«Новая хваля»: першыя спробы асэнсавання

01Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Новая хваля. Беларуская фатаграфія 1990-х. New Wave. Альбом. Серыя «Калекцыя Партызана». Менск, І.П. Логвінаў, 2013.

Агляд падрыхтавала Дар’я Амяльковіч.

У лютым у галерэі «Ў» прайшла прэзентацыя альбома «Новая хваля: Беларуская фатаграфія 1990-х», які выйшаў напрыканцы 2013 года ў адмысловай «Калекцыі пАРТызана». Гэта выданне, якое пазначае феномен творчай беларускай фатаграфіі ў кантэксце гісторыі мастацтва.

Яго ўкладальнікі звярнуліся да паняцця «Мінская школа фатаграфіі» і, шырэй, «новай хвалі» фатаграфіі, зрабіўшы спробу зафіксаваць і паказаць гледачу ўнікальную культурную з’яву, якая адбывалася ў нас у 1980–1990-я гады і прызнаная на міжнароднай арэне, але, на жаль, да гэтай пары застаецца неўсвядомленай на радзіме. Тэкст да фотаальбома, які прапаноўвае перш за ўсё гістарычны агляд таго, што адбывалася ў беларускім фатаграфічным асяроддзі 1980–1990-х, падрыхтавала мастацтвазнаўца Іна Рэут.

Ад руху фотааматараў да дзейнасці Валерыя Лабко

Паняцце «Мінская школа фатаграфіі» было ўпершыню выкарыстанае замежнымі куратарамі і мастацтвазнаўцамі напрыканцы 1980-х. Менавіта звонку прыйшло пазначэнне асаблівага падыходу мінскіх творцаў да фатаграфіі, які вылучыў іх сярод іншых прадстаўнікоў гэтай практыкі на савецкай прасторы.

Многія ведаюць пра актыўны рух фотааматараў, пра дзейнасць фотаклуба «Мінск» у 1960–1970-я гады і, у прыватнасці, пра фестываль «Фатаграфіка», які ладзіўся ў сталіцы БССР і збіраў прыхільнікаў фота з усяго Савецкага Саюза. Аднак поруч з гэтым кірункам на базе мінскага ж фотаклубу ў 1980-я ўзнікла новае згуртаванне фатографаў, якое вылучалася іншым падыходам да «справы фатаграфіі». Гаворка ідзе пра студыі выбітнага фатографа і педагога Валерыя Лабко, набор у якія ён распачаў у 1983 годзе.

Валерый Лабко кіраваўся незвычайнымі прынцыпамі залічэння на свае «курсы»: яго цікавіла ў патэнцыйных аўтарах не выдатнае валоданне тэхнікай, а здольнасць да выказвання ўласнай думкі і арыгінальнасць мыслення. Дзіўная рэч, але такі эксперымент даў плён: у выніку на базе «Мінска» нарадзілася творчае асяроддзе, што выбухнула нараджэннем яскравых аўтараў і – як вынік – новай фатаграфіі, не падобнай ні на што іншае, што стваралася ў нас раней.

Праекты і выставы

У 1988 годзе ў Доме кіно адбылася групавая выстаўка студыйцаў Лабко і іх творчых аднадумцаў пад назвай «Пачатак» – і гэтая выстаўка, сапраўды, стала пачаткам шляху новых аўтараў да сусветнага прызнання. Творчую фатаграфію мінскіх фатографаў заўважылі замежныя спецыялісты: першым адзначыў яе адметнасць фінскі куратар Хану Ээрыкяйнен, потым – расійскі даследчык фотамастацтва Валерый Сцігнееў, далей – амерыканскі крытык Грант Кестэр… І яна была менавіта адметнай – яна не намінальна фіксавала падзеі і рэчы, а была фатаграфіяй, якая ўзаемадзейнічала з рэальнасцю, пераплаўляючы выяву і адчуванні аўтара ў мастацкія творы.

