IV-я Міжнародная канферэнцыя Інстытута “Палітычная сфера” (15-16 траўня 2015 г., Мінск)

afisha_nov

15-16 траўня 2015 г. у Мінску пройдзе Чацвёртая Міжнародная канферэнцыя Інстытута “Палітычная сфера” пад назвай “Па-за савецкім канонам: палітычны супраціў, акадэмічная і мастацкая аўтаномія ў познесавецкі перыяд (1960-80-я гг.)”.

Удзел у канферэнцыі прымуць больш за 40 спецыялістаў з Беларусі і іншых краін рэгіёну – Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі, Швецыя.

Папярэдняя праграма канферэнцыі.

Programme of the conference (EN)

Program konferencji (PL)

У межах Канферэнцыі плануецца прыўзняць тыя аспекты грамадскага і інтэлектуальнага жыцця, якія знаходзіліся па-за жорсткім канонам сацыялістычнага грамадства . Гэта як розныя дысідэнцкія і нонканфармісцкія рухі, так і спробы адстойваць навуковую і мастацкую аўтаномію, адстойваць нацыянальныя правы  па-за межамі дазволенай “этнаграфічнасці”. Праз такую прызму распад СССР ужо цяжка ўспрыняць як “геапалітычную катастрофу”, хутчэй, гэта выхад на паверхню аўтанамісцкіх і дэцэнтралізатарскіх тэндэнцый, рэалізацыя іх патэнцыялу ў спрыяльным асяроддзі эканамічнага і палітычнага крызісу.

Ускладненне карціны савецкага мінулага цягне за сабою і роздумы над прыродай посткамуністычных грамадстваў. Наколькі мы звязаны з эканамічнымі і палітычнымі правіламі савецкага часу, наколькі захоўваецца пераемнасць структуры ўлады, наколькі захоўваецца памяць пра традыцыі супраціўлення савецкай сістэме і адстойвання ідэі свабоды?

Прадстаўнік аргкамітэта Аляксей Ластоўскі тлумачыць мэты канферэнцыі: “Мы хочам разгледзець тыя аспекты грамадскага і культурнага жыцця, якія зараз у Беларусі знаходзяцца шмат у чым па-за ўвагай даследчыкаў, ды і шырокай грамадскасці. Агулам камуністычны час разглядаецца пераважна альбо ў апалагетычным тоне, альбо ў межах таталітарнай парадыгмы. Відавочна, што ёсць патрэба ў разважлівай і сур’ёзнай дыскусіі пра сутнасць камуністычнага праекта, яго значэнне для нашай сучаснай сітуацыі. І ў гэтым кантэксце непазбежны зварот да тых ідэй і рухаў, якія выходзілі па-за межы агульнапрынятых рамак, якія аспрэчвалі альбо размывалі афіцыйны канон камуністычнага часу – і ўрэшце спрычыніліся да распаду знешне непахіснай савецкай сістэмы. Таксама цікава знайсці беларускую спецыфіку праз разгляд падобных тэндэнцый і ў іншых савецкіх рэспубліках і камуністычных краінах. Мы цешымся, што ў мерапрыемстве бярэ ўдзел шмат замежных даследчыкаў”.

Беларускі гісторык Алег Дзярновіч кажа пра ўласнае бачанне праблематыкі канферэнцыі: “Пошукі ўнутранай свабоды ва ўмовах дзяржаўнага прэсінгу – складаны псіхалагічны і інтэлектуальны працэс. Ці адныя толькі здабыткі сустракаюць людзей на гэтым шляху? Ці можна праз культурныя коды трансфармаваць маральныя выдаткі ў культурны капітал? Такія пытанні ўзнікаюць пры даследаванні тэмы супраціву і аўтаноміі ў познесавецкі час.

Тэма нашай канферэнцыі – досвед таемнага духоўнага жыцця, якое адбывалася за вонкавым маналітным фасадам савецкага ладу. Спробы аналізу гэтага феномену спараджаюць метадалагічныя праблемы, звязаныя з маркіраваннем такіх розных з’яваў, як нонканфармізм, іншадумства, дысент. Апроч таго, узнікаюць крыніцазнаўчыя праблемы даследавання тэмы інтэлектуальнага, культурнага, рэлігійнага жыцця па-за савецкім афіцыёзам – праблемы адбору і крытыкі крыніц”.

У межах канферэнцыі запланаваныя дзве публічныя дыскусіі – “Ці былі ў Беларусі дысідэнты?” (15 траўня, 18.30, галерэя Ў) і “Ці паўплывалі нацыянальна-культурныя рухі 1980-х гадоў на ўтварэнне незалежнай Беларусі?” (16 траўня, 14.00, галерэя Ў). Удзел у дыскусіях вольны.

Таксама можна прыняць удзел у працы секцый канферэнцыі ў якасці госця, для гэтага неабходна зарэгістравацца на сайце.

Рэгістрацыя сканчаецца за 2 дні да пачатку канферэнцыі.

In ENGLISH>>>

Check Also

Аналітычная папера пра грамадскія ацэнкі сістэмы адукацыі ў Беларусі

Прадстаўляем вашай увазе аналітычную паперу па выніках сацыялагічнага даследвання, ажыццёўленга ў жніўні 2023 года. У ...