1812 год – час выпрабаванняў і надзей

nestНесцярчук Л.М (2012). Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам. Брэст: ТАА “Паліграфіка”, 320 с.

Агляд падрыхтаваў гісторык Вячаслаў Швед.    

Юбілейны год падарыў чытачам не адну кнігу, прысвечаную трагічнаму і незабыўнаму 1812 году. Яны расказалі пра рэгіянальныя і агульнабеларускія  падзеі, узгадалі герояў, раскрывалі новые і малавядомыя старонкі ўдзелу беларусаў у вайне на баку расіян і напалеонаўскіх войск. Але рэцэнзіруемая кніга адрозніваеца ад усіх публікацый сваёй сістэматычнасцю, комплекснасцю, сур’ёзнай крынічнай і гістарыяграфічнай базай (у бібліяграфіі 1336 пазіцый на розных мовах, з іх 50 пазіцый—з архіваў Расіі, Францыі, Польшчы, Украіны).  Кніга вылучаецца высокай якасцю друку і шматлікімі ілюстрацыямі, узятымі ці выкананымі аўтарам у архівах і музеях названых краін.

Да напісання кнігі Леанід Міхайлавіч Несцярчук  ішоў паступова ўсё сваё жыццё (с. 282-284). Ён нарадзіўся ў в. Харкі на Пружаншчыне, дзе 31.07.1812 г. адбылася бітва паміж 3-й Заходняй арміяй Тармасава і аўстра-саксонскім корпусам Напалеона. І месца нараджэння, напэўна, паўплывала на тое, што Леанід Міхайлавіч стаў кандыдатам гістарычных навук, абараніўшы дысертацыю на тэму “Баявыя дзеянні 3-й Заходняй рускай арміі ў Айчынную вайну 1812 года на тэрыторыі Беларусі”. У 1995 г. мне давялося чытаць яе як магчымаму апаненту. Яна спадабалася мне тым, што дысертант звярнуў увагу на дзеянні менавіта той расійскай арміі, якая сапраўды ваявала на тэрыторыі Беларусі і для нашай гісторыі яе дзеянні больш значныя і важныя, чым 1-й і 2-й Заходніх армій.

З 1995 г. гісторык Несцярчук прайшоў пэўную эвалюцыю ў сваіх поглядах на праблемы вайны 1812 г. Напрыклад, з “айчыннай вайны” да “вайны 1812 года” і “франка-рускай вайны” (с. 12-13, 21, 22, 28). За амаль 20 гадоў Леаніду Міхайлавічу ўдалося назбіраць шмат цікавых матэрыялаў, якія дазволілі напісаць добрую і актуальную (як з боку навуковага, так і палітычнага) кнігу, якая ахоплівае ўсе сюжэты і праблемы тэмы вайны 1812 года. Але я ўстрымаўся бы ад занадта хвалебных водгукаў пра яе як “новае слова” у вывучэнні гэтай вайны, як гэта робяць непрафесіяналы. Раіў бы паглядзець манаграфію “Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў: 1805–1815 гады” (Швед, Данскіх, 2006), якую ўказаў у бібліяграфіі сам аўтар (с. 293).

У параўнанні з названай кнігай новымі сюжэтамі ў Л.М. Несцярчука сталі тыя, якія звычайна не траплялі ў сур’ёзныя навуковыя працы беларускіх гісторыкаў: пра Касцюшку і Напалеона Банапарта, Касцюшку і Аляксандра І,  біяграфічныя эсе пра Аляксандра І і Напалеона І, падзеі на тэрыторыі ўсходняй Беларусі, ушанаванне беларускіх палёў бітваў 1812 г. Даволі аб’ёмныя ўводзіны, у якіх аўтар даў сістэматычны агляд літаратуры вылучыўшы асобна “Аналіз беларускамоўнай гістарыяграфіі” (с. 27-28) і крыніц (падзяліўшы іх на архіўныя, апублікаваныя, мемуары, прэсу ХІХ ст., картаграфічныя матэрыялы).

