Чаму могуць навучыць нас «адзіночкі»?

1620221_660956277296693_1299915774_nАгляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта «Кніжны агляд» Iнстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Шадрина, А. Не замужем: Секс, любовь и семья за пределами брака. – М.: Новое литературное обозрение, 2014. – 240 с.

Агляд падрыхтаваны Аленай Талапіла.

У 2014-м пабачыла свет кніга Ганны Шадрынай «Не замужем: Секс, любовь и семья за пределами брака».

Актуальнасць гэтай тэмы тлумачыцца тым, што «одним из наиболее значительных демографических изменений последнего времени во всем мире становится рост числа людей не состоящих в браке» (с. 9). Новы сацыяльны феномен у Амерыцы заўважылі і пачалі вывучаць у канцы 1980-х гадоў. Аўтарка адзначае, што пры гэтым у краінах былога СССР рост колькасці людзей, якія жывуць па-за шлюбам, не толькі не вывучаны як сацыяльная з’ява, але нават не сфармуляваны ў якасці (даследчай) праблемы (с. 10). Тым не менш, згодна з перапісам 2009 года, траціна беларускіх мужчын і палова беларускіх жанчын сёння жывуць не ў шлюбе (с. 10).

«Адзіночкі» як новы сацыяльны феномен

У сваёй кнізе Ганна Шадрына даследуе прычыны і некаторыя наступствы гэтай новай рэальнасці (с. 10) і разглядае выклікі, з якімі сутыкаюцца нашы сучасніцы. Для гэтага аўтарка ў 2005–2013 гадах праводзіла інтэрв’ю з жанчынамі, якія жывуць у вялікіх постсавецкіх гарадах і не звязаныя рамантычнымі адносінамі. Ганна Шадрына не раз прагаворвае, навошта пісалася кніга: «Я намеревалась привлечь внимание к новой социальной реальности, в которой … «одиночек» будет становиться всё больше» (с. 15); «целью моих изысканий было выяснить, что «одиночки» думают о своей «одиночности», как они организуют свою жизнь за пределами брака» (с. 26); «я написала эту книгу для того, чтобы свести воедино разрозненную информацию о тех вызовах, с которыми сталкиваются мои современницы, живущие за пределами традиционной семьи. Я надеялась, что сумею сделать это таким образом, чтобы читатели и читательницы могли найти точки приложения моего исследования к своей повседневной жизни» (с. 209).

Тэарэтычнай рамкай аўтарка называе заходнія даследаванні трансфармацыі інтымнасці (у тым ліку ідэі Энтані Гідэнса ды інш.). Сярод метадаў згадваюцца аўтаэтнаграфія (фактычна апісанне ўласнага досведу) і інтэрв’ю (форма не канкрэтызуецца).

Кніга складаецца з сямі главаў, якія аўтарка ў прадмове падзяляе на дзве часткі. У першай частцы кнігі абмяркоўваюцца глабальныя прычыны ўзнікнення разнастайных спосабаў арганізацыі прыватнага жыцця, параўноўваюцца асаблівасці гэтых працэсаў у заходнім свеце і на постсавецкай прасторы. У другой – разглядаюцца індывідуальныя ўмовы, якія ўплываюць на выбар жыццёвага сцэнару.

Першая глава пад назвай «От чего зависит форма «первичной ячейки»?» шукае адказы на пытанне, што такое сям’я сёння. Другая глава («Кто такие синглы и «одиночки»?») даследуе, як новыя незамужнія жанчыны з’явіліся ў «масавай свядомасці», што робіцца нагодай для размовы пра «жаночую адзіночнасць», як пра яе гавораць на Захадзе і чаму па-руску гэтая тэма гучыць іначай (с. 64). Трэцяя глава («Зачем люди занимаются сексом?») канцэнтруецца на гісторыі сексуальнасці і сярод іншага спрабуе адказаць на пытанне «является ли секс в жизни «одиночек» особой темой?» (с. 13). Чацвёртая глава («Почему любить больно?») праблематызуе феномен рамантычнага кахання і яго галоўны сімвал – манагамны ідэал.

