Расчараванне выхаваннем

-------Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Крывуць Віталь Пад шыльдай «дзяржаўнага выхавання»: рэалізацыя ўрадавых выхаваўчых канцэпцый на тэрыторыі Заходняй Беларусі (1926 – 1939 гг.). –Баранавічы, РВА БарДУ.—2010. 195, [5] с.

Агляд падрыхтаваны гісторыкам Андрэем Чарнякевічам.

Ужо ва ўступе, з самага першага сказа, аўтар падае галоўную тэму працы, як “вывучэнне праблематыкі выхаваўчай палітыкі, якую праводзяць правячыя колы дзяржавы ў адносінах да маладога пакалення…”. Пасля чаго, праўда, незаўважна ад паняцця “правячыя колы” пераскоквае на тэрмін “правячыя эліты”, які ўжывае ў якасці сіноніма апошняга (с. 4).  Гэткіх “спрошчванняў” на пачатку працы можна знайсці адразу некалькі: ужыванне тэрміна 2-я Рэч Паспалітая (менавіта праз арабскую лічбу); тэрыторыя, пра якую ідзе гаворка, паводле аўтара “атрымала неафіцыйную назву «Заходняя Беларусь»…”, прычым, Заходняя Беларусь у двукоссе і адразу – “у Польшчы рэгіён лічыўся ўсходнімі ўскраінамі (крэсамі)”. Ці, сцвярджэнне пра тое, што тут “…к верасню 1939 г. пражывала каля 5 000 000 чалавек, большасць з якіх складалі беларусы” (с. 4).

Пры гэтым, аднак, робяцца і даволі парадаксальныя высновы. Напрыклад, спачатку прыводзіцца тэзіс пра тое, быццам гэтыя тэрыторыі былі “адсталым аграрна-сыравінным прыдаткам”(с. 4). Пасля чаго аказваецца, што “у перадваенныя гады эканамічнага ўздыму (1937-1938 гг.) Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы дасягнулі ўраджайнасці збожжавых культур і бульбы ўзроўню Францыі…”, а “сельская гаспадарка Заходняй Беларусі і мясцовае сялянства не зведалі прымусовай калектывізацыі..” (с 6). Відавочна, аўтар спрабаваў крытычна разглядаць некаторыя стэрэатыпы айчыннай гістарыяграфіі, аднак не быў у гэтым занадта паслядоўным.

Сама кніга складаецца з чатырох частак. Першая глава прысвечана разгляду гістарыяграфіі самой праблемы і ў нечым дастаткова прадказальная. Паводле аўтара, калі ў айчыннай гістарыяграфіі праблема фарміравання і рэалізацыі афіцыйных выхаваўчых канцэпцый польскіх улад на тэрыторыі Заходняй Беларусі “не знайшла адпаведнага шырокага адлюстравання” (с. 10), дык у польскай гістарыяграфіі яна прадстаўлена значна шырэй (с. 13). Пасля знаёмства ж з самой главой, аднак, становіцца відавочным, што ў айчыннай гістарыяграфіі падобнай праблемы наогул не існавала, што толькі дадае цікавасці да дадзенай працы. На жаль, з самой кнігі мы не здолелі даведацца, ці разглядалася гэтае пытанне ў іншых, акрамя “айчыннай” ды “польскай”, гістарыяграфіях. Больш за тое, ужо ў апісанні архіўных крыніц відавочна адчуваецца адсутнасць дакументальных сведчанняў з уласна архіваў Польшчы, Літвы ці, нават, Гродна. Тыя ж архівы, якія разглядаюцца, напрыклад, як Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці, прадстаўлены толькі трыма фондамі – Палескім ваяводскім упраўленнем (сем спраў), папячыцельствам Брэсцкай школьнай акругі (адна справа) ды камандаваннем акругі корпуса № 9 (сем спраў) (сc. 18, 168).