Аўтары працавалі з тэмамі калектыўнай памяці, траўмы (Ігар Саўчанка, Сяргей Кажамякін), ідэнтычнасці савецкага/постсавецкага чалавека (Уладзімір Парфянок, Галіна Маскалёва, Уладзімір Шахлевіч, Аляксандр Угляніца, Віктар Каленік), горада як ментальнага цела, часткі свядомасці калектыву (Іван Пятровіч, Вадзім Качан, Міхаіл Гарус)… Яны выкарыстоўвалі фатаграфію як перформанс (група «Беларускі клімат»). Выкарыстанне серый, шэрагу фотаздымкаў сталася тут прынцыповым падыходам, даючы фотамастакам магчымасць данесці да гледача складаныя па эмацыянальным і сэнсавым напаўненні пасланні.

4

«Беларускі клімат», серыя «Пакарэнне беларускіх пустынь» / з альбома «Беларуская фатаграфія 1990-х»

Выставы ў гарадах Беларусі, Прыбалтыкі, Расіі, Украіны, Грузіі, а далей і ўдзел у еўрапейскіх і амерыканскіх міжнародных праектах – адметнасць фатаграфіі прадстаўнікоў «мінскай школы» была сапраўды відавочная, ёю цікавіліся ўсё больш і больш.

Вось пералік толькі часткі праектаў, у якіх творы беларускіх мастакоў займалі цэнтральнае месца: «New Soviet Photography» (Фінляндыя, Швецыя, Данія, 1988–1989), «Eroosio/ Erosion. Soviet Conceptual Art&Photography of the 1980’s» (Фінляндыя, 1990), «СССР-фота. Фатографы з Мінску» (Данія, 1990), «Contemporary Photography from USSR» (ЗША, 1990), «Photo Manifesto: Contemporary Photography from USSR» (ЗША, 1991), «Contemporary Photography in New Independent States» (ЗША, 1992), «Мінулае–Будучыня: Пункт перакрыжавання» (Швецыя, 1998) і г. д. Трэба дадаць сюды гэтаксама публікацыі ў вядомых фотавыданнях свету, закупкі работ беларускіх аўтараў у еўрапейскія музейныя калекцыі.

Поспех быў не надуманы і не перабольшаны – на міжнароднай арт-сцэне прагучаў арт-феномен «мінскай школы» (а далей беларускай «новай хвалі», якая ўвабрала ў сябе і тых аўтараў, якія не будучы выхаванцамі школы Лабко, тым не менш, кіраваліся адпаведнымі творчымі падыходамі: фатаграфія як інструмент спасціжэння рэальнасці, фатаграфія як сродак спасціжэння зменаў уласнай свядомасці). Мяркую, што гэта была культурная з’ява, здольная і знутры змяніць стаўленне да сучаснай беларускай культуры як да другаснай, непаўнавартаснай, але, на жаль, яна была не надта заўважаная ўласна беларускім грамадствам.

«Мінская школа фатаграфіі» ў альбоме Артура Клінава

Альбом, які зрабіла каманда на чале з Артурам Клінавым, па сутнасці ёсць першай спробай расказаць пра гэтую ўнікальную спадчыну, сутнасць якой, на жаль, пакуль не ўсвядомленая большасцю. І тое, што альбом з’явіўся, безумоўна, вялікі крок наперад. Але ці ўдаецца ўкладальнікам выдання ў поўнай меры расказаць пра вышэйзгаданы феномен?

У пэўным сэнсе так, і значную працу тут выканала мастацтвазнаўца і куратар Іна Рэут, што задала ва ўступным тэксце патрэбны кантэкст, сістэму каардынат, у якой належыць разглядаць гэтую культурную з’яву. Аднак ў пабудове візуальнага шэрагу назіраюцца пэўныя праблемы, і пра іх мне хочацца распавесці больш падрабязна.

