Шляхі міжваеннай Уніі

Свирид

Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Свирид, А.Н (2012). Униатская церковь в Западной Беларуси (1921-1939 гг.). Брест: БрГУ, 218 с.

Агляд падрыхтаваў Айцец Андрэй Крот.

Манаграфію берасцейскага гісторыка Аляксандра Мікалаевіча Свірыда “Униатская церковь в Западной Беларуси (1921-1939 гг.)” можна назваць доўгачаканай. Поўнага  сістэматычнага агляду гісторыі адраджэння Уніі ў Заходняй Беларусі ў 20-30-х гадах 20 стагоддзя у сучаснай гістарыяграфіі няма, і менавіта на заняцце гэтай нішы прэтэндуе аўтар манаграфіі.

Манаграфія складаецца з чатырох раздзелаў. Адразу ва ўступе аўтар піша, што гісторыя Уніяцкай Царквы – адзін з найбольш яскравых прыкладаў дыяметральна супрацьлеглага стаўлення розных грамадскіх груп і гісторыкаў да адной і той жа з’явы, але кожная думка павінна абапірацца на факты. Таму сваю працу гісторык пачынае з вывучэння шырокага спектра гістарычных даследванняў і крыніц. У першым раздзеле ён вылучае некалькі груп даследчыкаў гісторыі Уніяцкай Царквы ў 20-30-я гады 20 стагоддзя, сярод якіх найбольш увагі надае беларускім савецкім даследчыкам і сучасным беларускім даследчыкам (якія працавалі ў 1990-я—2000-я гады).

У даследваннях савецкіх гісторыкаў аўтар падкрэслівае відавочныя ідэалагічныя ўстаноўкі: Унія выкарыстоўвалася для апалячвання беларускага народу і замацавання ўлады эксплуататараў; гэта была зброя антысавецкіх інтрыг; працоўныя масы не прынялі Унію, бо прынялі ідэі КПЗБ і г.д., а станоўчы момант бачыць ва ўвядзенні ў навуковы абарот вялікага фактычнага матэрыялу. У працах сучасных даследчыкаў А.Свірыд заўважае шмат новых тэндэнцый, часам  супрацьлеглых поглядаў, калі частка гісторыкаў бачыць у Уніі носьбітку беларускай культуры і нацыянальнай самасвядомасці, а іншыя катэгарычна не згаджаюцца з гэтай пазіцыяй.

Даследчык звяртае асаблівую ўвагу на існаванне некалькіх шляхоў адраджэння Уніі на тэрыторыі Польшчы ў 1921-1939 гады і перадусім разглядае 2 з іх: грэка-каталіцкі абрад і Каталіцкую Царкву візантыйска-славянскага абраду. Грэка-каталіцкім абрадам у міжваеннай Польшчы называўся абрад Уніяцкай Царквы, якая захавалася ў Заходняй Украіне пад уладай Аўстра-Венгерскай імперыі. Паводле польскага заканадаўства Грэка-Каталіцкая Царква магла існаваць толькі ў Заходняй Украіне.

Спроба адраджэння Уніі ў форме візантыйска-славянскага абраду (які ў гістарыяграфіі называецца яшчэ “візантыйскім”, “славянскім”, “нэауніяцкім”, “нэаславянскім”, “нэавізантыйскім”) была зроблена ў Заходняй Беларусі (65). Асаблівасцю гэтага шляху, на думку гісторыка, было тое, што ўсходні абрад разумеўся не як абрад Праваслаўнай Царквы, а як адзін з каталіцкіх абрадаў, які Каталіцкая Царква прапаноўвала праваслаўным вернікам “ад сябе” (65).

Паводле А.Свірыда, у пачатку праект быў арыентаваны на хуткі распаўсюд гэтага абраду на тэрыторыі былой Расійскай імперыі, якая разумелася як адзінае цэлае, а Заходняя Беларусь і Украіна станавіліся “палямі эксперыментаў для новай аб’яднаўчай палітыкі”. Юрыдычнай асаблівасцю Царквы візантыйска-славянскага абраду сталася падпарадкаванне яе парафій рыма-каталіцкім біскупам.

