Канчатковы Аўганістан беларускай навукі

17_afgan

Агляд  падрыхтаваны палітолагам , палітычным аглядальнікам тыднёвіка “Наша Ніва” Сяргеем Богданам.

_______________________________________________________________________________________

Кніга Сцяпана Стурэйкі і дацэнта БДУ Уладзіміра Мядзяніка «Афганистан: этнополитический конфликт и проблема перемещенных лиц» выйшла ў менскім выдавецтве «Тесей» у 2009 г. Аўтары дэкларуюць, што ў ёй «на базе шырокага эмпірычнага матэрыялу даследуюцца асноўныя праблемы этнічнай гісторыі Аўганістана на сучасным этапе, а таксама пытанні, звязаныя з працэсамі інтэграцыі аўганскіх уцекачоў і ўнутрана перамешчаных асобаў». Усё гэта яны даюць рады зрабіць на 264 старонках. Прэтэнзія немалая: «У цяперашні час актуальна стварэнне асноваў і для беларускай аўганістыкі, чаму аўтары спадзяюцца, паслужыць гэтая работа» (с. 7).

Кніга пра ўсё

Аднак тое, што атрымалася можна назваць кампіляцыяй мноства крыніцаў – ад перадрукаванай статыстыкі да пераказу ідэяў розных публікацыяў, а таксама сабраных аўтарамі анекдатычнага характару звестак пра аўганцаў Беларусі. Кніга выразна распадаецца на некалькі кавалкаў – спачатку два эсэ пра этнапалітычны канфлікт і праблему вымушанага перамяшчэння. Далей – эсэ пра этнічныя канфлікты, затым раздзел пра праблемы ўнутранаперамешчаных асобаў Аўганістана. Чацвёрты раздзел адведзены пад апісанне уцекачоў у Пакістане ў 1979-2006. Пяты – «Аўганскія ўцекачы ў Еўропе».

Найпершая праблема – бракуе нейкай асноўнай ідэйнай лініі. Няясна пра што кніга ўвогуле – пра ўцекачоў ці пра этнічны канфлікт? Абедзве тэмы разгортваюцца аўтаномна. Урэшце атрымліваецца, што кніжка «пра ўсё». Ня дзіва, што аўтары закідаюць іншым даследнікам: «Сярод даследаванняў, прысвечаных Аўганістану, большасць адлюстроўвае толькі паасобныя бакі аўганскай эканомікі, палітыкі культуры» (с. 60). То бок кніжкі трэба пісаць з размахам, менавіта пра ўсё.

Вельмі дзіўна выглядае спроба выдаць ўнутрыаўганскі канфлікт, што пачаўся пры канцы 1970-х, за этнапалітычны/этнасацыяльны/этнічны. Калі б Стурэйка з Мядзянікам давялі этнічны характар падзеяў – адкрыццё было б сапраўды гучнае. Аднак не давялі. У кнізе старонка за старонкай цытуюцца меркаванні розных аўтараў пра тое, што канфлікт не этнічны, але гэта не перашкаджае аўтарам потым спакойна зрабіць выснову пра яго, галоўным чынам, этнічны змест. Вядома, некаторыя даследчыкі (як то Коргун) прызнаюць важную ролю гэтага чынніка, але аніяк не «этнічнасць» канфлікту.

Аўтары ўвогуле разважаюць толькі ў катэгорыях супрацьстаяння этнасаў (народнасцяў) ды толькі неахвотна і мімаходзь згадваюць пра рэлігійныя і племянныя супярэчнасці, ігнаруючы ўплыў канфліктаў сацыяльных, расавых (паміж еўрапеоідамі і мангалойдамі), паміж качавым і аселым насельніцтвам, між лакальнымі супольнасцямі ды зямляцтвамі і ўрэшце проста побытавых. Што казаць, калі нават звычайныя амбіцыі генерала Дустума выдаюцца за «сепаратызм» (с. 93).