Пятая глава («Как насчет «материнского инстинкта»?») шукае адказы на пытанне: які варыянт рэпрадуктыўных паводзінаў сёння прымаецца за норму і чаму? Шостая глава («Где найти одиночество?») разглядае пытанні, што такое адзінота, чаму мы яе баімся і чаму яна патрэбная. Сёмая глава («Можно ли переписать личную историю?») прысвечаная спосабу стварэння асабістай гісторыі і наратыўнаму падыходу ў тэрапіі.

Кніга для прадстаўніц «умоўна «сярэдняга класу» ў Беларусі і Расіі?

Ганне Шадрынай «хотелось заинтересовать поднятыми … вопросами широкую читательскую аудиторию, поскольку новейшие общественные трансформации так или иначе затрагивают все социальные группы и сферы жизнедеятельности» (с. 14–15). Каго насамрэч магла б зацікавіць гэтая кніга? Вядома, трэба згадаць прадстаўнікоў акадэміі і даследчыкаў, якім цікавая тэма трансфармацый на постсавецкай прасторы. Але ў першую чаргу, мне здаецца, кніга зацікавіць тых, на чыіх гісторыях і будуецца апавяданне, – незамужніх жанчын умоўна «сярэдняга класу» (с. 23) і «сярэдняга ўзросту», якія змогуць убачыць у гераінях даследавання сябе. Тым не менш, жанчыны іншага ўзросту і сацыяльнага класу, з іншым статусам у адносінах, могуць знайсці паралелі з пошукамі аўтаркі, зыходнай кропкай якіх паслужыла пытанне «што са мной не так?» (с. 16), калі індывідуальныя стратэгіі ідуць уразрэз з чаканнямі грамадства і бліжэйшага атачэння. Аўтарка падкрэслівае: «Понятие «одинокая женщина» может включать юную участницу брачного рынка, пожилую вдову, зрелую современницу, находящуюся в разводе или не заинтересованную в романтических связях» (22). Аднак трэба адзначыць, што пошук новых жыццёвых стратэгій – не прэрагатыва жанчын, гэта тэма, актуальная для многіх нашых сучаснікаў.

Нягледзячы на імкненне да шырокай аўдыторыі, Ганна Шадрына ўсведамляе, што «проблематизация «одиночности» и теперь требует определенной смелости. Писать книгу о незамужних женщинах, во многом основанную на автоэтнографическом материале, как и посещать тематические семинары, означает совершать своеобразный камин-аут» (с. 170). Яна падкрэслівае, што ў яе мэты не ўваходзіць «прапаганда адзіноты» або сцвярджэнне таго, што адзін уклад жыцця лепшы за іншы (с. 169).

Кніга «Не замужем: Секс, любовь и семья за пределами брака» выйшла ў Расіі, у серыі «Библиотека журнала «Неприкосновенный запас» – у якой, паводле выдаўцоў, «представлены новейшие достижения во всех областях социальных наук» http://www.nlobooks.ru/books/Bibliotyeka-zhoornala-Nyeprikosnovyenniy-zapas. Сам часопіс «Неприкосновенный запас» http://magazines.russ.ru/nz/ пазіцыянуе сябе як «журнал споров, информации и наблюдений о политике, культуре, экономике и обществе». Задача часопіса – «обеспечить доступность интеллектуальных дебатов нашему читателю – образованному неспециалисту, не снижая при этом уровня дискуссии».

Што датычыць формы, то аўтарка абапіраецца на рэальныя гісторыі, прыводзіць публіцыстычныя артыкулы, фільмы і дыскусіі ў сацыяльных сетках, якія адносяцца да тэмы шлюбнага і рэпрадуктыўнага выбару; яна злучае і абагульняе інфармацыю з розных крыніцаў, імкнучыся знайсці ўзаемасувязі паміж агульным і прыватным (с. 12).

