Доўгачаканая і актуальная кніга

HomichХомич, Сергей (2011). Территория и государственные границы Беларуси в XX веке: от незавершённой этнической самоидентификации и внешнеполитического произвола к современному status quo. Минск: “Экономпресс”, 416 с.

Агляд падрыхтаваў Аляксандр Пагарэлы. 

Тэматыцы беларускіх дзяржаўных межаў прысвечана шмат публікацый, але сінтэтычных прац, якія б ахоплівалі значны масіў праблем, звязаных з пытаннямі межаў і тэрыторыяй Беларусі, да з’яўлення кнігі Сяргея Хоміча не было. Яе можна назваць доўгачаканай, бо за два дзесяцігоддзі незалежнасці наспела патрэба асэнсавання прыроды дзяржаўных межаў і заканамернасцей тых працэсаў, якія вялі да іх зменаў. Беларускія чытачы нарэшце атрымалі выданне, якое аналізуе перыпетыі фарміравання дзяржаўнай тэрыторыі Беларусі не толькі цягам ХХ ст., але і даследуе вытокі гэтых праблем пры канцы XIX – у пачатку XX ст. ў перыяд станаўлення беларускага нацыянальнага руху.

Беларускі гісторык фактычна давёў да лагічнага завяршэння свае шматгадовыя даследванні праблемаў межаў і тэрыторыі Беларусі ў XX ст. Ягоныя папярэднія публікацыі ўжо былі важнымі этапамі ў вывучэнні гэтай актуальнай праблематыкі (Хоміч, 2000; Хоміч, 2007).

Манаграфія складаецца з 7 раздзелаў, з якіх самы вялікі – чацвёрты. Ён прысвечаны  пашырэнню тэрыторыі БССР у міжванны перыяд. Напісаны ён на падставе вялікай колькасці новых матэрыялаў. С. Хоміч выкарыстаў значны масіў дакументаў з архіваў Расіі, Літвы і Беларусі, якія перад ім у беларускіх даследваннях пытання альбо ўводзіліся ў навуковы зварот у нязначнай ступені, альбо зусім не выкарыстоўваліся (с. 17-18).

Даследчык указвае на паступовую эвалюцыю савецкіх міжнародна-прававых канцэпцый і дэфініцый дзяржаўнай тэрыторыі і межаў (с. 5). Ён паказвае, што з часам гэтыя дэфініцыі наблізіліся да тых, якія выкарыстоўваліся па-за СССР, калі той прыняў правілы існавання ў пасляваеннай міжнароднай сістэме праз дамовы і ўдзел у міжнародных арганізацыях.

У кнізе канстатуецца несупадзенне этнічных і палітычных межаў пры падабенстве гэтых паняццяў. Яны аднак не з’яўляюцца тоеснымі, і ў выпадку Беларусі гэта выступае дастаткова выразна (с. 6, 26).  Хоміч фармулюе ў якасці нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў працэсе складвання яе тэрыторыі і межаў у першай палове XX ст. імкненне да таго, каб як мага больш тэрыторый заселеных этнічнымі беларусамі апынуліся ў межах беларускай дзяржавы. Робіць ён гэта з істотнай агаворкай на эканамічныя і сацыяльныя чыннікі. Тым не менш роля этнаграфіі, этнаграфічных ведаў пры вызначэнні межаў і нацыянальных інтарэсаў у манаграфіі даследчыка выступае выразна (Hirsch, 2005: 149-155).

З аднаго боку, Хоміч цягам кнігі імкнецца выбудаваць наратыў, які б адначасова падкрэсліваў негатыўныя аспекты савецкага ладу і палітыкі адносна межаў і трэрыторыі Беларусі, але таксама не ігнараваў таго факту, што менавіта савецкі перыяд і стварэнне савецкай мадэлі дзяржаўнасці выступаюць у якасці галоўных чыннікаў фарміравання тэрыторыі і межаў Беларусі ў XX ст. Апошняе ўсё ж выступае па-за адназначымі ацэнкамі характару палітычных рэжымаў, якія існавалі ў Беларусі цягам мінулага стагоддзя, а тым больш нейкіх маральных суджэнняў аб іх ролі і месцы, з другога. Такі падыход можна назваць прагматычным.

