Крызіс веды пра Беларусь

bekus_1Bekus Nelly. Struggle Over Identity. The Official and the Alternative “Belarusianness”. – Budapest: Central European University, 2010.

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, кандыдатам сацыялагічных навук Аляксеем Ластоўскім.

______________________________________________________________________________________

Ужо даўно падмечана, што Беларусь не ўяўляе сабою асаблівага прадмета зацікаўлення ні для Еўропы, ні для астатняга свету. Пра цікавасць, зразумела ж, кажуць, бо ігнараванне палітычнага суб’екта ў непасрэднай блізасці да Еўрапейскага Звяза выглядае ўжо зусім непаліткарэктным. Але інтарэс гэты намінальны, паколькі ён праяўляецца хутчэй у любаванні дзікунскай экзотыкай “апошняй дыктатуры ў Еўропе”, чым у спробах аднесціся да Беларусі інтэлектуальна і стратэгічна. Звычайна такую асіметрыю зацікаўленасці, характэрную ня толькі для Беларусі, але і для іншых “пост-каланіяльных” краін, спрабуюць выпраўляць эмігранты. Чакаць нейкіх тэарэтытычных і метадалагічных інавацый ад такіх выгнаннікаў ніхто ня будзе, а вось зацікаўленасць у трансляцыі інфармацыі пра богам пакінутыя месцы сапраўды існуе. Біяграфія аўтаркі адлюстроўвае падмечаную вышэй траекторыю кар’еры вучонага-эмігранта. Нэлі Бекус лічыць сябе беларускім аўтарам, але ўжо здаўна (з 1999 году) жыве і працуе ў Варшаве.Такая пазіцыя дае магчымасці для пашыранай кампетэнцыі: акрамя непасрэднага ведання беларускага кантэксту можна мець непасрэдны кантакт з сучаснымі трэндамі для польскай і заходняй навукі.

Зразумела, гэта падвышае і патрабаванні да тэксту, вымушае да яго паставіцца больш сур’ёзна. Тым больш, што ўводзіны ў кнігу пачынаюцца з жорсткай канстатацыі праблемнасці вывучэння беларускай посткамуністычнай трансфармацыі, якая праяўляецца ў панаванні некаторых “базавых ісцін”, якія становяцца ўсё больш самадастатковымі. Але ж, насамрэч, гэтая кніга ўяўляе сабою разгортванне гэтых “аксіяматычных ісцін”, якія пануюць у шматлікіх іншых публікацыях і беларускіх, і заходніх аўтараў.

Пачынаецца кніга з апісання найноўшай гісторыі Беларусі. Нягледзячы на крытычны пасыл, які закладваўся ў пачатак прадмовы, Нэлі Бекус для стварэння свайго тэксту выбірае стратэгію стварэння цэласнага і паліфанічнага наратыву. Гісторыя таго, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады і ўсталяваў аўтарытарны палітычны рэжым, падаецца як адзіны несупярэчлівы аповяд, куды ўплятаюцца галасы розных аўтараў. Сама Нэлі Бекус пры напісанні першай главы зыходзіць у пазіцыю мета-назіральніка, які з рэчаіснасцю судатыкаецца толькі праз апасродкаваныя тэксты (у лепшым выпадку, праз рэзультаты сацыялагічных апытанняў). Таму прыход Лукашэнка да ўлады, сутнасць палітычнага рэжыму ў Беларусі ці асаблівасці посткамуністычнай трансфармацыі падаюцца не як ўласны досвед і яго асэнсаванне беларуска-польскім сацыёлагам, а як рэзультат прачытання рознай аналітычнай літаратуры і звядзення розных пазіцый і выказванняў іншых аўтараў у адзіны тэкст. Зноў жа, такі падыход з’яўляецца практычным адмаўленнем ад задач крытычнага перагляду поля даследванняў Беларусі. Замест таго, каб кантэкстуалізаваць веду пра нашу краіну, паказваць абумоўленасць інтэрпрэтацый, шукаць разрывы ў цэласнасці рэпрэзентацый, аўтарка кнігі “Барацьба за ідэнтычнасць” папросту сшывае свой тэкст з ласкутоў іншых.

Адным з найбольш цікавых месцаў кнігі, на мой погляд, з’яўляецца параграф “Аргументы і парадоксы слабой беларускай ідэнтычнасці”, дзе Нэлі Бекус цалкам справядліва і слушна аспрэчвае адну з “аксіяматычных ісцін” даследванняў Беларусі пра тое, што поспех аўтарытарнага рэжыму вынікае са слабой нацыянальнай ідэнтычнасці. Багатае выкарыстанне сацыялагічнага матэрыялу дазваляе заўважыць тры тэндэнцыі, якія ставяць пад сумнеў гэтую тэндэнцыю:

1) паступовы адыход беларускага насельніцтва ад падтрымкі ўніфікацыйнага праекту з Расіяй і ўсведамленне каштоўнасці дзяржаўнай незалежнасці;

2) узмацненне грамадзянскай ідэнтычнасці і гонару за сваю краіну сярод жыхароў Беларусі;

3) хібнасць палітычна-лінгвістычнай дыверсіфікацыі беларускай прасторы, дзе беларускамоўныя жыхары атаесамляюцца з дэмакратычнай апазіцыяй, а расійскамоўныя – з прыхільнікамі Лукашэнка.

Апірышча на сацыялагічныя дадзеныя дазваляе Бекус цалкам справядліва паставіць пад сумнеў агульнапрынятыя меркаванні пра нягегласць і недаразвітасць беларускай ідэнтычнасці.

