Хіба ж гэта маладосць? “Цудоўныя гады сабаку пад хвост”

125813_originalАгляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Міхал Вівег. Цудоўныя гады сабаку пад хвост. Пераклад з чэшскай мовы Сяргея Сматрычэнка. – Мінск, І. П. Логвінаў, 2013. – 299 с. – Чэшская калекцыя.

Агляд падрыхтаваны Алесяй Серадой.

Знаёмства з творамі сучасных ўсходнееўрапейскіх літаратараў, ды яшчэ на беларускай мове (што таксама зацягвае нас у спецыфічны соцыякультурны кантэкст) – насамрэч вельмі важная і сур’ёзная справа, якая выходзіць далёка за межы чыста філалагічных забаваў. Польская або літоўская, а ў асаблівасці чэшская літаратура другой паловы ХХ стагоддзя апісвае часы ды праблемы, праз якія, магчыма, давядзецца калі-небудзь прайсці і нам, беларусам. Кардынальныя грамадскія ператварэнні, шматкротныя змены арыентыраў, а пасля ўсяго гэтага – спроба асэнсаваць сябе, свае ўчынкі і пазіцыю ў кожны момант часу і не з’ехаць пры гэтым з глузду… Як гэта атрымоўваецца ў герояў ды пісьменнікаў і ці атрымалася б у нас саміх?

Адказы на гэтыя пытанні нам часткова дае выдавецкая серыя “Чэшская калекцыя”, адметная якасцю перакладчыцкай працы ды арыентацыяй на сучаснасць. Серыя была заснаваная ў 2006 годзе, яе куратар – вядомы беларускі філолаг і перакладчык Сяргей Сматрычэнка, і ў рамках серыі ўжо выходзілі кнігі Ганы Андронавай, Антоніна Баяі, Яхіма Топала, Яраслава Рудзіша, Вацлава Гавела, Эгана Бонды ды іншых. Акрамя самога Сматрычэнкі, над перакладамі працавалі Вераніка Бяльковіч, Марыя Мартысевіч, Макс Шчур. 2012-2013 гады стаў найбольш пладавітым для праекту: былі прэзентаваныя чатыры кнігі (гэта столькі ж, колькі выходзіла ў серыі раней), і адна з іх – гэта і ёсць “Цудоўныя гады”, праслаўленыя на сваёй радзіме.

Паводле мастацкай задачы “Цудоўныя гады сабаку пад хвост” можна паставіць паміж традыцыйнай “літаратурай шрамаў” постсацыялістычных краінаў і “Пакаленнем Х” Дугласа Коупленда. Гэта іранічная рэфлексія над суровасцямі і абсурднасцю даўно мінулага (на апісаных тэрыторыях) сацыялістычнага ладу. З іншага боку, гэта партрэт пакалення, што было ўзгадавана ў час пераменаў, назірала перманентнае разбурэнне грамадскіх каштоўнасцяў і зараз не надта спяшаецца вызначаць сабе новыя.

Нягледзячы на яркасць характараў, якая шмат у чым ідзе ад аўтабіяграфічнасці, галоўны герой кнігі – ўсё-ткі сама эпоха ад пачатку шасцідзесятых да канца васьмідзесятых гадоў. Гэта выяўляецца праз шматлікія супадзенні ды яўныя метафары – відаць, знарок не надта вытанчаныя. Пачаць з таго, што галоўны герой, Квіда, нараджаецца літаральна пад сцэнай культавага тэатра “На Забрадлі” – унікальнага ў плане культурнага ўплыву месца, дзе пачынаў сваю драматургічную кар’еру Вацлаў Гавел. Што ў праграме? Вядома, “У чаканні Гадо”! Дарэчы, такі просталінейны сімвалізм таксама робіцца аб’ектам аўтарскай самаіроніі: не можа быць, каб усё склалася менавіта так, – аднак рэчаіснасць у пэўныя моманты сапраўды нагадвае даволі дурную п’есу, калі не той самы тэатр абсурду. І ў дзіўнаватым мастацкім свеце Вівега сімвал перамены дзяржаўнага ладу – гэта тры папугайчыкі, што заўсёды злятаюць з пражскай кватэры менавіта ў такі момант.

