Спрадвечнае памежжа

СаўчанкаАгляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Andrew Savchenko (2009). Belarus – A Perpetual Borderland. Leiden  Boston: Brill239+X p. 

Агляд падрыхтаваў Аляксандр Пагарэлы.

Вельм радуе з’яўленне новых амерыканскіх даследванняў на тэму Беларусі, аўтары якіх ‒ беларусы, чыё станаўленне як навукоўцаў адбывалася адначасова на радзіме ў савецкім і постсавецкім кантэксце і па-за яе межамі. Тым больш цікава прасачыць, як гэтыя чыннікі уплываюць на даследчыя стратэгіі аўтараў, катэгорыі, якімі яны карыстаецца. Разглядаемая тут кніга якраз будзе выдатнай нагодай для гэтага.

Навуковец з універсітэта Род-Айленда (Кінгстан, ЗША) Андрэй Саўчанка абараніў кандыдацкую дысертацыю  па эканоміцы ў Акадэміі навук Беларусі, а пазней распачаў навуковую і выкладчыцкую кар’еру ў ЗША. Папярэдне ён займаўся параўнаўчым вывучэннем пост-камуністычных трансфармацый Польшчы, балтыйскіх дзяржаваў і Беларусі. Кола яго навуковых зацікаўленняў уключае эканоміку і сацыялогію, а праблематыка, да якой ён звяртаецца, таксама досыць шырокая: навуковая спадчына Талката Парсанса, канцэпцыі таталітарызму і інш.

Зацікаўленні аўтара, яго метадалагічныя ўпадабанні сфаарміравалі тыя падыходы, якія прывялі да паўстання разглядаемай манаграфіі “Беларусь: спрадвечнае памежжа”, якая выйшла ў галаднскім выдавецтве “Брыль” у серыі, назва якой можа збянтэжыць: “Культура і гісторыя Расіі”.

Як вынікае ўжо з назвы, аўтар разглядае Беларусь як нацыю на памежжы цывілізацыяў. Увасабленнямі гэтых двух розных цывілізацый–заходняй і усходняй–з’яўляюцца Польшча і Расія. Менавіта з пункту гледжання супрацьпастаўлення гэтых двух цывілізацыйных полюсаў, іх уплываў, змяншэння ці ўзмацнення такіх уплываў аўтар і разглядае развіццё Беларусі як нацыі і дзяржавы. У гэтым ён абапіраецца на польскага сацыёлага Рышарда Радзіка (Ryszard Radzik) (Radzik, 2000), у кнігах і артыкулах якога такі падыход прадстаўлены даволі выразна.

З усяго вялікага мноства вызначэнняў цывілізацыі Саўчанка выбраў такія (Сэмюэла Хантыгтана і Вацлава Белаградскага (Vaclav Belohradsky)), якія разглядаюць вызначаныя такім чынам супольнасці, як непазбежна аддзеленыя адна ад другой і ўзаемавыключныя. Саўчанка зусім не ўлічвае канцэпцыю Беларусі як цывілізацыйнага памежжа, распрацаванай Эльжбетай Смулковай (Elżbieta Smółkowa) (першай амбасадаркай Польшчы ў Беларусі) і польскім антраполагам Аннай Энгелькінг (Anna Engelking), якая імкнецца паказаць, што ў беларускім кантэксце канфесійныя і цывілізацыйныя адметнасці ўзаемадапаўнялі, але не выключалі адна другую на ўзроўні лакальных супольнасцей (Smółkowa, Engelking, 2007). Аднак Саўчанку цікавяць абагульненні на макраўзроўні, на узроўні цывілізацыяў.

Метадалагічна манаграфія Саўчанкі следуе мадэлі грамадства Талката Парсанса, якую ён спалучае з трыма падыходамі да канцэпцыі памежжа: геаграфічным (наяўнасць насельніцтва з прадстаўнікоў іншых цывілізацыяў унутры іншай); здольнасці розных сацыяльных груп успрымаць рысы паводзінаў і культуры прадстаўнікоў іншай цывілізацыі; трэці ж акцэнтуе шматузроўзневы характар узаемадзеяння паміж мясцовымі нарматыўнымі структурамі і тымі, якія былі запазычаны з іншых культур і цывілізацый.