Берасцейскі даследчык узгадвае іншыя праекты адраджэння Уніяцкай Царквы: падпісанне новай уніі з ерархіяй Праваслаўнай Царквы, увядзенне бірытуалізму (калі 2 супольнасці – рымскага і візантыйскага абрадаў – мог бы абслугоўваць адзін святар). Па розных прычынах гэтыя праекты не былі рэалізаваныя.

Даследванне дзейнасці Грэка-Каталіцкай Царквы ў Свірыда выглядае найбольш аб’ектыўным. У другім раздзеле Свірыд апісвае распаўсюд грэка-каталіцтва (а значыць уплыву Львоўскай мітраполіі і яе мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага) на тэрыторыю Беларусі ў пачатку 20 стагоддзя. Аўтар прыводзіць гісторыю кантактаў мітрапаліта з беларускай інтэлігенцыяй яшчэ да пачатку Першай Сусветнай вайны, апісвае розныя яго праекты па адраджэнні Уніі ў Расійскай імперыі (напрыклад, набыццё пад Менскам маёнтка і перасяленне туды сялян грэка-католікаў, якія меліся б стаць асновай для далейшай місіянерскай працы).

Свірыд засяроджваецца таксама на дзейнасці біскупа Іосіфа Боцяна, які падчас Першай Сусветнай вайны быў прызначаны А.Шаптыцкім на тэрыторыі, дзе Уніяцкая Царква была знішчаная пасля 1839 года. Біскуп Боцян вёў актыўную місіянерскую дзейнасць на тэрыторыі Заходняй Беларусі, А.Свірыд адзначае, што мясцовае насельніцтва аказвала яму і яго святарам вялікую падтрымку. Пасля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад Другой Рэчы Паспалітай варожыя адносіны польскіх уладаў да Грэка-Каталіцкай Царквы, якую яны лічылі апорай украінскага нацыяналізму, перашкодзілі развіццю місіянерскай дзейнасці грэка-каталіцкага духавенства.

Пасля стварэння парафій візантыйска-славянскага абраду, Грэка-Каталіцкая Царква, не маючы магчымасці наўпрост уплываць на іх развіццё, дапамагала ім ускосна: да працы ў візантыйска-славянскім абрадзе прыцягваліся грэка-каталіцкія манаскія згуртаванні, матэрыяльна падтрымліваліся святары і парафіі. Ерархія Грэка-Каталіцкай Царквы падтрымлівала спробы каталікоў візантыйска-славянскага абраду выйсці з падпарадкавання рыма-каталіцкай ерархіі і мець уласнага біскупа.

А.Свірыд звяртае ўвагу на тое, што мітрапаліт Шаптыцкі і яго паплечнікі падтрымлівалі таксама беларускі нацыянальны рух, у прыватнасці, мітрапаліт фінансаваў выданне беларускай каталіцкай газеты “Крыніца”.

Дзейнасць святароў візантыйска-славянскага аўтар разглядае ў раздзеле “Распаўсюд Каталіцкай царквы Візантыйска-славянскага абраду. Метады, якія выкарыстоўваліся ў місійнай працы. Стварэнне і дзейнасць усходніх аддзелаў манаскіх ардэноў”.

Нягледзячы на дэклараваную аб’ектыўнасць, Аляксандр Свірыд інтэрпрэтуе дзейнасць святароў візантыйска-славянскага абраду ў скандальным рэчышчы і бачыць у іх дзейнасці падман, подкуп і абяцанне зямных дабротаў. Так, імкненне святароў візантыйска-славянскага абраду у набажэнствах не адрознівацца ад абраду праваслаўнай Царквы аўтар лічыць толькі “бачнасцю” (104). Правядзенне абрадаў бясплатна ці за сымбалічную плату, лічыць не праявай бескарыслівасці, а адным з асноўных метадаў місіянерскай працы. Прыклад ахвярнага і бескарыслівага служэння А.Свірыд бачыць толькі ў айца Вацлава Аношкі, адзначаючы, што падобныя паводзіны не былі характэрнымі для нэауніяцкага духавенства (108).

