Міжнародная PhD праграма (дактарантура) для Беларусі (набор 2015 года)

phd

Інстытут “Палітычная сфера” сумесна з Універсітэтам Вітаўта Вялікага (Літва), Варшаўскім Універсітэтам (Польшча) і іншымі партнёрамі аб’яўляе чацвёрты набор на Міжнародную PhD праграму для Беларусі.

Праграма арганізаваная па завочным прынцыпе. Доктарская дысертацыя пішацца ў Беларусі, завершаны (ці завершаны ў значнай ступені) тэкст прадстаўляецца для абароны завочна ці экстэрнам ва ўніверсітэтах Літвы, Польшчы і іншых еўрапейскіх краінаў. Выбар універсітэта для абароны дысертацыі ажыццяўляецца на індывідуальнай аснове ў залежнасці ад лінгвістычнай падрыхтоўкі, тэмы дысертацыі і іншых параметраў.

Дзеянне праграмы распаўсюджваецца на наступныя дысцыпліны: палітычныя навукі, найноўшая гісторыя (гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя), сацыялогія ў выключных выпадках могуць быць разгледжаны прапановы па літаратуразнаўстве і сумежным дысцыплінам.

Праграма забяспечвае: кансультаванне, тэхнічную дапамогу, акадэмічную камунікацыю ў форме семінараў, сувязь з замежным універсітэтам і адстойванне інтарэсаў аўтара дысертацыі, кампенсацыю выдаткаў, звязаных з абаронай (у тым ліку ганарараў беларускім і замежным кансультантам, збораў універсітэтаў за абарону).

Тэкст дысертацыі можа быць на беларускай, рускай, ангельскай ці польскай мовах. Выбар мовы залежыць ад навуковай дысцыпліны, тэмы дысертацыі і ўніверсітэта, дзе будзе ажыццяўляцца абарона.

Стандартны тэрмін навучання па праграме – тры гады. Час навучання можа быць скарочаны ці працягнуты на індывідуальнай аснове.

Патрабаванні да кандыдатаў:

  1. Завершаная вышэйшая адукацыя (дыплом ВНУ ці ступень магістра).
  2. Валоданне беларускай і расейскай мовамі ў ступені, дастатковай для разумення лекцыяў і напісання тэкстаў. Валоданне ангельскай мовай з’яўляецца пажаданым.
  3. Наяўнасць навуковых, экспертных ці аналітычных публікацыяў.

Заяўкі прымаюцца да 15 лістапада 2015 года ў электронным выглядзе на адрас: [email protected]. Вынікі адбору будуць вядомыя на працягу месяца.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць:

1.Рэзюме (CV) з фотаздымкам, пазначэннем адукацыі, прафесійнага досведу, публікацыяў і іншай рэлевантнай інфармацыі.

2.Матывацыйны ліст у адвольнай форме. Аб’ём: да 2 старонак.

3.Кароткае апісанне дысертацыйнага даследавання, якое мусіць утрымліваць: тэму, апісанне праблемы даследавання, план, спіс літаратуры (не больш за 10 пазіцыяў). Агульны памер: да 5 старонак.

За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся на наш сайт: phd.palityka.org.

Check Also

Аналітычная папера пра грамадскія ацэнкі сістэмы адукацыі ў Беларусі

Прадстаўляем вашай увазе аналітычную паперу па выніках сацыялагічнага даследвання, ажыццёўленга ў жніўні 2023 года. У ...