Між тым, усе факты, у тым ліку, згаданыя аўтарамі – асаблівасці кааліцый у час грамадзянскай вайны, міжэтнічныя шлюбы і г.д. – кажуць супраць асноўнай тэзы. Больш за тое, цытуецца цалкам разумная думка С. Акімбекава (у дачыненні 1980-х – пачатку 1990-х): «У арганізацыйным сэнсе нацменшасці міжсобку і ў дачыненні да пуштунаў выступаюць як асобныя «плямёны» (с. 103). «Многія пуштунскія плямёны фактычна салідарызаваліся з нацыянальнымі і рэлігійнымі меншасцямі Аўганістана ў барацьбе за лякальныя інтарэсы ў супрацьвагу дзяржаўным» (с. 99-100). І далей у кнізе прысутнічаюць сцвярджэнні, якія пляжаць “этнічную” ідэю кнігі: “…пасля зыходу талібаў з вялікай доляй упэўненасці можна сцвярджаць, што яны [пуштунскія плямёны] адстойваюць у значнай ступені інтарэсы свайго племені як самай простай і надзейнай формы самаідэнтыфікацыі» (с. 103).

У кнізе, у прынцыпе, няма выкладу структуры і асаблівасцяў ладу жыцця розных народаў, як няма і тлумачэння суадносінаў кланаў і плямёнаў. Атрымліваецца неістотным, што пуштуны ды белуджы захоўваюць племянны лад, хазарэйцы праследуюцца менавіта таму, што шыіты ды яшчэ па расавай прыкмеце. Усё гэта застаецца па-за межамі кнігі. Дарэчы, здаецца для піянераў айчыннай аўганістыкі няясна, што паміж аўганскімі шыітамі і хазарэйцамі можна амаль ставіць знак тоеснасці, то бок іншых шыітаў апроч хазарэйцаў там амаль няма (с. 88). Затое аўтары бяздоказна і без спасылак сцвярджаюць: «Этнічныя канфлікты працінаюць усю гісторыю Аўганістана» (с. 58).

Няшмат лепей выглядае частка кнігі, прысвечаная ўцекачам ды ўнутрана перамешчаным асобам (УПА). Колькі таблічак узятыя з міжнародных арганізацыяў і нацыянальных органаў, аднак нават яны амаль не аналізуюцца. Адсутнічае сістэматызаванае апісанне табараў уцекачоў, юрыдычных і фактычных умоваў знаходжання большасці з іх у Пакістане і Іране. Замахваючыся на аналіз праблемы як вынік “этнапалітычнага канфлікту” аўтары раптам абвяшчаюць, што не збіраюцца дзяліць уцекачоў і УПА па этнасах, маўляў усе яны – аўганцы (с. 192-193).

Часам увогуле няясна, што аўтары ўзялі з дакументаў ААН, а што ёсць вынікам іх аналізу (напрыклад на с. 131-132, 144 ды інш.). Раздзел па аўганскіх уцекачах у Беларусі наагул нагадвае збор баек пра аўганцаў. Бяздоказна і без спасылак паведамляецца, што большая частка аўганскіх уцекачоў прыбыла ў Беларусь у 1980-я гг, «з пачаткам ваеннай аперацыі СССР у Аўганістане» (с. 222). І гэта больш чым сумнеўна. На той час яны, відавочна, не былі ўцекачамі, а прыязджалі вучыцца ды стажыравацца. Вядома, студэнты маглі застацца і стаць у 1990-х уцекачамі, аднак пра гэта ў кніжцы ані слова няма. Як няма і пра этнічны склад аўганцаў у Беларусі, дынаміку іх зыходу на Захад, стаўленне беларускіх уладаў, пра канфлікты паміж рознымі абшчынамі/групоўкамі і г.д.

У стылі Герадота

Паколькі кніга ў асноўным складаецца з пераказу адшуканых аўтарамі думак іншых людзей дык часам побач стаяць процілеглыя тэзы, ніяк ня патлумачаныя і не падзеленыя. Прыкладам можа быць с. 67, дзе спачатку вядзецца размова пра рэпрэсіі супраць нацменшасцяў з боку Халька, а ў наступным абзацы гаворыцца пра ўвядзенне выкладання на мовах меншасцяў, павелічэнне радыёперадач на гэтых мовах. Разам з тым, часам думкі аўтараў цяжка вылучыць з масіву цытавання, што ставіць усю кнігу на мяжу плагіяту, бо межы цытавання і аўтарскіх думак няясныя. Больш за тое, ёсць, напрыклад, тры старонкі, перапісаныя фактычна з адной крыніцы (с. 148-151).