Такія структуры, паводле Саўчанкі, увасабляюцца ў інстытутах грамадства памежжа. У якасці ж такіх інстытутаў аўтар называе дзяржаву, кіруючую эліту, палітычную сістэму і эканоміку. Аналіз змены характару такіх інстыттутаў цягам гісторыі і з’яўляецца прадметам увагі даследчыка. Застаецца тады пытанне, якія элементы мясцовай культуры былі першапачатковымі, на колькі яны былі “усходнімі” ці “заходнімі” перад тым як пачалі ўзаемадзейнічаць пры зменах унутры гэтых інстытутаў.

Саўчанка карыстаецца канцэпцыяй “культурнага суседства” Рамана Шпарлюка (Roman Szporluk), каб растлумачыць, што ў Беларусі, у адрозненне, скажам, ад той жа Літвы ці Эстоніі, не было такога своеасаблівага суседства, якое магло б спрыяць інтэграцыі ў еўрапейскую палітычную і культурную прастору. Калі Літва бачыла сябе часткай германа-скандынаўскага суседства для далейшай інтэгрыцыі ў структуры ЕС і НАТО, а Эстонія магла разлічваць на падтрымку з боку Фінляндыі, то ў выпадку Беларусі пра такое суседства, на яго погляд, казаць не выпадае.

Саўчанка карыстаўся пераважна другаснай літаратурай пры напісанні сваёй манаграфіі. Ён не працаваў у архівах і не праводзіў апытанняў. Але ў манаграфіі ён карыстаецца дадзенымі інтэрв’ю з прадстаўнікамі беларускіх гарадскіх класаў прафесіяналаў.

Кніга складаецца з трох вялікіх раздзелаў, кожны з якіх разбіты на некалькі падраздзелаў. Першы раздзел–“Тварэнне памежжа”. Тут спачатку Саўчанка забягае наперад і робіць цікавае параўнанне міжваенных незалежных балтыйскіх рэспублік і Беларусі пасля 1991 г. Зноў жа, міжваенны эксперымент з парламентарызмам і звышдэмакратычнымі канстытуцыямі ў выпадку балтыйскіх дзяржаў быў усё ж больш трывалы, працяглы і больш плённы, чым беларускі постсавецкі. У Беларусі, паводле Андрэя Саўчанкі, калі такі эксперымент у першыя гады незалежнасці і меў месца, то быў вельмі абмежаваны, нетрывалы і прывёў урэшце рэшт да ўсталявання аўтарытарнага рэжыму.

Нягледзячы на ўсталяванне аўтарытарных рэжымаў Антанаса Сметоны (Antanas Smetona) у Літве (1926 г.), Карліса Улманіса (Kārlis Ulmanis) у Латвіі (1934 г.) і Канстанціна Петса (Konstantin Päts) у Эстоніі (1934 г., аднак у 1937 г. адбылося частковае вяртанне да дэмакратыі) пазнейшыя падзеі ў 1990-х гг. паказалі, што вопыт міжваеннай незалежнасці і дэмакратычны парлментарызм  гэтага часу дапамаглі Балтыі дасягнуць значна большых поспехаў у пабудове дэмакратычных інстытутаў і інтэграцыі ў еўратлантычныя структуры.

Свой аналіз станаўлення беларускіх земляў як памежжа Саўчанка пачынае з 16 ст., калі паводле яго, у Еўропе пачаўся падвойны працэс развіцця нацыяў і мадэрнізацыі. Аўтар т. ч. не надае вялікага значэння папярэднім гістарычным і культурным працэсам. Гэта, аднак, можа змусіць чытача паставіць пад сумніў спрадвечны характар памежнага статуса беларускіх зямель, бо атрымліваецца, што да гэтага перыяду яны і не былі памежжам.