З аўтарам можна пагадзіцца, калі ён піша аб тым, што для кіраўніцтва СССР беларускія нацыянальныя інтарэсы не з’яўляліся прыярытэтам. Імі маглі ахвяраваць для вырашэння тых ці іншых знешнепалітычных задач. Увогуле, Масква магла дзейнічаць так як “быццам бы БССР не існавала” (с. 302-303).

Трэба крыху спыніцца на праблеме артыкуляцыі інтарэсаў і пытанні суб’ектнасці пры абмеркаванні праблемы тэрыторыі і межаў савецкай беларускай дзяржавы. Пра ролю чынніка мясцовай палітыкі, інтарэсы беларускага насельніцтва, і пра значнасць ролі таго, што можна было б назваць мясцовымі “партыйнымі элітамі” ці нейкімі рэгіянальнымі групамі ўнутры такіх эліт (Sahlins, 1989), на наш погляд, не выпадае казаць. Межы і тэрыторыя Беларусі ў XX ст. і змены ў іх былі звязаны са зменамі ўнутры савецкага праекту і ў меншай ступені былі абумоўлены кампрамісам з мясцовымі ўмовамі.

Тым больш, што для савецкага перыяду было характэрна погляд на знешнія мяжы як на ізалюючыя лініі, якія выключалі якія-кольвечы несанкцыянаваныя партыйна-дзяржаўнымі структурамі кантакты савецкіх грамадзян са сваякамі ці іншымі асобамі і арганізацыямі па-за СССР нават у краінах “народнай дэмакратыі”. У савецкім выпадку таксама, як паказваюць наяўныя сёння даследванні, прасочваецца дакладная сувязь паміж палітыкай і ідэалогіяй рэжыму, характарам межаў і адносінаў да іх  (Chandler, 1998: 3-41).

Сяргей Хоміч наводзіць шмат даволі пераканаўчых прыкладаў таго, што адбывалася, калі беларускія нацыянальныя інтарэсы супадалаі і калі яны не супадалі з разлікамі Масквы, савецкага кіраўніцтва. Менавіта дадатковая тэрыторыя ў вачах бальшавікоў магла надаць савецкай Беларусі магчымасць разглядацца ў якасці паўнавартаснай дзяржавы, якую б можна было выкарыстаць у інтарэсах Масквы як дадатковы козыр, што адбывалася, напрыклад, падчас перамоваў з Польшчай. Кіраўнік савецкай дэлегацыі на гэтых перамовах у Мінску і Рызе Адольф Іёфэ сцвярджаў, што, калі БССР будуць вернуты анексаваныя Расіяй ў 1919 г. Гомель і Магілёў, то “[з Беларусі] атрымаецца нешта, што больш нагадвае дзяржаву” (Borzęcki, 2008: 186).

Трэба пагадзіцца з аўтарам у тым, што НЭП не адыгрываў ніякай ролі ў вяртанні усходнебеларускіх тэрыторый. Галоўная роля належала савецкай нацыянальнай палітыцы (с. 213-214). Услед за Тэры Мартынам (Terry Martin) Хоміч вылучае “мягкую” і “цвёрдую” лініі савецкага кіраўніцтва ў нацыянальным пытанні (с. 216-217). Аўтар дэталёва і ўважліва разбірае канкурэнтную барацьбу розных груп уплыву вакол усходнебеларускіх тэрыторый. Уменне карыстацца савецкімі дыскурсамі палітычных праграм і кампаній дапамагала партыйна-палітычным элітам уступаць у змаганне за рэсурсы і пазіцыі, вынікі якіх заўжды былі далёкімі ад перадвызначаных (Hirsch, 2005).

Перыяд 1920-х гг. можна лічыць выключэннем з сітуацыі, калі артыкуляваць і ажыццяўляць беларускія нацыянальныя інтарэсы адносна тэрытарыяльнага пытання магла мясцовая партыйна-палітычная эліта, што адрознівала гэты перыяд ад пазнейшага.

Знешнепалітычны разлік і прапагандысцкі эфект былі матывуючымі фактарамі пры вяртанні ў склад савецкай беларускай дзяржавы трэрыторый, якія за некалькі год да гэтага былі анексаваны ў склад Расіі. Без выкарыстання такой аргументацыі беларускім бальшавікам было б цяжэй давесці неабходнасць тэрытарыяльных зменаў на карысць БССР (с. 250-254, 256).