У рэцэнзуемай кнізе 58 падраздзелаў, што на мой погляд, неапраўдана шмат, бо большасць з іх складаюцца з 1-2 старонак. І часам змест іх – досыць кароткі, неглыбокі тэкст па нейкаму сюжэту. Разам, праўда, яны складаюць полісюжэтную кнігу, якую цікава чытаць. Гэта хутчэй навукова-папулярная кніга, як і заяўлена выдавецтвам на апошняй старонцы, а не навуковая манаграфія.

Пра што ж расказвае Л.М.Несцярчук у 8 раздзелах сваёй кнігі? Першых 10 падраздзелаў, змешчаных ў раздзеле “Польшча і Беларусь перад вайной 1812 года”, прысвечаны Польшчы і Беларусі ў планах Напалеона і Аляксандра І. Разыгрывалася так званая “польская карта”, якая тычылася і Беларусі. Аўтар прыйшоў  да правільнай высновы: “Гэтая вайна пачыналася для Напалеона не як “руская вайна”, а як “другая польская вайна – паўтор 1807 г.” (с. 77).

Такому гісторыку, як Несцярчук, не  даравальна рабіць памылкі, падобна наступным:  адным з лозунгаў польскіх  легіёнаў быў “За вольнасць нашу і вашу!” (с. 46), Тыльзіт – цяпер г Савецк каля Калінінграда (с. 60). Названы лозунг узнік у час паўстання 1830-1831 гг. (Швед. 2001), а Тыльзіт – сённяшні г. Савецк Калінінградскай вобласці Расіі (Энцыклапедыя гісторыі…, 2001: 548).

Другі раздзел “Беларусь як плацдарм у будучай вайне” (падраздзелы 11-14) апавядае пра  падрыхтоўку Расіі да вайны на беларускіх землях і пра план баявых дзеянняў, распрацаваны генералам Міхалам Сакальніцкім (Michał Sokolnicki) для Напалеона, у якім шмат увагі ўдзелялася тэрыторыі Беларусі. Цікавыя біяграфічныя факты з асабістага і грамадскага жыцця Напалеона прадстаўлены ў 3 раздзеле “Вядомы і невядомы Напалеон” (падраздзелы 15-20). А вось у 4 раздзеле “Беларусь у кампаніі 1812 года” прыводзяцца сярод іншага біяграфічныя матэрыялы пра Аляксандра І (яго двудушша, першапачатковыя ліберальныя настроі, нежаданне аднаўляць ВКЛ, сувязь з масонамі, паданні аб ягонай смерці, планаванне ў 1810 г. нападу на Францыю).

У 23 падраздзеле, дзе ідзе размова пра эвакуацыйныя планы і дзеянні чамусці няма дадзеных пра Гродзенскую губерню, хаця гэты матэрыял можна знайсці ў пералічанай аўтарам літаратуры. Прыкрая апіска ёсць пад ілюстрацыяй на с. 143, дзе напісана ”Патаемны сход франкаў-масонаў…”, а правільна—“франкмасонаў” (Энцыклапедыя гісторыі…, 1999: 91). Асоба трэба адзначыць, што Л.М. Несцярчук уключае ў сваім даследаванні матэрыялы пра Вільню і робіць гэта слушна, бо яна з’яўлялася на працягу стагоддзяў гісторыка-культурным і палітычным цэнтрам для беларусаў  (ліцвінаў).

Наступны 5 раздзел “Арганізацыя і дзейнасць улады абвешчанага ВКЛ” (падраздзелы 29-43), відаць, самы аб’ёмны ў кнізе. Даволі поўна апісаны арганізацыя ўлады і яе дзеянні на заходняй і усходняй частках Беларусі (структуры Вялікага княства Літоўскага, напалеонаўская вайсковая адміністрацыя, органы ўлады Белай Русі). Акрамя таго маюцца сюжэты пра патрыятызм віленскай моладзі, барацьбу з рабаўніцтвам і бунтамі, прысягу магілёўскага арцыбіскупа Варлаама Напалеону, беларускіх яўрэях у 1812 г. Карціну трохі псуюць памылкі з прозвішчамі: замест Тадэвуша Анджэйкавіча чамусці Андрайковіч, Людовік Панцаржынскі стаў Панцажынскім, а Жазэф Барбанегр (Joseph Barbanègre)–Варбанеграм. Хацелася б таксама знайсці больш матэрыяла пра дзейнасць створаных напалеонаўскіх органаў улады на землях Беларусі, аб лёсе апошняй арміі ВКЛ.