Разгляд тэндэнцый перыяду 16-17 стст. аўтар робіць у рамах сваёй метадалогіі і адсочвае характар развіцця інстытутаў і эканаміку і прыходзіць да высновы, што ў выніку слабасці гарадоў менавіта прадстаўнікі магнацтва і шляхты засталіся захавальнікамі тых інтстытутаў, культурных мадэляў, модаў і ўплываў, якія былі звязаны з заходняй цывілізацыяй. Сялянства, якое складала асноўную масу насельніцтва, Саўчанка у такой якасці не разглядае.

Далейшае развіццё Вялікага Княства Літоўскага, падзелы Рэчы Паспалітай, скасаванне царкоўнай уніі ў 19 ст. сведчаць аб паступовым павелічэнні расійскіх уплываў і памяншэнні польскіх, што дэманструе Саўчанка.

Наступны раздзел – “Ex Orient Lux: Беларуская наацыянальная дзяржава і Савецкі Саюз” засяроджваецца на беларускім нацыянальным праекце і тых гістарычных альтэрнатывах, якія стаялі перад нацыянальнымі элітамі. Важным тут аўтар лічыць не столькі нават, што беларуская нацыянальная дзяржаўнасць адбылася менавіта ў савецкай форме ў 1920-я гг., а тое, што ў той момант, калі беларускія эліты наблізіляся да рэалізацыі нацыянальнай незалежнасці, то не змаглі, на думку Саўчанкі, манапалізаваць ужыванне сілы на беларускіх землях за сабой скарыстаўшы рэсурс дзяржавы, як пра гэта выказаўся нямецкі сацыёлаг Макс Вэбер. Менавіта гэта і перадвызначыла стасункі беларускага нацыяналізму і палітычнай улады ў 20 ст.

Можна пагадзіцца з аўтарам у тым, што “Савецкая мадэрнасць, заснаваная на ідэях і тэхналогіях запазычаных з Захаду (і ў некаторых выпадках адкінутых у месцах іх паходжання) прыйшла ў Беларусь у расійскай форме”. Аднак зноў Андрэй Саўчанка падкрэслсівае, што ў выніку 2-й Сусветнай вайны савецкія інстытуты паказалі сваю жыццяздольнасць.

Трэці і апошні раздзел “Памежжа назаўжды: сучасная Беларусь” аналізуе познесавецкі перыяд і тэндэнцыі ў эканоміцы і грамадстве. У познесавецкі перыдя большасць беларусаў не бачыла ў савецкім ладзе нічога дрэннага, бо папярэдне шмат выйграла ад савецкіх індустрыялізацыі і ўрбанізацыі.

Трэба зазначыць, што ўвага Саўчанкі у гэтым раздзеле пераключаецца з інстытутаў на магчымасці беларускага грамадства сфарміраваць сярэдні клас – групу самадастатковых прыватных уласнікаў з уласнымі інтарэсамі і незалежных ад дзяржавы прафесіяналаў. Слабасць гэтай групы Саўчанка і указвае ў якасці адной з прычынаў кансалідацыі і далейшага існавання сучаснага палітычнага рэжыму ў Беларусі.

Прымаючы гэта да ўвагі трэба адзначыць, што паміж радкоў кнігі прабіваецца знакамітая афарыстычная тэза з навуковай спадчыны гісторыка і сацыёлага Барынгтана Мура малодшага (Barrington Moore Jr.): “Няма буржуазнай партыі‒няма і дэмакратыі” (Moore, 1974). Гэта яўна дэтэрмінісцкі падыход, на што звярталі ўвагу крытыкі Мура.

У яго мадэлі не знаходзілася месца для “маленькіх” еўрапейскіх нацыяў Заходняй, Паўночнай і Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Тым не менш уплыў яго ідэй вельмі вялікі і нядзіўна, тым не менш прапанаваны ім аналіз ролі памешчыкаў і сялян ў стварэнні сучаснага свету і сцэнараў палітычнага развіцця розных грамадстваў у бок пабудовы дэмакратычных ці дыктатарскіх рэжымаў з’яўляецца як ніколі актуальным і сёння.

Аднак аналіз на падставе такога падыходу не павінен быць рэдукцыянісцкім. Даследчык з Род-Айленда не паспрабаваў нек адаптаваць яго ідэі да беларускага кантэксту і прааналізаваў толькі адну сацыяльную складову‒эліты. Наўрад ці аўтар меў намер рэдукаваць асаблівасці эканамічнага і палітычнага развіцця беларускіх зямель да гэтага кампанента, але вынік атрымаўся менавіта такі.