Спецыфічнае крытычнае мысленне прыводзіць да таго, што аўтары то накідваюцца на магчыма лепшую работу савецкай аўганістыкі Л.Давыдава «Афганистан: Войны могло не быть. Крестьянство и реформы» за «абсалютызацыю эканамічных перадумоў» (с. 61), то пазней кідаюцца ў апалагетыку.

На с. 140 пасля пераліку праблемаў гвалтоўнага выдання жанчын замуж, «прычым у многіх выпадках замуж аддаюцца дзяўчынкі маладзей 15 гадоў», а «дзяўчынкі, пачынаючы з 6 гадоў, могуць быць прададзеныя замуж», аўтары бяруць на сябе дзіўную ролю. Аказваецца, «гэта можна патлумачыць толькі зломам абарончых механізмаў грамадства, бо гэткія звычаі не практыкаваліся ў Аўганістане да вайны, яны не адпавядаюць ісламскім і пуштунскім нормам паводзінаў» (с. 140). Давядзецца іх расчараваць, шматлікія факты пазначанай з’явы у Аўганістане і сумежных краінах у мінулым мала таго што зафіксаваныя – і не пярэчаць звычаёвай культуры, – дык яны яшчэ не пярэчаць і шарыяту, прынамсі ў яго мэйнстрымавай форме.

Жанравая і стылёвая няроўнасць спрычыняцца да таго, што пасярод тэксту аб палітычных падзеях можа стаяць смачны кавалак пра тое, што байцы генерала Дустума вылучаліся «нязвыкла даўгімі валасамі» і насілі «штаны да сярэдзіны лыткі» ды «былі вядомы сваёй лютасцю» (с. 71). Або сярод сухога апісання гаспадарчых праблемаў табараў уцекачоў паведамляецца, што аўганскія мужчыны і падлеткі ядуць першымі і колькі хочуць, а што недаядуць ці адкладуць убок – «доедают женщины». Меню канкрэтызуецца, паведамляюцца каштоўныя падрабязнасці – «мучные блины подаются с овощами или мясом, приготовленными в остром соусе», а вось гарбату «обильно подслащают сахаром или подают с конфетами» (с. 173-174). Пасля чаго ідзе імгненны пераход да праблем водазабеспячэння.

Цікавыя некаторыя класіфікацыі. Высвятляецца, што мінныя палі з’яўляюцца «явлениями экологической среды» (с. 152), побач са стыхійнымі бедствамі. Традыцыйныя гліняныя хаткі аўганцаў аўтары назвалі «традиционными «грязными» домами» (с. 174).

***

Бянтэжыць тое, што апроч пазнакі «навуковае выданне» вонкава кніга таксама мае іншыя прыкметы навуковасці – два рэцэнзенты (адзін доктар, прафесар Менькоўскі, другі – кандыдат навук, дацэнт Блашкоў) і нават навуковы рэдактар (кандыдат навук, дацэнт Навагродскі). Падкрэслю, што недахопы кнігі бачныя не толькі абазнаным у аўганскай праблематыцы людзям, праблему відаць на розных узроўнях – канцэпцыя, метадалогія, структура, аргументацыі. У такой сітуацыі наяўнасць навуковых рэцэнзентаў ды рэдактараў з высокім статусам можа сведчыць пра сістэмны характар праблемы.

Check Also

Аналітычная папера пра грамадскія ацэнкі сістэмы адукацыі ў Беларусі

Прадстаўляем вашай увазе аналітычную паперу па выніках сацыялагічнага даследвання, ажыццёўленга ў жніўні 2023 года. У ...

3 камэнтары

  1. Ну, першы блін комам :-)

  2. Каша в голове у обоих.

  3. “ЕўрапеоIдамі і мангалоЙдамі.” Адкуль узялося адрознае напiсанне? Так аўтара можна ў расiзме западозрыць.