У другой жа главе беларуска-польскі сацыёлаг Нэлі Бекус аддаляецца ад непасрэднага аналізу сітуацыі ў сучаснай Беларусі, спрабуючы найперш вызначыцца з тэарэтычнымі падыходамі да нацыі і нацыяналізму. Таксама тут жа беларуска-польскі сацыёлаг спрабуе падсумаваць напрацоўкі сучасных даследванняў, прысвечаных ажыццяўленню савецкай нацыянальнай палітыкі. Для аўтарскага разумення развіцця беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці істотным становіцца той фундаментальны пераварот у савецкіх штудыях, які быў ажыццёўлены за два мінулых дзесяцігоддзі і які звязаны ў першую чаргу з імёнамі амерыканскіх даследчыкаў – Т. Марціна, Р. Суні, Р. Брубейкера. Савецкі Саюз з рэпрэсіўнай імперыі, якая жорстка падаўляла нацыянальныя амбіцыі паняволеных народаў, зараз пераважна апісваецца як дзяржава, у якой былі створаны інстытуцыянальныя перадумовы для развіцця спектру нацыянальных ідэнтычнасцей, што ўрэшце стварыла належныя магчымасці для паўставання нацыянальных дзяржаў.

І, нарэшце, трэццяя глава складаецца з вынікаў уласных даследванняў Нэлі Бекус, і той хто ўжо стаміўся ад пераказвання думак іншых аўтараў, нарэшце можа звярнуцца да арыгінальных высноваў. На вялікі жаль, нічога якасна новага ў стан беларускіх даследванняў аўтарка прыўнесці так і не змагла. Асноўная канцэптуальная ідэя – што ў сучаснай Беларусі за культурна-палітычную гегемонію змагаюцца две версіі нацыянальнай ідэі (афіцыйная і альтэрнатыўная), ужо таксама прэтэндуе на статус змярцвелых “аксіяматычных ісцін”. Тая істотная змена ў канцэптуалізацыі, якую ў сваю заслугу прыводзіць Нэлі Бекус, а менавіта, што адну нацыянальную ідэю яна замяняе дзвюма (то бок, надае афіцыйнаму праекту таксама статус нацыянальнага, якога яму раней даследчікі не надзялялі) ўжо даўно стала відавочнай.

Таму і гэтая кніга становіцца ў шэраг шматлікіх даследванняў Беларусі, дзе нашая краіна апісваецца прасторай, падзеленай паміж супрацьлеглымі “дыскурсамі”, кожны з якіх валодае сваёй логікай, мэтамі і каштоўнасцямі, практыкамі і магчымасцямі інстытуцыянальнага ўвасаблення. Гэта прыводзіць да непазбежнай рэдукцыі складанай рэчаіснасці, з выключэннем ўсіх феноменаў, якія існуюць “паміж”, з тэндэнцыяй ігнаравання ўзаемадзеянняў і ўзаемаўплываў, трансфераў і запазычанняў (але ж, як мы памятаем, аўтарка мае схільнасць да статычных карцінак, таму тут няма чаму здзіўляцца). Акрамя таго, “аб’ектыўны” аналіз беларускай сітуацыі практычна заўсёды аксіялагічна перадвызначаны: так і тут, супрацьпастаўленыя культурна-палітычныя лагеры ўжо ў сутнасці пазначаныя “мінусам” (“дэманізацыя” дзяржаўнага дыскурсу) і “плюсам” (“ідэалізацыя” альтэрнатыўнага дыскурсу), што прыводзіць да загадзя вылічальнай абумоўленасці інтэрпрэтацый і высноваў.

Такім чынам, выхад гэтай кнігі можна вітаць, паколькі для англамоўнага чытача веда пра Беларусь вельмі абмежаваная, як па аб’ёму, так і па якасці. Але па сваёй сутнасці “Барацьба за ідэнтычнасць” з’яўляецца хутчэй спадчыннікам тых заганаў корпуса даследванняў Беларусі, пра якія піша ў прадмове да сваёй працы Нэлі Бекус. Яна спрабуе артыкуляваць тыя моманты, якія да гэтага часу не былі адэкватна ўспрынятыя многімі даследчыкамі (спецыфічнае значэнне савецкага досведу для фармавання беларускай ідэнтычнасці, уключанасць нацыянальных інтарэсаў у фундамент дзяржаўнай ідэалогіі), але многія базавыя схемы, якія ўжывае аўтарка, яўна аджылі сваё і патрабуюць крытычнага перагляду. Найбольш крыўдна тое, што ўласна даследчыцкая частка кнігі (трэццяя глава), якая разглядае змаганне афіцыйнай і альтэрнатыўнай версій беларускасці, канцэптуальна хібная і слаба прапісаная. Таму мы атрымалі хутчэй працу, якая падсумоўвае крызісныя моманты ў вывучэнні і рэпрэзентацыі беларускай сітуацыі ды з’яўляецца моцным аргементам для наспелай рэвізіі гэтага поля, хоць спадзяваліся на даследванне, якое б адкрыла новыя гарызонты.

Check Also

26–27 кастрычніка 2018. Грамадскі форум Літвы і Беларусі «Што нас аб’ядноўвае?»

Літва і Беларусь – гэта не толькі краіны-суседзі. Народы гэтых дзяржаў, акрамя гісторыі, якая сягае ...

Яндекс.Метрика