Цягам усяго раздзелу аўтар вельмі шмат месца прысвяціў дэталёваму разгляду інфляцыйнай эканомікі Беларусі 2-й паловы 1990-х‒пач. 2000-х гг. Можа скласціся ўражанне, што такі безумоўна патрэбны і актуальны аналіз тым не менш замінае асэнсванню таго, якія групы маглі б стаць падмуркам такога класу, каго да яго можна было б аднесці ўжо сёння. Нейкія дадзеныя на гэту тэму ў выглядзе табліц, графікаў і інш. таксама адсутнічаюць. Названая аўтарам у якасці прычыны прэвентыўная палітыка рэжыму, якая замінае паўстанню такога сярэдняга класу, як выглядае, не зусім вычэрпвае магчымыя тлумачэнні.

Як досыць цікавы можна разглядаць тут падраздзел пад назвай “Палітычная эканомія інстытуцыянальнага сімбіёзу: Беларусь і Расія будуюць будучыню разам”. Тут аўтар указвае на тое, што хоць і ўдалося дзякуючы аднаўленню вытворчых сувязяў і экспарту ў Расію, ільготным коштам на нафту ажывіць беларускую эканоміку і нават мадэрнізаваць некаторыя вытворчасці, павялічыць інвестыцыі ў некаторыя галіны, тым не менш гэтыя магчымасці не былі выкарыстаны для карэннай рэструктурызацыі, бо інстытуцыянальны сімбіёз Беларусі і Расіі перажываў і будзе перажываць спробы перагляду і перафарматавання, што адбываецца не на карысць Беларусі, як лічыць Саўчанка.

Адной з прычынаў замацавання рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі даследчык з Род-Айленда бачыць у тым, што ў беларусаў адсутнічае іншы, апрача савецкага, гістарычны вопыт. Вышэй Саўчанка якраз згадвае вопыт міжваеннай гісторыі Заходняй Беларусі, дзе беларусы фактычна ўпершыню ў гісторыі галасавалі ў парламенцкіх выбарах за сваіх кандыдатаў у сейм. Што ж, у святле гэтага дадзены тэзіс можна лічыць больш чым спрэчным.

Спрэчным выглядае таксама сцвярджэнне аўтара аб тым, што “…ні тая [Расія], ні другая [Польшча] не зацікаўлены ў захаванні незалежнасці сваёй меншай суседкай…”. Па-за ўвагай даследчыка засталася значная роля ідэяў рэдактара парыжскага часопіса “Культура” Ежы Гедройця (Jerzy Giedrojć) ў выпрацоўцы сучаснага знешнепалітычнага курса Польшчы ў адносінах да яе ўсходніх суседзяў уключна з Беларусcю. А курс гэты грунтуецца на падтрымцы незалежнай і суверэннай Беларусі як будучай часткі адзінай Еўропы.

Нельга пагадзіцца і са словамі аўтара аб тым, што пасляваенны абмен насельніцтва паміж Польшчай і БССР меў характар этнічнай чысткі. Сучасныя публікацыі не дазваляюць так катэгарычна аб гэтым казаць (Вялікі, 2005; Mironowicz, Tokć, Radzik, 2005).

Саўчанка спрабуе накрэсліць верагодныя сцэнары будучага развіцця Беларусі, указваючы на самыя розныя чыннікі магчымых зменаў. Гэта могуць быць такія традыцыйныя інстытуты  як Каталіцкі касцёл ці новыя як інтэрнэт. Варта дадаць, што распаўсюджанне пратэстанцкіх дэнамінацыяў таксама можна аднесці сюды. Аднак патэнцыял ўсіх гэтых тэндэнцый цяжка сёння адназначна ацаніць.

