Беларусь, спружыны адной дыктатуры

get_imgLallemand, J.-C., Symaniec, V. (2007). Biélorussie, mécanique d’une dictature. Les petits matins, Paris, 255 pages.

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Уладзіславам Івановым.

_______________________________________________________________________________________

Кніга «Беларусь, спружыны адной дыктатуры», напісаная палітолагам Жанам-Шарлям Ляльманам і даследчыцаю тэатру Віржыні Шыманец, пабачыла свет яшчэ ў 2007 г. і засталася амаль не заўважанай у Беларусі. Вядома, у значнай ступені з прычыны гучнай назвы. А яшчэ, магчыма, таму, што ў разуменні беларускіх палітолагаў французскі погляд на палітычнае ў Беларусі не прапаноўвае нічога новага і актуальнага. У самой жа Францыі кніга прыцягнула ўвагу спецыялістаў па Усходняй Еўропе і постсавецкай культуры, бо ўпершыню з’явілася адначасова аналітычная і публіцыстычная кніга пра Беларусь, у якой акцэнт робіцца на разглядзе палітычнай сістэмы краіны.

Неабходна пазначыць, што сучасная французская беларусістыка, у тым ліку і палітычная, развіваецца пераважна вакол выдавецтва «l’Harmattan», у межах якой створаная серыя «Беларусь». У гэтай серыі выходзяць як кнігі беларускіх спецыялістаў, што апынуліся ў Францыі, так і значных французскіх навукоўцаў: Бруно Дрэўскі (Bruno Drweski), Віржыні Шыманец (Virginie Symaniec), Александра Гужон (Alexandra Goujon), Жан-Шарль Ляльман (Jean-Charles Lallemand) ды інш.

Трэба сказаць, што самі аўтары вызначылі сваю працу як эсэ. Таму адпадае крытыка выдання з пазіцыі «жорсткай» навуковай паліталогіі, дзе ідэалам ёсць сухі аналітычны і даследчы тэкст без прыкметаў публіцыстыкі. Дзякуючы вызначэнню жанру, гэтую кнігу не варта ацэньваць паводле жорсткіх правілаў, што ўжываюцца для навуковых манаграфіяў. Французская традыцыя эсэ, у тым ліку палітычнага кшталту, палягае на дастаткова вольным і часам вельмі суб’ектыўным аналізе ды інтэрпрэтацыі падзеяў, а таксама на сінтэзе стыляў. Якраз гэта і можна назіраць у кнізе В. Шыманец і Ж.-Ш. Ляльмана.

Частка працы прысвечаная, як гэтага патрабуе заходні дэмакратычны канон, рэгулярнаму парушэнню правоў чалавека і маруднаму паўстанню мясцовай грамадзянскай супольнасці. Да дэкларацыяў афіцыйных структураў Беларусі пра павагу правоў чалавека французскія даследнікі ставяцца скептычна. Адпаведныя структуры так і не паўсталі падчас кіравання Лукашэнкі, а таму заявы пра дэмакратыю маюць відавочна дэкларатыўны характар.

Надзвычай цікава і нестандартна выглядае частка эсэ, прысвечаная прэзідэнцкаму дэспатызму, а таксама дзяржаўнай сістэме Беларусі – вонкава сацыяльнай і сацыялістычнай, а па сутнасці капіталістычнай у сваёй заганнай версіі. Раздзел «Адсутная сацыяльная дзяржава» падмацоўвае тэзу пра ілюзорнасць мясцовага сацыялізму, які пад прэсам суседняй Расіі даўно перайшоў на рэйкі капіталізму (с. 16, 113–115).

Паказальнаю ёсць і сама трактоўка аўтарамі рэжыму Лукашэнкі як дыктатуры (с. 13–16). Хоць прэзідэнт прыйшоў да ўлады ў выніку дэмакратычных выбараў, а не праз путч ці пераварот, як гэта адбываецца ў класічных выпадках, але паступова ўсталявалася класічнае адзінаўладдзе з моцным вертыкальным падпарадкаваннем. Іншаю рысаю дыктатуры ёсць гвалт і цкаванне апазіцыі, запалохванне прэсы, рухаў і партыяў, асобных лідараў, сістэматычныя арышты апазіцыянераў і фальсіфікацыя выбараў. Як і лацінаамерыканскія дыктатуры ХХ ст., цяперашняя Беларусь мела выпадкі знікнення і выкрадання людзей з атачэння апазіцыі.

Пры гэтым варта адзначыць, што для французскай палітычнай традыцыі азначэнне «дыктатура» пашыранае і цалкам натуральнае. У Беларусі сітуацыя трохі іншая: панятак «дыктатура» мае гістарычнае адценне і ўжываецца вельмі асцярожна, пераважна ў апазіцыйным дыскурсе.

Апрача гэтага эсэ адрозніваецца слушнаю і цікаваю кампаратывістыкаю. Беларуская рэчаіснасць заўсёды разглядаецца ў звязку з агульнаю сітуацыяй у свеце, Еўропе, рэгіёне. Аўтары прапаноўваюць быць больш шчырымі і крытычна ставіцца да іншых краінаў. У прадмове аўтары пішуць: «Беларусь – гэта не гітлераўская Нямеччына, не сталінскі СССР, не Чылі Піначэта, не Аргентына генералаў, нават не Сербія Мілошэвіча. Прэзідэнт Беларусі не вінаваты ў столькіх смерцях, як пуцінская Расія, замешаная ў чэчэнскай вайне, але гэта ўсё адно дыктатура аднаго чалавека, які заяўляе, што не належыць да ніводнай партыі» (с. 13–14).