Што складае візуальны шэраг альбома? Збольшага гэта выбітныя серыі беларускіх мастакоў – тыя, што неаднойчы экспанаваліся ў прэстыжных залах Еўропы і Амерыкі, былі надрукаваныя ў вядомых замежных фотазборніках і, нарэшце, адкрытыя для ўвагі нашага гледача. Правакацыйная і яскравая серыя Уладзіміра Парфянка «Persona non grata», шалёная і моцная па візуальных эфектах работа Галіны Маскалёвай і Уладзіміра Шахлевіча «Вар’ятня», метафізічныя адбіткі Ігара Саўчанкі, «сціплыя» партрэты эпохі, выяўленыя ў цыкле Уладзіміра Шахлевіча «Партрэты для калгаснай дошкі гонару», серыя-насланнё «Фантомныя адчуванні» Сяргея Кажамякіна, як і яго «непрамоўленыя ўспаміны» – праца «Блакітныя матылькі», уражальны «Дзіцячы альбом».
2

Уладзімір Парфянок, серыя «Persona non grata» / з альбома «Беларуская фатаграфія 1990-х»

Вядома, частку выдання займаюць і выразныя партрэты Валерыя Лабко, яго калекцыі. Свежыя і рок-н-рольныя (па-іншаму і не скажаш) «фотавыступленні» «Беларускага клімату», якія былі сапраўдным падарункам для публікі, як і найцікавейшым матэрыялам; мажліва, не надта вядомыя, але знакавыя цыклы Міхаіла Гаруса, Вадзіма Качана, Івана Пятровіча, Аляксандра Угляніцы, фота Віктара Каленіка.

Здаецца, усё няблага, але ўражанне моцна псуе дзіўная дэталь – размяшчэнне аўтарскіх твораў. Работы фатографаў падаюцца ў адвольным парадку. Серыі змяняюць адна адну, не пакідаючы дакладнага адчування ад постаці аўтара і яго творчых пошукаў, што цалкам магло б адбыцца пры падзеле візуальнага кантэнту на персанальныя аўтарскія главы.

Можна было б абраць і іншы падыход: упарадкаваць матэрыял па тэмах, што дазволіла б разабрацца з тымі сэнсамі, з якімі працуюць аўтары. Але гэтага няма, і ў выніку галоўная адметнасць творчай фатаграфіі – яе канцэптуальны складнік – «вымываецца» ў адно візуальны.

Няма і ўцямнай пазіцыі наконт храналогіі работ (ва ўсялякім разе, не на храналогіі грунтуецца такое размяшчэнне твораў). Магчыма, укладальнікі хацелі захаваць стылёвае аблічча выданняў «Калекцыі пАРТызана», але ў выніку такой пабудовы візуальнага шэрагу ўмовы для разумення работ аўтараў не створаныя.

Іна Рэут у сваім аглядзе вельмі трапна адзначае адметнасць «мінскай школы фатаграфіі»: «І творы беларускіх фатографаў, якія мы разглядаем, цікавыя не толькі эксперыментамі з выявай, але найперш працай са свядомасцю. У іх працах значнае месца займае, напрыклад, памяць. Яны ўмеюць паказваць нябачнае. Узнімаюць экзістэнцыяльныя праблемы, якія маюць агульначалавечае вымярэнне, незалежнае ад ідэалогій. Пазбаўленая правінцыялізму “мінская школа творчай фатаграфіі” патрапіла ў агульначалавечы нерв».

У гэтым сэнсе вельмі дарэчным было ўбачыць, прасачыць, як кожны аўтар, прадстаўлены ў альбоме, знаходзіць свой шлях да выяўлення часу «злому эпох», у якім яму давялося жыць, як ён асэнсоўвае яго сродкамі фатаграфіі і чаму працуе менавіта з гэтымі тэмамі і абліччамі, як адбываецца эвалюцыя яго поглядаў. Аднак згаданы фармат прапаноўвае, на жаль, толькі панарамнае знаёмства з мастацкімі эксперыментамі. Маўляў, вось было і такое.