Беларускае сялянства мала прысутнічае ў аналізе Саўчанкі. Падаецца таксама дзіўным, што ён не скарыстаўся з патэнцыялу творчасці Эрнеста Гелmнера (Ernest Gellner), які прааналізваў умовы неабходныя для ператварэння аграрнага пераважна грамадства ў сучаснае плюралістычнае і капіталістычнае. Гэты даследчык ўлічвалі ў сваіх працах месца Цэнтральна-Усходняй Еўропы і яе сялянства ў пераходзе да капіталістычнай мадэрнасці (Gellner, 1989: 154-170).

Аўтар падкрэслівае адно, заходняе, вымярэнне нацыятворчых працэсаў у Беларусі у той час як у гістарыяграфіі замацоўваецца погляд на тое, што розныя чыннікі і цывілізацыйныя вектары хутчэй уступалі ўва ўзаемадзеянне, чым супрацьстаялі. Гэта можна прасачыць на прыкладзе таго ж заходнерусізму і беларускага нацыянальнага руху (Терешкович, 2004: 134-144).

Андрэй Саўчанка зрабіў цікавую спробу на падставе існуючай на сёняшні дзень літаратуры і даступных крыніц прадставіць сваю аўтарскую версію гісторыі Беларусі апошніх пяці стагоддзяў як памежжа. Яму гэта ўдалося толькі часткова, але трэба прызнаць і заслугі даследчыка ў сэнсе аналіза беларускай эканамічнай мадэлі і яго назіранняў за некаторымі сацыяльнымі тэндэнцыямі ў краіне.

Cама яго праца, яе метадалогія ўяўляе сабой цікавы прыклад даследчай няўпэўненасці. Ён імкнецца да спрашчэння прэзентацыі свайго матэрыялу і прадмету, выкарыстаўшы вельмі спрэчны і сумніўны канцэпт цывілізацыяў. Адначасова яго праца з’яўляецца прыкладам таго, як тэарэтычныя падыходы да Беларусі як даследчага поля, якія нарадзіліся ў яе блізкім суседстве (канцэпцыя польскага сацыёлага Рышарда Радзіка) дзякуючы гэтай самай няўпэўненасці могуць быць папулярызаваны ў заходняй навуцы. Але таксама не трэба чакаць і ўсплеска колькасці заходніх працаў, якія паўсталі б у рэчышчы гэтай канцэпцыі.

Улічваючы ж тыя абставіны, што ў заходняй акадэмічнай культуры даследчая праца не з’яўляецца самотным высілкам, бо Андрэй Саўчанка прыводзіць у сваёй працы навукоўцаў, якія давалі яму парады і дапамогу, чыталі рукапіс, то яго манаграфію, улічваючы ўсе peer reviews, можна лічыць і зрэзам уяўленняў пра тое, як падыходзяць да вывучэння беларускай праблематыкі прынамсі частка заходняй акадэмічнай супольнасці.

 

Літаратура, якая згадваецца ў аглядзе

1. Ryszard Radzik (2000). Między zbiorowością etniczną a wspolnotą narodową:Białorusini na tłe procesow narodotworczych w Europie Srodkowo-Wschodniej w XIX wieku. Lublin:UMCS.

2. Elżbieta Smółkowa, Anna Engelking (2007). “Uwagi o metodzie badań terenowych na pograniczach Białorusi”, 5-14, у Elżbieta Smółkowa (Red.). Pogranicza Bialorusi. W perspektywie interdyscyplinarnej. Warszawa: DiG.

3. Barrington Moore, Jr (1974). Social Origins of Dictatorship and Democracy. Lord and Peasant in the Making of the Modern World. Harmondsworth: Penguin University Books.

4 Анатоль Вялікі (2005). На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946 гг.). Мінск: БДПУ імя М. Танка‒НА РБ.

5. Eugeniusz Mionowicz, Siarhiej Tokć, Ryszard Radzik (2005). Zmiany struktury narodowościowej na pograniczu polsko-biłoruskim w XX wieku. Białystok: Wydawnictwo uniwersytetu w Białymstoku.

6. Ernest Gellner (1989). Plough, Sword and Book. The Structure of Human History. Chicago and London: University of Chicago Press.

7. П. В. Терешкович (2004). Этническая история Беларуси 19 – начала 20 вв. в контексте Центрально-Восточной Европы.  Минск: БГУ.

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...