Побач з тэрмінам “вяртанне” адносна тэрыторыяў, якія ўвайшлі ў склад БССР, Хоміч выкарыстоўвае і такія як “пашырэнне” і “уключэнне”, “вырашэнне тэрытарыяльнага пытання”, што надае наратыву больш падкрэслена нейтральны характар. Пры гэтым Хоміч канстатуе, што кіраўніцтва БССР пасля ўключэння тэрыторыяў у склад БССР у 2-й палове 1920-х гг. не лічыла тэрытарыяльнае пытанне вычарпаным (с. 282). Непаслядоўнасць бальшавіцкага кіраўніцтва ў гэтым падрывала савецкі ўплыў на беларусаў па-за межамі СССР.

Эпізод з перадачай саветызаванай Літве раёнаў, дзе кампактна пражывала літоўскае насельніцтва, і Друскенік паказвае, што ў Маскве як і раней кіраваліся выключна патрабаваннямі прапаганды і дэманстрацыі таго, што быццам бы рашэнні ў СССР па такіх важных пытаннях як межы саюзных рэспублік і перадача тэрыторыяў ад адной да другой такой рэспублікі ажыццяўляецца шляхам кансенсуса і кампрамісу. На самой жа справе, перадача гэтых тэрыторыяў ад БССР да ЛССР ажыццяўлялася пры фармальнай “прапанове” кіраўніцтва БССР, якое само было прызначана паводле  разнарадкі з Масквы. Гэтых людзей маглі загадам з Масквы перавесці на іншае месца працы (с. 323, 318-319).

Знешнія савецкія межы паводле свайго значэння і статуса адрозніваліся ад межаў паміж савецкімі рэспублікамі. Стаўленне да гэтых дзвюх розных тыпаў межаў было рознае (с. 346). Савецкае кіраўніцтва разглядала межы паміж саюзнымі рэспублікамі як умоўныя з’явы (с. 325). Але нават ўлічваючы гэта, межы з краінамі т. зв. “сацыялістычнага лагера” усё ж разглядаліся як стратэгічна важныя, як элементы ізаляцыі ад краінаў Захаду.

Тэма складаных адносінаў з Польшчай і праблема мяжы з ёй увогуле займае, што натуральна, значнае месца у манаграфіі. Аўтар, напрыклад, указвае на зацягванне польскім бокам вызначэння і дэмаркацыі беларускага сектара польска-савецкай мяжы (с. 185-188). Трэба звярнуць увагу на тое, што ў сучаснай заходняй літаратуры гэтае пытанне ўсё ж не асвятляецца з патрэбнай доляй крытыкі (Borzęcki, 2008: 246-249).

Застваліся адносіны з Польшчай складанымі і пасля саветызацыі апошняй. Калі у 1949, 1950 і 1955 гг. беларускія тэрыторыі перадаваліся ПНР (Польская Народная рэспубліка), у рамках таго, што афіцыйна называлася “карэктыроўкай межаў” (с. 334-336, 339), то кіраўніцтва БССР магло толькі фіксаваць просьбы насельніцтва ў  працэсе падрыхтоўкі і ажыццяўлення “карэктыровак” і факты змяншэння тэрыторыі. Не існавала палітыка-прававога механізму ўзаемадзеяння цэнтральных і рэспубліканскіх органаў улады па змене межаў рэспублік (с. 335-336).

На пасляваенны перыяд прыпадае і завяршэнне фармавання тэрыторыі сучаснай Беларусі, калі ў склад БССР быў перададзены шэраг вёсак смаленскай вобласці РСФСР у 1964 г. Лейтматывам гэтага акту перадачы была хрушчоўская канцэпцыя хуткага надыходу камунізму і зліцця ўсіх нацыянальнасцяў ў адзіны савецкі народ (с. 352-353). Працэс тэрытарыяльнага будаўніцтва ў СССР у той перыяд лічыўся завершаным.