Галоўная вартасць твора – тонкае адчуванне дыстанцыі, тая іронія, з якой аўтар крыху адчужаецаа ад уласнага вопыту, каб паказаць нам сапраўды шматмерную карціну тагачасных грамадскіх падзей. Дзякуючы гэтаму раман адыходзіць ад звычайнага выкрыцця заганаў саціялізму і набывае новае вымярэнне глыбіні (тут прыгадаем таксама зусім не просты “Бывай, Ленін”). Хітраваты позірк на герояў ды падзеі “трохі збоку” яшчэ больш падкрэсліваецца праз персанажа рэдактара-цэнзара, што нібыта вычытвае чарнавік рамана і дае парады Квіду. Наўрад ці ў рэальным жыцці пісьменнік слухаў бы гэтыя парады з такой наіўнасцю: хутчэй за ўсё, гэта праекцыя дыялогу з унутраным цэнзарам, а калі абагульняць, – то і з аўтарскім сумленнем.

Калі выкрасліць з рамана Квіда ўсё, што не адпавядае сучаснай палітыцы, цяперашняму стану думкі аўтара ды ўяўленю прататыпаў пра саміх сябе, то такі раман проста разваліцца. Але ж тое самае адбываецца і з чалавечай свядомасцю, што перманентна праходзіць праз пераацэнку каштоўнасцяў. Такі няўдалы пераход можа літаральна разбурыць асобу, як гэта паказана праз фігуру бацькі Квіда, што заўсёды стараецца быць справядлівым, усё рабіць найлепшым чынам, ні з кім не канфліктаваць і ў выніку сапраўды губляе розум. Тут мы хіба што можам зрабіць заўвагу аўтару, што вар‘яцтва – зусім неарыгінальнае вырашэнне падобнай праблемы з літаратурнага пункту гледжання. Аднак сама рэчаіснасць, магчыма, магла б тут з намі паспрачацца, – калі б у нас была надзейная статыстыка ўзроўню псіхічнага здароўя для падобных часоў грамадскіх зрухаў.

У рэшце рэшт, раман “Цудоўныя гады сабаку пад хвост” – пра тое, як час мяняе людзей, і пра тое, як яны пры любых абставінах застаюцца сабой. Маці Квіда так і не прывыкае да сабакаў, бацька, зрабіўшы яшчэ некалькі кар’ерных зігзагаў, трапляе менавіта на тую пасаду, якую прыглядаў сабе напачатку, а сам Квіда робіцца прафесійным літаратарам, кім ён лічыў сябе, паводле яго словаў, яшчэ з часоў, што папярэднічалі яго нараджэнню, звязаўшы свой лёс з жанчынай, якую ведае яшчэ з дзіцячага садку. Дык навошта былі ўсе гэтыя выпрабаванні, якія героям, як і іх прататыпам, давялося не без цяжкасцяў і страт пераадолець?

Дазволю сабе правакацыйную ўласную думку: загаловак кнігі, разам з яе пафасам, можа быць вельмі блізкі па духу і тым, хто нарадзіўся ў Беларусі ў васьмідзесятыя гады дваццатага стагоддзя, – прынамсі, у плане дынамікі таго, як асабістыя лёсы накладваюцца на гістарычныя падзеі ды змены атмасферы ў грамадстве. Ці будуць такія кніжкі і пра наша пакаленне? Ад гэтага залежыць, ці аформіцца калі-небудзь час, у які мы зараз жывем, як “культурная эпоха”, або так і застанецца паміжчассем, што пражываецца ў пакутлівым чаканні Гадо.

Check Also

Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў ...

Яндекс.Метрика