Нават унутры ЕЗ існуюць краіны з праявамі палітычнай культуры, якую можна назіраць і ў Беларусі. Напрыклад, частка польскай эліты займае куды кансерватыўнейшыя пазіцыі ў такіх пытаннях, як сексуальнасць, значнасць хрысціянскіх каштоўнасцяў у палітыцы і пад. У дэмакратычнай і еўрапейскай Італіі прэм’ер-міністр таксама кантралюе ці не ўсе медыі, а дзяржава – інтэрнэт-кавярні. Такім чынам, аўтары эсэ шырока глядзяць на працэсы, што адбываюцца ў Беларусі, і падкрэсліваюць, што ў пэўнай ступені яны ўпісваюцца ў міжнародную логіку і асобныя тэндэнцыі развіцця міжнароднай супольнасці (с. 21–22).

На дадатак, такі падыход сведчыць, што рэжым Лукашэнкі, як трапна заўважае Шыманец, – гэта не простае паўтарэнне і адлюстраванне савецкай мадэлі, а актуалізацыя гэтай мадэлі ды прыстасаванне яе да ХХІ ст. Аўтары пішуць: «Лукашэнкаўскі рэжым, хоць і захаваў усе помнікі Леніну, тым не менш не ёсць простым паўтарэннем гісторыі […] Рэжым удала жанглюе інтэрнэтам, мабільнымі тэлефонамі ды іншымі тэхналогіямі, якія спрыяюць цыркуляцыі інфармацыі ўнутры грамадства, пры гэтым рэгулярна арганізуе рэпрэсіі супраць палітычных, прафсаюзных дзеячаў, прадпрымальнікаў і незалежных журналістаў» (с. 16, 229).

Такім парадкам, усе часткі эсэ ахопліваюць розныя механізмы або спружыны досыць трывалай, рэальнай дыктатуры, якая, не зважаючы на крытыку, грунтоўна інтэграваная ў грамадства і дзяржаву. Палітычныя, эканамічныя ды ідэалагічныя спружыны складаюць адзінае цэлае і функцыянуюць як зладжаны механізм, як млын, бо іншыя механізмы, у тым ліку дэмакратычныя, пакуль проста не вядомыя беларусам.

З гэтай нагоды прагнозы аўтараў хутчэй песімістычныя, і ў завяршальнай частцы – «Доўгатэрміновая дыктатура» – даследнікі гэтага не хаваюць. Трывалая, ці доўгатэрміновая дыктатура функцыянуе, бо дзейнічае ўся сістэма, спрацоўваюць усе яе механізмы. Дыктатура не проста вынік збегу дзіўных абставінаў, а мэтанакіраваны праект: у чым яго цяперашняя моц, у тым і заўтрашняя слабасць.

Заслугоўвае ўвагі і частка пра беларускую культуру ва ўмовах аўтарытарызму. На прыкладзе культурнай сітуацыі выразна бачная агульнапалітычная тэндэнцыя цкавання людзей наогул і творчых у прыватнасці (с. 221).

Зрэшты, вялікім плюсам працы ёсць не зусім тыповы для французаў дэкаланіялісцкі падыход аўтараў да перадачы беларускай спецыфікі – уласных назваў, напрыклад. Аўтары (Віржыні Шыманец добра валодае беларускаю моваю) адчуваюць моўную праблематыку Беларусі. Яны зрабілі досыць смелую спробу праігнараваць расійскацэнтрычную традыцыю азначэння беларускіх назваў у афіцыйнай французскай мове. У прадмове аўтары пазначылі, што падаюць уласныя назвы, напрыклад, прозвішча прэзідэнта Лукашэнка, не ў расейскай транскрыпцыі (Loukachenko), а ў транскрыпцыі беларускай (Loukachenka) (с. 12). Таксама аўтары ўжываюць неакадэмічную форму прыметніка «беларускі» (biélorussien замест biélorussе). Апошняя форма – неалагізм, створаны, як пішуць аўтары эсэ, у 1940-я гг. пад уплывам расійскай мовы (с. 12), тады як аўтары надаюць Беларусі ўсе правы на рускую ці русінскую спадчыну, а таму настойваюць на biélorussien.

Калі ўспрымаць эсэ ў выключна французскім кантэксце, то для франкамоўнага чытача гэта сапраўды найлепшыя ўводзіны ў беларускі свет, як адзначыла «Le Monde diplomatique» у 2007 годзе. Аўтары, няма сумневу, улічвалі неабазнанасць французскага чытача ў беларускім пытанні, таму аздобілі эсэ падрабязнымі тлумачэннямі. З гэтай прычыны эсэ можа падацца беларускаму чытачу і тым больш беларускаму палітолагу занадта правільным, а часам простым. Тым не менш, мяркую, свежасць погляду звонку прыносіць толькі карысць, бо такім чынам паўстаюць новыя перспектывы і не вядомыя дасюль заўвагі, вымярэнні палітычнага.

Check Also

26–27 кастрычніка 2018. Грамадскі форум Літвы і Беларусі «Што нас аб’ядноўвае?»

Літва і Беларусь – гэта не толькі краіны-суседзі. Народы гэтых дзяржаў, акрамя гісторыі, якая сягае ...

Яндекс.Метрика