Першы крок да «новай хвалі» беларускай фатаграфіі

Прайдуся яшчэ раз па старонках альбома. Распачынае выданне ўжо «хрэстаматыйная» фатаграфія Сяргея Кажамякіна, якая ў свой час з’явілася на вокладцы амерыканскага «Фота/Маніфеста» ў 1990 годзе – дзяўчынка-немаўля на чырвоным сцягу Савецкага Саюза. Далей акампануе ўступнаму тэксту партрэт Валерыя Лабко з серыі «Беларускі клімат»; градус інтрыгі падтрымлівае размешчаная далей фатаграфія – «аплявуха грамадскаму густу» Уладзіміра Парфянка з серыі «Persona non grata»… Твор «Беларускага клімату», работа Вадзіма Качана, Уладзіміра Шахлевіча і Галіны Маскалёвай, Ігара Саўчанкі, Сяргея Кажамякіна і зноў Уладзіміра Шахлевіча. Гэты пачатак – яскравыя работы ў якасці ілюстрацый да тэксту – тыповы прыём для выданняў «Калекцыі пАРТызана», але чамусьці гэтая адвольная формула, алгарытм, захоўваецца і далей у стварэнні візуальнага аповеду. За пэўным цыклам аднаго аўтара ідзе серыя другога, за другой – калекцыя трэцяга, і раптам – новая серыя першага аўтара. Убачыць за гэтым прыёмам уцямную матывацыю, навошта гэта робіцца, на жаль, не атрымоўваецца.
3

Вадзім Качан, «Успаміны пра будучыню», «Чырвоны захад» / з альбома «Беларуская фатаграфія 1990-х»

Вялікім поспехам альбома можна назваць уключэнне ў яго разам з «хрэстаматыйнымі» фотасерыямі, вядомымі пэўнаму колу гледачоў, і тых работ, якія раней не былі шырока прадстаўленыя ці, увогуле, не друкаваліся: напрыклад, калекцыя Галіны Маскалёвай «Успаміны дзяцінства», трыпціх «Сабачка» Валерыя Лабко, серыя «Вясёленькая нядзеля» Уладзіміра Шахлевіча, цыкл «Надлом» Івана Пятровіча і г. д. Праўда, многія з іх моцна скарочаныя. У выніку такой рэдактуры некаторыя аўтары істотна пацярпелі: Міхал Гарус, Іван Пятровіч прадстаўленыя ў альбоме, на мой погляд, амаль фармальна. Разумею, што перад стваральнікамі выдання стаяла няпростая задача – паказаць «хіты», дзякуючы якім і ведаюць сёння пра мінскую творчую фатаграфію ў свеце, але акурат збалансаваны выбар паміж публікацыяй малавядомых, нетыражаваных калекцый і «тых самых» мог бы стаць удалай яго канцэпцыяй.
5
Галіна Маскалёва, Уладзімір Шахлевіч, серыя «Вар’ятня» / з альбома «Беларуская фатаграфія 1990-х»

Гэтага, на жаль, не здарылася. У выніку перад намі цудоўная зборка, якая ў пэўным сэнсе дэманструе выдатны пласт фатаграфіі, аднак не паўнавартасны альбом, які праз візуальны складнік даў бы адчуванне адметнасці і выразнай сілы «новай хвалі».

Тым не менш, нягледзячы на ўсе заўвагі, не падтрымаць выхад «Новай хвалі» нельга. Гэта першая спроба ў азначаным кірунку, якой да гэтай пары яшчэ нікому не ўдалося ажыццявіць. І калі бачыш на прэзентацыі ўсхваляваныя твары фатографаў, якіх пасля ўдзелу ў фінскіх, шведскіх, дацкіх праектах, пасля выставак у прэстыжных залах Нью-Ёрка, Балтымара, Берліна, Стакгольма, Будапешта, Капенгагена, Сопата, пасля закупкі іх калекцый Музеем сучаснага мастацтва Стакгольма, Каралеўскай бібліятэкай Даніі, Музеем фотамастацва Одэнсэ, публікацый іх работ на вокладках «Time», «PHOTO&video», каталогу «Sotheby’s» і г. д. – калі бачыш і адчуваеш іх радасць ад прызнання, хоць пакуль і ў невялікім коле суайчыннікаў, разумееш, як важна, калі гэты феномен пачынае асэнсоўвацца і ў Беларусі.

Спадзяюся, што альбом «Новая хваля. Беларуская фатаграфія 1990-х» стане пачаткам асэнсавання гэтай незаслужана незаўважанай культурнай з’явы, стваральнікі і актыўныя дзеячы якой, між іншым, жывуць і працуюць побач з намі.

Check Also

Аналітычная папера пра грамадскія ацэнкі сістэмы адукацыі ў Беларусі

Прадстаўляем вашай увазе аналітычную паперу па выніках сацыялагічнага даследвання, ажыццёўленга ў жніўні 2023 года. У ...