Другая глава мае назву “Дзяржаўнае выхаванне”: узнікненне і развіццё канцэпцыі. Пачынаецца яна разглядам дэмаграфічнай сітуацыі ў міжваеннай Польшчы (у аўтара – 2-й Рэчы Паспалітай) і фармавання “санацыйнай” выхаваўчай канцэпцыі. Галоўная думка аўтара  ў тым, што “беларуская моладзь складала большасць сярод сваіх равеснікаў” у дадзеным рэгіёне (с. 26). Фактычна, аднак, нават калі пагадзіцца з такой тэзай, адсюль яшчэ не вынікае канкрэтных высноваў звязаных з самой тэмай даследавання. Напрыклад, хаця б пытанне, у якой ступені былі ахоплены асветай розныя нацыянальныя групы і ці ў аднолькавай ступені яны траплялі ў сферу дзяржаўнай моладзевай палітыкі? Магчыма, па гэтай прычыне беларускаму чытачу цяжка пабачыць розніцу паміж канцэпцыяй “нацыянальнага выхавання” польскіх эндэкаў ды “дзяржаўнага выхавання” “санацыі”. У выніку, ужо ў наступным параграфе, прысвечаным эвалюцыі “дзяржаўнага выхавання” пасля 1935 г., сам аўтар наўпрост сцвярджае, што “гэтыя дзве канцэпцыі… адрозніваліся не зместам, а паняційным апаратам” і што “абедзве яны з’яўляліся сродкам паланізацыі нацыянальных меншасцяў” (с. 41). У такім разе варта запытацца: “А ці можа той жа 1935 г. быць прынцыповай мяжой у дачыненні да ідэалагічнай палітыкі ў сферы адукацыі ў паўночна-ўсходніх ваяводствах польскай дзяржавы”?

У трэцяй главе аўтар непасрэдна аналізуе рэалізацыю самой канцэпцыі “дзяржаўнага выхавання” ў школе. Дзеля гэтага, ён прадстаўляе арганізацыю школьнай справы на тэрыторыі Заходняй Беларусі, рэформу Януша Еджэевіча, функцыянаванне школы ў міжваеннай Польшчы ў якасці выхаваўчага інстытута ды грамадскія арганізацыі школьнай моладзі. Але і тут мы ізноў сутыкаемся з тым самым “спрашчэннем”. Гэтак тэзіс пра тое, што падрыхтоўка сістэмы народнай адукацыі Польшчы пачалася яшчэ да аднаўлення незалежнасці польскай дзяржавы (с. 42) аўтар зводзіць, чамусьці, да размовы на тэму “зонаў без школ” (с. 43), а пытанне развіцця нацыянальнага школьніцтва (с. 52)  выключна да беларускай адукацыі! Выснова ж наконт таго, што “школа 2-й Рэчы Паспалітай з’яўлялася сур’ёзным выхаваўчым інстытутам, дзейнасць якога на тэрыторыі Заходняй Беларусі была накіравана на паланізацыю мясцовай моладзі” (с. 76) наўрадці стасуецца да яўрэйскай адукацыі на гэтым абшары, пра якую аўтар наогул не напісаў ні слова! Як, дарэчы, і пра яўрэйскія моладзевыя арганізацыі. Фактычна, па-за межамі даследавання засталася, значная частка грамадства, прычым, з вельмі асаблівай сістэмай выхавання, якая мела як сваю ідэалогію, гэтак і гістарычную традыцыю.

Апошняя, чацвёртая, глава мае назву “«Дзяржаўнае выхаванне» па-за школьнай моладзі”. Пачынаецца яна з пытання элементарызацыі “дзяржаўнага выхавання” праз пасрэдніцтва праўрадавых маладзёвых арганізацый. Акрамя таго, аўтар разглядае барацьбу “санацыйных” колаў за ўплыў на студэнцтва і, як ён акрэслівае, “маладую інтэлігенцыю”. Завяршаецца глава пытаннем удзела дзяржаўных і грамадскіх структур у рэалізацыі канцэпцыі “дзяржаўнага выхавання”. Пры гэтым, у якасці дадатку прыводзяцца “Інтэрпрэтацыя законаў і звычаяў канвенту ‘Палонія’” ды ідэйная дэкларацыя “Легіёна маладых”.

Скончыць агляд хацелася б дастаткова нечаканай высновай самога аўтара, які вызначае актуальнасць сваёй працы, сярод іншага, як “прыклад практычнага ажыццяўлення ідэйна-выхаваўчай працы сярод маладога пакалення” (с. 10). Улічваючы сам змест даследавання, пагадзіцеся, падобны тэзіс гучыць больш чым двусэнсоўна.

Check Also

Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў ...

Яндекс.Метрика