Ганна Шадрына правяла інтэрв’ю з шэрагам жанчын «умоўна «сярэдняга класу», не звязаных рамантычнымі адносінамі. Аўтарка прызнаецца: «Моя книга обращается к опыту незамужних женщин потому, что я сама принадлежу к исследуемой группе» (с. 16); «меня искренне заботило, является ли «одиночность» моим индивидуальным выбором или частью неких общих процессов» (с. 20). Звяртаючыся да досведу жанчын умоўна «сярэдняга класу», аўтарка тлумачыць гэты выбар даступнай ёй выбаркай, бо ў 2005 годзе Ганна Шадрына пачала апытваць сябровак і знаёмых, выкарыстоўваючы метад «снежнага кому» (с. 23): «Я намереваюсь говорить о горожанках более-менее одного со мной поколения, выросших и живущих в одних экономических и культурных условиях» (с. 24). Крытэры адбору былі наступныя: жыццё ў мегаполісе, наяўнасць вышэйшай адукацыі, паспяховая прафесійная гісторыя, вопыт арганізацыі прыватнага жыцця па-за рамантычным партнёрствам (працягласцю не менш за некалькі гадоў) (с. 23). І гэтыя галасы сучасніц (і голас самой аўтаркі, якая выкарыстоўвае метад аўтаэтнаграфіі) былі для мяне самай захапляльнай часткай кнігі. Яны гучаць у кожнай главе працы.

Якія пытанні яшчэ чакаюць працягу?

Ганне Шадрынай удаецца вытрымліваць у сваёй кнізе тон, які дазваляе нам сачыць за гісторыяй яе інтэлектуальных пошукаў: за развіццём яе цікавасці да тэмы «адзіночак», за тым, як на першы план выступалі канкрэтныя аспекты; мы чытаем пра семінары, якія паставілі цікавыя пытанні, пра тэксты, які падштурхнулі аўтарку задумацца, напрыклад, над тэмай рэпрадуктыўнага выбару. У цэлым стыль выкладу матэрыялу лёгкі і дынамічны, згодна з абяцаннем НЗ зрабіць інтэлектуальныя дэбаты даступнымі чытачу. Тым не менш, былі фрагменты, у якіх для дасягнення такой мэты можна было б развіць тэму (напрыклад, гендарны кантракт працоўнай маці на с. 48 або дыспазітыў улады паводле Фуко на с. 102) ці ўвогуле перагледзець неабходнасць спыняцца на пэўных аспектах або праясніць іх актуальнасць праз суаднясенне з «галасамі сучасніц», з гісторыямі асобных жанчын (напрыклад, псіхааналіз Лакана на с. 135-137).

Імпануе таксама, што Ганна Шадрына не баіцца рэфлексіі датычна сваіх стэрэатыпаў. Яна прызнаецца: «Я начала писать об «одиночках», полагая, что опрашиваемые мною женщины гетеросексуальны «по умолчанию». Но в процессе исследования обнаружилось, что не все мои информантки себя таковыми определяют» (с. 25–26).

Трэба дадаць, што ўжо адна толькі бібліяграфія вартая таго, каб патрымаць кнігу ў руках. Ганна Шадрына падкрэслівае, што на постсавецкай прасторы рост колькасці людзей, якія жывуць па-за межамі шлюбу, не вывучаны як сацыяльная з’ява. Тым больш важна, што ў бібліяграфічным спісе сабраныя кнігі і артыкулы, якія дазваляюць задаць кантэкст для такога даследавання. У спісе прадстаўленыя далёка не толькі заходнія акадэмікі. Аўтарка падкрэслівае: «Опыт американских карьерно успешных современниц и их сверстниц из постсоветских стран в чем-то похож, но проживается в принципиально разных условиях» (с. 21). Таму ў бібліяграфічны спіс уваходзіць шэраг даследаванняў, праведзеных на постсавецкай прасторы, у тым ліку беларускіх аўтараў.