У раздзеле 6 (падраздзелы 44-48) “Асноўныя бітвы 1812 года на тэрыторыі Беларусі” паэтапна расказваецца пра ваенныя дзеянні ў час “ад Нёмана да Віцебска”, “з Гродна да Салтанаўкі”, “Берасцейшчына ў агні 1812 года”, “ад Друі  праз Полацк  да Смалянцоў”, “з Брэста праз Мінск на Бярэзіну”. Вайсковая гісторыя выкладзена дабротна і стварае аб’ектыўную карціну. Не зразумела чаму матэрыял пра Бабруйскую крэпасць трапіў у главу пра Берасцейшчыну, лепш было бы напісаць асобную главу пра ролю крэпасці ў вайне 1812 г., успомніць пра яе будаўніцтва напярэдадні вайны.

Раздзел “Пасляваенная Беларусь” (падраздзелы 49-52) прысвечаны вяртанню расійскай улады ў Беларусь, стратам, якія панеслі яе жыхары, клопатам Касцюшкі па адраджэнню ВКЛ. Аўтар звяртае ўвагу на цікавыя моманты–часовае захаванне расійцамі ўладных структур адміністрацыі ВКЛ на землях Беларусі (с. 240), адносіны да напалеонаўскіх ваеннапалонных (с. 241). Невядома чаму Л.М. Несцярчук піша ў падразделе 49 пра бегства Напалеона праз Беларусь – гэты сюжэт лагічна завяршае папярэдні раздзел пра вайсковыя падзеі. Ды трэба было ўспомніць пра беларускі шлях, па якім збег Напалеон, пра спробу замаху на яго жыццё, легенду пра напалеонаўскую карэту.

Апошні раздзел “Ушанаванне беларускіх палёў бітваў 1812 года” (падразделы 53-56) лагічна зачыняе кнігу пра вайну ушанаваннем яе месцаў бітв і герояў. Паколькі Л.М. Несцярчук і сам займаўся мемарыялізацыяй помнікаў на Берасцейшчыне, ён вельмі дасведчана расказвае пра яе на тэрыторыі ўсёй Беларусі. Неблага напісана ўсё, але асабіста мне спадабалася падраздзеле 55, у якой апавядаецца пра беларускія палі бітваў 1812 г. на плітах Храма Хрыста Выратавальніка і падразделе 56 пра адлюстраванне вайны 1812 г. у мастацкай літаратуры і творах  выяўленчага мастацтва.

Такім чынам, мы маем яшчэ адно аб’ектыўнае навукова-папулярнае выданне пра вайну 1812 года на Беларусі, таленавітае абагульненне навуковых напрацовак беларускіх папярэднікаў Л.М. Несцярчука (Андрэя Лукашэвіча, Аляксандра Ерашэвіча, Уладзіміра Лякіна, Вячаслава Шведа і Сяргея Данскіх, Канстанціна Тарасава, Сяргея Таляронка і Андрэя Блінца). Чытачам раю пачытаць рэцэнзуемую мной кнігу, не гледзячы на заўвагі. А Л. М. Несцярчук, я ўпэўнены, прыме іх як сур’ёзны даследчык, бо разумее, што крытыкаваць можна таго, хто працуе, піша і аддае свае творы на суд чытача і сваіх калег.

 

Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі

  1. Швед В., Данскіх С (2006). Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805-1815 гады. Гродна: ГрДУ імя Янкі Купалы.
  2. Швед В.В (2001). Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772—1863 гг.). Гродна: ГрДУ імя Янкі Купалы.
  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі (1999). Том. 5. Мінск, БелЭн імя П. Броўкі.
  4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі (2001). Том 6, кніга І. Мінск, БелЭн імя П. Броўкі.

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...