Усё ж зусім нязменным і неадрэгуляваным юрыдычны бок межаў у савецкі перыяд не быў. Савецкае заканадаўства, а ў т.л. і закон аб мяжы 1982 г. прызнаваў, што міжнародныя дамовы разам з пастановамі савецкіх вышэйшых органаў вызначаюць пытанне мяжы. Падпісанне 1 жніўня 1975 г. Хельсінскага заключнага акту азначала прызнанне непарушнасці межаў у пасляваеннай Еўропе. Гэты важны міжнародна-прававы дакумент паспрыяў усталяванню дзяржаўных межаў усіх постсавецкіх рэспублік (с. 354). Такім чынам была дасягнута непарушасць і стабільнасць межаў у постсавецкім свеце, паводле аўтара.

Аднак непаршунасць межаў у апошнія гады існавання СССР магла ставіцца пад сумнеў. Тэрыторыя магла разглядацца ў якасці своеасаблівага палітычнага “траянскага каня”. Адзін з прадстаўнікоў савецкай партыйна-палітычнай эліты БССР 1-ы сакратар Гродзенскага абкаму КПБ Уладзімір Сямёнаў высунуў у сакавіку 1990 г. патрабаванне да Літвы вярнуць беларускія тэрыторыі, якія ўвайшлі ў склад краіны ў 1939-40 гг., у выпадку выхаду яе з СССР (с. 358-362).

Сямёнаў выступаў не з уласнай ініцыятывы і не з пазіцый нацыянальных інтарэсаў Беларусі, але менавіта “Маскоўскага цэнтра” (Jowitt, 1987). Бо “цэнтр” увасабляў  не толькі Гарбачоў. На той момант існавалі іншыя куды больш кансерватыўныя групы, на полі якіх граў прадстаўнік не менш кансерватыўнай партыйна-палітычнай эліты БССР.

Усе гэтыя наведзеныя прыклады, увядзенне новага фактычнага матэрыялу, аналіз важных праблем фарміравання дзяржаўных межаў і тэрыторыі сведчаць на карысць таго, што кніга беларускага гісторыка гэта даследванне на высокім узроўні, нават негледзячы на некаторыя нязначныя памылкі ў геграфічных назвах і датах. Апошнія хутчэй не трэба адносіць на рахунак аўтара.

Значэнне манаграфіі Сяргея Хоміча цяжка пераацаніць. Гэтая кніга з’яўляецца крытычна важнай для разумення працэсаў і заканамернасцяў паўстання сучаснай беларускай дзяржаўнасці, яе тэрытарыяльных абрысаў і межаў. Знаёмства з гэтай працай з’яўляецца абавязковым для тых, хто сур’ёзна займаецца вывучэннем гісторыі і палітыкі ў Беларусі ў мінулым стагоддзі.

Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі

  1.  Хоміч, Сяргей (2000). “Асноўныя этапы фармавання тэрыторыі БССР (1918-1926)”, Беларускі гістарычны агляд, Том 7, Сшытак 2 (13): 351-364.
  2. Хоміч, Сяргей (2007). “Фарміраванне беларуска-расійскай мяжы ў ХХ ст.”, 61-72, у Elżbieta Smółkowa (Red.). Pogranicza Bialorusi w perspektywie interdyscyplinarnej. Warszawa: DiG.
  3. Borzęcki, Jerzy (2008). The Soviet-Polish Peace of 1921 and the Creation of Interwar Europe. New Haven and London: Yale University Press.
  4. Chandler, Andrea (1998). Institutions of Isolation. Border Controls in the Soviet Union and Its Successor States, 1917-1993. Montreal & Kingston-London-Buffalo: McGill-Queen’s University Press.
  5. Hirsch, Francine (2005). Empire of Nations. Ethnographic Knowledge & the Making of the Soviet Union. Ithaca and London: Cornell University Press.
  6. Jowitt, Ken (1987). “Moscow ‘Centre’”, East European Politics and Societies, Vol. I, № 3: 296-348.
  7. Sahlins, Peter (1989). Boundaries: The Making of France and Spain in the Pyrenees. Berkeley-Los Angeles-London: University of California Press.

Check Also

Planning of the 9th ICBS

9th International Congress of Belarusian StudiesOctober 1-3, 2021Kaunas, Lithuania The 9th International Congress of Belarusian ...