Тэма, якая ў гэтай кнізе асабліва прыцягнула маю ўвагу, – «адзіночкі» на пенсіі (Глава 6. Где найти одиночество?). Ёй прысвячаюцца менш за дзесяць старонак, але я бачу тут вялікі даследчы патэнцыял, асабліва ўлічваючы старэнне насельніцтва ў Беларусі. «Уже сегодня очевидна необходимость поиска ответов на вопрос, как постсоветские государства намерены взаимодействовать с растущим числом «одиночек» среди пожилых людей, чтобы, изучая опыт старения за пределами традиционной семьи в разных странах, создать условия, которые помогут предотвратить социальную изоляцию и нужду», – піша Ганна Шадрына (с. 26). Асабліва важным мне здаецца тое, што аўтарка не толькі спыняецца на эканамічных аспектах пенсійнага жыцця, але падкрэслівае важнасць аўтаномнасці і рэалізацыі сваіх каштоўнасцяў для людзей любога ўзросту.

Я думаю, кніга «Не замужем» толькі выйграла б, калі б аўтарка ва ўводзінах праясніла форму сваёй працы. Ці ляжалі амбіцыі Ганны Шадрынай у акадэмічнай сферы? Ці гэта праца ў сферы навуковай журналістыкі? Ці нават кніга самадапамогі, пакліканая абгрунтаваць права жанчын на альтэрнатыўныя жыццёвыя стратэгіі?

Іншы неадназначны момант – аб’яднанне ў даследаванні буйных гарадоў Беларусі і Расіі. Аўтарка абгрунтоўвае гэта сваім геаграфічным становішчам (жыве ў Беларусі, бывае ў Маскве) і колам кантактаў. Да таго ж, піша Ганна Шадрына, «российские медиа продолжают занимать большую часть информационного поля в Беларуси, что дает возможность более широко представлять общность постсоветских процессов» (с. 24). Ці можам мы разглядаць жыхарак буйных гарадоў Беларусі і Расіі як адну групу? Буйныя гарады ў Беларусі – гэта толькі Менск? Прыводзячы выказванні сваіх інфармантак, Ганна Шадрына не пазначае, з якога яны горада ці з якой краіны. Гэта азначае, што паміж імі няма розніцы, звязанай з геаграфіяй і культурай? Ці розніца ёсць, але яна не істотная для гэтай кнігі? Ці супадаюць у прынцыпе працэсы ў Санкт-Пецярбурзе і Гомелі? Магчыма, гэта пытанні для асобнага даследавання.

У сувязі з гэтым праблемным уяўляецца фармулёўка пытання, пастаўленага аўтаркай у заключэнні: «Обретут ли «одиночки» в русскоязычном мире коллективную идентичность?» (с. 209). Моўны фактар не фігураваў сярод крытэраў адбору інфармантак. Ці ён усё ж такі меўся на ўвазе?

У заключэнне хачу адзначыць, што крытычная пазіцыя аўтаркі для мяне праблематычная з прычыны былой афіліяцыі Ганны Шадрынай з газетай «СБ – Беларусь сегодня», заснавальніцай якой выступае Адміністрацыя прэзідэнта. Аўтарка на пачатку ўводзінаў у кнігу апісвае «СБ» проста як «вялікую штодзённую газету» (с. 16), прапускаючы нюанс, што падпіска на гэтае выданне абавязковая ва ўсіх дзяржаўных установах і нават у некаторых прыватных арганізацыях. Гэта выклікае пытанне, ці не працуюць крытычныя лінзы аўтаркі толькі ў гендарнай перспектыве.

Тым не менш, кніга Ганны Шадрынай прапаноўвае агляд заходніх даследаванняў, прысвечаных трансфармацыі інтымнасці, гісторыі сям’і і жаночага пытання, а таксама статыстычныя звесткі з Расіі ды Беларусі; яно грунтуецца на ўнікальных інтэрв’ю і дае глебу для далейшых абмеркаванняў тых зменаў, якія перажываюць жанчыны і грамадства ў цэлым. Думаю, гэтую кнігу больш прадуктыўна разглядаць як прастору для пастаноўкі пытанняў і стымул для дыскусіі – і ў гэтым яе каштоўнасць.

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...