю Вячоркі, а па другое — гэтыя людзі будуць вымушаныя казаць дэмакратычныя, ліберальныя рэчы — ён жа не скажа: «Я раблю ўсё, каб у Беларусі не з’яўлялася людзей, каб тут панавалі галеча і жабрацтва».

Трэба памятаць, што ніякім гвалтоўным чынам змагацца з існуючай сістэмай зараз немагчыма. Што ж датычыцца пранікнення ў апарат непалітызаваных, але свядомых людзей — мне здаецца, што мы згубілі для гэтага час. На сённяшні дзень гэтай магчымасці мы не маем. Мне здаецца, што кадры для новага нацыянальнага дзяржапарату рыхтуюцца не ў сённяшнім чыноўніцтве, а ў бізнесе, тут і за мяжой.

Да дэмакратыі трэба ісці праз дэмакратызацыю нейкіх побытавых рэчаў, судоў, чыноўніцтва — таго, на чым базуецца сучасная ўлада. Тое што нам зараз патрэбнае — гэта галоснасць і дэмакратыя, як у часы перабудовы.

— Спадар Уладзімір, пасля прэзідэнцкіх выбараў распаўсюдзіліся размовы пра лібералізацыю эканамічнага жыцця, на якую быццам бы будзе вымушаны пайсці існуючы рэжым.

Пакінем у баку лібералізацыю палітычную.

Што Вы думаеце наконт перспектываў «адлігі» у грамадскім эканамічным жыцці краіны?

— Вы ведаеце, эканамічная лібералізацыя — гэта добра, нават калі яна робіцца такім чынам, як гэта было ў Паўднёвай Карэі ці Чылі пры аўтарытарных рэжымах. Лібералізацыя непазбежна прывядзе да з’яўлення актыўнай часткі людзей, незалежных ад улады. Чым у гэтым сэнсе прывабны прыватны бізнес? Тым, што там ніякія ідэалогіі не дзейнічаюць. Калі вы параўноўваеце вынікі апытанняў на прыватнай фірме і на дзяржпрадпрыемствах — вы са здзіўленнем там знаходзіце такі факт, што ў прыватным бізнесе пануе плюралізм, там няма адзінага меркавання. У калгасе, на дзяржаўным вытворчым прадпрыемстве, у нейкай дзяржаўнай установе заўжды 70-90 адсоткаў прытрымліваюцца нейкага пункту гледжання. А ў прыватным сектары ніякае меркаванне ніколі не набірае больш за 60 адсоткаў. Там пануе здаровы сэнс, і ідэалагічныя перакананні не замінаюць працы. І людзі прымаюць рашэнні не па сваіх ідэалагемах, а зыходзячы з таго, як хутчэй дасягнуць мэты, зыходзячы з катыгорый карысці і выгады.

Але ж трэба ўлічваць, што гэтая лібералізацыя ніколі не адменіць лукашэнкаўскай прагі да ўлады.

Таму сам малы і сярэдні бізнес павінен зрабіцца крыніцай ліберальнага светапогляду, ліберальных паводзінаў, таксама як мас-медыя і сфера адукацыі. Калі лібералізацыя дойдзе да адукацыі — я вярнуся ў адукацыю, а пакуль я працую з бізнесам, бо там не менш цікава, а законы менеджмента падобныя да законаў палітычнага жыцця. Той хто навучыўся рабіць маркетынг у таварнай сферы — зробіць гэта і ў сферы ідэй.