У гэтым аўтар супярэчыць сам сабе, апісваючы парафіі Альбярцін, Бабровічы, Таракань, Зарэчча і іншыя, дзе святары, манахі і манахіні праводзілі асветніцкую і дабрачынную дзейнасць, дапамагалі таленавітай моладзі, хворым і г.д. Дабрачыннай дзейнасці нэауніяцкага духавенства аўтар прысвячае пяць радкоў, а асветніцкую (напрыклад, заснаванне ў Альберціне дзіцячага садка і моладзевых арганізацый) лічыць “выхаваннем сабе прыхільнікаў сярод наступных пакаленняў” (109). І нават узгадваючы дзейнасць а.В.Аношкі, Свірыд прыводзіць сумніўныя звесткі пра “частаванне  гарэлкай і цукеркамі” вернікаў як метад місіянерскай працы (108).

Найбольш цікавай часткай працы з’яўляецца падраздзел “Населеныя пункты, у якіх былі зроблены спробы арганізацыі уніяцкіх парафій”. Тут прыводзяцца звесткі пра 70 населеных пунктаў Заходняй Беларусі і Падляшша, дзе былі спробы стварэння каталіцкіх парафій візантыйска-славянскага абраду. Больш увагі аўтар надае тым населеным пунктам, у якіх дзейнічалі паўнавартасныя парафіі (Альбярціну, Бабровічам, Таракані, Альпеню, Дэлятычам), аднак узгадвае і мясцовасці, дзе толькі некалькі разоў адбываліся нэауніяцкія набажэнствы, альбо, дзе спробы стварэння парафій былі толькі авантурай выпадковых асоб (напрыклад, Дзікушкі Лідскага павету).

Што датычыць стаўлення Польскай дзяржавы да Царквы візантыйска-славянскага абраду, то аўтар адрознівае розныя перыяды і узроўні гэтых адносін, якія змяняліся ад стрыманых у 1920-я гады да адмоўных – у 1930-я. Вынікі праведзенага А.Свірыдам глыбокага і змястоўнага аналізу цалкам абвяргаюць тэзіс савецкай гістарыяграфіі аб насаджэнні нэауніі польскімі ўладамі з мэтай паланізацыі беларусаў і украінцаў. Даследчык робіць выснову, што польскія ўлады паставілі за мэту планамернае і мэтанакіраванае знішчэнне Каталіцкай Царквы візантыйска-славянскага абраду, але хацелі прадставіць гэта як натуральны ход падзей.

Аляксандр Свірыд вылучае шэраг прычын змены адносін дзяржавы да нэауніі: скрайняя прыхільнасць палякаў да каталіцтва лацінскага абраду; нязгода польскіх уладаў з палітыкай апостальскай Сталіцы, якая імкнулася вызваліць нэаунію ад польскіх уплываў; узмацненне грэка-каталіцкага ўплыву на Каталіцкую Царкву візантыйска-славянскі абраду, і, як вынік, узмацненне ў ёй нацыяналанага элемента, у якім польскія ўлады бачылі пагрозу сваёй паланізатарскай палітыцы; пагаршэнне адносін паміж дзяржавай і Праваслаўнай Царквой.

Даследванне А.Свірыда з’яўляецца дастаткова поўным, хаця дзейнасць каталіцкіх парафій візантыйска-славянскага абраду ў Заходняй Беларусі патрабуе больш аб’ектыўнага разгляду. Апошні сказ манаграфіі выглядае незразумелым і правакацыйным: аўтар гаворыць, што “прызнаная дзяржаўнай уладай шкоднай рэлігійная арганізацыя [Уніяцкая Царква] можа аказацца сэнсам і асновай унутранага духовага жыцця асобнага канкрэтнага чалавека” (193).

Check Also

Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў ...

Яндекс.Метрика